Парфен Петрович Савицкий
28 октября 1904 г. — 11 августа 1954 г.
Ректор с 13 деабря 1938 г. по 12 декабря 1946 г.
У сялянскай сям’і Пятра Савіцкага з мястэчка Гайшын Прапойскай воласці Быхаўскага павета Магілёўскай губерні (сучасны Слаўгарадскі раён Магілёўскай вобласці) 28 кастрычніка 1904 г. нарадзіўся трэці сын, якому далі імя Парфен.
У 1916 г. ён паступіў у Прапойскае вышэйшае пачатковае вучылішча, якое скончыў у 1920 г. Пасля сканчэння вучобы працаваў на будоўлях. Калі ў 1922 г. бацька ўрэшце атрымаў зямлю, стаў яму дапамагаць. У тым жа 1922 г. ён уступіў у шэрагі ЛКСМБ, хутка стаў сакратаром мясцовай ячэйкі. У 1925—1927 гг. Парфен Савіцкі працаваў ужо сакратаром і нават старшынёй сельсавета. У ліпені 1927 г. быў прыняты Прапойскай раённай арганізацыяй як сябра ВКП(б). У гэтым жа годзе РК КП(б)Б вылучыў П. Савіцкага старшынёй крэдытнага сельскагаспадарчага таварыства, потым П. Савіцкі атрымаў накіраванне на вучобу ў Мінск у Камуністычны ўніверсітэт Беларусі імя У. I. Леніна на прапагандысцкае аддзяленне. Гэтая вышэйшая партыйная навучальная ўстанова рыхтавала ў той час кіруючыя кадры партыйных і савецкіх работнікаў. У верасні 1932 г. яна была рэарганізавана ў Вышэйшую камуністычную сельскагаспадарчую школу (ВКСГШ) і Камуністычны інстытут журналістыкі. ВКСГШ рыхтавала кіруючых работнікаў раённага звяна. Відавочна, Парфен Савіцкі добра вучыўся, і таму па заканчэнні ВКСГШ быў пакінуты на выкладчыцкай працы кафедры ленінізму і гісторыі ВКП(б), адначасова з’яўляўся рэдактарам шматтыражнай газеты «Ленінец». У канцы 1935 г. па рашэнні Мінскага гаркама КП(б)Б П. Савіцкі быў уведзены ў склад аргбюро ствараемага Варашылаўскага райкама КП(б)Б (сучасны Савецкі раён г. Мінска). Там ён працаваў у якасці інструктара да лістапада 1936 г. У гэты ж час па рашэнні бюро ЦК КП(б)Б П. П. Савіцкі быў накіраваны на завочную вучобу ў Інстытут чырвонай прафесуры. 3 лістапада 1936 г. па рашэнні Мінскага гаркама КП(б)Б і ЦК КП(б)Б ён узначаліў аддзел школ гаркама КП(б)Б. У 1937 г. П. П. Савіцкі быў абраны першым сакратаром Кагановіцкага (сучасны Кастрычніцкі раён) райкама партыі, а затым — другім сакратаром гаркама КП(б)Б.
У чэрвені 1938 г. на Беларусі адбываліся выбары ў Вярхоўны Савет 1-га склікання. Па Кагановіцкай выбарчай акрузе агульнымі аб’яднанымі сходамі студэнтаў і навукоўцаў БДУ, медінстытута, педінстытута, рабочых і служачых Дома Урада, а таксама частак РСЧА П. П. Савіцкі быў вылучаны кандыдатам у дэпутаты. На выбарах 26 чэрвеня другі сакратар гаркама КП(б)Б П. П. Савіцкі стаў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Тады ж ён быў абраны членам ЦК КП(б)Б.
Універсітэт тым часам скаланалі тыя ж падзеі, што і ўсю краіну. 16 ліпеня 1938 г. быў арыштаваны як «вораг народа» рэктар У. С. Бабраўніцкі, і БДУ ў чарговы раз застаўся без кіраўніка. Пачынаўся новы перыяд чахарды намеснікаў.
13 снежня 1938 г. загадам № 3762 НКА БССР рэктарам БДУ быў прызначаны Парфен Пятровіч Савіцкі. У ЦК КП(б)Б вырашылі, што пасаду рэктара неабходна ўмацаваць правераным партыйным работнікам, які б не меў ніякіх «плям» у сваёй біяграфіі, асабліва памятуючы сумны лёс папярэднікаў П. П. Савіцкага. Немалую ролю пры прызначэнні, мусіць, адыграла тое, што Парфен Пятровіч лічыўся добра адукаваным па тых часах чалавекам.
П. П. Савіцкі прыняў універсітэт у складзе пяці факультэтаў (біялагічнага, геаграфічнага, гістарычнага, фізіка-матэматычнага, хімічнага) і 24 кафедраў. У БДУ вучыліся 1249 студэнтаў і 52 аспіранты. Вучэбны працэс ажыццяўлялі 118 навукоўцаў, у тым ліку 16 прафесараў, 57 дацэнтаў і ст. выкладчыкаў, 45 асістэнтаў і выкладчыкаў. Пры БДУ мелася 7 інтэрнатаў.
У чэрвені 1941 г. БДУ рыхтаваўся адзначыць сваё дваццацігоддзе. Па ініцыятыве П. П. Савіцкага 7 сакавіка 1941 г. быў скліканы Вучоны Савет БДУ, на якім абмяркоўвалася пытанне пераводу выкладання на беларускую мову.
Напярэдадні вайны сям’я Савіцкіх знаходзілася на дачы ў Крыжоўцы. 22 чэрвеня за рэктарам прыехаў кур’ер. Ужо 22 чэрвеня тыя студэнты і выкладчыкі, што падлягалі прызыву, з’явіліся ў ваенкаматы. Іншая група гуртавалася вакол П. П. Савіцкага, які пастаянна знаходзіўся ва ўніверсітэце. Відавочна, што ніякіх планаў па дзеянні БДУ ў надзвычайных абставінах не было. 3 дазволу рэктара дацэнт А. Н. Нахімоўская, што выконвала абавязкі начальніка групы самаабароны, выдала вінтоўкі (верагодна, вучэбныя). 23 чэрвеня П. П. Савіцкаму патэлефанавалі з райкама і загадалі, каб прыслаў студэнтаў, бо неабходна вывозіць дакументы. На наступны дзень, з раніцы 24 чэрвеня, Мінск стаў падвяргацца масіраваным бамбардзіроўкам, узнікла паніка, спынілі работу прадпрыемствы, пачаўся зыход насельніцтва. Бамбёжка працягвалася да вечара і наступныя два дні.
У армію П. П. Савіцкага не бралі з прычыны цяжкай хваробы, і неўзабаве ён атрымаў прызначэнне ў г. Ніжні Тагіл (Свярдлоўская вобласць РФ) дырэктарам педагагічнага інстытута. Там ён жыў разам з сям’ёю. Умовы жыцця былі цяжкія. Не хапала элементарных рэчаў. I ўжо з-за прычын нястачы прадуктаў П. П. Савіцкі ўскапаў агарод, што істотна палепшыла харчаванне.
У студзені 1943 г. П. П. Савіцкі быў адкліканы ў Маскву і 16 лютага 1943 г. прызначаны рэктарам універсітэта. 15 мая 1943 г. СНК СССР прыняў пастанову «Аб аднаўленні работы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта». Новым месцам яго дзейнасці была прызначана ст. Сходня Кастрычніцкай чыгункі пад Масквой.
У гэтых цяжкіх варунках зноў выявіўся выдатны арганізатарскі талент П. П. Савіцкага. Ён стаў выклікаць у Маскву ўсіх беларускіх выкладчыкаў, пра месцазнаходжанне якіх ён ведаў, у тым ліку і тых, хто не працаваў да вайны ў БДУ. Выкладчыкаў і студэнтаў сялілі ў дачных доміках і ў пасёлку. У будынку школы размясцілася адміністрацыя. П. П. Савіцкі наладзіў арганізаваны збор ягад, грыбоў, крапівы, нарыхтоўку дроў, грамадскія агароды. Наладжанае ў сталовай трохразовае харчаванне (абавязковае для ўсіх) давала магчымасць падтрымаць сілы знясіленым, параненым, інвалідам, што прыязджалі ў БДУ.
У жніўні 1944 г. пасля вызвалення Беларусі ад нямецкіх захопнікаў скончыўся «сходненскі» перыяд дзейнасці. Першая група студэнтаў (26 чалавек) на чале з рэктарам прыбыла ў Мінск 11 жніўня. Універсітэт уяўляў сабою сумнае відовішча. Яшчэ ў 1941 г. салдаты Вермахта разрабавалі і панішчылі абсталяванне лабараторый і кабінетаў, бібліятэкі, музеяў. Неабходна было ўсё пачынаць спачатку.
Парфен Пятровіч працаваў не пакладаючы рук, асабліва клапоцячыся аб студэнтах — былых франтавіках.
У 1946 г. П. П. Савіцкі падаў заяву ў Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК ВКП(б) у Маскве для напісання дысертацыі. Да гэтага яго штурхала неабходнасць павышэння ўласнага навуковага ўзроўню. Былі і іншыя прычыны. Якраз у гэты час зноў разгортвалася барацьба з новымі «ворагамі» — «безродными космополитами», тымі, хто «преклоняется перед Западом» і г. д. 12 снежня 1946 г. Парфен Пятровіч пакінуў пасаду рэктара БДУ, на якой працаваў 8 год.
У Маскве П. П. Савіцкі вучыўся адзін год. Вынікам стала абарона ў сакавіку 1948 г. кандыдацкай дысертацыі па тэме «Оккупационный режим немецких захватчиков в Белоруссии». Абарона дысертацыі была закрытай.
У 1948 г. П. П. Савіцкі вярнуўся ў Мінск. У БДУ, аднак, месца яму не знайшлося, і ён уладкаваўся працаваць загадчыкам кафедры марксізму-ленінізму Беларускага політэхнічнага інстытута. Толькі ў снежні 1949 г. яго прымаюць на палову стаўкі як сумяшчальніка на тую ж кафедру БДУ. У гэты час Парфен Пятровіч займаецца праблемай марксісцкага вучэння аб войнах, друкуе артыкулы ў «Звяздзе», «Советской Белоруссии».
1 сакавіка 1949 г. П. П. Савіцкі быў узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны», які дадаўся да медаля «За доблестный труд в Великой Отечественной войне 1941—1945 гг.». Урэшце былі адзначаны заслугі Парфена Пятровіча і перад універсітэтам. 30 кастрычніка 1951 г. ён быў узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР за поспехі ў падрыхтоўцы высокакваліфікаваных навукова-педагагічных кадраў, развіццё навукі і культуры Беларусі.
Аднак здароўе Парфена Пятровіча ўсё больш пагаршалася, абвастраліся даўнія хваробы, давала сабе знаць напружаная, на знос, праца. 15 кастрычніка 1952 г. з ім здарыўся інсульт, але ён здолеў ачуняць, хоць і працягваў хварэць. Ён пакідае кафедру Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Стан здароўя заставаўся дрэнны. Каб паправіць яго, П. П. Савіцкі паехаў у Друскенікі ў санаторый «Беларусь». Здавалася, усё будзе добра. Аднак па вяртанні 8 жніўня ён згубіў прытомнасць і, не прыходзячы ў сабе, 11 жніўня 1954 г. памёр. Пахаваны Парфен Пятровіч Савіцкі па рашэнні ЦК КПБ на вайсковых могілках у Мінску.
БДУ значыў для яго вельмі шмат. Прадчуваючы, што доўга жыць не будзе, аднойчы ён сказаў, што сваю місію на гэтым свеце ён выканаў: ён захаваў універсітэт і вельмі гэтым ганарыцца.
По материалам: Яноўскі, А.А. Гісторыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў біяграфіях яго рэктараў / А.А. Яноўскі, А.Г. Зельскі - Мн.: БДУ, 2001. - 320 с.