Никифор Михайлович Бладыко
26 марта 1889 г. —?
Ректор с 03 июля 1937 г. по 19 декабря 1937 г.
Нарадзіўся Нічыпар Міхайлавіч у 1899 г. у вёсцы Рамашка Аршанскага раёна ў заможнай сялянскай сям’і. Як і амаль усе тагачасныя беларускія сем’і, сям’я Бладыкаў была вялікай: Нічыпар Міхайлавіч меў 3 братоў і 3 сясцёр. У 14 год ён выпраўляецца на заробкі. Працаваў землякопам, лесарубам, конюхам, рамізнікам, пекарам, рамонтным рабочым на чыгунцы. Відавочна, адукацыю ён меў толькі пачатковую.
Калі ў лістападзе 1917 г. падзеі Кастрычніцкай рэвалюцыі дакаціліся да Оршы, то адразу Нічыпар Бладыка добраахвотна ўступіў у Чырвоную Армію. Удзельнічаў у баях з кайзераўскімі войскамі, якія ў лютым—сакавіку 1918 г. занялі амаль усю Беларусь. 3 1918 г. Нічыпар Бладыка — добраахвотнік Чырвонай Арміі (тады ж ён уступіў у Камуністычную партыю).
У маі 1922 г. Н. М. Бладыка быў дэмабілізаваны і накіраваны на вучобу на рабфак Горы-Горыцкага земляробчага інстытута. Падчас вучобы на рабфаку яго прызвалі ў часці асаблівага прызначэння (ЧАН) і прызначылі камандзірам узвода. Гэтыя часці падаўлялі шматлікія сялянскія антыбальшавіцкія мяцяжы, якія ўспыхвалі на ўсёй тэрыторыі Усходняй Беларусі.
Пасля заканчэння рабфака Н. М. Бладыка па пуцёўцы ЦК ВКП(б) быў накіраваны на вучобу ў Ціміразеўскую сельскагаспадарчую акадэмію ў Маскве, якую скончыў у 1929 г. Яшчэ з’яўляючыся студэнтам 3-га курса Акадэміі, Н. М. Бладыка быў накіраваны ў аспірантуру Усесаюзнага навукова-даследчага калгаснага інстытута Акадэміі сельскагаспадарчых навук імя У. I. Леніна.
Аспірантуру Нічыпар Міхайлавіч скончыў у 1933 г. і яму была прысвоена кваліфікацыя старшага навуковага супрацоўніка. Н. М. Бладыка быў накіраваны на выкладчыцкую працу ў Камуністычны універсітэт народаў Захаду.
Па прыездзе ў Беларусь Н. М. Бладыка пачаў працаваць выкладчыкам Вышэйшай камуністычнай сельскагаспадарчай школы Беларусі ў якасці дацэнта. Нічыпар Міхайлавіч разумеў неабходнасць падцвердзіць навуковае званне навуковай ступенню: 1 кастрычніка 1934 г. праз ЦК КП(б)Б ён паступіў у аспірантуру Інстытута эканомікі АН, каб падрыхтаваць і абараніць кандыдацкую дысертацыю.
У 1935 г. Н. М. Бладыка быў прызначаны сакратаром партарганізацыі гэтага інстытута. У той час гэтая пасада азначала не проста ўдзел у розных партыйных сходах, рознага кшталту праверках, але і ўдзел у кіраўніцтве інстытутам, у выкрыцці «шкоднікаў», разгляд асабістых спраў супрацоўнікаў інстытута і г. д.
2 студзеня 1937 г. Н. М. Бладыка быў прызначаны выконваючым абавязкі неадменнага сакратара БелАН і ўвайшоў у склад Прэзідыума Акадэміі навук. Хутка пасля гэтага ён становіцца старшынёй Савета па вывучэнні вытворчых сіл БССР (СОПС). Неабходна адзначыць, што Н. М. Бладыка не меў неабходнай навуковай кваліфікацыі, каб займаць гэтыя пасады. Але калі ўлічыць, што гэтыя вакантныя месцы ствараліся вельмі хутка і не было ўжо каго на іх прызначыць (так, папярэднік Н. М. Бладыкі Б. М. Шпенцар быў зняты, выключаны з партыі, пасля арыштаваны і расстраляны), то ўсё робіцца зразумелым.
Вясной 1937 г. па рэкамендацыі загадчыка аддзела ЦК КП(б)Б I. Задзернюка і наркома асветы БССР А. I. Дзякава Н. М. Бладыку было прапанавана ўзначаліць Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. У чэрвені 1937 г. ён быў прызначаны рэктарам БДУ.
Новапрызначаны рэктар сутыкнуўся з вялікімі праблемамі, але часу вырашаць іх яму дадзена не было — на гэтай пасадзе Н. М. Бладыка знаходзіўся крыху больш за 5 месяцаў. Поўнасцю вырашыць праблему з кадрамі не ўдалося. Заключаныя дамовы з навукоўцамі ВНУ Ленінграда і Масквы не выконваліся: яны, за рэдкім выключэннем, не жадалі ехаць у Мінск. Таму напярэдадні новага навучальнага года ўніверсітэт трапіў у цяжкае становішча. Так, на геаграфічным факультэце ў верасні не было ніводнага навукоўца са званнем прафесара. Увесь выкладчыцкі састаў — асістэнты і кандыдаты ў дацэнты. Дэкан геафака А. Н. Андрушчанка вымушаны быў сам чытаць розныя курсы, не з’яўляючыся спецыялістам. Тое ж назіралася на гістфаку, фізмаце.
Былі зроблены спробы вырашыць праблему пражывання студэнтаў. Спецыяльная камісія Мінскага гарсавета перадала дом у Антонаве для інтэрната БДУ. Аднак сродкаў на яго рамонт выдзелена не было, таму студэнты вымушаны былі жыць без электрычнасці і вады. Шмат хто не вытрымліваў і кідаў вучобу. Ва ўмовах недахопу інтэрнацкага жылля Н. М. Бладыка паспрабаваў рабіць упор на завочнае навучанне. Завочны сектар быў павялічаны з 720 да 1000 студэнтаў. Адначасова рэктар загадаў заняць пад жыллё для студэнтаў усе грамадскія пакоі, у тым ліку і т. зв. «ленінскія куткі». Праблема была вырашана, але такі крок рэктара ў тых палітычных варунках ды яшчэ напярэдадні шырокаразрэкламаванай «сталінскай дэмакратыі» — выбараў у Вярхоўны Савет СССР — мог быць расцэнены адпаведнымі структурамі як «шкодніцтва».
У жніўні ад двух супрацоўнікаў АН БССР паступілі заявы-даносы ў бюро ЦК КП(б)Б і ў парткам Акадэміі навук, у якіх Н. М. Бладыка абвінавачваўся ў сяброўстве з «ворагамі народа» і пакрыцці іх, у шкодніцтве, падаўленні крытыкі і самакрытыкі і г. д. 10 кастрычніка 1937 г. адбыўся зачынены партыйны сход партарганізацыі АН БССР, на якім была разгледжана справа Н. М. Бладыкі, які абвінавачваўся ў розных учынках: ад выдачы добрых характарыстык пасля выкрытым «ворагам народа» да непрыслухоўвання да голасу шэраговых камуністаў.
19 снежня 1937 г. загадам Народнага камісарыята асветы БССР рэктара БДУ Н. М. Бладыку знялі з работы «як не справіўшагася з работай па выкарчоўванню і ліквідацыі наступстваў шкодніцтва».
Магчыма, звальненне выратавала Н. М. Бладыку ад хуткага арышту. У лютым 1938 г. ЦК ВКП(б) накіраваў яго на працу па спецыяльнасці ў г. Горкі (Ніжні Ноўгарад) у сельскагаспадарчы інстытут. Там ён працаваў загадчыкам кафедры «Арганізацыя сацыялістычнай сельскай гаспадаркі». Але ўжо 17 чэрвеня 1938 г. Н. М. Бладыка быў арыштаваны як удзельнік «контррэвалюцыйнай нацыянал-фашысцкай арганізацыі ў Акадэміі навук БССР». Па таму ж абвінавачванню была арыштавана і яго жонка 3.І. Бладыка. На допыце (зразумела, «с пристрастием») 13 ліпеня Н. М Бладыку вымусілі прызнаць, што ён з’яўляецца ўдзельнікам «контррэвалюцыйнай нацфашысцкай арганізацыі», існаваўшай у Акадэміі навук БССР, куды быў «завербаваны ў 1936 г. акадэмікам В. К. Шчарбаковым і па заданні якой праводзіў актыўную шкодніцкую і шпіёнскую (на карысць Польшчы) дзейнасць». «Выбілі» з яго і прозвішчы «ўдзельнікаў» гэтай «арганізацыі». На наступных допытах знявечаны чалавек падпісаўся пад тым, што «мэтай арганізацыі было адарванне БССР ад СССР і перадача Беларусі пад пратэктарат Польшчы». Аднак 20 лістапада Нічыпар Міхайлавіч адмовіўся ад ранейшых сведчанняў, заявіўшы, што ён пад сілай фізічнага ўздзеяння з боку следчага агаварыў сябе і іншых асоб. 3 гэтага моманту Н. М. Бладыка цвёрда стаяў на сваім, адвяргаючы ўсякую прыналежнасць да якіх-небудзь арганізацый. Так было і на наступных допытах. Н. М. Бладыка казаў, што з 7 па 13 ліпеня 1938 г. следчы біў яго штодня, таму ён і даў ілжывыя сведчанні. Памылкі ў рабоце прызнаваў, сябе не шкадаваў, але поўнасцю адмаўляў свой удзел у контррэвалюцыйнай арганізацыі.
Справа Н. М. Бладыкі зацягвалася. Яе перадавалі ад аднаго следчага да другога. Для іх справа ўскладнялася і тым, што асобы, якія фігуравалі ў справе, былі альбо асуджаны да лагераў ці расстраляны, альбо адмовіліся ад сваіх ранейшых сведчанняў.
У заключэнні па справе Н. М. Бладыкі ўказвалася, што сведкі, якія «выкрывалі Бладыку ў контррэвалюцыйнай рабоце, ад сведчанняў адмовіліся, шкодніцкая дзейнасць даказана не дастаткова». Тым не менш Асобай нарадай пры народным камісары Унутраных спраў СССР 5 жніўня 1939 г. Н. М. Бладыка «за ўдзел у контррэвалюцыйнай нацыяналістычнай арганізацыі і шкодніцтва» быў асуджаны на 8 год лагераў. Не было нават камедыі суда. Зрэшты, у параўнанні з іншымі Нічыпару Міхайлавічу яшчэ «пашанцавала».
3 Мінскай турмы Н. М. Бладыка быў накіраваны на Калыму ў рэжымны лагер прыіска Джэлгала. Пасля працаваў цесляром на будаўніцтве Аркагалінскай электрастанцыі. Скаргі, якія ён пісаў на імя Сталіна і Калініна, заставаліся без адказу.
Пасля вызвалення ў кастрычніку 1946 г. Н. М. Бладыка накіраваўся ў Маскву, дзе ў Міністэрстве жывёлагадоўлі СССР атрымаў накіраванне на працу ў Астраханскі трэст жывёлагадоўчых саўгасаў. У той час там знаходзілася яго жонка з 12-гадовым сынам. Там ён працаваў старшым аграномам, аграномам-інструктарам, начальнікам аддзела зерня Астраханскай абласной управы сельскай гаспадаркі. Пасля верасня 1953 г. пачаў працаваць галоўным аграномам Сасыкольскай МТС Астраханскай вобласці.
Восенню 1954 г. Н. М. Бладыка напісаў вялікі ліст на імя першага сакратара ЦК КПСС М. С. Хрушчова, дзе падрабязна выклаў усё, што з ім адбылося, і прасіў разабрацца ў яго справе: устанавіць праўду.
Следства па справе Н. М. Бладыкі высветліла цэлы шэраг грубых парушэнняў законнасці — ад збіцця арыштаваных да падчыстак і падробак подпісаў. У ходзе праверкі было ўстаноўлена, што Н. М. Бладыка быў асуджаны неабаснована. 2 ліпеня 1955 г. Ваенная калегія Вярхоўнага Суда СССР адмяніла прысуд і справу спынілі за адсутнасцю складу злачынства.
Далейшы лёс пятага рэктара БДУ нам пакуль невядомы.
По материалам: Яноўскі, А.А. Гісторыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў біяграфіях яго рэктараў / А.А. Яноўскі, А.Г. Зельскі - Мн.: БДУ, 2001. - 320 с.