Иван Федотович Ермаков
24 февраля 1892 г. — ?
Ректор с 01 декабря 1931 г. по сентябрь 1933 г.
Нарадзіўся Іван Фядотавіч 24 лютага 1892 г. у вёсцы Пруднікава Гарадокскага павета Віцебскай губерні ў сям’і селяніна-серадняка. Іван Фядотавіч скончыў у 1911 г. настаўніцкую семінарыю — сярэдне-педагагічную навучальную ўстанову, якая ў дарэвалюцыйны час рыхтавала настаўнікаў для пачатковых школ. Знаходзілася яна ў Полацку. У семінарыю прымалі асоб усіх саслоўяў, якія мелі 16 гадоў і скончылі народнае пачатковае вучылішча. Пасля настаўнічаў у Пушчанскім народным вучылішчы Гарадокскага павета. Потым яго забралі ў салдаты: да 1917 г. ён удзельнічаў у першай сусветнай вайне. У 1918 г. ён уступіў у ВКП(б). У час грамадзянскай вайны па першай партыйнай мабілізацыі быў пасланы на ўсходні фронт. Пасля ўдзельнічаў у баях і на паўднёвым фронце ў якасці камісара стралковага палка. Пасля грамадзянскай вайны і дэмабілізацыі I. Ф. Ермакоў працуе ў розных партыйных і савецкіх установах.
На Віцебшчыну ён вяртаецца ў 1925 г. У 1926 г. I. Ф. Ермакова накіравалі ў г. Мазыр загадчыкам акруговага аддзела народнай асветы. Вялікую дапамогу на пачатку гэтай працы I. Ф. Ермакову аказаў інспектар школ НКА Беларусі А. Аніхоўскі (дарэчы, выпускнік БДУ). I. Ф. Ермакоў актыўна ўключыўся ў працу па беларусізацыі школ і іншых устаноў. Плённая дзейнасць I. Ф. Ермакова была адзначана пуцёўкай у Крым у дом адпачынку працаўнікоў народнай асветы. Там ён сустрэўся з тагачасным наркомам асветы БССР А. В. Баліцкім. У 1928 г. па прапанове А. В. Баліцкага I. Ф. Ермакова прызначылі загадчыкам Менскага акруговага аддзела народнай асветы. На гэтай пасадзе I. Ф. Ермакоў дбаў пра адкрыццё новых школ, хат-чытален. На нарадах ён адзначаў неабходнасць таго, каб беларускія дзеці вучыліся ў беларускіх школах, яўрэйскія — у яўрэйскіх, польскія — у польскіх, рускія — у рускіх. Клапаціўся I. Ф. Ермакоў і аб адпаведных настаўніцкіх кадрах, зважаючы больш на іх прафесійныя якасці, а не на сацыяльнае паходжанне.
У ліпені 1930 г. Менская акруга была ліквідавана і адпаведна скасавана пасада I. Ф. Ермакова. У гэты ж час па сфабрыкаванай ДПУ БССР справе т. зв. «Саюза вызвалення Беларусі» ішлі масавыя арышты. Быў арыштаваныі А. В. Баліцкі. Новы нарком асветы Беларусі А. М. Платун прапанаваў СНК БССР прызначыць I. Ф. Ермакова дырэктарам ствараемага аграпедагагічнага інстытута (сёння — Гомельскі ўніверсітэт імя Ф. Скарыны).
Аграпедагагічны інстытут двойчы наведваў нарком асветы А. М. Платун. Падчас апошняга наведвання ў лістападзе 1931 г. ён прапанаваў I. Ф. Ермакову пераехаць у Мінск і заняць пасаду рэктара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Іван Фядотавіч адмовіўся ад гэтага, тлумачачы, што ён па адукацыі сельскі настаўнік, у ВНУ сам не выкладаў, займаўся адміністрацыйнай справай, а таму ні ў адукацыйных праграмах, ні ў адзнаках падручнікаў ён правільна разбірацца не мае магчымасці. Аднак на падобныя пярэчанні ніхто тады не звяртаў увагі. У гэты час па ўсёй краіне адчыняліся сотні новых інстытутаў, а шмат хто з высокакваліфікаваных навукоўцаў паехаў будаваць Беламорканал ці сячы лес. Адчуваўся вялікі недахоп навуковых кадраў. Згодна з пастановай калегіі Наркамата асветы БССР ад 16 лістапада 1931 г., I. Ф. Ермакоў з 1 снежня 1931 г. пачаў выконваць абавязкі рэктара БДУ, прыняўшы справы ад намесніка рэктара В. Р. Рудніцкага.
У канцы жніўня ці ў пачатку верасня 1933 г. I. Ф. Ермакоў быў вызвалены ад абавязкаў рэктара БДУ. Што паслужыла прычынай — пралікі ў арганізацыі набору студэнтаў ці тое, што яго непасрэдны кіраўнік А. М. Платун быў зняты з працы наркома асветы, ці недастатковы ўдзел у «чыстках», — можна толькі здагадвацца, бо загада Наркамата асветы ў архівах яшчэ не знойдзена.
Напачатку верасня 1933 г. I. Ф. Ермакоў быў выкліканы ў ЦК КП(б)Б. Там яму паведамілі, што ён прызначаецца начальнікам палітаддзела Шклоўскай МТС. Праца ў МТС была пастаўлена кепска. Частыя былі аварыі трактароў, прастоі, перарасход паліва і г. д. Жорсткімі захадамі I. Ф. Ермакоў здолеў узняць дысцыпліну, аднак не ў яго сілах (ды і не яго справа) было знайсці добрае насенне, спыніць блытаніну ў разліках з калгасамі — усё тое, што было ўвогуле характэрна для сельскай гаспадаркі таго часу.
15 лютага 1935 г. пасля ліквідацыі палітаддзелаў МТС I. Ф. Ермакоў быў прызначаны сакратаром Шклоўскага райкама. Сакратар ЦК КП(б)Б Д. I. Валковіч (выпускнік рабфака БДУ) давёў I. Ф. Ермакову, што будзе цэлы шэраг інструкцый і пастаноў цэнтральных устаноў, усе яны ўзгоднены і іх неабходна выконваць безумоўна і націскаць на іх выкананне.
У чэрвені 1937 г. I. Ф. Ермакова выклікалі ў Мінск. 22 чэрвеня па прапанове тагачаснага старшыні СНК Д. I. Валковіча I. Ф. Ермакоў стаў намеснікам старшыні Дзяржплана БССР. Літаральна праз 5 дзён старшыня Дзяржплана Любовіч і два яго намеснікі былі арыштаваны. У верасні 1937 г. і сам Д. I. Валковіч быў арыштаваны і расстраляны 27 лістапада 1937 г. Пасля арышту Д. I. Валковіча пасаду старшыні СНК заняў А. Ф. Кавалёў. Між тым і на I. Ф. Ермакова збіраўся «кампрамат». У партарганізацыю Дзяржплана ўжо 4 жніўня 1937 г. быў пасланы данос ад аднаго з былых работнікаў БДУ. У студзені 1938 г. адбыўся пленум Шклоўскага райкама КП(б)Б, на якім I. Ф. Ермакоў абвінавачваўся ў іншых «грахах» — «перагібах», «скрыўленні падатковай палітыкі», «парушэннях рэвалюцыйнай законнасці», «правядзенні класава-варожай палітыкі» і т. п. Пастановай бюро Шклоўскага райкама справа I. Ф. Ермакова была перададзена ў Мінск, у Кагановіцкі райкам КП(б)Б .
11 жніўня 1938 г. I. Ф. Ермакоў быў арыштаваны. Падчас вобыску, акрамя розных дакументаў і перапіскі, быў канфіскаваны пісталет «браўнінг» з патронамі — сапраўдная знаходка для следства. Раз ёсць пісталет — значыць, тэрарыст. I. Ф. Ермакову інкрымінаваўся актыўны ўдзел у «нацфашысцкай арганізацыі». Вельмі хутка Іван Фядотавіч «даў» патрэбныя паказанні з прызнаннем у дзейнасці ў нацфашысцкай арганізацыі, аб прыёме на працу варожых элементаў, шавіністычным выхаванні студэнтаў, шкодніцтве ў сельскай гаспадарцы і г. д. Неабходны былі «сапраўдныя» палітычныя ворагі. I хутка I. Ф. Ермакоў вымушаны быў пачаць абгаворваць і сябе і іншых у планах звяржэння савецкай улады і ўсталявання ў Беларусі буржуазнага ладу. Аднак тых людзей, пра якіх казаў I. Ф. Ермакоў, ужо не было ў жывых: А. Р. Чарвякоў, М. М. Галадзед, Я. Б. Гамарнік, Д. I. Валковіч, А. М. Платун... 3 іх спытаць ужо было немагчыма. 29 красавіка 1939 г., па сканчэнні следства, I. Ф. Ермакоў, не прызнаючы сябе віноўным, піша заўвагі па матэрыялах следства, яшчэ раней ён напісаў скаргу на імя наркома ўнутраных спраў БССР аб збіцці яго падчас следства, аб абгаворы сябе і іншых. Следства па справе I. Ф. Ермакова ўсё больш зацягвалася. У сакавіку 1939 г. справа пайшла на разгляд у ваенную пракуратуру, у чэрвені — у ваенны трыбунал БАВА. 15 лістапада 1939 г. справа была вернута ва НКУС на даследаванне. 29 снежня 1939 г. справа па абвінавачванні I. Ф. Ермакова ў антысавецкай і контррэвалюцыйнай дзейнасці была спынена, а 30 снежня Іван Фядотавіч быў вызвалены пад падпіску аб нявыездзе. 3 турмы выйшаў чалавек са зламаным здароўем і пастарэўшы на шмат год.
Цяпер Івану Фядотавічу было прад’яўлена абвінавачванне ў злоўжыванні службовым становішчам, канфіскацыі ў сялян маёмасці за нявыплату імі дзяржпаставак і плацяжоў і незаконным захаванні агнястрэльнай зброі — пісталета «браўнінг».
Хутка, аднак, высветлілася, што I. Ф. Ермакоў як сакратар райкама КП(б)Б меў права на нашэнне зброі, толькі своечасова не працягнуў тэрмін яе захоўвання. Гэты пункт абвінавачвання адпаў. Па астатняму намеснік пракурора БССР па спецсправах вынес рашэнне аб тым, што, хоць парушэнні рэвалюцыйнай законнасці ў Шклоўскім раёне і мелі месца, але яны пасля адпаведных указанняў ЦК і СНК БССР былі своечасова выпраўлены. 11 студзеня 1940 г. крымінальная справа па абвінавачванні I. Ф. Ермакова была спынена.
Далейшы жыццёвы шлях Івана Фядотавіча як бы пайшоў на другі круг. Яго прызначылі рэктарам Мінскага педагагічнага інстытута, зноў не звярнуўшы ўвагі на адсутнасць адпаведна высокай адукацыі. А потым была вайна, якую Іван Фядотавіч, як раней грамадзянскую, прайшоў камісарам. Пасля дэмабілізацыі ў 1946 г. ён зноў становіцца рэктарам — цяпер ужо Аршанскага настаўніцкага інстытута. На гэтай пасадзе I. Ф. Ермакоў працаваў доўга, цэлых 7 год. Па прадстаўленні міністра адукацыі БССР рашэннем ЦК КПБ ён быў па стане здароўя (амаль цалкам страціў зрок) адпраўлены на пенсію ў красавіку 1953 г. Пенсію прызначылі персанальную...
По материалам: Яноўскі, А.А. Гісторыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў біяграфіях яго рэктараў / А.А. Яноўскі, А.Г. Зельскі - Мн.: БДУ, 2001. - 320 с.