Владимир Алексеевич Белый
8 июня 1922 г. — 17 августа 1994 г.
Ректор с 17 октября 1978 г. по 27 января 1983 г.
Нарадзіўся Уладзімір Аляксеевіч Белы 8 чэрвеня 1922 г. у г. Краснадары ў сям’і служачага. Акрамя яго, у сям’і яшчэ былі дзеці — брат Міхаіл і сястра Тамара. У 1929 г. Уладзімір пайшоў вучыцца ў сярэднюю школу. Але лёс не рыхтаваў яму лёгкага жыцця — у 1937 г. НКУС арыштаваў яго бацьку Аляксея Міхайлавіча, якога рэабілітавалі толькі ў 1955 г., як і тысячы іншых — пасмяротна. Нягледзячы на першыя выпрабаванні, Уладзімір скончыў школу з адзнакай і пачаў працоўную дзейнасць паравозным качагарам. У верасні 1939 г. ён пераадольвае першую складаную прыступку доўгай жыццёвай лесвіцы — становіцца студэнтам Растоўскага-на-Доне інстытута інжынераў чыгуначнага транспарту (РНЧТ).
У верасні 1941 г., калі баі пачалі набліжацца да Растова-на Доне, У. А. Белы падаў заяву аб накіраванні яго добраахвотнікам у Чырвоную Армію. Аднак чыгуначнікі былі патрэбны не менш, чым салдаты, і яму адмовілі. 3 надыходам лініі фронту да горада інстытут быў эвакуіраваны ў Тбілісі. Але Уладзіміру Беламу не прыйшлося ўвесь час вучыцца. У верасні 1943 г. ён працаваў на прыфрантавой чыгунцы памочнікам паравознага машыніста (дэпо Гудэрмес). У 1944 г. разам з інстытутам вярнуўся ў Растоў-на-Доне. У 1945 г. на «выдатна» скончыў механічны факультэт РНЧТ, і яго пакінулі ў інстытуце дзеля навуковай і навукова-педагагічнай дзейнасці. Сам У. А. Белы казаў, што «яўнага штурму да заняткаў навукай — сустрэчы з вядомым вучоным, чытанне цікавай кнігі — не было. Проста з маленства хацелася ведаць больш. Спасцігаць новае потым стане ўнутранай патрэбай». Пасля заканчэння інстытута Уладзімір Белы працаваў загадчыкам лабараторыі кафедры фізікі, асістэнтам кафедры электратэхнікі. 3 1946 па 1951 г. — намеснікам дэкана энергетычнага, а пасля механічнага факультэта. У гэты ж час ён абіраўся сакратаром камітэта камсамола інстытута.
У 1951 г. паступіў у аспірантуру пры Маскоўскім электрамеханічным інстытуце транспарту і праз паўтара гады паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю. Падчас абароны ўжо гучалі сур’ёзныя галасы, што пры пэўнай дапрацоўцы дысертацыю можна было б лічыць за доктарскую.
У сваім родным інстытуце У. А. Белы быў прызначаны асістэнтам кафедры эксплуатацыі шляхоў зносін. У жніўні 1953 г. ён быў накіраваны ў Гомель для дапамогі па арганізацыі Беларускага інстытута інжынераў чыгуначнага транспарту. 3 гэтага часу ўся яго дзейнасць была звязана з развіццём навукі і адукацыі ў Беларусі.
Інстытут інжынераў чыгуначнага транспарту (сучасны Беларускі ўніверсітэт транспарту) быў, як казалі тады, «не прэстыжны». Прыём пачынаўся ў жніўні, заняткі — у кастрычніку. Але патрабавальны, нават прыдзірлівы малады намеснік начальніка вучэбнай часткі У. А. Белы імкнуўся пераламіць гэты настрой, паставіўшы мэтай стварыць усе ўмовы для плённага набыцця студэнтамі ведаў.
I сам, чытаючы лекцыю без дапамогі канспекту, выкладаў матэрыял дакладна і закончана, па памяці называў чатырохзначныя нумары дэталяў і велічыні каэфіцыентаў. У 1954 г. У. А. Белы пачаў працаваць дэканам механічнага факультэта, а ў 1955 г. узначаліў кафедру «Тэорыі механізмаў і дэталі машын». Дбаючы аб паспяховасці, ён цікавіўся не толькі адзнакамі, экзаменамі і залікамі, але мог сказаць пра студэнтаў свайго факультэта, хто адкуль прыехаў, хто з якой сям’і, каму цяжка пражыць на стыпендыю. Гэта выклікала сімпатыю студэнтаў да выкладчыка.
Магчыма, таму і ўдалося дэкану факультэта хутка арганізаваць студэнцкі навукова-даследчы гурток з мэтай вывучэння работы дэталяў з палімераў у вузлах машын. Адбылося гэта ў 50-я гады, калі пачаўся, як казалі ў той час, «пластмасавы бум» — замест сталі, чыгуну, медзі і іншых металаў пачалі выкарыстоўваць палімеры. Аднак знайшліся рэалісты, сярод іх і У. А. Белы, якія разумелі, што выкарыстанне палімераў у чыстым выглядзе далёка не заўсёды дазваляе пераадолець вытворчыя цяжкасці.
Вынікі працы гуртка У. А. Белага аказаліся настолькі цікавымі, што праз тры гады іх разглядала спецыяльная выязная сесія Акадэміі навук БССР. У 1959 г. было прынята рашэнне стварыць Гомельскі філіял лабараторыі трываласці Інстытута машыназнаўства і аўтаматызацыі АН БССР. У. А. Белы ўзначаліў філіял і калектыў... з трох чалавек. Але неўзабаве іх было ўжо 15, калі ў 1960 г. філіял стаў самастойнай лабараторыяй тэхнічнай механікі — першай перыферыйнай НДЛ у Беларусі. Асноўным накірункам даследавання было вывучэнне асаблівасцей і ўласцівасцей палімерных матэрыялаў, распрацоўка тэхналогій і абсталявання для вытворчасці палімерных дэталяў. Найважнейшым напрамкам тых гадоў стала імкненне стварыць злучэнне з уласцівасцямі металу і палімеру, кампазіт-матэрыялы, уласцівасці якіх перасягаюць уласцівасці кампанентаў, з якіх яны ўтвораны.
Паспяховае выкананне гэтых работ дазволіла ў 1962 г. стварыць Гомельскае аддзяленне Інстытута матэматыкі і вылічальнай тэхнікі, а ў 1964 г. — самастойны аддзел механікі палімераў АН БССР, які ўзначаліў, зразумела, У. А. Белы, адначасова з’яўляючыся намеснікам дырэктара Інстытута матэматыкі і вылічальнай тэхнікі АН БССР.
Уладзімір Аляксеевіч Белы стаў адным з заснавальнікаў новага навуковага накірунку па стварэнні і даследаванні металапалімерных кампазіцый, якія паспяхова пачалі ўкараняцца ва ўсе галіны народнай гаспадаркі і перш за ўсё ў машынабудаванне.
Важнейшым раздзелам праблемы было стварэнне і даследаванне розных металапалімерных вырабаў, у тым ліку зубчатых і ланцуговых перадач, падшыпнікаў слізгання і шмат якіх іншых дэталяў машын. Навукова-даследчыя работы, выкананыя пад кіраўніцтвам У. А. Белага, былі адзначаны 1, 2 і 3-й прэміямі ўсесаюзнага конкурсу на лепшую навукова-даследчую работу, укаранёную ў машынабудаванне. У 1964 і 1965 гг. У. А. Белы за вынаходніцтвы, якія былі паказаны на ВДНГ СССР, быў узнагароджаны двума залатымі медалямі, а аддзел механікі палімераў АН БССР — дыпломам I ступені і Дыпломам пашаны. За поспехі ў развіцці навукі ў красавіку 1967 г. У. А. Белы быў ганарованы ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, а ў 1969 г. — званнем «Заслужаны вынаходнік БССР». У сакавіку 1968 г. за навуковую працу, выкладзеную ў Парыжы на Міжнароднай навуковай канферэнцыі, У. А. Белы атрымаў ганаровы медаль Жака Вакансона.
Працай Аддзела зацікавіліся вядучыя вучоныя — акадэмік В. А. Каргін і старшыня Інтэркосмасу акадэмік Б. М. Пятроў. Пра паспяховае спалучэнне фундаментальнай працы У. А. Белага ў навуцы з практычнай і вынаходніцкай дзейнасцю казалі тагачасны прэзідэнт АН СССР М. У. Келдыш, акадэмікі К. А. Андрыянаў, А. Ю. Ішлінскі. 21 мая 1969 г. Аддзел быў пераўтвораны ў Інстытут механікі металапалімерных сістэм (ІМ М С ) на чале з членам-карэспандэнтам АН БССР У. А. Белым (ён быў абраны 21 студзеня 1969 г.).
Буйнейшыя аўтарытэты ў вучоным свеце не толькі СССР, але і іншых краін пра працы У. А. Белага адзываліся ў найвышэйшай ступені : «чалавек, які стварыў цуд» (акадэмік П. А. Рэбіндзер), «выдатны вучоны ў вобласці фізікі і механікі металапалімераў» (акадэмік Б. Е. Патон). Дырэктар Французскага нацыянальнага даследчага цэнтра прафесар Р. Куртэль падчас правядзення ў Гомелі ў 1969 г. Міжнароднага сімпозіума «А б прыродзе трэння цвёрдых цел» заявіў, што ведае, якім павінен быць інстытут 2000 года — ён павінен пачынацца з тэорыі і эксперыменту, а заканчваецца іх прымяненнем у прамысловасці. I гэты інстытут знаходзіўся ў Гомелі.
Аднак і тут У. А. Беламу і яго паплечнікам даводзілася пачынаць літаральна «з нуля»: ад стварэння сваімі рукамі неабходных прыбораў да пабудовы ўласнымі сіламі чатырохпавярховага корпуса інстытута. Больш таго, кампазіты, створаныя У. А. Белым і яго вучнямі, знаходзілі прымяненне ў прамысловасці, а ён па ранейшаму губляў час і сілы, каб даказаць іх перавагі, змагаўся з галіновымі інстытутамі, ад блаславення якіх залежала іх выкарыстанне (бо дасягненні групы Уладзіміра Аляксеевіча часта перакрэслівалі вынікі працы навукоўцаў гэтых інстытутаў).
У 1969 г. на базе Гомельскага педагагічнага інстытута ўзнік Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт. Па рэкамендацыі абкама КПБ і па прапанове Міністэрства вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі БССР 21 красавіка 1969 г. У. А. Белы быў прызначаны яго рэктарам, працягваючы заставацца дырэктарам Інстытута механікі металапалімерных сістэм на грамадскіх пачатках. Як рэктар Гомельскага ўніверсітэта ён праявіў вялікі клопат па камплектаванні ўніверсітэта высокакваліфікаванымі кадрамі і стварэнні вучэбна-матэрыяльнай і навуковай базы. У 1970/71 навучальным годзе ў Гомельскім універсітэце было 7 факультэтаў, 25 кафедраў, 5442 студэнты, 304 выкладчыкі, у тым ліку 18 прафесароў і дактароў навук, 106 дацэнтаў і кандыдатаў навук. За 4 гады былі спраектаваны і пабудаваны новы галоўны корпус, жыллё для студэнтаў і прафесарска-выкладчыцкага саставу, актавая зала і спартыўны комплекс. За ўсім гэтым стаіць велізарная асабістая праца рэктара У. А. Белага.
Не пакідаў у гэтыя гады Уладзімір Аляксеевіч і навуковых даследаванняў. У сакавіку 1971 г. ён абараніў доктарскую дысертацыю, а ў чэрвені быў зацверджаны ў вучоным званні прафесара. Навуковыя напрамкі, якія развівалі У. А. Белы і яго вучні, атрымалі высокую адзнаку з боку вядучых у гэтай галіне савецкіх і замежных вучоных. Вынікам напружанай дзейнасці У. А. Белага стала больш за 140 навуковых прац, апублікаваных у СССР і за мяжой. Ім было зроблена больш за 50 навуковых дакладаў на міжнародных і ўсесаюзных нарадах, кангрэсах, сімпозіумах (у ГДР, ЗША, ФРГ, Вялікабрытаніі, Японіі, Італіі, Францыі, Польшчы) і агульных сходах П. М. Машэраў сярод выкладчыкаў ДДУ аддзяленняў АН СССР і АН БССР. За гэты перыяд ён атрымаў больш за 100 аўтарскіх пасведчанняў у СССР і 12 патэнтаў у Англіі, ЗША, Францыі, Італіі, Бельгіі і іншых краінах.
Дасягненні Уладзіміра Аляксеевіча былі вельмі значныя: 6 красавіка 1972 г. яго абралі акадэмікам, а 25 студзеня 1973 г. на агульным сходзе АН БССР — віцэ-прэзідэнтам Беларускай акадэміі навук адзінагалосна. У сакавіку Бюро ЦК КПБ зацвердзіла яго на пасадзе віцэ-прэзідэнта АН БССР і вызваліла ад абавязкаў рэктара Гомельскага ўніверсітэта, пакінуўшы дырэктарам ІММС АН БССР.
Як віцэ-прэзідэнт АН БССР У. А. Белы надаваў шмат увагі ўмацаванню сувязі навукі з вытворчасцю, практычнаму ўвасабленню навуковых распрацовак, матэрыяльна-тэхнічнаму забеспячэнню Акадэміі. Пад яго кіраўніцтвам калектыў ІММС атрымаў шэраг істотных для навукі і практыкі вынікаў, якія ўкараняліся з вялікім эканамічным эфектам.
На пасадзе віцэ-прэзідэнта АН БССР У. А. Белы імкнуўся ў больш шырокіх маштабах скарыстаць набытыя ім веды, арганізатарскі і жыццёвы вопыт, і гэты вопыт пераконваў — вялікая навука ўвесь час павінна жывіцца маладымі сіламі, якія трэба рыхтаваць мэтанакіравана, пачынаючы са студэнцкай лавы. Уладзімір Аляксеевіч лічыў, што «універсітэты заўсёды былі, ёсць і будуць калыскай фундаментальных даследаванняў, якія, выходзячы з цішыні лабараторый, заяўляюць аб сабе ў поўны голас і адразу ж рэвалюцыянізуюць цэлыя навуковыя напрамкі...»
12 кастрычніка 1978 г. з’явіўся загад па ўніверсітэце, які паведамляў, што ў адпаведнасці з рашэннем дырэктыўных органаў рэктарам БДУ прызначаны з 17 кастрычніка 1978 г. віцэ-прэзідэнт Акадэміі навук БССР акадэмік Белы Уладзімір Аляксеевіч.
Трэба зазначыць, што новы рэктар прыйшоў у даволі складаны перыяд развіцця БДУ. Рэзервы яго колькаснага росту — стварэнне, напрыклад, новых факультэтаў — былі ўжо шмат у чым вычарпаны, і трэба было рабіць упор на рост якасны. Усё вастрэй паўставалі праблемы набору, спецыялізацыі, размеркавання, якія раней не патрабавалі такой увагі.
Стыль працы Уладзіміра Аляксеевіча ва ўніверсітэце лепш за ўсе характарызуе слова «паскарэнне», якое набудзе шырокае гучанне праз некалькі год пасля таго, як рэктар пакіне сваю пасаду. Адзін з супрацоўнікаў універсітэта сказаў так: «Белы — гэта пастаянны рух». I сапраўды, і ў навуцы, і ў штодзённым жыцці яго цяжка было нават уявіць спакойным — за рэзкім, парывістым рэктарам па калідоры іншы студэнт не мог угнацца. Вось сведчанне тагачаснага сакратара камітэта камсамола БДУ П. I. Брыгадзіна: «3 Белым, канешне, нялёгка (было) працаваць — Навукова-метадычная канферэнцыя, прысвечаная 60-годдзю БДУ першыя месяцы я, шчыра кажучы, ніяк не мог набраць яго тэмпу, не паспяваў. Ён не выпускаў мяне з-пад жорсткага кантролю. А потым атрымалася ў нас адно мерапрыемства, другое — і кантроль быў зняты. Ён не церпіць людзей пасіўных, механічных выканаўцаў, якія адбываюць службу... А калі ты гарыш справай — рэктар будзе на тваім баку...».
Рабочы дзень акадэміка У. А. Белага пачынаўся а 5 гадзіне раніцы — такі быў цвёрда ўсталяваны рэжым. Менавіта ў гэтыя ранішнія гадзіны Уладзімір Аляксеевіч займаўся навуковай працай. А днём, у звычайны працоўны час, ён — рэктар універсітэта і віцэ-прэзідэнт АН БССР. I тут рэжым дня быў распісаны па хвілінах.
Менавіта гэтая строгасць, глыбокая ўнутраная арганізаванасць і самадысцыпліна — вызначальныя рысы характару У. А. Белага.
Дыяпазон спраў, якімі займаўся рэктар, быў сапраўды неахватным. Але для яго не існавала дробязяў у любой справе, і ён мог, напрыклад, траціць гадзіны свайго каштоўнага часу на тое, каб «здабыць» касцюмы для ўніверсітэцкага «Крыжачка» або вырашыць пытанне з кватэрай для супрацоўніка НДІ ПФП.
Упершыню па ініцыятыве рэктара на факультэтах былі створаны прафесарскія пакоі, у якіх можна было падрыхтавацца да чарговай лекцыі, адпачыць у перапынку. Была вырашана складаная і балючая для ўніверсітэта праблема месцаў у дзіцячых яслях і садках, шмат было зроблена для паляпшэння жыллёвых умоў супрацоўнікаў і студэнтаў. Любога супрацоўніка У. А. Белы стараўся асабіста павіншаваць з юбілеем, а калі не выпадала, то ўвечары абавязкова тэлефанаваў дадому, перадаваў віншаванні сям'і. Як казаў М. Г. Елісееў, «ён быў заўсёды павернуты тварам да людзей, а такая ўвага стварае яшчэ большы стымул да работы». Гэтую яго рысу падкрэслівае наступны факт. У жніўні 1980 г. У. А. Белы браў удзел у працы VII Генеральнай канферэнцыі Міжнароднай асацыяцыі ўніверсітэтаў, якая адбылася ў Маніле (Філіпіны).
Сабраліся 700 рэктараў больш чым са 100 краін. Палеміка ішла пра адукацыю ў будучым: якой культуры дамінаваць — гуманітарнай або тэхнічнай?
Беларускі рэктар выказаўся адназначна: «... Я выступаў і выступаю за гуманітарную культуру. Кажуць, нас чакае эра робатаў. Але ж без гуманітарнай культуры чалавек сам стане робатам».
За гады кіравання БДУ У. А. Белы не спыняў і сваёй навуковай дзейнасці.
Яму належыць больш за 300 навуковых работ, у тым ліку 8 манаграфій. Звыш 80 артыкулаў надрукаваны за мяжой. Дзве манаграфіі выйшлі ў вядомым англа-амерыканскім выдавецтве «Пергамон прэс». Адно з выдавецтваў ЗША купіла ў 1982 г. права на пераклад і распаўсюджванне па ўсім свеце часопіса АН СССР і АН БССР «Трение и износ», арганізатарам і галоўным рэдактарам якога быў У. А. Белы.
Уладзімір Аляксеевіч Белы з'яўляўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР у 1975—1985 гг., членам ЦК КПБ (1971—1986), членам камісіі па фізіцы і механіцы пры Прэзідыуме АН СССР, намеснікам старшыні Навуковага савета па трэнні і змазцы пры АН СССР, членам экспертнага Савета ВАК СССР, Старшынёй навукова-тэхнічнай камісіі ад СССР па супрацоўніцтве з Вялікабрытаніяй у галіне трыбонікі.
На міжнародным кангрэсе «Еўратрыб-81» У. А. Белы атрымаў званне ганаровага трыболага. У амерыканскім даведніку «Хто ёсць хто ў свеце» былі надрукаваны яго біяграфічныя звесткі як чалавека, што ўнёс уклад у развіццё грамадства, і зрабіў яго прадметам усеагульнай цікавасці. Дэвіз У. А. Белага, народжаны ў Інстытуце механікі металапалімерных сістэм: «Кожную навуковую распрацоўку — на ўзровень вынаходніцтва, кожны вучоны — вынаходнік», быў шырока падхоплены даследчыкамі ўсёй краіны. Сам У. А. Белы меў больш за 200 аўтарскіх пасведчанняў, больш за 20 патэнтаў, выдадзеных за мяжой. У 1981 г. за поспехі ў вынаходніцтве ён быў ганараваны медалём «Тэхніка — калясніца прагрэсу». На той час яго мелі толькі пяць чалавек у СССР.
Спалучаючы работу на некалькіх пасадах, У. А. Белы ніколі не атрымліваў дадатковай зарплаты. Тым не менш у юбілейным нумары часопіса «Век XX и мир» у ліку найбуйнейшых укладчыкаў у Фонд міру называлася прозвішча акадэміка Уладзіміра Белага. Яго дабрачыннасць — яшчэ адна прыкметная рыса характару.
7 чэрвеня 1982 г. за шматгадовую плённую навукова-педагагічную дзейнасць, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці і ў сувязі з 60-годдзем са дня нараджэння У. А. Белы быў узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. Аднак, калі задумацца, ці адпавядала ўзнагарода заслугам рэктара? Тое, што было значным, напрыклад, для загадчыка лабараторыі, ці было такім жа для рэктара БДУ і віцэ-прэзідэнта АН БССР? Цяжка сказаць... Ва ўсякім разе, і гэта магло быць прыкметай таго, што адносіны з тагачасным кіраўніцтвам рэспублікі, як кажуць, «не складваліся». Тым больш што па праекце У. А. Белага — новым універсітэцкім гарадку — быў нанесены адчувальны ўдар: нягледзячы на хадайніцтвы, сродкі на распрацоўку тэхнічнага праекта галоўнага корпуса выдзелены не былі і капітальных укладанняў у развіццё БДУ на новай пляцоўцы ні на 1982, ні на 1983 г. не прадугледжвалася. У складаны час ператрусу ў «вярхах» партыйна-савецкага кіраўніцтва рэспубліканскія чыны не знайшлі грошай на ўніверсітэцкую перспектыву. I яшчэ доўгі час не знойдуць ці не пажадаюць знайсці...
10 снежня 1982 г. У. А. Белы падаў заяву Першаму сакратару ЦК КПБ Ц. Я. Кісялёву, у якой, у прыватнасці, гаварылася: «У 1978 г., працуючы віцэ-прэзідэнтам АН БССР, я быў прызначаны рэктарам Белдзяржуніверсітэта без вызвалення мяне ад абавязкаў віцэ-прэзідэнта АН БССР. У цяперашні час, па ўказаных пасадах, прашу Вас разгледзець пытанне аб вызваленні мяне ад адной з указаных пасад, пажадана, ад абавязкаў рэктара БДУ».
Пастановай Бюро ЦК КПБ ад 7 студзеня 1983 г. У. А. Белы быў вызвалены ад абавязкаў рэктара БДУ, а 27 студзеня быў выдадзены адпаведны загад.
На пасадзе віцэ-прэзідэнта АН БССР У. А. Белы працаваў да заканчэння тэрміну абрання — 4 сакавіка 1987 г. Пасля Уладзімір Аляксеевіч выконваў абавязкі дырэктара Інстытута механікі металапалімерных сістэм, працаваў дарадцам дырэктара гэтага інстытута. У 1991 г. ён прысутнічаў на адзначэнні 70-годдзя БДУ. Ці не ў апошні раз ён быў ва ўніверсітэце, для развіцця якога шмат зрабіў.
Памёр Уладзімір Аляксеевіч Белы 17 жніўня 1994 г.
По материалам: Яноўскі, А.А. Гісторыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў біяграфіях яго рэктараў / А.А. Яноўскі, А.Г. Зельскі - Мн.: БДУ, 2001. - 320 с.