Антон Никифорович Севченко
22 февраля 1906 г. — 26 сентября 1978 г.
Ректор с 30 апреля 1957 г. по 13 сентября 1972 г.
У звычайнай сялянскай сям’і ўбачыў свет 22 лютага 1906 г. маленькі хлопчык. Бацькі далі яму імя Антон. Жылі тады ў вёсцы Дзяніскавічы Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні. Гаспадарка была моцнай, серадняцкай. Не дзіўна, што Антон з маленства пазнаў нялёгкую сялянскую працу.
Да 1916 г. Антон Сеўчанка вучыўся ў пачатковай і двухгадовай земскай школе. 3 1916 па 1922 г. жыў з бацькам і працаваў у яго гаспадарцы. Антон Сеўчанка паступіў у Рагачоўскі педагагічны тэхнікум і скончыў яго ў 1926 г., у тым жа годзе памерла яго маці. Педагагічную дзейнасць Антон Сеўчанка пачаў у 1926 г. на пасадзе дырэктара пачатковай школы ў вёсцы Жарабцы Бабруйскага раёна, адначасова выкладаючы там фізіку і матэматыку. У 1928—1929 гг. ён працуе дырэктарам няпоўнай сярэдняй школы ў саўгасе «Жылічы» Бабруйскага раёна. Але цяга да ведаў падштурхнула маладога дырэктара школы падаць дакументы ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт: яго залічылі адразу студэнтам 2-га курса педагагічнага факультэта БДУ.
Пасля заканчэння ў 1931 г. універсітэта А. Сеўчанка працягвае вучобу ў аспірантуры АН БССР. Аднак наступнай прыступкай навуковай лесвіцы стала аспірантура АН СССР пры фізіка-матэматычным інстытуце ў Ленінградзе, у якую А. Сеўчанка паступіў у 1932 г. Таленавітага аспіранта заўважыў акадэмік Сяргей Іванавіч Вавілаў. Пад яго кіраўніцтвам малады вучоны пачаў працу ў лабараторыі пры Дзяржаўным аптычным інстытуце Народнага камісарыята ўзбраенняў. Асноўным накірункам даследаванняў стала для Антона Сеўчанкі люмінесцэнцыя арганічных і неарганічных рэчываў, а таксама сумежныя пытанні малекулярнай спектраскапіі. Гэтыя працы леглі ў аснову кандыдацкай дысертацыі, абароненай у сакавіку 1937 г.
У 1940 г. А. Н. Сеўчанка сумесна з С. I. Вавілавым выканаў цікавую працу па вывучэнні законаў затухання свячэння рэдказямельных іонаў. 3 гэтага часу люмінісцэнцыя рэдкіх зямель нязменна прыцягвала яго ўвагу.
Па рэкамендацыі С. I. Вавілава Антон Нічыпаравіч прачытаў курс вышэйшай матэматыкі ў Дзяржаўным аптычным інстытуце, а таксама курсы агульнай фізікі і балістыкі ў Ваенна-палітычнай акадэміі.
3 1934 па 1953 г. А. Н. Сеўчанка працаваў у Дзяржаўным аптычным інстытуце ў якасці старшага навуковага супрацоўніка, намесніка, а пасля і загадчыка лабараторыі. За гэты час ён апублікаваў звыш за 30 прац тэарэтычнага і прыкладнога характару па пытаннях палярызацыі флюарэсцэнцыі ў растворах, люмінесцэнцыі рэдкіх зямель, свячэння уранілавых соляў у растворах і крышталях, у тым ліку і манаграфію «Оптыка ў ваеннай справе» (у сааўтарстве).
У час Вялікай Айчыннай вайны інстытут знаходзіўся ў эвакуацыі ў г. Іашкар-Ала Марыйскай АССР. Там А. Н. Сеўчанка разгарнуў шырокія даследаванні ў вобласці святломаскіроўкі і люмінесцэнтнага асвятлення ваенных аптычных прыбораў. Метады, распрацаваныя А. Н. Сеўчанкам для асвятлення шкал ваенных аптычных прыбораў, былі ўкаранёны ў вытворчасць. Пад яго кіраўніцтвам выконваліся святломаскіровачныя прылады на розных аб’ектах абароннага значэння. За паспяховую абаронную работу ў прамысловасці Антон Нічыпаравіч быў узнагароджаны ў 1943 г. Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета Марыйскай АССР, медалём «За трудовую доблесть»; у 1945 г. — медалём «За доблестный труд в Великой Отечественной войне 1941—1945 гг.».
Яшчэ да вайны А. Н. Сеўчанка пачаў сістэматычныя даследаванні свячэння злучэнняў рэдкіх зямель і урана. Вынікам дзесяцігадовых даследаванняў люмінесцэнцыі і уранавых злучэнняў з’явілася доктарская дысертацыя, абароненая ў сакавіку 1952 г.
Ліхалецці тых гадоў закранулі і сям’ю А. Н. Сеўчанкі. У 1938 г. быў арыштаваны НКУС старэйшы брат — Даніла Нічыпаравіч. Неўзабаве прыйшлі звесткі аб яго смерці. У час вайны ў 1943 г. быў забіты немцамі 80-гадовы бацька. У жывых застаўся малодшы брат Іван і ўсе сёстры, адна з якіх — Пелагея — працавала побач з братам у Дзяржаўным аптычным інстытуце.
У лістападзе 1952 г., атрымаўшы запрашэнне віцэ-прэзідэнта АН БССР I. С. Лупіновіча, Антон Нічыпаравіч вырашае вярнуцца ў Мінск. 8 студзеня 1953 г. яму прысуджаецца званне акадэміка АН Беларусі. У маі 1953 г. ён узначальвае сектар фізікі і матэматыкі фізіка-тэхнічнага інстытута. Гэты час стаў пераломным у развіцці фізічных даследаванняў на Беларусі. У студзені 1955 г. быў створаны Інстытут фізікі і матэматыкі АН БССР, а 15 сакавіка А. Н. Сеўчанка быў зацверджаны яго дырэктарам. I пасля на працягу двух год ён кіраваў гэтым інстытутам, адначасова выконваючы абавязкі акадэміка-сакратара аддзялення фізіка-тэхнічных навук Акадэміі навук. Акрамя таго, ён узначальваў кафедру фізічнай оптыкі БДУ, створанай па яго ініцыятыве ў 1953 г.
У студзені 1957 г. у сувязі з абраннем К. I. Лукашова віцэ-прэзідэнтам АН Беларусі паўстала пытанне аб новым рэктары БДУ. На стол тагачаснага сакратара ЦК КПБ К. Т. Мазурава лягла асабістая справа А. Н. Сеўчанкі. 9 красавіка 1957 г. на пасяджэнні Бюро ЦК КПБ А. Н. Сеўчанка быў зацверджаны рэктарам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
15 красавіка 1957 г. Антон Нічыпаравіч прымаў БДУ. Ва ўніверсітэце ён не быў новым чалавекам, меў поўнае ўяўленне аб справах, падзеях, узначальваючы кафедру фізічнай оптыкі, аднак на новай пасадзе перад ім раскрываўся зусім іншы маштаб.
2 ліпеня 1958 г. ва ўрачыстых абставінах быў закладзены фундамент новага галоўнага корпуса ўніверсітэта. Аўтарамі праекта былі архітэктары М. Бакланаў і А. Духан. Адначасова пачаліся падрыхтоўчыя работы на будаўнічай пляцоўцы студэнцкага інтэрната. Вялікую дапамогу ў будаўніцтве аказалі студэнты. На працягу 1958—1959 гг. юнакі і дзяўчаты I—IV курсаў групамі па 50—100 чалавек штодня працавалі на будоўлі. Работы праводзіліся ў пазавучэбны час па 4 гадзіны ў дзень. Змена працоўных груп мянялася праз тыдзень. Заробленыя імі на будоўлі грошы ішлі ў так званую «камсамольскую капілку».
15 лістапада 1961 г. за вялікія заслугі ў падрыхтоўцы спецыялістаў і развіццё навукі А. Н. Сеўчанка быў узнагароджаны ордэнам Леніна. У лютым 1963 г. надзвычай шырока быў адзначаны дзень нараджэння А. Н. Сеўчанкі. 22 лютага яму спаўнялася 60 год і 30 год яго навуковай дзейнасці. Газета «Беларускі ўніверсітэт» прысвяціла гэтай падзеі адмысловы нумар. Юбілею вучонага было прысвечана спецыяльнае пасяджэнне Вучонага савета ўніверсітэта і Прэзідыума Акадэміі навук Беларусі. Старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР В. I. Казлоў уручыў рэктару Ганаровую грамату Вярхоўнага Савета БССР.
Антона Нічыпаравіча віншавалі міністры і студэнты, прадстаўнікі ВНУ Беларусі і навуковых цэнтраў Масквы, Ленінграда, Кіева, Львова. Ад БДУ выступалі прарэктар А. Я. Малышаў, сакратар парткама Т. Я. Дударава, дэкан фізфака Л. В. Валадзько і іншыя. Па сваёй маштабнасці гэта было другое за гісторыю БДУ адзначэнне юбілею рэктара ўніверсітэта (першым вялікім быў юбілей У. I. Пічэты). Гэта сведчыла, што аўтарытэт і прэстыж Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ўзняўся ізноў.
7 студзеня 1967 г. указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР за заслугі ў развіцці навукі і падрыхтоўкі спецыялістаў БДУ быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. А 21 сакавіка таго ж года да сцягу БДУ, які трымаў у руках рэктар А. Н. Сеўчанка, Першы сакратар ЦК КП Беларусі П. М. Машэраў прышпіліў гэты ордэн падчас урачыстага сходу. Сімвалічна, што той год быў юбілейным і для сталіцы Беларусі — Мінск святкаваў сваё 900-годдзе. Неўзабаве, 16 снежня 1968 г., пастановай ЦК КПБ, Вярхоўнага Савета БССР, Савета Міністраў БССР і Белсавпрофа за поспехі ў падрыхтоўцы высокакваліфікаваных спецыялістаў універсітэт быў узнагароджаны Памятным Сцягам. Ва ўсіх гэтых узнагародах былі вынікі працы і рэктара ўніверсітэта.
Антон Нічыпаравіч здолеў аб’яднаць таленавітых людзей, вылучыць здольную моладзь, дапамагаючы ёй расці творча. Ён ставіў перад аспірантамі і маладымі навукоўцамі значныя задачы, вырашаючы якія, яны раслі як вучоныя. Рэктар дабіўся таго, каб універсітэцкія кафедры, лабараторыі, кабінеты атрымоўвалі не толькі найноўшае абсталяванне, але і найлепшых спецыялістаў.
У апошнія гады знаходжання на пасадзе рэктара БДУ Антон Нічыпаравіч паклаў шмат сіл і энергіі на арганізацыю навукова-даследчага інстытута прыкладных фізічных праблем, які паўстаў 1 сакавіка 1971 г. у складзе 12 лабараторый, аб’яднаных у тры аддзелы. Пад кіраўніцтвам А. Н. Сеўчанкі і Л. В. Валадзько былі праведзены дэталёвыя даследаванні уранілавых злучэнняў, інфрачырвонай спектраскапіі перакісных злучэнняў, люмінесцэнцыі арганічных малекул, рэдказямельных элементаў і шэраг іншых. Вынікі даследаванняў ляглі ў аснову распрацоўкі надзейнага і вельмі адчувальнага метаду аналізу гэтага важнага класа рэчываў, які атрымаў прызнанне як у СССР, так і за яго межамі.
Пад кіраўніцтвам А. Н. Сеўчанкі лабараторыямі люмінесцэнцыі і фотахіміі Інстытута фізікі АН Беларусі выконваліся даследаванні па вывучэнні хларафілападобных малекул накшталт парафіну з мэтай выяўлення прыроды першасных фотафізічных і фотахімічных працэсаў фотасінтэзу.
28 чэрвеня 1972 г. на імя Першага сакратара ЦК КПБ П. М. Машэрава паступіў службовы ліст міністра вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі БССР М. М. Мяшкова, у якім міністр, адзначыўшы немалыя заслугі А. Н. Сеўчанкі ў кіраўніцтве БДУ на працягу 15 год, падкрэсліваў, што той «... добрасумленна аддаваў свае сілы рабоце». Між тым, адзначаў М. М. Мяшкоў, «А. Н. Сеўчанку, у сілу пастарэлага ўзросту і слабага здароўя, цяжка забяспечваць неабходны ўзровень кіраўніцтва дзейнасцю вядучай вучэбнай установы рэспублікі». Міністр прапаноўваў замяніць А. Н. Сеўчанку на пасадзе рэктара БДУ, перавёўшы яго на пасаду дырэктара НДІ ПФП пры БДУ.
20 ліпеня 1972 г. рэктар А. Н. Сеўчанка пісьмова звярнуўся да П. М. Машэрава з просьбай вызваліць яго ад пасады рэктара БДУ. У лісце ён шчыра дзякаваў ЦК і асабіста П. М. Машэраву «за пастаянную бацькоўскую заботу і падтрымку, якія дапамаглі нам вывесці ўніверсітэт у лік перадавых ВНУ краіны». Пастановай Бюро ЦК КПБ ад 13 верасня 1972 г. № 46 А. Н. Сеўчанка быў вызвалены ад абавязкаў рэктара БДУ і зацверджаны дырэктарам НДІ ПФП БДУ. Той жа пастановай пасада дырэктара НДІ ПФП БДУ была ўведзена ў асноўную наменклатуру ЦК КПБ па аддзелу навукі і вучэбных устаноў.
Да канца свайго жыцця Антон Нічыпаравіч быў дырэктарам гэтага інстытута, які сёння носіць яго імя. У інстытуце ён узначаліў шэраг навуковых накірункаў: спектральныя і люмінесцэнтныя метады вывучэння рэчыва, работы па сінтэзу і даследаванні новых вадка-крышталічных рэчываў, работы па галаграфіі, фізіцы і тэхніцы паўправаднікоў. Антон Нічыпаравіч з’явіўся ініцыятарам распрацоўкі і стварэння новай навуковай апаратуры.
Навуковую і педагагічную дзейнасць А. Н. Сеўчанка спалучаў з актыўнай грамадскай працай. Ён быў удзельнікам шэрага міжнародных арганізацый ААН, у прыватнасці, удзельнічаў у стварэнні ў 1956 г. Міжнароднага агенцтва па мірным выкарыстанні атамнай энергіі (МАГАТЭ). А. Н. Сеўчанка з’яўляўся дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР у 1958—1962 гг., абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР шостага, сёмага і восьмага скліканняў (1963—1976), браў удзел у XXIV—XXVIII з’ездах КП Беларусі, быў членам ЦК КПБ. На той час гэта быў вышэйшы ўзровень грамадскай сталасці кіраўніка.
У 1978 г. многія газеты БССР паведамілі, што 26 верасня 1978 г. пасля працяглай і цяжкай хваробы памёр акадэмік АН БССР, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, дырэктар НДІ прыкладных фізічных праблем БДУ, Герой Сацыялістычнай Працы Антон Нічыпаравіч Сеўчанка. Нешта было ў тым верасні змрочна-містычнае, бо літаральна праз два дні раптоўна памёр лепшы вучань Антона Нічыпаравіча акадэмік АН БССР, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, прарэктар па навуковай рабоце БДУ Леанід Вікенцьевіч Валадзько.
Пасля сябе Антон Нічыпаравіч пакінуў багатую навуковую спадчыну — дзве манаграфіі, больш 200 навуковых прац, надрукаваных у айчынных і замежных часопісах і выданнях.
Без малога 25 год аддаў А. Н. Сеўчанка Беларускаму дзяржаўнаму ўніверсітэту, 15 з іх — на пасадзе кіраўніка. Пры ім БДУ імкліва рос не толькі як вучэбная ўстанова, але і як храм навукі, замацоўваючы тыя падмуркі, якія былі закладзены ў 1920-я гады першым рэктарам — У. I. Пічэтам.
По материалам: Яноўскі, А.А. Гісторыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў біяграфіях яго рэктараў / А.А. Яноўскі, А.Г. Зельскі - Мн.: БДУ, 2001. - 320 с.