АРТЫКУЛ БЫЛОГА РЭДАКТАРА ГАЗЕТЫ «ЗА СТАЛІНСКІЯ КАДРЫ» Л. С. АБЭЦЭДАРСКАГА «ПЕРШЫ НУМАР ГАЗЕТЫ»

14 красавіка 1951 г.

Напярэдадні 30-й гадавіны Вялікага Кастрычніка стала вядома рашэнне ЦК ВКП(б) аб выпуску ва універсітэце шматтыражнай газеты. Калектыў студэнтаў і выкладчыкаў з вялікай радасцю сустрэў гэтувестку і абавязаў рэдакцыю выпусціць на свята першы нумар газеты, нягледзячы на тое што часу заставалася вельмі мала.

Адразу ж закіпела работа. Разам з рэдакцыяй першы нумар рыхтавала група студэнтаў аддзялення журналістыкі і гістфака: А.Краснапёрка, Е.Капелян, Ж.Якушава, М.Цікоцкі, А.Зінін і інш. У рэдакцыю прыслалі свае артыкулы акадэмікі М.М.Нікольскі, У.М.Перцаў. Малады паэт студэнт філфака М.Аўрамчык прынёс верш «Мы нарадзіліся пасля Кастрычніка». Аспірант I.Мележ падрыхтаваў да друку ўрывак з рамана «Мінскі напрамак». Свае заметкі і артыкулы далі ў першы нумар навуковыя работнікі М.В.Фрыдман, М.М.Грэчыц, аспірант 3.Дудзіч, студэнты А.Царук, I.Фрыдман, Б.Пернікаў і інш.
На другім паверсе корпуса фізмата ў цеснай камнатушцы камітэта камсамола рыхтаваўся нумар. Члены рэдкалегіі апрацоўвалі матэрыял, студэнтка Ж.Якушава малявала загаловак газеты, група студэнтаў аддзялення журналістыкі на чале з М.Цікоцкім рыхтавала аддзел гумару, а Фіма Капелян, ужо ў той час вядомы як майстар газетнай інфармацыі, заканчваў падборку «Універсітэт напярэдадні свята».

Друкарня універсітэта знаходзілася тады ў цёмным падвале разбуранага нямецкімі захопнікамі хімічнага корпуса. Належнага абсталявання амаль не было: стаяла толькі плоскадрукарная машына, не хапала шрыфтоў, таму газета была набрана рознымі шрыфтамі: адна частка корпусам, а другая — петытам. Загалоўкі давялося набіраць у іншых друкарнях.

Не было вопыту ў работнікаў рэдакцыі. Таму матэрыял здалі ў набор з вялікім спазненнем. Ледзь наборшчыкі, якія тады толькі вучыліся працаваць, прыступілі да работы, як перагарэлі электрапровады.

Каб не сарваць выпуск газеты, наборшчыкі ў халодным падвале пры святле маленькіх акамулятарных лямпачак уручную набіралі матэрыял. Толькі позна вечарам была скончана вёрстка палос. Рэдакцыя газеты і работнікі друкарні на чале з Г.X.Гурвічам рашылі працаваць усю ноч, але газету выпусціць.

У шэсць гадзін раніцы друкар 3.М.Кофман зняў з машыны гатовы тыраж. Калі работнікі рэдакцыі і друкарні прыйшлі ў 8 гадзін на дэманстрацыю, ва ўсіх студэнтаў і выкладчыкаў у руках быў першы нумар газеты «За сталінскія кадры».

Л.С.Абэцэдарскі, былы рэдактар газеты «За сталінскія кадры»

За сталінскія кадры. 1951. 14 крас.

FaLang translation system by Faboba