АРТЫКУЛ ДЭКАНА ХІМІЧНАГА ФАКУЛЬТЭТА I. Р. ЦІШЧАНКІ «ТУТ РЫХТУЮЦЬ ХІМІКАЎ»

5 ліпеня 1961 г.

Можна прама сказаць, што ні адна навука так глыбока не пусціла карані ва ўсе галіны народнай гаспадаркі, як хімія. Развіццё хіміі садзейнічае развіццю фізікі, біялогіі, медыцыны, геалогіі, біяхіміі, геахіміі.

Вялікія перспектывы развіцця хімічнай прамысловасці, а ў сувязі з гэтым і хімічнай навукі, адкрыліся і ў нашай рэспубліцы. Беларусь ператвараецца ў краіну вялікай хіміі. Рэканструююцца і значна расшыраюцца Магілёўская фабрыка штучнага валакна, Мінскі завод медыцынскіх прэпаратаў, Бабруйскі гідролізны завод, прадпрыемствы па вырабу розных гатункаў шкла, шырокага асартыменту прадуктаў лесахіміі. Адкрыццё ў Старобінскім раёне залежаў калійных солей дало магчымасць стварыць базу для вырабу кадійных угнаенняў на ўноў пабудаваным Салігорскім калійным камбінаце, адным з буйнейшых у Еўропе. Тут ж а адначасова будзе здабывацца спажыўная соль.

У старажытным Полацку хутка заканчваецца будаўніцтва другога буйнейшага прамысловага аб’екта сямігодкі — нафтаперапрацоўчага камбіната. Яго прадукцыя забяспечыць вадкім палівам і змазачнымі матэрыяламі не толькі нашу рэспубліку, але і рад абласцей суседніх саюзных рэспублік. У Гродне будуецца магутны азотна-тукавы камбінат, у Шацілках — другая фабрыка штучнага валакна.

Вялікае і шматбаковае прымяненне хіміі ў народнай гаспадарцы, велічыня перспектывы яе развіцця адкрываюць перад моладдзю, абраўшай спецыяльнасць хіміка, вялікія магчымасці ў творчай дзейнасці на карысць Радзімы.

Хімічны факультэт універсітэта рыхтуе на трывалай фізіка-матэматычнай аснове высокакваліфікаваныя кадры шырокага профілю для работы ў навукова-даследчых установах, ВНУ, вытворчых лабараторыях у якасці выкладчыкаў сярэдніх школ. На працягу навучання значная частка студэнтаў, аб’яднаных у Студэнцкае навуковае таварыства, удзельнічае ў рабоце навуковых гурткоў. Лепшыя студэнты рэкамендуюцца ў аспірантуру, дзе рыхтуюцца кадры навуковых работнікаў.

Падрыхтоўка спецыялістаў вядзецца па неарганічнай, арганічнай, фізічнай, калоіднай і аналітычнай хіміі. Вучэбны працэс ажыццяўляецца 5 кафедрамі факультэта, якія ўзначальваюцца буйнымі вучонымі рэспублікі: акадэмікамі АН БССР, прафесарамі М. Ф. Ярмоленкам, Б. В. Ерафеевым, М. М. Паўлючэнкам, прафесарамі Ф. Г. Асіпенкам, Г. Л. Старобінцам.

У перспектыве намячаецца значны рост і пашырэнне факультэта, будуць адкрыты новыя кафедры і створаны рад навукова-даследчых лабараторый.

I. Р. Цішчанка., дэкан хімічнага факультэта

Беларускі універсітэт . 1961. 5 ліп.

FaLang translation system by Faboba