АРТЫКУЛ ПРАФЕСАРА Г. Г. ВІНБЕРГА «СУПРАЦЬ КУЛЬТУ АДЗНАКІ»
14 сакавіка 1961 г.*
У апошні час пры абмеркаванні пытанняў вышэйшай адукацыі на старонках «Пзвестнй», «Правды» і іншых газет не раз выказваліся слушныя заўвагі. Тым не менш многія набалеўшыя пытанні жыцця вышэйшай школы заставаліся ўбаку.
Нарэшце і яны былі прапанаваны да абмеркавання ў артыкуле прафесара Кудраўцава «Праверка на вынослівасць» («Известия» ад 25 лютага 1961 г.). Зусім правільна, што краевугольны камень усёй вузаўскай сістэмы адукацыі — існуючы парадак правядзення экзаменацыйнай сесіі, па выніках якой назначаюцца стыпендыі, — мае патрэбу ў рашучых рэформах. Правільна і тое, што неабходна рэзка скараціць колькасць экзаменаў і залікаў і адказацца ад назначэння стыпендыі па паспяховасці.
Шкода ад гэтага парадку — велізарная. Ён не можа быць апраўданы нічым — ні з выхаваўчага, ні з педагагічнага, ні з маральнага боку, і зараз не садзейнічае, а перашкаджае паспяховай падрыхтоўцы высокакваліфікаваных спецыялістаў.
Мала знаёмыя з сутнасцю справы любяць гаварыць, што дзяржава не абавязана і не павінна ўтрымліваць непаспяваючых і лодараў. Гэта правільна, але ніякіх адносін да парадку назначэння стыпендыі не мае. Студэнт, які атрымаў адну, нават дзве «тройкі» ці не здаў адзін экзамен таму, што не разлічыў свае сілы, ці таму, што, да жаху ханжы, захапіўся ў перыяд сесіі чым-небудзь альбо кім-небудзь, — не абавязкова безнадзейны гультай, якога трэба аштрафаваць у размеры паўгадавой стыпендыі.
Кожны педагог ведае, колькі ў канчатковым выніку карысці атрымлівае студэнт, калі яму здарыцца спачатку «праваліць» прадмет, чым калі ён, недастаткова падрыхтаваўшыся, шчасліва «праскочыць» на экзамене. Педагог павінен атрымаць шырокую свабоду ставіць нездавальняючую адзнаку, карыстацца ёй як адной з важных выхаваўчых мер. Пры існуючым парадку назначэння стыпендыі і вядзенні экзаменацыйнай сесіі ён фактычна пазбаўлены гэтай магчымасці, таму што не мае неабходнай свабоды дзеянняў і не можа не лічыцца з тым, што паставіўшы «нездавальняюча», ён зводзіць некаторых студэнтаў калі не ў бязвыхаднае, то ў вельмі цяж кае становішча.
Што ж датычыцца тых студэнтаў, якія, нягледзячы на неабходную дапамогу, па тых ці іншых прычынах не могуць быць у ліку паспяваючых, то з такімі справа простая — ім не месца ў ВНУ. I гэта пытанне намнога лягчэй і правільней будзе рашацца, калі ад адзнакі не будзе залежыць стыпендыя. Вядома, што фонды стыпендый адпускаюцца ВНУ незалежна ад паспяховасці, так што да фінансавага боку справы парадак назначэння стыпендыі адносін не мае.
Другое пытанне, паднятае прафесарам Кудраўцавым, — аб перагрузцы студэнтаў і выкладчыкаў абавязковымі лекцыямі — таксама мае кардынальнае значэнне. Рэзкае скарачэнне гадзін абавязковых заняткаў па ўсіх прадметах — спецыяльных і грамадскіх — будзе толькі садзейнічаць глыбокаму засваенню галоўнага, адкрые шлях да найболыы плённых форм самастойнай работы студэнтаў і дасць магчымасць выкладчыку ўдзяліць патрэбную ўвагу навукова-даследчай і метадычнай рабоце. Іншага шляху няма.
Безумоўна, прывычнае многім здаецца непазбежным і правільным, а многіх задавальняе і тое, што, «згодна дзеючых інструкцый», усё проста і зручна — «схапіў» студэнт двойку — няма стыпендыі, «пранесла» на экзамене — атрымлівай яе на паўгода. Напэўна, знойдуцца і іншыя абгрунтаванні старога парадку і пярэчанні супраць прапаноў прафесара Кудраўцава, якія мне на аснове трыццацігадовага вопыту выкладання здаюцца цалкам правільнымі і заслугоўваючымі ўсямернай падтрымкі.
Прафесар Г. Г. Вінберг
Беларускі універсітэт . 1961. 14 сак.
* Дата друкавання.