АРТЫКУЛ РЭКТАРА БДУ А. Н. СЕЎЧАНКІ «ЖЫЦЦЁ - ПРЫКЛАД»

25 чэрвеня 1960 г.

Смерць вырвала з нашых радоў выдатнага вучонага і чалавека Уладзіміра Мікалаевіча Перцава. Зараз, калі некалькі сціхла боль ад гэтай непапраўнай страты, мне хочацца сказаць некалькі слоў аб Уладзіміру Мікалаевічу, чыё жыццё можа служыць для нашай моладзі яскравым прыкладам служэння Радзіме, навуцы.

Уладзімір Мікалаевіч быў заўсёды ў віры жыцця, удзельнічаў у рэвалюцыйным руху. У 1899 і 1901 гг. ён быў пасаджаны ў Бутырскую турму за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях. Царская паліцыя двойчы высылала юнака з Масквы ў г. Курск. У выніку праследаванняў царскага ўрада універсітэт давялося закончыць за 6 гадоў.

Асноўнай рысай характару навуковай творчасці Уладзіміра Мікалаевіча было выдатнае спалучэнне каласальнай памяці і любві да гістарычнай навукі, уменне разабрацца часам у вельмі складаных старажытных рукапісах і даць сучасны аналіз іх зместу.

Уладзімір Мікалаевіч Перцаў быў прадстаўніком лепшых традыцый дарэвалюцыйнай інтэлігенцыі і разам з тым ён стаў сапраўдным перадавым вучоным з асобымі рысамі, уласцівымі дзеячам сучаснай савецкай прагрэсіўнай навукі: актыўнасцю, шырынёй думкі і любоўю да выхавання маладога творчага пакалення. Ен унёс у развіццё гістарычнай навукі і гістарычнай адукацыі ў Беларусі неацанімы ўклад.

Тысячы яго вучняў плённа працуюць у галіне народнай адукацыі, навукі і культуры, на савецкай і партыйнай рабоце. Ён пакінуў вялікую плеяду сваіх вучняў у галіне гістарычнай навукі. Ва універсітэце і ў Акадэміі навук працуюць многія дактары і кандыдаты навук, выхаваныя Уладзімірам Мікалаевічам. Ён пакінуў нам у спадчыну нямала выдатных прац у галіне старажытнай гісторыі і гісторыі Беларусі, многія з якіх вядомы ўсяму свету. Ён узначальваў вялікі калектыў вучоных гісторыкаў, шчодра дзяліўся сваімі ведамі і багатым навуковым вопытам.

Уладзімір Мікалаевіч умела спалучаў навуковую дзейнасць з актыўным удзелам у грамадскім жыцці краіны. Ён быў дэлегатам ад Беларусі на арганізацыйнай канферэнцыі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Сан-Францыска, яго подпіс стаіць пад Статутам ААН.

Для ўсіх, хто меў шчасце з ім працаваць, Уладзімір М ікалаевіч быў сапраўдным прыкладам выключнай вернасці савецкай навуцы, глыбокага разумення навуковага і грамадзянскага абавязку, крыштальнай справядлівасці і сціпласці, любві да людзей. Ён быў глыбока рускім чалавекам, гарачым патрыётам, нястомным працаўніком і выхавацелем маладога пакалення.

Лёс быў літасцівым да Уладзіміра Мікалаевіча і дазволіў яму дажыць да незабыўных дзён будаўніцтва камуністычнага грамадства, калі развіццё навукі ў Савецкім Саюзе выйшла на перадавыя пазіцыі ва ўсім свеце. Ён быў горды і шчаслівы за поспехі савецкай навукі. За два дні да смерці Уладзімір Мікалаевіч пытаўся ў мяне, ці зможам мы да пачатку вучэбнага года перайсці ў новы будынак галоўнага корпуса, дзе ён лічыў неабходным яшчэ шырэй разгарнуць працу кіруемага ім калектыву гісторыкаў. Цікавіўся ён таксама наборам студэнтаў, пытаўся, хто яго замяніў як старшыню Дзяржаўнай экзаменацыйнай камісіі. Ен да апошняй мінуты не траціў надзею, што зноў вернецца ў любімы ім калектыў.

Калі аглядваеш пройдзены Уладзімірам Мікалаевічам шлях, то зробленае ім у галіне развіцця гістарычнай навукі і выхавання кадраў здаецца амаль немагчымым па сваім аб’ёме і разнастайнасці. Уладзімір Мікалаевіч пакінуў вялікі след у жыцці сваёй Радзімы сваімі навуковымі працамі.

Вечная памяць і слава Уладзіміру Мікалаевічу Перцаву.

Яго імя і вобраз назаўсёды застануцца ў нашых сэрцах.

А. Н. Сеўчанка, рэктар універсітэта

Беларускі універсітэт. 1960. 25 чэрв.

FaLang translation system by Faboba