З ДОПІСУ СТУДЭНТКІ 4-ГА КУРСА БІЯЛАГІЧНАГА ФАКУЛЬТЭТА БДУ Г. ГЛАКОЎСКАЙ «ФЕСТЫВАЛЬ У МАГДЭБУРГУ»

28 верасня 1957 г.

Фестываль моладзі Магдэбургскай акругі праходзіў з 3 па 11 жніўня. Свята гэта было арганізавана сіламі Саюза вольнай нямецкай моладзі, самай масавай у Германскай Дэмакратычнай Рэспубліцы маладзёжнай арганізацыі. Па яе запрашэнні на фестываль выехала маладзёжная дэлегацыя г. Мінска, у склад якой уваходзілі рабочыя, студэнты, танцавальны калектыў Палаца прафсаюзаў, артысты.

...Раніца. Германія. Наш сусед па вагоне — немец — сустракае родную зямлю акуратна апранутым. Ён вельмі ўзбуджаны. Падзывае нас да вакна і з задавальненнем паказвае і растлумачвае ўсё, што сустракаецца на ш ляху і што нас цікавіць. «Хутка Берлін!» — без канца паўтарае наш спадарожнік. Да Берліна пад’ехалі зусім непрыкметна і праз дзве гадзіны ўжо знаёміліся са славутасцямі ўсходняга сектара горада. Наш маршрут ляжаў на Магдэбург.

Такой урачыстай і разам з тым цёплай сустрэчы мы нават і не чакалі. Кветкі, сяброўскія ўсмешкі, маладзёжныя гімны, маршы ў выкананні дзіцячага аркестра... Нас прывітаў сакратар райкома. У сваім выступленні ён падкрэсліў значэнне праходзячага фестывалю ў справе аб’яднання юнакоў і дзяўчат у барацьбе за мір і дружбу.

У першы ж дзень нашага знаходжання ў Магдэбургу адбылася экскурсія па горадзе...

Нямецкія сябры акружылі нас выключнай увагай і клопатамі.

Нам была прадастаўлена магчымасць наведаць рад прадпрыемстваў, мы сустракаліся з маладымі рабочымі, студэнтамі. Тэатры, выстаўкі, экскурсіі дапамаглі нам атрымаць некаторае ўяўленне аб культурным жыцці нямецкай моладзі.

3 усіх шматлікіх сустрэч з моладдзю, бадай, самай памятнай была сустрэча з удзельнікамі фестывалю ў палатачным лагеры, які размясціўся на беразе Эльбы. Фестываль злучыў тут юных немцаў Усходу і Захаду, дэлегатаў і гасцей у адзіную дружную сям’ю. У святочныя дні тут спаборнічалі юныя тэхнікі і стралкі, праводзіліся спартыўныя спаборніцтвы, выступалі лепшыя маладзёжныя калектывы мастацкай самадзейнасці.

Мы пазнаёміліся з двума нямецкімі сябрамі. Першы — Іоахім Гідэман, асістэнт настаўніка, другі — Вольфганг Каус, адзін з кіраўнікоў мясцовай маладзёжнай арганізацыі Заходняй Германіі. Іоахім добра валодае рускай мовай. Ён гаворыць нам, што яго сябра вельмі жадае сказаць некалькі слоў і пераводзіць: Вольфганг рад, што мае магчымасць перадаць праз нас шчырае сардэчнае прывітанне баявому камсамолу Савецкага Саюза ад перадавой моладзі Заходняй Германіі.

«Ад імя маладых патрыётаў я зацвярджаю: вы яшчэ пабачыце, што мы можам змагацца за мір, за дружбу, за адзінства! Праўда, зараз нам вельмі цяж ка. Тэрор... Каля 500 актыўных членаў маладзёжнага саюза сядзяць у казематах, але мы не складаем рукі. Мы добра ведаем —шчасце патрабуе ахвяр. Як гавораць рускія, будзе і на нашай вуліцы свята!»...

Нам пашчаслівілася прысутнічаць на ўрачыстасцях у час знаходжання ў Магдэбургу савецкай партыйна-ўрадавай дэлегацыі на чале з М. С. Хрушчовым.

Сустрэча вылілася ў хвалюючую дэманстрацыю дружбы савецкага і германскага народаў.

Беларускі універсіт эт . 1957. 28 верас.

FaLang translation system by Faboba