З АРТЫКУЛА БЫЛОЙ СТУДЭНТКI БДУ КАНДЫДАТА ФIЛАЛАГIЧНЫХ НАВУК В. В. КАЗЛОВАЙ
<УНIВЕРСIТЭЦКI ШЛЯХ IВАНА ПАУЛАВIЧА МЕЛЕЖА>
2002 г.
<...> У паслужным яго спісе адзначана, што ў снежні 1941 г. атрымаў першае раненне, а ў жніўні 1942 – другое цяжкае (асколкамі бомбаў быў патрушчаны правы плечавы сустаў, ключыца, парваныя звязкі). Зведаўшы горыч адступленняў, выпрабаванні варожых акружэнняў, на ўласныя вочы пабачыўшы бяспрыкладны гераізм воінаў Савецкай Арміі, пасля ранення трапіў у шпіталь, дзе ляжаў доўгі час і меў мажлівасць асэнсаваць перажытае. На вялікім вогненным гарызонце перад вачыма Мележа бясконца паўставала роднае Палессе: «Я суткамі мерз у акопах, а перад маімі вачыма стаяла маё гарачае Палессе. Я месяцамі валяўся ў шпіталях – ля майго ізгалоўя стаялі палешукі. Я пісаў раман аб вайне, яны стаялі за маімі плячыма, узбуджаючы маю фантазію...» (Мележ І. Жыццёвыя клопаты. С. 15).
Пасля частковага залечвання ран Мележ быў звольнены ў запас з абмежаванаю годнасцю і трапіў на часовае месца жыхарства ў горад Бугуруслан, дзе зрабіў другую спробу прадоўжыць адукацыю – паступіў у эвакуіраваны Малдаўскі педінстытут і адначасова быў там залічаны ў штат выкладчыкаў кафедры ваеннай падрыхтоўкі. Да Бугуруслана дайшлі звесткі аб тым, што пад Масквой на станцыі Сходня распачаў працу Беларускі дзяржаўны універсітэт, і ён паслаў дакументы на Сходню, адкуль атрымаў выклік і спецыяльны пропуск для паездкі ў сталіцу Маскву.
У верасні 1943 г. Іван Паўлавіч дабраўся да часовага прытулку БДУ, які размясціўся побач з чыгуначнай станцыяй у драўляным двухпавярховым будынку, атрыманым дзякуючы клопатам сакратара ЦК КП(б)Б Панцеляймона Панамарэнкі. Мележ спаткаўся з невялічкай групай выкладчыкаў, дзяўчат-студэнтак і параненых франтавікоў, партызан і падпольшчыкаў. Узначальваў беларускую ўстанову – асяродак зямляцтва ваеннага часу – дырэктар Парфен Пятровіч Савіцкі, гісторык па спецыяльнасці. У яго асобе спалучалася ўсё, што неабходна было мець кіраўніку, у яго, як і ў многіх, не было ні кала ні двара, ні роднага неба над галавою. Саграваў і падтрымліваў беларускую дыяспару клопат рэспубліканскага ўрада, які таксама прытуліўся ў сталіцы. Брацкая дапамога Маскоўскага дзяржаўнага універсітэта і іншых ВНУ ўдыхнулі ў БДУ жыццё, паставілі яго на ногі. Дэканам філалагічнага факультэта быў прызначаны Міхась Рыгоравіч Ларчанка, цяжка паранены франтавік. Шчырасцю, цеплынёй натхняў ён студэнцкую моладзь на пераадоленне нягодаў ваеннага часу. Чытаў Ларчанка ўсе лекцыйныя курсы па гісторыі беларускай літаратуры. Займаўся «тэхнічным» вынаходніцтвам – уласнымі спевамі дэманстраваў розныя песенныя жанры вуснай народнай творчасці.
Мацярынскім крылом атуляла маладая выкладчыца гісторыі беларускай мовы Марыя Андрэеўна Жыдовіч, сям’ю якой вайна раскідала па ўсім свеце. З партызанскага фронту прыляцеў Іван Васільевіч Гутараў, які на лекцыях па гісторыі рускай літаратуры сваёй эрудыцыяй і красамоўствам зачароўваў. Французскую мову і этыкет інтэлігентнасці выкладала высокакваліфікаваны спецыяліст Вераніка Нікандраўна Андрэева. Група маскоўскіх прафесараў і выкладчыкаў таксама чытала лекцыі і праводзіла практычныя заняткі.
Шчыраваў на філфаку будучы аўтар падручніка па роднай мове, удзельнік не адной вайны, знешне строгі, але светлы чалавек Міхаіл Іванавіч Жыркевіч. За межы СССР натхнёна вёў у сваіх лекцыях па гісторыях розных краін выкладчык Хануцін. Вайсковую ж справу выкладаў Іван Паўлавіч Мележ.
Гэтая дысцыпліна была любімым прадметам студэнтак...* Ішла страшная вайна. Пад вокнамі «універсітэцкага» будынка грукаталі вайсковыя эшалоны, вярэдзілі сэрца мелодыі «Цёмнай ночы» і «Зямлянкі», што даносіліся са шматлікіх санітарных саставаў. А мы пад кіраўніцтвам ваенрука Мележа ў прамерзлым да лёду памяшканні займаліся тэорыяй вайсковай справы і лёгкімі фізічна-спартыўнымі практыкаваннямі для падтрымкі душы ў целе. <...>
Надышло лета 1944 г. Сходніцкі калектыў разам з усім народам радаваўся весткам аб вызваленні акупіраваных нямецкімі фашыстамі некаторых раёнаў Беларусі і паціху рыхтаваўся да вяртання ў родны край, у родныя гнёзды. Пасля чарговай сустрэчы з Урадам БССР П. П. Савіцкі паведаміў, што набліжаецца тэрмін рээвакуацыі універ- сітэта. У чэрвені** месяцы нарэшце наступіў гэты светлы дзень. Іван Паўлавіч Мележ узначаліў аперацыю па пераездзе. Пагрузіліся з усім набытым за гэты час сціплым скарбам у вагоны.
Яшчэ ішла вайна, і пастаяннага рэжыму для цягнікоў не існавала. Стаянкі былі выпадковыя. Іван Паўлавіч выкарыстоўваў кожны зручны момант для праверкі і кантролю за парадкам сярод універсітэцкіх пасажыраў, дапамагаў тым, чыё сэрца не вытрымлівала стрэсаў ад малюнкаў пакалечаных вайной людзей і зямлі, пакутаў сірот і ўдоў. <...>
* Шматкроп’е аўтара артыкула.
** Верагодна, памылка аўтара артыкула.
Імёнаў светлае аблічча: Артыкулы, успаміны / Уклад. А. І. Бельскі. Мн., 2002. С. 127–131.