АРТЫКУЛ РЭКТАРА БДУ П. П. САВIЦКАГА

"АДНАЎЛЕННЕ БЕЛАРУСКАГА ДЗЯРЖАЎНАГА ЎНIВЕРСIТЭТА"

26 чэрвеня 1943 г.*

Рашэннем Саўнаркома СССР аднаўляе сваю працу ў Маскоўскай вобласці Беларускі дзяржаўны універсітэт. У наяўнасці ўжо асноўныя навуковыя кадры, пачаты ўлік аспірантаў і студэнтаў. Заняткі пачнуцца 1 кастрычніка. Будзе зроблены новы набор на шэсць факультэтаў: фізіка-матэматычны, хімічны, геаграфічны, біялагічны, гістарычны і філалагічны.

Беларускі дзяржаўны універсітэт быў арганізаваны ў чэрвені 1921 г. у Мінску. За 20 год існавання ён даў звыш 6 тыс. высокакваліфікаваных спецыялістаў розных галін народнай гаспадаркі, навукі, культуры, асветы. Гэта была адна з буйнейшых навучальных устаноў Савецкага Саюза. Дзякуючы выкладным клопатам і ўвазе з боку бальшавіцкай партыі і Савецкага ўрада універсітэт увесь час паглыбляў і пашыраў сваю дзейнасць. Ён паклаў пачатак пяці самастойным інстытутам – медыцынскаму, педагагічнаму, політэхнічнаму, юрыдычнаму і народнай гаспадаркі; з універсітэта вылучылася Рэспубліканская публічная бібліятэка; група вядучых прафесараў склала ядро першых беларускіх акадэмікаў.

Ва універсітэце апошнія гады працавала больш за 150 навуковых работнікаў, сярод якіх такія вядомыя вучоныя, як акадэмікі [С. М.] Ліпатаў, ардэнаносец Ц. М. Годнеў, М. М. Нікольскі, Е. В. Петухоў, У. М. Перцаў, прафесары Сталяроў, Ломцеў, Макушок, Асіпенка. 71 аспірант рыхтаваўся на 34 кафедрах універсітэта ў 1941 г.; 72 актуальнейшыя тэмы па народнай гаспадарцы СССР і БССР, па гісторыі Беларусі і беларускай мове распрацоўваліся на кафедрах і ў лабараторыях. Звыш 1000 студэнтаў напаўнялі прасторныя аўдыторыі універсітэта, столькі ж навучалася завочна і ў парадку экстэрната.
Пры універсітэце працавалі акадэмічная бібліятэка з 300 тыс. тамоў, тры музеі – заалагічны, біёлага-мінералагічны і гісторыка-археалагічны, аранжарэя, 9 розных кабінетаў, 28 лабараторый і майстэрань.

Вераломны напад гітлераўскіх бандытаў спыніў дзейнасць Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Нямецка-фашысцкія звяры разбамбілі Універсітэцкі гарадок у Мінску. Цудоўныя светлыя будынкі яны ператварылі ў груды попелу і камення.

Многія навуковыя работнікі і студэнты універсітэта ў першыя дні пайшлі на фронт, у партызанскія атрады, астатнія эвакуіраваліся ў савецкі тыл. Брацкія савецкія рэспублікі стварылі ўсе ўмовы для работы эвакуіраваных вучоных. Нашы акадэмікі, прафесары, аспіранты плённа працягваюць сваю навуковую працу, падпарадкаваўшы яе інтарэсам фронту.

Ведучы навуковую і педагагічную працу, распрацоўваючы важныя народнагаспадарчыя і абаронныя праблемы, работнікі БДУ з’явіліся таксама і добрымі прапагандыстамі. Так, акадэмік Перцаў выступіў на сесіі Акадэмі навук БССР з дакладам «Фашызм і сярэдневякоўе», дацэнт У. І. Шаўчэнка напісаў кнігу пра фашысцкіх людаедаў «Іх сапраўдны твар»; над антыфашысцкай тэматыкай працуюць таксама прафесар Ломцеў, дацэнт Шнеерсон і iнш.
З яшчэ большай энергіяй яны бяруцца за работу ў адноўленым універсітэце.

Аднаўленне Беларускага дзяржаўнага універсітэта – вялікае свята, урачыстасць беларускага народа, гордага, непакорнага, які са зброяй у руках змагаецца супраць фашысцкіх цемрашалаў за свабоду, за родную зямлю, за будучае шчаслівае жыццё, за росквіт сацыя- лістычнай культуры.

Рэктар Беларускага дзяржаўнага універсітэта П. Савіцкі

* Дата апублікавання.

Савецкая Беларусь. 1943. № 64. 26 чэрв.

FaLang translation system by Faboba