ГАЗЕТА «ЗВЯЗДА» АБ АБМЕРКАВАННІ ЛІСТА ТРОХ ПІСЬМЕННІКАЎ НА ПАРТЫЙНА-КАМСАМОЛЬСКІМ СХОДЗЕ УНІВЕРСІТЭТА

5 снежня 1928 г.

Карась (сакратар парткалектыву). Аўтары, разводзячы хлусню і дэмагогію, не ўлічваюць, на чый млын яны льюць ваду, выступаючы з такім лістом. Мы павінны з усёй выразнасцю сказаць, што гэты ўчынак з’явіўся вынікам дробнабуржуазнага мяшчанскага ўплыву на гэтых таварышаў. Калі ўспомніць паводзіны іх раней, дык гэта стане зусім ясна. Выступіў жа Тодар Глыбоцкі (ён жа Дудар) з прапановаю адарваць беларускі тэатр ад рэвалюцыйнага расійскага. Зараз, калі гэта тройка зварочваецца з беспадстаўным лістом, апялюе да савецкай грамадскасці, мы іх паводзіны павінны ацэньваць па іх сутнасці.

Шманцар. Нам трэба рашуча зганьбіць іх выступленне і, паколькі яны партыйцы, паставіць пытанне аб прабыванні іх у партыі.

Аксельрод. Сярод падпісаўшых ёсць камсамолец Дудар. Мне думаецца, не будзе лішнім паглядзець на «камсамольскі» твар Дудара...

Мы павінны сёння не толькі рашуча асудзіць тых, хто напісаў ліст, але таксама і рэдакцыю газеты «Савецкая Беларусь», якая яго змясціла.

Броўка (ад маладых пісьменнікаў). Размова аб слабай беларусізацыі БДУ — гэта толькі шыльда. Ліст — палітычны памфлет, які ганьбіць БДУ і нашу нацыянальную палітыку. Аўтараў трэба з партыі выгнаць.

Ад імя БелАПП ліст маладых пісьменнікаў асудзілі Ліманоўскі і Барашка.

Марук. Справа не ў «фрагментах», а справа ў стане БДУ. Усе нашы дасягненні ў справе беларусізацыі, пралетарызацыі ёсць толькі фармальнасць.

Звязда. 1928. 7 снеж.

FaLang translation system by Faboba