АРТЫКУЛ ГАЗЕТЫ «ЗА ЛЕНІНСКІЯ КАДРЫ» «ЛЕПШ КІРАВАЦЬ АГІТАТАРАМІ»

23 кастрычніка 1939 г*

Наша краіна з вялікім уздымам рыхтуецца да выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў працоўных, якія завершаць перабудову ўсіх органаў Савецкай улады на аснове Сталінскай Канстытуцыі.

У гэты дзень савецкая інтэлігенцыя разам з усімі працоўнымі вялікага СССР, галасуючы за кандыдатаў блока камуністаў і беспартыйных, яшчэ раз прадэманструе сваю любоў і адданасць радзіме, партыі, вялікаму Сталіну. Лепшыя прадстаўнікі народа будуць выбраны дэпутатамі мясцовых Саветаў.

Рыхтуючыся да выбараў, партыйныя, савецкія і камсамольскія арганізацыі разгарнулі шырокую агітацыйна-масавую работу сярод насельніцтва.

Па-балышавіцку ўключыліся ў падрыхтоўку да выбараў і арганізацыі нашага Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Каля двухсот камуністаў, камсамольцаў і беспартыйных таварышаў падрыхтаваны для работы ў якасці старшынь, сакратароў і членаў выбарчых камісій. 45 студэнтаў і навуковых работнікаў працуюць агітатарамі на выбарчым участку.

Лепшыя агітатары — тт. Таўбін, Зябкіна, Кухаронак, Нікалаеў і другія з вялікай любоўю ўмела нясуць бальшавіцкае слова ў масы. Іх паважае і любіць насельніцтва. Аднак разам з добрымі прыкладамі агітатарскай работы ва універсітэце ў справе арганізацыі ёсць яшчэ многа недахопаў.

Колькасць агітатараў, вылучаных для работы на выбарчых участках, зараз значна большая, чым у мінулую выбарчую кампанію. Сярод іх нямала добрых студэнтаў — выдатнікаў вучобы, але агітатары яны маладыя. Няма ў іх вопыту агітацыйнай работы. Ім неабходна штодзённая дапамога. А яе ва універсітэце няма.

За апошні час аслаб кантроль за работай агітатараў, не праводзяцца кансультацыі ў дапамогу ім, што вельмі адбіваецца на якасці агітацыйнай работы. Асобныя агітатары — тт. Абезгауз, Клапер, Сідарэнка — вельмі рэдка праводзяць заняткі з насельніцтвам.

У гэтым годзе сярод студэнтаў першых курсаў ёсць многа таварышаў, якія ўпершыню будуць удзельнічаць у выбарах у Саветы дэпутатаў працоўных. Некаторыя з іх не ведаюць выбарчага закона. А агітацыйная работа сярод студэнтаў у нас зусім не праводзіцца. Вылучаныя для гэтай мэты 24 агітатары не прыступілі да работы. Таму змяшчаемая сёння ў нашай газеце прапанова студэнта I курса філфака тав. Рудзіна аб арганізацыі вывучэння выбарчага закона сярод студэнтаў павінна быць падтрымана грамадскімі арганізацыямі універсітэта. Неабходна хутчэй прыступіць да наладжвання агітацыйнай работы сярод студэнтаў, да вывучэння выбарчага закона.

Агітатары павінны сваю работу арганізаваць так, каб выбаршчыкі змястоўна ведалі выбарчы закон, добра разбіраліся ў пытаннях унутранай і знешняй палітыкі.

Вялікі размах агітацыйнай работы гэтага года патрабуе ад партыйнай і камсамольскай арганізацый універсітэта штодзённага бальшавіцкага кантролю і кіраўніцтва гэтай пачэснай і складанай работай.

За ленінскія кадры. 1939. 23 кастр.

* Дата надрукавання.

FaLang translation system by Faboba