АРТЫКУЛ ПРАФЕСАРА БДУ П. П. БАРДАКОВА «НАВУКОВА-ДАСЛЕДЧАЯ РАБОТА СТУДЭНТАЎ»

19 сакавіка 1936 г*

Універсітэт павінен рыхтаваць у асноўным высокакваліфікаваныя кадры для навукова-даследчых устаноў і выкладчыкаў для вышэйшых навучальных устаноў. Адсюль ясна, што ў сістэме універсітэцкага выкладання адно з галоўнейшых месцаў павінна займаць навуковая работа студэнтаў па той ці іншай спецыяльнасці.

Не сакрэт, што ў БДУ навуковая работа студэнтаў знаходзіцца амаль на задворках. Далёка не на ўсіх факультэтах, а тым больш далёка не на ўсіх кафедрах арганізаваны навуковыя гурткі. Заняткі ў існуючых гуртках маюць рад недахопаў: пераважаюць даклады рэфератнага характару, слаба разгорнута самастойна-эксперыментальная і даследчая работа і г. д. Здзіўляе вельмі нязначны ўдзел у гуртковай рабоце студэнтаў-выдатнікаў, нягледзячы на тлумачэнне ЦБ пролетсуда, згодна з якім студэнт не можа лічыцца выдатнікам, калі ён не прымае ўдзелу ў навукова-даследчай рабоце. Студэнцкімі навуковымі заняткамі ніхто не кіруе, няма агульнага плана, няма належнага кантролю. Адна з важнейшых функцый універсітэта — навуковая падрыхтоўка студэнтаў — пушчана на самацёк.

Надыходзячая канференцыя, прысвечаная навуковай рабоце студэнтаў, ставіць сваёй задачай у корані змяніць становішча. Характэрна, што ініцыятыва па арганізацыі канферэнцыі належыць студэнтам.

Гэта гаворыць аб тым, што самі студэнты ўсвядомілі неабходнасць сур’ёзнай навуковай работы, — факт, які мае велізарнае значэнне.

Справа спецыяльнай камісіі — распрацаваць мерапрыемствы па ўзняцці на належную вышыню навукова-даследчай работы студэнтаў. Мне асабліва здаецца, што трэба зрабіць наступнае.

Па-першае, трэба абавязаць кафедры, пры якіх ёсць навуковыя гурткі, у найкарацейшы тэрмін прадставіць навучальнай частцы падрабязныя планы заняткаў па першае верасня 1936 года (бо рад работ, напрыклад збор прыродазнаўча-гістарычнага матэрыялу, можа быць выкананы толькі ўлетку). Калі пры кафедрах гурткоў няма, дык іх трэба тэрмінова арганізаваць.

Таксама неабходна адпусціць кафедрам сродкі для навуковай работы студэнтаў, згодна спецыяльным каштарысам, бо ва многіх выпадках без папярэдніх грашовых затрат паставіць здавальняючую работу немагчыма.

Трэба абавязаць усіх выкладчыкаў, якія працуюць ва універсітэце, прымаць актыўны ўдзел у навуковых гуртках, бо многія выкладчыкі, якія працуюць па сумяшчэнні, рашуча ад гэтага адмаўляюцца.

Для вызначэння максімальнай колькасці часу для навуковых заняткаў трэба перагледзець вучэбныя планы. Таксама трэба правесці неабходныя меры па ўрэгуляванні бюджэту студэнцкага часу, згодна паметкам, дадзеным мною на спецыяльным пасяджэнні Навуковага савета.

Трэба абавязаць усіх студэнтаў прымаць актыўны ўдзел у рабоце гурткоў. Студэнтаў, якія адмаўляюцца ад гэтага, выключаць з выдатнікаў.

Я прапаную ўвесці ў дыпломах пункт аб навуковай рабоце студэнта. Вылучаць найбольш навукова падрыхтаваных студэнтаў у аспірантуру, а таксама выдаваць характарыстыкі для вызначэння іх на адпаведныя пасады ў навукова-даследчых установах.

Для лепшай зацікаўленасці ў пастаноўцы навукова-даследчай работы трэба ўвесці сістэму прэміравання факультэтаў, кафедр і асобных выкладчыкаў, а таксама прэміраванне студэнтаў, якія дабіліся высокіх паказчыкаў у навуковай галіне.

3 1 верасня 1936 г. я прапаную практыкаваць выданне зборнікаў лепшых студэнцкіх работ. Неабходна таксама папоўніць нашу бібліятэку кнігамі і журналамі, якія патрэбны для студэнцкіх навуковых работ, для чаго кафедры павінны прадставіць адпаведныя спісы.

Мне здаецца, што пры навучальнай частцы універсітэта неабходна стварыць пастаянную камісію, усклаўшы на яе функцыі кантролю і садзейнасці навуковай рабоце студэнтаў.

Вядома, усе гэтыя прапановы не вычэрпваюць тых мерапрыемстваў, якія патрэбны для належнай пастаноўкі работы. Для гэтага патрэбен актыўны ўдзел рэктарата, партыйных і грамадскіх арганізацый, выкладчыкаў і шырокіх мас студэнтаў, у першую чаргу выдатнікаў.

Час не чакае. Пытанне даўно наспела, і яго трэба вырашаць у найкарацейшы час.

За ленінскія кадры. 1936. 19 сак.

* Дата друкавання.

FaLang translation system by Faboba