Стражаў Васіль Іванавіч
26 ліпеня 1944 г.
Рэктар з 18 лістапада 2003 г. па 31 кастрычніка 2008 г.
Васіль Іванавіч нарадзіўся 26 ліпеня 1944 г. у г. Каменск Палтаўскай вобласці УССР. У 1961 г. скончыў сярэднюю школу № 22 г. Мінска. З верасня 1961 г. па снежань 1966 г. - студэнт фізічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта, спецыялізацыя «тэарэтычная фізіка». У 1970 г. скончыў аспірантуру Інстытута фізікі Акадэміі навук БССР.
У лютым 1971 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме «Да праблемы дуальнай сіметрыі ў электрадынаміцы». З 1970 года па 1988 год працаваў навуковым супрацоўнікам Інстытута фізікі АН БССР; вучоным сакратаром аддзялення фізіка-матэматычных навук АН БССР; інструктарам аддзела навукі і навучальных устаноў Мінскага абкама КПБ; загадчыкам аддзела навукі і навучальных устаноў Мінскага гаркама КПБ; загадчыкам кафедры тэарэтычнай механікі Беларускага інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі (цяпер — Беларускі аграрна-тэхнічны ўніверсітэт).
У маі 1986 г. абараніў доктарскую дысертацыю па тэме «Спінавыя ступені свабоды і калібровачныя сіметрыі». З 1988 г. па 1994 г. В.І. Стражаў працаваў у Міністэрстве адукацыі БССР на пасадах намесніка начальніка, начальніка Галоўнага ўпраўлення вышэйшай школы і навукі, намесніка Міністра адукацыі. З 1994 г. па 1997 г. — Міністр адукацыі і навукі Рэспублікі Беларусь. З 1997 г. па 2001 г. — Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Васіль Іванавіч з'яўляўся членам Міжнароднай Акадэміі навук вышэйшай школы (з кастрычніка 1993 — кіраўнік яе Беларускага аддзялення). З 1997 г. — старшыня Камітэта па супрацоўніцтве ў галіне адукацыі краін СНД. У 2001 г. з'яўляўся старшынёй Праўлення рэспубліканскага таварыства «Веды». У 2001 г. быў абраны старшынёй таварыства дружбы «Беларусь-Украіна». У 2005 г. абраны замежным членам Расійскай акадэміі адукацыі (былой Акадэміі педагагічных навук СССР).
З лістапада 2001 г. па лістапад 2003 г. — рэктар Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы БДУ, саветнік рэктара БДУ. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 лістапада 2003 года № 520 прызначаны рэктарам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Плённы навуковы, грамадскі і адміністрацыйны вопыт дазволіў актыўна працягваць развіццё БДУ.
Падчас працы рэктарам Васіль Іванавіч актыўна садзейнічаў развіццю міжнародных кантактаў БДУ. Былі падпісаны дамовы аб супрацоўніцтве з універсітэтамі Турцыі, Швецыі, Латвіі, Польшчы, Рэспублікі Карэя, Германіі, Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў, Таджыкістана, Кітая.
У рамках міжнароднага супрацоўніцтва ў лістападзе 2005 г. была заключана дамова з найстарэйшым ВНУ Кітая Харбінскім політэхнічным універсітэтам. Мэта супрацоўніцтва — укараненне навукова-тэхнічных распрацовак і магчымасці рэалізацыі прадукцыі БДУ на кітайскім рынку: ЗВЧ-тэхніка, аналітычныя і кантрольна-вымяральныя сістэмы і прыборы, абсталяванне для вытворчасці матэрыялаў і вырабы з іх, водныя экасістэмы, маніторынг прыземнага азону і УФ-выпраменьванняў, абагачальныя харчовыя дабаўкі і паляпшальнікі збажыны, біятэхналогіі, біяпаліва на аснове рапсу, новыя матэрыялы, тэхналогіі і абсталяванне ў ахове здароўя і хімічнай вытворчасці.
Плённым этапам супрацоўніцтва з Кітаем у снежні 2006 г. стала заснаванне Інстытута імя Канфуцыя на базе Рэспубліканскага цэнтра БДУ «Іерогліф». Створаны ён у адпаведнасці з пратаколам даручэнняў прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі па выніках візіту дзяржаўнай дэлегацыі нашай краіны ў КНР і пагадненнем аб супрацоўніцтве паміж БДУ і Канцэлярыяй КНР па распаўсюджванні кітайскай мовы за мяжой, падпісанага ў Мінску.
В.І. Стражаў развіваў міжнароднае супрацоўніцтва ў галіне падрыхтоўкі замежных студэнтаў. У сувязі з гэтым у красавіку 2007 г. БДУ быў ганараваны адной з вышэйшых дзяржаўных узнагарод Сацыялістычнай Рэспублікі В'етнам — ордэнам Дружбы народаў.
Васіль Іванавіч садзейнічаў развіццю культуры ў БДУ. У верасні 2004 г. адбыўся першы Міжнародны фестываль тэатральнай студэнцкай творчасці «Тэатральны куфар—- 2004». Яго дэвіз — "Традыцыі. Пошук. Эксперымент". БДУ выступіў упершыню ініцыятарам Рэспубліканскага конкурсу прамоўніцкага майстэрства сярод студэнтаў пад дэвізам «грамадзянскасць, слова, духоўнасць». Для захавання лепшых традыцый нацыянальнай і сусветнай харавой творчасці, музычнай асветы моладзі, падтрымкі аматарскага харавога мастацтва і павышэння ўзроўню выканальніцкага майстэрства студэнцкіх калектываў у БДУ ў маі 2006 г. адбыўся першы форум студэнцкіх хароў "Папараць кветка — 2006».
У кастрычніку 2006 г. В.І. Стражаў абраны ганаровым доктарам Расійскага дзяржаўнага сацыяльнага ўніверсітэта. У 2006 г. быў старшынёй грамадскага аб'яднання «Беларуская асацыяцыя садзейнічання ААН». У 2007 г. — Віцэ-прэзідэнт Еўразійскай асацыяцыі ўніверсітэтаў.
Васіль Іванавіч Стражаў — вядомы спецыяліст у галіне тэарэтычнай фізікі, з 1979 год з'яўляецца прафесарам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Аўтар звыш 140 навуковых прац, у тым ліку чатырох манаграфій ў галіне тэарэтычнай фізікі. Асноўныя напрамкі навуковай дзейнасці В.І. Стражава як фізіка-тэарэтыка: тэорыя магнітнага зарада, палярызацыйныя сіметрыя ў тэорыі поля, раўнанне Дзірака-Кэлера, калібровачныя тэорыі з некампактнай групай ўнутранай сіметрыі. Акрамя таго, ім апублікаваны тры манаграфіі і больш за 60 артыкулаў, прысвечаных праблемам адукацыі. Падрыхтаваў 7 кандыдатаў і 2 дактароў фізіка-матэматычных навук. Васіль Іванавіч узнагароджаны Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, медалём Міжнароднай акадэміі навук вышэйшай школы, медалём "За доблестный труд в ознаменование 100-летия со дня рождения В.И. Ленина», медалём «60 гадоў вызвалення Беларусі ў Вялікай Айчыннай вайне», ўзнагародамі Праваслаўнай Царквы: ордэнам Еўфрасінні Полацкай і медалём Свяціцеля Кірылы Тураўскага, Залатым Ганаровым знакам імя Пятра Вялікага "За высакародныя працы», узнагароджаны медалём А.С. Пушкіна.