Фёдар Мікалаевіч Капуцкі

10 студзеня 1930 г. — 24 снежня 2017 г.

Рэктар з 16 красавіка 1990 г. па 15 студзеня 1996 г.

Фёдар Мікалаевіч Капуцкі нарадзіўся 10 студзеня 1930 г. у вёсцы Селівонаўка Маладзечанскага павета Віленскага ваяводства (сучасны Маладзечанскі раён Мінскай вобласці). Гэтая частка Беларусі знаходзілася ў той час у складзе Польскай Рэспублікі. 3 маленства Фёдар спасціг усе віды сялянскай працы. У 1937 г. ён пайшоў вучыцца ў першы клас польскай няпоўнай сярэдняй школы ў вёсцы Раеўшчына, дзе займаўся да 17 верасня 1939 г. Уступленне СССР у Другую сусветную вайну, паход Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь, уваходжанне яе ў склад БССР — гэтыя падзеі змянілі жыццё краіны. Адбыліся змены і ў жыцці хлопчыка — у школе, дзе працягваў займацца Фёдар, навучанне ішло на роднай беларускай мове.

Падчас вайны, у нямецкай акупацыі, сям’я Капуцкіх займалася тым жа, чым спрадвеку займаліся беларусы ў ліхі час, ратавала сябе працай на зямлі. Фёдар працягваў наведваць школу, дзе дзве маладзенькія настаўніцы спрабавалі наладзіць школьнае жыццё, пакуль у вёсцы не з’явіўся гарнізон і школу не занялі пад казарму. Пасля вызвалення Беларусі ў 1944 г. Фёдар пайшоў вучыцца ў шосты клас няпоўнай сярэдняй школы ў вёсцы Выверы. Пасля яе заканчэння ў 1946 г. ён працягваў вучобу ў маладзечанскай беларускай сярэдняй школе № 1 імя Я. Купалы.

Маці, якую Фёдар пяшчотна любіў і якая часта хварэла, жадала бачыць сына лекарам. Таму было вырашана паступаць у Ваенна-марскую медыцынскую акадэмію ў Ленінградзе. Ужо была атрымана згода ваенкамата, але выпадак змяніў тыя планы. Дырэктар школы Я. I. Івашкевіч, які ў 1940 г. сам скончыў хімфак БДУ, усяляк падтрымліваў у час вучобы зацікаўленасць у Фёдара хіміяй. Яго шчырыя парады і сталі вырашальнымі ў выбары далейшага месца вучобы.

У 1949 г. Фёдар Капуцкі паступіў на 1 курс хімфака БДУ. Прыём на той час быў невялікі — 25 чалавек, а вучэбныя групы і таго менш (6—7 чалавек). Таму навучанне ішло ледзь не ў індывідуальным парадку, што толькі паляпшала якасць падрыхтоўкі.

Заняткі са студэнтамі вялі такія вядомыя вучоныя-хімікі, як акадэмікі М. Ф. Ярмоленка і Б. В. Ерафееў, прафесары П. І. Бялысевіч і М. М. Паўлючэнка. Як і большасць яго таварышаў, Фёдар Капуцкі займаўся не толькі вучобай, але і грамадскай дзейнасцю. На другім курсе ён стаў старастам курса, на трэцім увайшоў у склад камсамольскага бюро факультэта. У снежні 1952 г. універсітэцкая газета паведаміла, што на вечары ў клубе фабрыкі імя Э. Тэльмана, над якой мелі шэфства студэнты хімфака, студэнт чацвёртага курса Ф. Капуцкі выступіў з дакладам аб Канстытуцыі СССР. У гэты час ён быў абраны сакратаром камсамольскай арганізацыі факультэта.

На пятым курсе Фёдар Капуцкі сумяшчаў вучобу з працай настаўнікам матэматыкі ў сярэдняй школе рабочай моладзі № 26 г. Мінска, бо імкнуўся зрабіць палёгку бацькам, якія ўсяляк падтрымлівалі сына. Ён штолета прыязджаў дадому і браў у рукі касу, дапамагаючы выконваць план абавязковых нарыхтовак, за які налічваліся пасля сумнавядомыя «палачкі» — працадні.

Цікава, што падчас вучобы ва ўніверсітэце Фёдар Капуцкі лічыў, што пасля будзе працаваць настаўнікам. У той час гэта прафесія яшчэ не згубіла свайго прэстыжу. Аднак па заканчэнні БДУ яму прапанавалі працягваць вучобу ў аспірантуры. Там ён вучыўся ў 1954—1957 гг. і адначасова ў 1956 г. пачаў працаваць асістэнтам кафедры фізічнай і калоіднай хіміі — кіраваў лабараторнымі заняткамі са студэнтамі хімічнага і біялагічнага факультэтаў. Пасля паспяховай абароны кандыдацкай дысертацыі ў маі 1962 г. Ф. М. Капуцкі ў сакавіку 1963 г. быў прызначаны старшым выкладчыкам кафедры, чытаў лекцыі для студэнтаў біяфака ўсіх аддзяленняў, вёў семінарскія заняткі па фізічнай хіміі, кіраваў педпрактыкай. У кастрычніку 1963 г. ён быў абраны на пасаду дацэнта кафедры фізічнай і калоіднай хіміі, адначасова працуючы намеснікам дэкана хімічнага факультэта.

У ліпені 1964 г. Ф. М. Капуцкі быў прызначаны намеснікам Старшыні Дзяржаўнага камітэта Савета Міністраў БССР па каардынацыі навукова-даследчых работ. Працаваў там непрацяглы час і ў снежні 1965 г. у сувязі са скасаваннем Дзяржкамітэта вярнуўся на выкладчыцкую працу ва ўніверсітэт як дацэнт кафедры фізічнай і калоіднай хіміі.

Неўзабаве Ф. М. Капуцкі быў прызначаны выконваючым абавязкі загадчыка гэтай кафедры, а пасля абраны яе кіраўніком. 3 1965 па 1973 г. ён быў дэканам хімічнага факультэта.

У верасні 1973 г. Ф. М. Капуцкі перайшоў на працу ў Міністэрства вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі БССР, куды быў прызначаны ў адпаведнасці з пастановай СМ БССР намеснікам міністра. На гэтай пасадзе ён шмат і плённа працаваў над пытаннямі паляпшэння вучэбна-выхаваўчага працэсу, далейшага ўдасканалення матэрыяльна-тэхнічнай базы навучальных устаноў, павышэння якасці падрыхтоўкі маладых спецыялістаў.

Адначасова на грамадскіх пачатках Ф. М. Капуцкі загадваў кафедрай высокамалекулярных злучэнняў і калоіднай хіміі, дзе чытаў лекцыі па калоіднай хіміі, кіраваў дыпломнымі і курсавымі работамі, падрыхтоўкай аспірантаў, вёў навуковыя даследаванні ў вобласці мадыфікацыі фізіка-хімічных уласцівасцей цэлюлозы і яе вытворных. У 1976 г. ён быў ганараваны званнем «Заслужаны работнік вышэйшай школы Беларускай ССР». У чэрвені 1977 г. Ф. М. Капуцкі быў прызначаны першым намеснікам міністра. Не ўсё, аднак, было так проста. Фёдар Мікалаевіч прыгадвае: «Мне даводзілася, працуючы ў міністэрстве, быць куратарам будаўніцтва. Ёсць там і галіна “Асвета”. Але калі мы заяўлялі які-небудзь аб’ект, нам адмаўлялі: “Вы не асвета”. Так і жылі без свайго радка ў дзяржаўных планах».

Імкненне браць на сабе і вырашаць самыя складаныя пытанні — такая рыса характару Фёдара Мікалаевіча не давала спакойна жыць апаратным «вярхам».

Займаючы адказную пасаду, Ф. М. Капуцкі не страціў цесных сувязей з БДУ.

Пры яго непасрэдным удзеле пачынаючы з 1975 г. ішло стварэнне на базе дзвюх НДЛ навукова-даследчага інстытута. Прапанова знайшла падтрымку ў міністэрствах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі БССР і СССР, АН БССР, у шэрагах галіновых НДІ, а таксама ў акадэмікаў Я. М. Калатыркіна, I. П. Алімарына і іншых вучоных. 27 верасня 1977 г. была прынята пастанова ДКНТ СМ СССР аб адкрыцці НДІ фізіка-хімічных праблем (НДІ ФХП) БДУ. 2 студзеня 1978 г. Ф. М. Капуцкі быў прызначаны выконваючым абавязкі дырэктара гэтага інстытута на грамадскіх пачатках (у адпаведнасці з загадам міністра вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі БССР ад 23 снежня 1977 г.). Меркавалася, што інстытуту будзе лягчэй прайсці складаны арганізацыйны перыяд, калі яго дырэктар і намеснік міністра — адна і тая ж асоба. Гэта было сапраўды так, але абавязкаў у Ф. М. Капуцкага павялічылася. Да таго ж ён займаўся педагагічнай працай. У верасні 1978 г. Ф. М. Капуцкаму было прысвоена званне прафесара. Аднак працаваць было ўсё цяжэй, і ён звярнуўся з просьбай пакінуць пасаду намесніка міністра.

Але замест гэтага 31 кастрычніка 1979 г. Ф. М. Капуцкі быў вызвалены ад абавязкаў дырэктара НДІ ФХП.

У гэтыя гады Ф. М. Капуцкі дзейсна займаўся навуковай працай. Літаральна з «нулявога цыклу» ён стварыў лабараторыю фізіка-хіміі цэлюлозы ў ЦДІ ФХП, вёў падрыхтоўку аспірантаў, удзельнічаў у выкананні гаспадарча-дамоўных работ.

I ўсё гэта рабілася на грамадскіх пачатках ці на ўмовах сумяшчальніцтва. Аб выніках паспяховай навуковай работы напрыканцы 70-х гадоў сведчылі звыш 118 апублікаваных навуковых работ, 12 аўтарскіх пасведчанняў. У 1980 і 1983 гг. ён узначальваў дэлегацыю Беларусі на XXI і XXII канферэнцыях ЮНЕСКА ў Белградзе і Парыжы. За поспехі ў развіцці навукі і адукацыі Ф. М. Капуцкі ў 1980 г. быў узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» і Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.

Вынікам цяжкай, але плённай працы ў лабараторыях інстытута стала доктарская дысертацыя, якая была падрыхтавана па спецыяльнасці «Хімія драўніны, цэлюлозы і паперы». 6 ліпеня 1984 г. Фёдару Мікалаевічу была прысуджана вучоная ступень доктара хімічных навук.

19 верасня 1985 г. Ф. М. Капуцкі быў вызвалены ад абавязкаў першага намесніка міністра вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі БССР і пераведзены на працу ў НДІ ФХП БДУ ў якасці загадчыка лабараторыі фізічнай хіміі цэлюлозы. Зняццю з пасады ў міністэрстве папярэднічала сумная і непрыгожая гісторыя, якая была непасрэдна звязана з вядомым майскім указам (1985) і распачатай партыйнай кампаніяй. Хаця падзея адбылася раней і недатычнасць Ф. М. Капуцкага была ўсім відавочна, але ж неабходны быў вінаваты. I ён быў знойдзены. Вымова, скаргі ў КПК, ананімка, і як вынік — знялі з работы. Не пажадалі нават выслухаць ні Слюнькоў, ні Бровікаў — тагачасныя партыйныя лідэры. «Але самае страшнае — пустыя вочы людзей. Нібы цябе нехта ў адзін момант перакрэсліў. I нікому нічога не патлумачыш...», — успамінаў Фёдар Мікалаевіч.

Гэта гісторыя адгукнулася і пасля. 24 красавіка 1987 г. упершыню на Беларусі адбыліся выбары дырэктара навукова-даследчага інстытута (НДІ ФХП).

З водгука акадэміка Я. М. Калатыркіна: «Ф. М. Капуцкі з’яўляецца вядучым вучоным у галіне фізічнай хіміі цэлюлозы і яе вытворных, распрацаваў навуковыя асновы атрымання практычна важных матэрыялаў тэхнічнага і медыцынскага прызначэння». З водгука акадэміка М. Платэ: «... Даследаванні пад кіраўніцтвам Ф. М. Капуцкага вызначаюцца глыбокім тэарэтычным аналізам праблем, якія вывучаюцца, і пошукам галін практычнага выкарыстання распрацоўваемых вытворных цэлюлозы». Не дзіўна, што на гэтых выбарах перамог Ф. М. Капуцкі. Але паступіла ананімка, і Фёдару Мікалаевічу «наверсе параілі» адмовіцца ад пасады. Больш за 100 супрацоўнікаў НДІ ФХП падпісалі ліст у падтрымку Ф. М. Капуцкага. Сход калектыву інстытута пацвердзіў сваё папярэдняе рашэнне. Ціск на Ф. М. Капуцкага даў вынік — кандыдат узяў самаадвод. Нават пасля публікацый у газеце «Известия», калі ўся гісторыя атрымала шырокую вядомасць, ніякіх змен не адбылося. Зразумела, што ніхто не падумаў прынесці прабачэнні Фёдару Мікалаевічу...

Але жыццё не спынілася. Ф. М. Капуцкі працаваў на кафедры, у лабараторыі.

I працаваў натхнёна і вынікова. З пратакола пасяджэння Савета хімічнага факультэта БДУ: «...Прафесар Капуцкі Ф. М. заснаваў і паспяхова развівае новы навуковы накірунак у вобласці фізіка-хімічнай мадыфікацыі цэлюлозы. Ім вызначаны шэраг новых эфектаў і заканамернасцяў па міжмалекулярным ўзаемадзеянні, тэрмадынаміцы, фазавых пераходах, структурных пераўтварэннях, актывацыйных працэсах у кампазіцыйных сістэмах. Гэтыя даследаванні паслужылі грунтам для сінтэзу новых палімерных матэрыялаў на аснове вытворных цэлюлозы (валокны, плёнкі, адсарбенты, лекавыя прэпараты), якія маюць вялікае практычнае значэнне ў тэкстыльнай і фармацэўтычнай прамысловасці. Прафесар Капуцкі Ф. М. — аўтар больш за 250 навуковых прац і мае 117 аўтарскіх пасведчанняў на вынаходніцтвы... Пад яго кіраўніцтвам падрыхтавана і абаронена 16 кандыдацкіх дысертацый...». 30 студзеня 1989 г. Ф. М. Капуцкі быў абраны на пасаду загадчыка кафедрай высокамалекулярных злучэнняў і калоіднай хіміі, сумяшчаючы гэтую працу з кіраўніцтвам лабараторыяй.

У кастрычніку 1989 г. у ЦК КПБ і да міністра народнай адукацыі БССР М. I. Дзямчука паступіў ліст ад рэктара БДУ Л. I. Кісялеўскага, у якім, у прыватнасці, гаварылася, што «Белдзяржуніверсітэт перажывае ў цяперашні час адказны перыяд, звязаны з перабудовай сістэмы вышэйшай адукацыі, узмацненнем грамадскай і палітычнай актыўнасці выкладчыкаў і студэнтаў... У сувязі з гэтым вельмі неабходна мець на пасадзе першага прарэктара БДУ аўтарытэтнага і дзейнага прафесара і вучонага, дасведчанага ў арганізацыйнай і адміністрацыйнай працы, якога паважаюць у калектыве. Гэтым патрабаванням цалкам адпавядае Ф. М. Капуцкі...

Большасць дэканаў і вядучых супрацоўнікаў БДУ падтрымліваюць кандыдатуру Ф. М. Капуцкага...»

1 лістапада 1989 г. член-карэспандэнт АН БССР Ф. М. Капуцкі быў прызначаны першым прарэктарам па вучэбнай рабоце БДУ. У сувязі з гэтым прызначэннем ён быў вызвалены ад штатнай пасады загадчыка кафедрай і лабараторыяй, узначаліўшы іх на грамадскіх пачатках. Пачынаўся новы, бадай самы складаны перыяд дзейнасці.

Неўзабаве, праз некалысі месяцаў, Л. I. Кісялеўскі быў вызвалены ад абавязкаў рэктара БДУ, і выконваць яго абавязкі з 20 лютага 1990 г. пачаў Ф. М. Капуцкі.

Палітычны ландшафт імкліва мяняўся. У 1990 г. па новым законе адбываліся выбары народных дэпутатаў усіх узроўняў. Вострая палітычная барацьба не магла не закрануць і студэнцкі, і выкладчыцкі калектывы ўніверсітэта. Ніколі за ўсю шматгадовую гісторыю універсітэт не меў столькі кандыдатаў у парламентарыі рэспублікі, у гарадскія і раённыя Саветы сталіцы. Выбары сталі вельмі своеасаблівай, знакавай падзеяй. Раптам высветлілася, што ў БДУ багата не толькі таленавітых вучоных і даследчыкаў, але і шмат выдатных грамадскіх дзеячаў. Калектыў універсітэта падтрымліваў кандыдатаў у дэпутаты Вярхоўнага Савета: старшага навуковага супрацоўніка В. М. Гарбачова, прафесара Я. П. Пятраева, дацэнта Г. У. Грушавога, прафесара I. А. Малевіча, прарэктара С. С. Шушкевіча.

Сярод кандыдатаў у дэпутаты быў і Ф. М. Капуцкі. За яго вылучэнне галасаваў калектыў НДІ ПФП БДУ. У сваёй праграме ён не імкнуўся абняць неабсяжнае, не абяцаў вырашыць усе праблемы, але выступаў за прафесіяналізм ва ўрадзе, «дзе кожны арэ сваю баразну, імкнучыся не асуджаць народ на новыя пакуты», заклікаў да павелічэння фінансавання адукацыі, якая павінна была стаць «не абавязковай для ўсіх, але даступнай кожнаму, у каго ёсць здольнасці...». У падтрымку Фёдара Мікалаевіча выказваліся студэнты і выкладчыкі БДУ, супрацоўнікі НДІ і прамысловасці, адзначаючы яго патрабавальнасць, эрудыцыю, арганізатарскі талент. Так, намеснік дырэктара НДІ ФХП А. М. Рухля падкрэсліваў, што «Ф. М. Капуцкі — асоба неардынарная, што ўласцівыя яму рысы — гэта прыродная сумленнасць і шчырасць, дабрыня і ў той жа час няспыннасць».

На выбарах Ф. М. Капуцкі, аднак, не перамог. Тым не менш вельмі хутка і перадвыбарная кампанія, і атрыманая вядомасць не толькі сярод навукоўцаў-прыродазнаўцаў, і набыты досвед грамадскай палемікі з аўдыторыяй спатрэбіліся Фёдару Мікалаевічу. Надышла чарга выбараў рэктара ўніверсітэта. Апошнія больш-менш легітымныя выбары рэктара адбыліся ў 1929 г., і вось зноў вярталася старое ўніверсітэцкае права на абранне свайго кіраўніка.

Згодна з правілам таго часу, рэктар выбіраўся на пашыраным пасяджэнні Вучонага савета тайным галасаваннем. Студэнты павінны былі складаць да 1/3 пашыранага Вучонага савета. За два тыдні да правядзення выбараў на Вучоным савеце вылучалі кандыдатуры на пасаду рэктара. Рашэнне прымалася адкрытым галасаваннем простай большасцю галасоў. На пашыраным пасяджэнні Вучонага савета па выбарах рэктара спачатку праводзілася абмеркаванне кандыдатур, унесеных у адзін бюлетэнь для тайнага галасавання. Выбраным лічыўся той, хто атрымаў большасць, але не менш паловы галасоў удзельнікаў галасавання.

У БДУ выбары адбываліся па той жа схеме, але і не зусім так. У кандыдаты на пасаду рэктара прэтэндавала чатыры асобы — міністр народнай адукацыі М. I. Дзямчук, першы прарэктар БДУ Ф. М. Капуцкі, загадчык кафедры квантавай радыёфізікі і оптаэлектронікі I. А. Малевіч, прарэктар па навуковай рабоце С. С. Шушкевіч. На пасяджэнні Вучонага савета ў спіс для галасавання была занесена, аднак, толькі кандыдатура Ф. М. Капуцкага. Больш канкурэнтаў яму не знайшлося. Гэта дало падставу для сумненняў сярод часткі супрацоўнікаў і студэнтаў — «А ці будзе выбар?». Як пісала газета «Беларускі ўніверсітэт»: «Адсутнасць альтэрнатывы няхай застаецца на сумленні большасці членаў Вучонага савета ўніверсітэта, якія далі дазвол балаціравацца ў рэктары ўсяго аднаму прэтэндэнту».

Самі выбары, якія адбыліся 29 сакавіка 1990 г., натуральна ператварыліся ў нараду занепакоеных лёсам універсітэта людзей. Пытанняў прэтэндэнту было няшмат, больш было разваг над вострымі і надзённымі праблемамі занядбанага «флагмана вышэйшай адукацыі». Праўда, некаторыя развагі шаноўных навукоўцаў маглі выклікаць здзіўленне. Напрыклад, гучалі сцвярджэнні, што прадстаўнікі дакладных навук больш практычныя за навукоўцаў-гуманітарыяў, нібы адміністрацыйны талент залежыць ад адукацыі. Ф. М. Капуцкі нічога не абяцаў. Ні ільгот, ні прывілей, ні лёгкага жыцця ўвогуле. Толькі цеснае супрацоўніцтва, узаемаразуменне і клопат аб дабрабыце ўніверсітэта павінны былі даць пэўны вынік.

За абранне Ф. М. Капуцкага на пасаду рэктара БДУ прагаласавала 105 удзельнікаў пашыранага Вучонага савета, супраць — 3, устрымаўшыхся не было.

На падставе рашэння Вучонага савета БДУ ад 29 сакавіка 1990 г., рэкамендацыі калегіі Дзяржкамітэта СССР па народнай адукацыі ад 13 красавіка 1990 г. загадам міністра народнай адукацыі ад 16 красавіка 1990 г. член-карэспандэнт АН Беларусі Фёдар Мікалаевіч Капуцкі быў прызначаны рэктарам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Гэты час быў цяжкі для Фёдара Мікалаевіча і ў асабістым плане. У 1989 г. памерла яго жонка, з якой ён пражыў 36 гадоў, якая была для яго духоўнай апорай, сапраўдным добрым сябрам. Вострае пачуццё незаменнай страты дапамагала перажыць толькі праца. Яе было шмат.

23 красавіка 1990 г. упершыню ў гісторыі ўніверсітэта адбыліся альтэрнатыўныя выбары кандыдатаў у дэпутаты XXVIII з’езда КПСС. Большасць партыйных арганізацый вылучылі кандыдатам Ф. М. Капуцкага, якога падтрымалі 934 з 1109 камуністаў, што ўзялі ўдзел у галасаванні. На акруговых выбарах 22 мая Ф. М. Капуцкі быў абраны дэлегатам з 9 кандыдатаў.

Працуючы на пасадзе рэктара, Ф. М. Капуцкі не пакідаў навуковай дзейнасці.

У 1993 г. пад яго кіраўніцтвам у межах дзяржаўнай навукова-тэхнічнай праграмы быў распрацаваны праект устаноўкі атрымання прэпаратаў праланговага дзеяння. У 1994 г. таксама пад кіраўніцтвам Ф. М. Капуцкага была распрацавана «Канцэпцыя і структура Рэспубліканскай праграмы развіцця малатанажнай хіміі на 1995—2000 гг. і на перыяд да 2010 г.». Праведзена работа па стварэнні цэнтра малатанажнай хіміі. У лютым 1994 г. ён быў абраны акадэмікам АН Беларусі. Пад кіраўніцтвам Фёдара Мікалаевіча былі створаны новыя цэлюлозныя мона- і біфункцыянальныя іаніты, у тым ліку біясумяшчальныя валакністыя матэрыялы і сарбенты, праведзены даследаванні іх фізіка-хімічных уласцівасцей, што дазволіла ажыццявіць мэтанакіраваны сінтэз рассмоктваючыхся ў жывым арганізме лекавых прэпаратаў, прызначаных для лячэння гнойна-запаленчых працэсаў, сардэчна-сасудзістых, анкалагічных і іншых захворванняў. Яго распрацоўкі былі рэалізаваны на Барысаўскім заводзе медпрэпаратаў. Пра тое, што Ф. Капуцкі — паважаны чалавек не толькі ва ўніверсітэце, але і сапраўдны аўтарытэт у навуковым асяроддзі краіны, сведчыла ўрадавая тэлеграма за подпісам Прэзідэнта Беларусі А. Р. Лукашэнкі з віншаваннямі ў адрас Фёдара Мікалаевіча з нагоды яго 65-годдзя.

Зразумела, не ўсе было так адназначна. Былі і памылкі, і пралікі. Магчыма, Ф. М. Капуцкаму ў дзейнасці на пасадзе рэктара не хапала ў пэўныя моманты большай адкрытасці і празрыстасці ў правядзенні адміністратыўных рашэнняў.

15 студзеня 1996 г. у адпаведнасці з загадам міністра адукацыі і навукі Рэспублікі Беларусь В. I. Стражава ад 30 снежня 1995 г. Ф. М. Капуцкі быў вызвалены з пасады ў сувязі з пераводам на работу ў апарат Міністэрства адукацыі і навукі Беларусі. За шматгадовую плённую працу ў сістэме адукацыі, вялікі асабісты ўклад у развіццё вышэйшай адукацыі ён быў узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі і навукі Рэспублікі Беларусь.

З лютага 1996 г. Фёдар Мікалаевіч працаваў дарадцам міністра. Ён па-ранейшаму адстойваў канцэпцыю стварэння трохузроўневай сістэмы вышэйшай адукацыі з вялікім прыёмам, а па некаторых спецыяльнасцях — і з адкрытым прыёмам (гэта значыць без уступных экзаменаў) на першы курс, з навучаннем да III курса ўсіх студэнтаў па кожнай спецыяльнасці па адным вучэбным планам, адстойваў ідэю распрацоўкі рэйтынгавай сістэмы для абгрунтаванага адбору на другую ступень адукацыі (бакалаўр). На заключным этапе навучання (20—25 % спецыялістаў ад прынятых на першы курс) прадугледжвалася больш вузкая спецыялізацыя з выкананнем навуковых даследаванняў (магістр). Ф. М. Капуцкі прапаноўваў вызначыць галоўныя вышэйшыя навучальныя ўстановы, бо не ўсе ВНУ маглі весці падрыхтоўку магістраў, паклапаціцца аб забеспячэнні прызнання за мяжой дыпломаў бакалаўраў і магістраў. Працаваў у міністэрстве Фёдар Мікалаевіч непрацяглы час і ў кастрычніку 1996 г. перайшоў на навуковую работу ў НДІ ФХП БДУ.

На сённяшні дзень акадэмік Ф. М. Капуцкі — аўтар каля 600 навуковых прац, мае каля 200 аўтарскіх пасведчанняў на вынаходніцтвы і 4 замежныя патэнты.

Ім падрыхтавана больш за 20 кандыдатаў навук, сярод якіх такія вядомыя навукоўцы, як Д. Д. Грыншпан, А. В. Більдзюкевіч, Т. Л. Юркштовіч і іншыя.

Ф. М. Капуцкі быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.

На перыяд кіраўніцтва Фёдара Мікалаевіча Капуцкага Беларускім дзяржаўным ўніверсітэтам прыпала шмат эпахальных падзей — крах камуністычнай сістэмы, распад СССР, адраджэнне дзяржаўнасці Беларусі, выбары першага прэзідэнта краіны... Магчыма, некаторыя перакананні Фёдара Мікалаевіча змяніліся, але і сёння ён упэўнены, што чалавек павінен па сабе пакінуць памяць, добрую памяць... Сваёй працай у імя БДУ і ўсёй чалавечай сутнасцю ён ужо стаў неадрыўнай часткай універсітэцкай гісторыі.

Па матэрыялах: Яноўскі, А.А. Гісторыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў біяграфіях яго рэктараў / А.А. Яноўскі, А.Г. Зельскі - Мн.: БДУ, 2001. - 320 с.

FaLang translation system by Faboba