Іван Савіч Чымбург

27 студзеня 1904 г. — 1978 г.

Рэктар з 26 ліпеня 1949 г. па 19 ліпеня 1952 г.

Нарадзіўся Іван Савіч Чымбург 27 студзеня 1904 г. у вёсцы Еўлічы Слуцкага павета Мінскай губерні (цяпер Слуцкі раён Мінскай вобл.) у сям’і селяніна-серадняка. Як і ўсе вясковыя дзеці, ён рана пачаў працаваць на зямлі. Пасля заканчэння трохкласнай сельскай школы ў 1917 г. паступіў у нанава створаную Слуцкую беларускую гімназію, дзе правучыўся два гады. У аўтабіяграфіях I. С. Чымбург пасля заўсёды падкрэсліваў, што пакінуў вучобу ў гімназіі з-за адсутнасці сродкаў для аплаты за навучанне.

Да канца 1920 г. Іван Чымбург працаваў у гаспадарцы бацькі, адначасова займаўся самаадукацыяй. У студзені 1921 г. аднавіў вучобу ў працоўнай школе, а пасля працягваў яе на агульнаадукацыйных курсах. У студзені таго ж года ён уступіў у камсамол Гэта паспрыяла яму ў далейшым, асабліва, калі па рэкамендацыі Слуцкага ўкама камсамола Іван атрымаў камандзіроўку ЦК КСМ Беларусі ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт грамадскіх навук.

На рэарганізаваным у 1922 г. ФГН заставаліся на той час эканамічнае і прававое аддзяленні. Вучоба I. Чымбурга на прававым аддзяленні не была працяглай. У 1924 г. факультэт грамадскіх навук быў ліквідаваны, а студэнты пераводзіліся на педфак БДУ ці маглі па жаданні перавесціся ў іншую ВНУ СССР. Іван Чымбург абраў другі варыянт. Варта было яму крыху пачакаць, і ён мог пачаць вучобу на факультэце права і гаспадаркі БДУ.

1927 г. ён скончыў прававое аддзяленне факультэта права і гаспадаркі і быў рэкамендаваны ў аспірантуру па спецыяльнасці «крымінальнае права і крымінальны працэс». I. С. Чымбург быў накіраваны ў Курскую губернскую пракуратуру. Па заканчэнні практыкі яму прапанавалі заняць пасаду следчага камеры следчага ўпраўлення абласной пракуратуры ў г. Новы Аскол Курскай вобласці, на што ён даў згоду. На гэтай пасадзе I. С. Чымбург працаваў з кастрычніка 1927 па май 1930 г. Тут ён кіраваў аперацыямі па ліквідацыі дзвюх бандаў, якія займаліся рабаўніцтвам і тэрарыстычнымі актамі. Браў удзел у правядзенні хлебанарыхтоўчых кампаній і калектывізацыі сельскай гаспадаркі, а пасля ўваходзіў у склад раённай «тройкі» па выкараненні дапушчаных перагібаў. Таксама абіраўся членам Новааскольскага гарадскога савета, працаваў пазаштатным інструктарам райкама камсамола. 13 мая 1930 г. I. С. Чымбург быў пераведзены на работу ў г. Варонеж на пасаду следчага камеры следчага ўпраўлення абласной пракуратуры.

У пачатку 1931 г. I. С. Чымбург пакінуў працу ў органах пракуратуры назаўсёды і пачаў новы шлях у сістэме адукацыі. Спачатку гэта была пасада асістэнта кафедры дыялектычнага і гістарычнага матэрыялізму Варонежскага зааветінстытута. Тут жа ўвесну 1931 г. ён быў прыняты кандыдатам у члены ВКП(б). У верасні 1933 г. I. С. Чымбург паступіў у аспірантуру Маскоўскага інстытута гісторыі, філасофіі і літаратуры. 25 чэрвеня 1936 г. I. С. Чымбург абараніў дысертацыю на ступень кандыдата філасофскіх навук па тэме «Крытыка Плеханаўскага разумення класаў і класавай барацьбы». Дысертацыя была зацверджана толькі 25 красавіка 1938 г. Па рашэнні камісіі па размеркаванню скончыўшых аспірантуру I. С. Чымбург быў накіраваны на працу ў БДУ.

Па прыезде ў Мінск I. С. Чымбург пачаў працаваць дацэнтам кафедры сацыяльна-эканамічных дысцыплін гістарычнага факультэта БДУ. У кастрычніку 1936 г. ён быў прызначаны дэканам гістарычнага факультэта.

I. С. Чымбург прызначаецца прарэктарам па вучэбнай часці, а ў канцы чэрвеня - пачатку ліпеня 1937 г. выконвае абавязкі рэктара ўніверсітэта.

3 ліпеня 1937 г. быў прызначаны новы рэктар — Н. М. Бладыка. I. С. Чымбург працягваў працаваць на пасадзе прарэктара. Аднак ужо ў кастрычніку кіраўніцтва ўніверсітэта — рэктар Н. М. Бладыка, прарэктар М. Лоцманаў, I. С. Чымбург і іншыя — было моцна раскрытыкавана за тое, што «не вядзе рашучай барацьбы па ліквідацыі вынікаў шкодніцтва».

Ад магчымага арышту I. С. Чымбурга выратавала адсутнасць «кампрамату» на яго, адносна нядаўна вярнуўшагася на радзіму.

Тым не менш I. С. Чымбург быў выключаны з кандыдатаў у члены ВКП(б) з-за ўтойвання фактаў наяўнасці рэпрэсіраваных сваякоў (стрыечных братоў бацькі), прымянення бацькам наёмнай працоўнай сілы, дапушчэння трацкісцкага выразу падчас выступлення на настаўніцкай канферэнцыі. Справа была перададзена ў камісію партыйнага кантролю пры ЦК КП(б)Б, але гэтыя факты не пацвердзіліся не ў сэнсе адсутнасці рэпрэсіраваных сваякоў, а ў тым, што I. С. Чымбург гэтых фактаў не хаваў. Ён быў адноўлены як кандыдат у члены ВКП(б), а ў 1939 г. стаў членам партыі. На ранейшай пасадзе ён, аднак, не быў адноўлены, але з кастрычніка 1937 па кастрычнік 1938 г. кіраваў кафедрай сацыяльна-эканамічных дысцыплін БДУ, а пасля загадваў кафедрай асноў марксізму-ленінізму.

У гэты час I. С. Чымбург піша шэраг артыкулаў па праблемах марксізму і дыялектычнага матэрыялізму: «Пляханаў аб свядомасці і стыхійнасці», «Французскі матэрыялізм XVIII ст.» і інш., якія друкуюцца ў часопісах «Полымя», «Бальшавік Беларусі», «Учёные записки БГУ».

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны I. С. Чымбург здолеў пакінуць Мінск, але жонка яго засталася ў акупіраваным горадзе. Прызваны ў армію, у ліпені 1941 г. ён стаў курсантам 53-га запаснога палка сувязі ў г. Мерынь Смаленскай вобласці. У верасні 1941 г. I. С. Чымбург ужо палітрук роты гэтага палка, які знаходзіўся на Заходнім фронце, а пасля быў адпраўлены ў Свярдлоўск. 3 чэрвеня 1942 г. на той жа пасадзе палітрука роты ў 126-м асобным палку сувязі ён знаходзіцца на Варонежскім, пасля на Цэнтральным фронце. У ліпені 1943 г. яго пасылаюць на курсы ўдасканалення афіцэраў Галоўнага ўпраўлення сувязі Чырвонай Арміі ў Маскве, а пасля ў Кіеве. Па іх заканчэнні ў чэрвені 1944 г. I. С. Чымбурга прызначаюць інструктарам арганізацыйна-партыйнай работы 14-га асобнага батальёна ўрадавай сувязі НКУС у Кіеве, а з жніўня 1944 г. — інструктарам арганізацыйна-партыйнай работы 309-га асобнага палка ўрадавай сувязі. 10 чэрвеня 1945 г. за ўзорнае выкананне спецыяльнага задання па арганізацыі і забеспячэнні сувяззю наступаючых войскаў Чырвонай Арміі I. С. Чымбург быў узнагароджаны медалём «За боевые заслуги», а 9 мая 1945 г. — медалём «За победу над Германией».

Пасля заканчэння вайны старшы лейтэнант I. С. Чымбург быў старшым інструктарам прапаганды палітаддзела 309-га асобнага палка ўрадавай сувязі ў Кіеве.

У канцы мая 1946 г. I. С. Чымбург вярнуўся ў Мінск і быў залічаны дацэнтам кафедры асноў марксізму-ленінізму БДУ. У студзені 1947 г. яго, як дэмабілізаванага з арміі, аднавілі на пасадзе загадчыка гэтай жа кафедры. Аднак неўзабаве ён прызначаецца на пасаду дырэктара Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КП(б)Б — філіяле ІМЭЛ пры ЦК ВКП(б), на якой ён працуе са жніўня 1947 па жнівень 1949 г. Узначальваючы інстытут, ён арганізаваў пераклад твораў Леніна і Сталіна на беларускую мову, а таксама распрацоўку пытанняў гісторыі КП(б)Б. У гэты час выходзяць яго работы «Абарона і абгрунтаванне тав. Сталіным тактычных асноў бальшавіцкай партыі», «Красавіцкія тэзісы У. I. Леніна», «Да вывучэння твораў I. В . Сталіна на беларускай мове», «Першы з'езд КП(б)Б» і цэлы шэраг іншых.

26 ліпеня 1949 г. загадам міністра вышэйшай адукацыі СССР I. С. Чымбург быў зацверджаны рэктарам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

У 1950/51 навучальным годзе ім былі ўнесены змены ў планы МВА СССР — на аддзяленні журналістыкі пачалі чытацца беларуская мова, гісторыя БССР, гісторыя беларускай літаратуры, беларускі фальклор (у дадатак да рускага фальклору), гісторыя беларускага савецкага друку. На філфаку ў дадатак да курса гісторыі літаратуры народаў СССР — гісторыя беларускай літаратуры. Акрамя таго, рэктарат выступіў з прапановай аб распрацоўцы ў МВА СССР двух вучэбных планаў: адзін — для ўніверсітэтаў РСФСР, другі — для ўніверсітэтаў саюзных рэспублік.

I. С. Чымбург дастаткова актыўна займаўся навуковай дзейнасцю, грамадскай работай. За мінулы перыяд сваёй навуковай дзейнасці ён надрукаваў 33 навуковыя артыкулы ва «Ученых записках» БДУ, часопісах і газетах, з’яўляўся адным з рэдактараў 4-га тома «Гісторыі БССР», узначальваў кафедру марксізму-ленінізму БДУ, выступаў з лекцыямі і дакладамі як пазаштатны лектар ЦК КП(б)Б перад жыхарамі Мінска, з’яўляўся членам Мінскага гаркама КП(б)Б, членам рэспубліканскага і абласнога кіраўніцтва таварыстваў па распаўсюджванні палітычных, навуковых ведаў. Так, у прыватнасці, характарызавалі рэктара ў БДУ. Аднак ВАК МВА СССР 20 лістапада 1951 г., разглядзеўшы хадайніцтва Савета БДУ ад 12 кастрычніка 1951 г. аб зацвярджэнні I. С. Чымбурга ў навуковым званні прафесара адмовіў, не знайшоўшы дзеля таго падстаў. Пры гэтым падкрэслівалася, што да навуковага звання рэктар можа быць прадстаўлены не Саветам універсітэта, а кіраўніцтвам Галоўнай управы ўніверсітэтаў СССР.

Акрамя таго, мусіць, не спрыяў аўтарытэту рэктара сярод вышэйшага кіраўніцтва скандал, які разгарэўся на кафедры рускай і ўсеагульнай літаратуры летам 1950 г. паміж заг. кафедры прафесарам I. В. Гутаравым і дацэнтамі Л. У. Круцікавай, Л. Я. Рэзнікавым і іншымі. Канфлікт, узнікшы з-за дробязных разыходжанняў, хутка перарос у высвятленне асабістых адносін, выліўся ў цэлы шэраг скаргаў сакратару парткама БДУ М. С. Арлову, начальніку Галоўнай управы ўніверсітэтаў МВА К. Ф. Жыгач, сакратару ЦК КП(б)Б Ц. С. Гарбунову. Рэктар лічыў, што ўся гэтая мітусня замінае працы кафедры і факультэта, але быў абвінавачаны ў «зажыме крытыкі і самакрытыкі». Аб становішчы (узаемаадносінах) на кафедры, факультэце дакладалася заг. аддзелам прапаганды і агітацыі ЦК КП(б)Б Ц. Я. Кісялёву, заг. сектарам навукі ЦК К. I. Шабуне. Урэшце рэшт справа зайшла так далёка, што I. С. Чымбург быў вымушаны пісаць дакладную запіску сакратару ЦК ВКП(б) М. А. Суславу з просьбай аб пераводзе канфліктуючых выкладчыкаў у іншыя ВНУ Беларусі.

Акрамя ўсіх гэтых прыкрых здарэнняў, магчыма, не падабаліся ў Міністэрстве вышэйшай адукацыі пастаянныя «бамбардзіроўкі» просьбамі аб выдзяленні сродкаў на абсталяванне, будаўніцтва і г. д. Маглі быць, верагодна, і іншыя падставы для таго, каб 19 ліпеня 1952 г. згодна з загадам МВА СССР, Іван Савіч Чымбург пакінуў пасаду рэктара БДУ, зрабіўшы тое, што быў у стане зрабіць, і завяршыўшы аднаўленне ўніверсітэта.

Пасля I. С. Чымбург працягваў працаваць загадчыкам кафедры гісторыі філасофіі і логікі, а ў канцы верасня 1953 г. пакінуў універсітэт назаўсёды.

У наступныя гады Іван Савіч працаваў загадчыкам сектара Інстытута філасофіі і права АН Беларусі (да лютага 1957 г.), узначальваў кафедру даялектычнага і гістарычнага матэрыялізму Беларускага політэхнічнага інстытута (да 1 жніўня 1962 г.). У гэты час I. С. Чымбург з’яўляўся членам навуковага савета (на чале з акад. В. А. Сербектам) па праблеме «Гісторыя перадавой філасофскай і грамадска-палітычнай думкі на Беларусі», членам навукова-тэхнічнага савета Міністэрства вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесійнай адукацыі БССР, пісаў рэцэнзіі на кнігі і артыкулы, працаваў над уласнай манаграфіяй «Ідэйная барацьба ў Беларусі напярэдадні Кастрычніка».

3 верасня 1962 г. I. С. Чымбург працуе дацэнтам кафедры дыялектычнага і гістарычнага матэрыялізму ў БПІ, пасля чытае той самы курс у Беларускім інстытуце ўдасканалення ўрачоў. У жніўні 1964 г. быў абраны па конкурсе на пасаду дацэнта кафедры марксісцка-ленінскай філасофіі Мінскага педінстытута. Тут ён працаваў да 1970 г., калі выйшаў на пенсію, хоць колькі часу заставаўся сумяшчальнікам (да 1976 г.), актыўна ўдзельнічаў у партыйным жыцці інстытута.

Па сваіх поглядах Іван Савіч Чымбург да канца свайго жыцця заставаўся артадаксальным камуністам, ніколі не дапускаў адыходу ад марксісцка-ленінска-сталінскіх догмаў.

Па матэрыялах: Яноўскі, А.А. Гісторыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў біяграфіях яго рэктараў / А.А. Яноўскі, А.Г. Зельскі - Мн.: БДУ, 2001. - 320 с.

FaLang translation system by Faboba