Гісторыя ўніверсітэцкага гарадка
Універсітэцкі гарадок БДУ - адметнасць нашай сталіцы.
Будынак, які размешчаны ва ўнутраным дворыку БДУ, дазваляе прасачыць амаль усю шматгадовую гісторыю ўніверсітэта.
У першыя гады існавання ўніверсітэт сутыкнуўся з вялікімі цяжкасцямі. Адной з галоўных праблем быў недахоп памяшканняў для заняткаў. Яшчэ да будаўніцтва ўласнага ўніверсітэцкага гарадка па рашэнні Наркамасветы і Мінскага гарвыканкама ўніверсітэту былі прадастаўлены навучальныя карпусы.
Будынкам «БДУ №1» стала былая мужчынская гімназія К. Фальковіча, якая размяшчалася на вуліцы Кашарскай (кашары - казармы), затым з 1870-х г. вуліца стала называцца Скобелеўская, у гонар героя руска-турэцкай вайны генерала Скобелева, а ў 1919 г. яна атрымала сваю сучасную назву - Чырвонаармейская. У будынку гімназіі размясцілася праўленне ўніверсітэта. У гэтым корпусе фактычна на працоўным месцы некаторы час жыў першы рэктар універсітэта У. І. Пічэта.
На сучасным этапе будынак рэканструяваны і цяпер там знаходзіцца гістарычны факультэт БДУ.
Універсітэту таксама было перададзена памяшканне Камерцыйнага вучылішча (пабудавана яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя), які знаходзіўся на тэрыторыі сучаснай плошчы Незалежнасці. Некаторы час тут функцыянавала педагагічнае аддзяленне БДУ, пазней будынак быў перададзены Інстытуту народнай гаспадаркі. Па дадзеных даследчыка М. І. Красоўскага, калі ў Мінску праводзіліся зямельныя работы па пашырэнню плошчы імя Леніна (цяпер плошча Незалежнасці), пад руінамі былога будынка інстытута быў ускрыты склеп, у якім у гады вайны была размешчана служба бяспекі СД. Тут былі выяўленыя шматлікія дакументы часоў фашысцкай акупацыі.
Да адных з самых старых будынкаў універсітэта належыць цяперашні рэктарат БДУ. Будаўніцтва ў сярэдзіне 20-х гадоў ХХ ст. гэтага корпуса было выклікана патрэбамі ў новых памяшканнях. Па праекце архітэктара Радзіевіча быў пабудаваны новы вучэбна-лабараторны корпус, які адкрыў свае дзверы ў 1925 г. Каб захаваць агульны выгляд архітэктурнай кампазіцыі, новы вучэбны будынак быў пабудаваны ў тым жа стылі, што і Камерцыйнае вучылішча, і размяшчаўся недалёка ад яго.
Спачатку ў новым корпусе размясціўся фізічны інстытут БДУ, а з 1931 г. - фізіка-матэматычны факультэт. У час вайны будынак фізмата ацалеў (у ім была АТС), і ў 1945 г. пасля рамонту зноў прыняў у свае сцены студэнтаў БДУ. У яго аўдыторыях і лабараторыях працягвалі сваю вучобу фізматаўцы, ішлі заняткі са студэнтамі іншых факультэтаў, размяшчаліся некаторыя аддзелы і службы ўніверсітэта, рэдакцыя газеты «Беларускі ўніверсітэт». У 70-я гады тут вучыліся студэнты фізічнага факультэта, там жа знаходзілася кафедра фізікі паўправаднікоў, некаторыя лабараторыі, газгольдарная станцыя.