Стварэнне БДУ. Кузня кадраў нацыянальнай інтэлігенцыі ў 1920- гг.
-
Уладзімір Іванавіч Пічэта
Першы рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У.І. Пічэта зрабіў усё, каб матэрыяльна-тэхнічная база, кадравы склад, навучальны працэс ва ўніверсітэце адказвалі самым высокім стандартам. Уладзімір Іванавіч быў таленавітым кіраўніком і арганізатарам, выдатным навукоўцам і педагогам. Ён паспяваў літаральна ўсё: чытаў лекцыі па гісторыі і культуры Беларусі студэнтам амаль усіх спецыяльнасцяў, расстаўляў навучальныя сталы і крэслы, вывешваў аб'явы. Нельга абысці і яго навуковую дзейнасць, у музеі размешчаны толькі некаторыя яго працы. Менавіта ён зрабіў у беларускай гістарычнай навуцы той падмурак, на якім будавалася ўся сістэма адукацыі і навукі ва ўніверсітэце. Акрамя таго, ён пашырыў межы беларускай навукі. Яго камандзіроўкі ў Нямеччыну, Чэхію, Літву былі цяжкай, але высакароднай місіяй, бо за мяжой мала хто ведаў пра існаванне беларускай дзяржаўнасці і беларускага этнасу ў пачатку ХХ стагоддзя. Такім чынам, яго педагагічная, навуковая і арганізатарская дзейнасць была вельмі плённая. -
Пастанова аб адкрыцці
Пасля абвяшчэння БССР Цэнтральны выканаўчы камітэт Рэспублікі 25 лютага 1919 г. прыняў пастанову аб адкрыцці ў Мінску ўніверсітэта. На яго першачарговыя патрэбы быў выдзелены 1 млн. рублёў, перадаваліся будынка гарадскіх устаноў. Аднак савецка-польская вайна затрымала адкрыццё ўніверсітэта. -
Урачысты сход
30 кастрычніка 1921 года адбыўся ўрачысты сход, прысвечаны адкрыццю БДУ. Універсітэт ў 1921 г. пачаў працу ў складзе трох факультэтаў: рабочага, медыцынскага, грамадскіх навук. Урачыстае адкрыццё праходзіла ў актавай зале былога рэальнага вучылішча Хайкіна (знаходзілася на скрыжаванні вул. Магазіннай і Багадзельнай). У адкрыцці прынялі ўдзел прафесары, выкладчыкі, студэнты, а таксама партыйна-дзяржаўнае кіраўніцтва. А на наступны дзень у тым жа будынку была прачытана першая лекцыя Дзмітрыем Пятровічам Канчалоўскім, прысвечаная культуры Міжземнамор'я ў эпоху панавання Рыма. -
Будаўніцтва ўніверсітэцкага гарадка
У першыя гады існавання ўніверсітэт сутыкнуўся з вялікімі цяжкасцямі, асабліва, што тычыцца матэрыяльна-тэхнічнай базы. Самай галоўнай была праблема недахопу плошчаў для заняткаў і неабходнасць будаўніцтва ўніверсітэцкага гарадка. Будаўніцтва ўніверсітэцкага гарадка пачалося па рашэнні VIII Усебеларускага з'езда Саветаў у лістападзе 1927 года па праекце архітэктараў І. Запарожца і Г. Лаўрова. -
Першыя прафесары БДУ
Першыя прафесары БДУ: У.І. Пічэта, В.Г. Кнорын (палітэканомія), У.М. Ігнатоўскі (гісторыя Беларусі), В.М. Іваноўскі (філасофія і педагогіка), І.М. Салаўёў (педагогіка), Д.П. Канчалоўскі, У.М. Перцаў, М.М. Мікольскі, Д.А. Жарынаў, С.З. Каценбоген, Ф.Ф. Турук, А.А. Савіч (гісторыя), Н.Я. Янчук (этнаграфія), С.Я. Вальфсон (філасофія), Б.М. Беркенгейм (хімія), М.Б. Кроль (медыцына), П.І. Карузін (анатомія), А.У. Фядзюшын (заалогія). -
Першы дэкан Медыцынскага факультэта
Першы дэкан Медыцынскага факультэта - прафесар М.Б. Кроль. Адзін з вядучых напрамкаў навуковай дзейнасці - праблемы лакалізацыі функцый галаўнога мозгу. Вынікі даследаванняў ляглі ў аснову доктарскай дысертацыі «Матэрыялы да вывучэння апраксіі». Як вопытны неўрапатолаг быў адным з лекараў В. І. Леніна ў 1923-1924 гг. Аўтар адной з найбуйнейшых манаграфій у галіне неўрапаталогіі «Невропатологические симптомы» (1933, 1936), перакладзенай на нямецкую і іспанскую мовы. Паспяхова працаваў над пытаннямі аднаўлення парушаных функцый у хворых з рознымі арганічнымі і функцыянальнымі захворваннямі нервовай сістэмы. Вывучаў вірусныя інфекцыі нервовай сістэмы, пухліны галаўнога і спіннога мозгу. -
Першы курс медыцынскага факультэта БДУ на занятках у анатамічным корпусе. 1920-я гг.
У 1921 г. на медыцынскім факультэце былі створаны кафедры фізіялогіі, анатоміі, фізікі, фармацыі, фармакалогіі і фармакагназіі, агульнай хірургічнай паталогіі, медычнай дыягностыкі, паталагічнай анатоміі, арганічнай хіміі, бактэрыялогіі і гісталогіі, лабараторыя неарганічнай хіміі.
-
Прафесар С.М. Васілейскі праводзіць досведы па псіхалогіі (заг. каф. педагогікі і псіхалогіі БДУ 1924-1927)
Серафім Міхайлавіч (1888-1961) - псіхолаг і педагог, спецыяліст у галіне педагагічнай псіхалогіі, педалогіі, індустрыяльнай псіхатэхніцы. Скончыў Псіханеўралагічны інстытут і Пецярбургскі ун-це (1914), быў накіраваны ў Германію для ўдасканалення ў псіхалогіі, слухаў лекцыі В. Вундта ў Лейпцыгу, працаваў у яго лабараторыі. Педагагічную дзейнасць пачаў у Самарскім педагагічным інстытуце, працаваў у педінстытуце Віцебска, Мінска, удзельнічаў у дзейнасці псіхатэхнічнай лабараторыі Інстытута аховы працы ў Мінску. Яго працы 1920-х гг. прысвечаны аналізу метадаў і тэхнікі даследаванняў у галіне педалогіі і псіхатэхнікі ("Уводзіны ў тэорыю і тэхніку псіхалагічных, педалагічных і псіхатэхнічных даследаванняў", 1927; "Асноўныя пытанні педалогіі" 1926; 1928; 1930). Пад кіраўніцтвам С.М. Васілейскага быў распрацаваны набор тэстаў для ацэнкі агульнай разумовай адоранасці і тэхнічнай адоранасці ў мэтах прафкансультацыі і прафадбору ("Каментар і інструкцыі да пастаноўкі выпрабаванняў па "Асноўнаму комплексу тэстаў"(у суаўт. З А.А. Гайвароўскім і С.М. Вержбаловічам), 1929; "Асноўны комплекс тэстаў для выпрабаванняў тэхнічнай адоранасці", у суаўт.).
-
Прафесар Т.В. Бірыч за правядзеннем аперацыі на вачах. 1928 г.
Таццяна Васільеўна Бірыч нарадзілася ў 1905 г. у вёсцы Лошніца Барысаўскага павета Мінскай губерні, у 1928 г. скончыла медыцынскі факультэт БДУ. Прафесар Т. В. Бірыч была галоўным афтальмолагам рэспублікі, старшынёй праўлення Беларускага навуковага медыцынскага грамадства афтальмолагаў, дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР 6-га склікання, намеснікам старшыні прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР (1963-1967 гг.). Узнагароджана ордэнам Леніна, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі, а ў 1975 г. ёй прысвоена высокае і ганаровае званне Героя Сацыялістычнай Працы.
-
Прафесар С.М. Дробных сярод студэнтаў і практыкантаў тэрапеўтычнай клінікі БДУ. 1926 г.
Дробных Сяргей Міхеевіч (1877-1952) нарадзіўся 12 мая (2 чэрвеня) 1877 г. у г. Маскве. Скончыў медыцынскі факультэт Маскоўскага ўніверсітэта ў 1900 г. i працаваў асістэнтам факультэцкай тэрапеўтычнай клінікі Маскоўскага ўніверсітэта (1918-1922). Заснавальнік і першы загадчык кафедры факультэцкай тэрапіі медыцынскага факультэта БДУ, Беларускага (Мiнскага) медыцынскага інстытута (1922-1941), адначасова загадчык кафедры прапедэўтыкі ўнутраных хвароб (1922-1934), дэкан медыцынскага факультэта ў 1923-1924 гг. Прысвоена вучонае званне прафесара ў 1923 г., прысуджана вучоная ступень доктара медыцынскіх навук у 1934 г. У 1940-1941 гг. - дырэктар Інстытута тэарэтычнай і клінічнай медыцыны АН БССР. Абраны членам-карэспандэнтам АН БССР у 1940 г. Дырэктар Інстытута тэарэтычнай і клінічнай медыцыны АН БССР у 1945-1952 гг. Займаўся праблемамі паталогіі нырак. Вывучаў пытанні лячэння хвароб сэрца і сасудаў. Упершыню прапанаваў нутравеннае ўвядзенне настойкі страфант для лячэння недастатковасці кровазвароту. Кіраваў арганізацыяй першага ў рэспубліцы гематалагічнага аддзялення, увёў чытанне асобнага цыкла лекцый для студэнтаў па гематалогіі. Узнагароджаны 2 ордэнамі, медалямі, Ганаровымі граматамі ВС БССР. Прысвоена ганаровае званне заслужанага дзеяча навукі БССР (1938).
-
Заняткі на працоўным факультэце
Заняткі на працоўным факультэце пачаліся 17 чэрвеня 1921 г. Да вучобы прыступілі 160 чалавек (107 - на падрыхтоўчым, 53 - на асноўным аддзяленні) -
Першая група студэнтаў рабочага факультэта. 1921 г.
-
Лабараторныя заняткі на рабфаку БДУ. 1923 г.
-
Студэнты рабочага факультэта ў інтэрнаце БДУ. 1927 г.
-
-
Першы дэкан факультэта грамадскіх навук - прафесар У. М. Ігнатоўскі
ФГН быў адкрыты ў складзе 4 аддзяленняў: этналінгвістычнага (з секцыямі рускай, беларускай, габрэйскай моў); грамадска-педагагічнага, эканамічнага і прававога. Ігнатоўскі Усевалад Міхайлавіч (1881-1931) нарадзіўся 19 красавіка 1881 г. у в. Такара Брэсцкага павета Гродзенскай губерні. Вучыўся ў Віленскім духоўным вучылішчы, Літоўскай і Магілёўскай духоўных семінарыях, Пецярбургскім гісторыка-філалагічным інстытуце. У 1911 г. скончыў Юр'еўскі ўніверсітэт. У 1915 годзе стварыў культурна-асветніцкую арганізацыю «Наш край». У снежні 1920 г. на II Усебеларускім з'ездзе Саветаў быў прызначаны Народным камісарам асветы. На гэтай пасадзе працаваў да лютага 1926 г. 1926-1928 гг. - кіраўнік, прэзідэнт Інстытута беларускай культуры. 1929-1931 гг. - Прэзідэнт Беларускай акадэміі навук. Чытаў студэнтам лекцыі па гісторыі Беларусі, гісторыі беларускай культуры. 1921-1930 гг. - Член праўлення БДУ. У.М. Ігнатоўскім напісана больш за 30 навуковых прац. -
Я. Колас і З. Бядуля сярод студэнтаў БДУ. 1922 г.
-
Прафесар С.Я. Вальфсон сярод студэнтаў факультэта грамадскіх навук. 1920-е гг.
Вальфсон Сямён Якаўлевіч (1894-1941) нарадзіўся ў г. Бабруйску. Скончыў Кіеўскі ўніверсітэт (1919г). З 1921 г. - прафесар БДУ, акадэмік АН СССР - з 1928 г. У 1931-1938 гг. - Дырэктар Інстытута філасофіі і права АН БССР. Сямён Якаўлевіч быў першым намеснікам дэкана факультэта грамадскіх навук БДУ і курыраваў прававое аддзяленне. У 1925-1930 гг. ён з'яўляецца дэканам факультэта права і гаспадаркі ўніверсітэта. У 1929-1938 гг. - Сябра ЦВК БССР. С. Я. Вальфсон даследаваў праблемы дыялектычнага і гістарычнага матэрыялізму, гісторыі філасофіі, сацыялогіі, навукі і культуры. Ён аўтар падручнікаў па дыялектычным матэрыялізме. Шэраг яго прац прысвечаны стане рэлігійнага жыцця ў Беларусі, гісторыі сям'і і шлюбу, крытыцы ідэалогіі фашызму і расавых тэорый. Апублікаваў больш за 30 навуковых прац, у тым ліку 9 манаграфій. Расстраляны фашыстамі ў 1941 г. -
Заалагічная экспедыцыя БДУ
Заалагічная экспедыцыя БДУ пад кіраўніцтвам прафесара А.У.Фядзюшына. 1926 г. Фядзюшын Анатоль Уладзіміравіч (1891-1972) нарадзіўся 28 красавіка (11 мая) 1891 г. у г. Слуцку былой Мінскай губерні. У 1909 г. ён паступіў у Маскоўскі ўніверсітэт на прыроднае аддзяленне фізіка-матэматычнага факультэта, дзе пачаў вывучаць птушак Беларусі. З 1921 па 1933 навуковая і педагагічная дзейнасць А.У. Фядзюшына працякала ў Беларускай ССР, спачатку ў якасці выкладчыка, а з 1927 г. - прафесара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па кафедры заалогіі. Тады па заданні Дзяржплана БССР ён праводзіў заалагічныя даследаванні на тэрыторыі БССР, што дало навуковае абгрунтаванне для арганізацыі першага ў Беларусі Дзяржаўнага бабровага запаведніка ў вярхоўях ракі Бярэзіны. У 1933 г. заканчваецца беларускі перыяд у жыцці і працы А.У. Фядзюшына. Да гэтага часу ў спісе друкаваных работ налічваецца 82 назвы. З 1933 г. да смерці працаваў загадчыкам кафедры заалогіі і дарвінізму Омскага сельскагаспадарчага інстытута. У 1967 г. ён у суаўтарстве з М.С. Долбікам выдаў манаграфію «Птушкі Беларусі», як вынік ўсіх яго арніталагічных даследаванняў у Беларусі з канца XIX стагоддзя, Узнагароджаны ордэнам Леніна (1961). -
Першая Усебеларуская прыродазнаўчая канферэнцыя пры педфаку БДУ. 1926 г.
-
Раскопкі гарадзішча н Банцараўшчыне ў 1926 г.
Прымалі ўдзел студэнты БДУ. На пярэднім плане М. В. Доўнар-Запольскі, за ім К. М. Палікарповіч. -
У 1928 г. універсітэт наведаў А.В. Луначарскі
Ён азнаёміўся з ходам будаўніцтва ўніверсітэцкага гарадка, агледзеў лабараторыі фізіка-матэматычнага аддзялення педфака. На фота А.В. Луначарскі ў заалагічным музеі БДУ. -
Студэнты педфака БДУ на занятках па ваеннай падрыхтоўцы. 1929 г.
1926-1927 гг. на ўсіх факультэтах уведзены спецпрадмет - ваенізацыя. Адкрыты ваенны кабінет, пачалося чытанне лекцый па ваеннай тапаграфіі, тактыцы, хіміі і інш. З 1926-1931 гг. курс «Вышэйшай дапрызыўнай ваеннай падрыхтоўкі» ў званні камандзіра кавалерыйскія палка выкладаў у БДУ Г.К. Жукаў, будучы маршал Савецкага Саюза, Герой СССР. -
Танцавальны гурток БДУ 1930-я гг.
-
У 1920-я гг. БДУ стаў alma mater многіх вядомых людзей
Якаў Уладзіміравіч Смушкевич ўдзельнік грамадзянскай вайны ў Беларусі, двойчы Герой Савецкага Саюза, генерал-лейтэнант авіяцыі. Вучыўся ў БДУ 1923-1925 гг.