Аднаўленне (1945–1953 гг.)

Пасля завяршэння ваенных дзеянняў на тэрыторыі рэспублікі Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт вярнуўся ў Мінск. З 16 кастрычніка 1944 г. пачаліся заняткі. У снежні была зацверджана новая структура ўніверсітэта: рэктарат, вучэбная частка, аддзел кадраў, бухгалтэрыя, бібліятэка, канцылярыя, інтэрнат, дэканаты і спецчастка. Акрамя гістарычнага, хімічнага, біялагічнага і геаграфічнага, якія дзейнічалі ў эвакуацыі, былі створаны завочны факультэт і факультэт журналістыкі.

1947 lekc 
І.Р. Некрашэвіч чытае лекцыю студэнтам фізмата. 1947 г.

Адраджэнне ўніверсітэта адбывалася ў складаных умовах страшэннай разрухі. Мінск ляжаў у руінах. Людзі засталіся без прытулку, не хапала адзення, абутку, прадуктаў харчавання. З вялікімі цяжкасцямі знайшлі будынкі для ўніверсітэта. Безумоўна, яны не былі прыстасаваны для вучобы, асабліва для прыродазнаўчых факультэтаў БДУ. На працягу некалькіх месяцаў універсітэт займаў палову будынка фізмата, чацвёрты паверх сярэдняй школы № 2 і былы будынак педтэхнікума на вул. Віцебскай, 9. Некалькі баракаў было выдзелена пад інтэрнат для студэнтаў. Большасць памяшканняў не ацяплялася, не хапала мэблі.

Першы пасляваенны год для краіны быў вельмі цяжкім. Неабходна было знайсці сродкі на развіццё новых галін вытворчасці, менавіта сюды накіроўваліся асноўныя людскія і матэрыяльныя рэсурсы. Паўднёвыя раёны СССР (у тым ліку і частку Гомельскай вобласці) ахапіла засуха; у 1946 г. захоўвалася нарміраванае забеспячэнне, хлебныя карткі атрымлівалі звыш 2,3 млн чалавек. Мінчанам, у тым ліку студэнтам і выкладчыкам БДУ, выдавалі прадукты па картках. Паступова асноўнай крыніцай даходаў жыхароў горада станавілася заработная плата.

У 1946 г. яе павялічылі для работнікаў вядучых галін прамысловасці, адукацыі і навукі. У сакавіку гэтага ж года была прынята пастанова СНК СССР «Аб павышэнні акладаў работнікам навукі і аб паляпшэнні іх матэрыяльна-бытавых умоў». У адпаведнасці з ёй аклады выкладчыкаў універсітэта вагаліся ад 2300 да 6000 рублёў у залежнасці ад пасады і стажу работы. Акрамя таго, ім выдзяляліся харчовыя і прамысло- выя тавары на суму ад 1500 да 10 000 рублёў. Для параўнання — калгаснікі з лепшых гаспадарак у 1947 г. атрымлівалі 3 рублі на працадзень. Менавіта гэта пастанова стала дакументам, на падставе якога рэктар БДУ патрабаваў ад гарадскіх улад паляпшэння жыллёвых умоў работнікам універсітэта. Акадэмікам і прафесарам, дактарам навук павінны былі выдзяляцца аўтамабілі. У рэальным жыцці гэта не заўсёды выконвалася, але кіраўніцтва краіны клапацілася пра тых, хто рыхтаваў спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй. Безумоўна, што аўтарытэт прафесара БДУ ў грамадстве быў вельмі значны.

1 vypusk 
 Першы пасляваенны выпуск

У 1946 г. палепшылася становішча нізкааплатных катэгорый гарадскога насельніцтва, сярод іх былі і студэнты, якія атрымалі так званую «хлебную надбаўку». Яна была ўведзена адначасова з павышэннем пайковых цэн на хлеб у сувязі з падрыхтоўкай да адмены картачнай сістэмы (снежань 1947 г.). Патрэбна адзначыць, што грошы, якія выкладчыкі паклалі на ашчадныя кніжкі да грашовай рэформы 1948 г., у поўным памеры не захаваліся (абменьваліся на новыя грошы 1:1 толькі ўклады да 3000 рублёў). Грашовыя знакі абменьваліся 10:1, зарплаты ў некалькі тысяч знізіліся да некалькіх соцень. Былі ўстаноўлены адзіныя цэны (раней па картках яны былі значна ніжэйшыя за камерцыйныя). Цяпер выкладчык БДУ не мог дазволіць сабе дакупліваць неабходнае па камерцыйным кошце. Кілаграм мяса нарынку ў 1948 г. дасягаў 20 рублёў, кошт 1 л. малака — 5 рублёў, 1 кг. бульбы — 50—60 капеек. Патрэбна было плаціць за жыллё, за навучанне дзяцей не толькі ў ВНУ, але і ў старэйшых класах школы.

Вельмі марудна вырашалася жыллёвае пытанне, таму што асноўныя сілы былі кінуты на будоўлю заводаў, аднаўленне вытворчых структур. Пэўныя спадзяванні на паляпшэнне лабараторнай базы, вучэбна-метадычнага забеспячэння, паскарэнне будаўнічых работ з’явіліся пасля таго, як у 1946 г. універсітэт быў перададзены ў сістэму Міністэрства вышэйшай адукацыі СССР. Адбудова памяшканняў БДУ была завершана да пачатку 1950 г. Актыўны ўдзел у аднаўленні сваёй альма-матэр прымалі студэнцкія будаўнічыя атрады, лепшыя з якіх адзначаліся рэктарам. У будынку біяфака размяшчаліся гістарычны, філалагічны, біялагічны (з 1950 г. — біёлага-глебавы) факультэты, рэктарат, бібліятэка, чытальная зала, заалагічны музей, клуб. Студэнты хімічнага, геалагічнага (з 1950 г. — геолага-геаграфічнага) факультэтаў і спецкафедраў вучыліся ў будынку хімфака. Фізіка-матэматычны факультэт, друкарня і рэдакцыя газеты «За сталінскія кадры» размяшчаліся ў будынку фізфака. Нельга не адзначыць тое, што адным з першых пасляваенных рашэнняў кіраўніцтва БДУ быў загад аб аднаўленні дзейнасці Гісторыка-археалагічнага музея. Дырэктарам быў прызначаны Ф. М. Нячай, вядомы беларускі гісторык.

vup1947 
 Выпускнікі БДУ. 1947 г.

Істотныя змены адбываліся ў вучэбным працэсе. З 1944 г. дзеля хутчэйшага забеспячэння ўстаноў краіны педагагічнымі кадрамі ўніверсітэты, якія рыхтавалі спецыялістаў гуманітарнага напрамку, пераходзілі на 4-гадовы тэрмін навучання, але ўжо з 1947 г. вярнуліся да 5-гадовага. У 1945 г. універсітэт меў наступныя факультэты: філалагічны, гістарычны, фізіка-матэматычны, хімічны, геаграфічны, біялагічны і факультэт журналістыкі (з 1946/47 навучальнага года — спецыяльнасць на філалагічным факультэце). На першы курс было прынята 420 чалавек, але колькасць выпускнікоў між тым была невялікай. Так, першы пасляваенны выпуск географаў склаў 9 чалавек. У 1947 г. на гістарычным факультэце было адкрыта аддзяленне філасофіі па падрыхтоўцы выкладчыкаў логікі і псіхалогіі.

У снежні 1945 г. пачалося навучанне ў аспірантуры БДУ. Адкрыты лабараторыі лесахіміі, тарфахіміі, аналітычнай хіміі, фізіялогіі раслін. У 1947 г. быў створаны Навукова-даследчы інстытут хіміі.

У БДУ працавалі 103 выкладчыкі, сярод якіх 23 прафесары, 39 дацэнтаў, 19 старшых выкладчыкаў, 10 выкладчыкаў і 12 асістэнтаў. Некаторыя з іх рыхтавалі свае дысертацыі. Так, 26 красавіка 1946 г. у Маскоўскім дзяржаўным універсітэце абараніў кандыдацкую дысертацыю старшы выкладчык кафедры дыферэнцыяльных ураўненняў М. I. Мінкевіч. На працягу 1946/47 навучальнага года ў Вучоным савеце адбылася абарона 30 дысертацый: 29 — кандыдацкіх і 1 — доктарскай (дацэнта I. В. Гутарава). Па спецыяльнасцях абароненыя дысертацыі размеркаваліся наступным чынам: гістарычныя навукі — 7, біялагічныя, хімічныя, філалагічныя — па 5, эканамічныя — 4, фізіка-матэматычныя — 3, педагагічныя — 1.

Вялікае значэнне надавалася выхаваўчай і ідэалагічнай рабоце.

Быў адноўлены выпуск газеты «За сталінскія кадры». Вучэбная і навуковая дзейнасць кожнага факультэта і кафедры штогод абмяркоўвалася на пасяджэннях Вучонага савета БДУ, партыйных сходах.

Ва ўмовах абвастрэння міжнароднага процістаяння ўзрастала напружанасць унутры краіны. Вынікі сесіі Усесаюзнай акадэміі сельскагаспадарчых навук імя У. I. Леніна 1948 г., барацьба з касмапалітызмам у канцы 1940-х гг. і іншыя палітычныя і ідэалагічныя кампаніі захліснулі ўсе сферы жыцця, у тым ліку адукацыю і навуку.

Многія з выдатных вучоных, адстойваючы свае прынцыповыя навуковыя пазіцыі, страцілі працу, здароўе, а некаторыя і жыццё. Дзейнасць універсітэта звязана з імёнамі яго рэктараў. Заслугай Парфена Пятровіча Савіцкага, які займаў пасаду рэктара з 1938 па 1946 г., стала не толькі наладжванне работы БДУ на станцыі Сходня пад Масквой у 1943 г., але і аднаўленне БДУ ў Мінску з 1944 г. П. П. Савіцкі вымушаны быў жыць і працаваць у складаных умовах. Па многіх пазіцыях, у прыватнасці адстойваючы дзейнасць першага рэктара БДУ У. I. Пічэты, ён не згаджаўся з догмамі палітычнай наменклатуры. Партыйныя і савецкія органы, шукаючы абвінавачванне на У. I. Пічэту, надавалі пільную ўвагу не толькі арганізацыі работы ўніверсітэта, але і асобе самога П. П. Савіцкага, яго навуковай пазіцыі і поўнаму перыпетый асабістаму жыццю.

Пасля прадстаўлення П. П. Савіцкім у канцы лютага 1945 г. у аддзел школ ЦК КП(б)Б пашпарта БДУ з характарыстыкай яго першага рэктара як выдатнага гісторыка-славіста, заснавальніка навуковай школы ў Беларусі, а гэта не супадала з устаноўкамі партыйных органаў рэспублікі, універсітэт адразу ж трапіў у няміласць ЦК КП(б)Б. I тым болыш заслугоўвае павагі рэктар П. П. Савіцкі, які не адмовіўся ад сваёй ацэнкі дзейнасці У. I. Пічэты. Пра гэта сведчыць і дакладная запіска загадчыка аддзела школ на імя сакратара ЦК КП(б)Б: «Савицкнй ответил мне, что он счнтает неправильным такое отношение к Пичете, не согласился с моим заявлением о неправильности пункта о Пичете и, подписав в моем присутствии оставленный в отделе школ паспорт, ушел из ЦК.

Такое поведение руководителя крупнейшего научного центра республики надо считать недопустимым. Савицкнй ориентируется на сомнительные научные кадры, игнорирует молодых советских ученых и противопоставляет свою политику в области науки политике ЦК КП(б)Б». Дарэчы, 11 ліпеня 1947 г., ужо пасля смерці першага рэктара У. I. Пічэты, быў выдадзены загад міністра вышэйшай адукацыі СССР «Аб устанаўленні стыпендый імя акадэміка У. I. Пічэты ў Маскоўскім універсітэце і ў Беларускім універсітэце».

У снежні 1946 г. рэктарам БДУ быў прызначаны Уладзімір Антонавіч Тамашэвіч. На гэтай пасадзе ён плённа працаваў да 1 лютага 1949 г.

 1949 lenin
 Прысваенне БДУ звання ім. Леніна. 1949 г.

У ліпені 1949 г. рэктарам БДУ быў абраны Іван Савіч Чымбург, які да вайны ўзначальваў гістарычны факультэт, змяніўшы рэпрэсіраванага В. К. Шчарбакова, і нейкі час выконваў абавязкі рэктара.

Фактычна I. С. Чымбург заняў гэту пасаду толькі з 4 жніўня. Амаль паўгода ўніверсітэтам кіраваў намеснік па навуцы, гісторык А. П. П’янкоў. За чэрвень 1949 г. захавалася і некалькі дакументаў за подпісам П. П. Савіцкага. На завяршэнні гэтага складанага і супярэчлівага перыяду ў жыцці краіны і БДУ з 14 жніўня 1952 г. рэктарам быў прызначаны доктар геолага-мінералагічных навук, прафесар Канстанцін Ігнатавіч Лукашоў.

У 1952–1953 гг. адбылася рэарганізацыя сістэмы кіраўніцтва БДУ. Былі створаны два вучоныя саветы: гуманітарных і прыродазнаўчых навук — пры гэтым па-ранейшаму дзейнічаў агульны Вучоны савет. Быў арганізаваны пастаянна дзеючы орган — рэктарат, які збіраўся штомесяц для вырашэння пытанняў вучэбнай і навуковай работы. У яго ўваходзілі рэктар, прарэктары, дэканы, прадстаўнікі партарганізацый і прафкама. На парадку дня таксама былі і гаспадарчыя пытанні. Вельмі важна было забяспечыць студэнтаў інтэрнатамі і палепшыць умовы іх пражывання. На пачатку 1950 г. мелі патрэбу ў інтэрнатах каля 1770 студэнтаў, з іх 970 былі забяспечаны ложка-месцам, што няблага нават і па сённяшнім часе. Каля 140 студэнтаў жылі на прыватных кватэрах. З іх 30 чалавек атрымлівалі ў бухгалтэрыі па 25 рублёў на аплату кватэры. Аднак умовы жыцця ў інтэрнатах заставаліся дрэннымі. Жылі па 25–30 чалавек у пакоі, гатаваць ежу не было дзе. Сталовыя не забяспечвалі харчаваннем. Узнікла патрэба ў будаўніцтве сучасных інтэрнатаў. Знакамітую ўніверсітэцкую «капейку» сталі ўзводзіць у красавіку 1951 г.

У БДУ разгортваліся даследаванні па вывучэнні прыродных багаццяў краіны. У 1948 г. была арганізавана комплексная экспедыцыя геаграфічнага факультэта для вызначэння прадукцыйных сіл Палескай нізіны (кіраўнік — I. С. Лупіновіч). У наступным годзе абараніла кандыдацкую дысертацыю на тэму «Геамарфалогія паўднёвай часткі Мінскага ўзвышша» В. П. Якушка. Кафедра аналітычнай хіміі правяла экспедыцыю па азнаямленні з важнейшымі крыніцамі мінеральнай сыравіны БССР.

За 1949 г. адбыліся значныя змены ў выдавецкай дзейнасці. Выйшла 9 выпускаў «Вучоных запісак» 6 факультэтаў, 2 манаграфіі, зборнік артыкулаў да 30-годдзя БССР і зборнік аб В. Р. Бялінскім, а таксама выдадзены «Вучоныя запіскі» інстытутаў хіміі і біялогіі, зборнік студэнцкіх навуковых работ.

Ужо ў 1948/49 навучальным годзе ўніверсітэт змог арганізаваць 14 новых лабараторый, 10 кабінетаў, 2 музеі (заалагічны і мінералагічны). I з кожным наступным годам колькасць лабараторый і кабінетаў значна павялічвалася. Лабараторыі былі адкрыты на кафедрах неарганічнай і аналітычнай хіміі, фізіялогіі раслін, сістэматыкі раслін, заалогіі пазваночных і інш. Пачалі працаваць кабінеты пры кафедрах грамадазнаўчых, гістарычных і філалагічных навук. Усё гэта садзейнічала паляпшэнню арганізацыі вучэбнага працэсу, павышэнню паспяховасці студэнтаў.

Навукова-даследчай работай на працягу ўсяго 1948 г. было ахоплена 65,3 % прафесарска-выкладчыцкага складу ўніверсітэта. Лічба невысокая па сучасных мерках, але трэба мець на ўвазе, што вялікая колькасць выкладчыкаў працавала на ваеннай кафедры і кафедры фізічнага выхавання, значным з’яўляўся і лік сумяшчальнікаў. Да сярэдзіны 1950-х гг. БДУ востра адчуваў недахоп кадраў, найперш па матэматыцы, гісторыі Беларусі, мовах, геаграфіі і геалогіі. Таму вялікая ўвага надавалася падрыхтоўцы кадраў праз аспірантуру.

У 1948 г. было арганізавана Студэнцкае навуковае таварыства БДУ (СНТ). Яно аб’ядноўвала розныя гурткі, распрацоўвала тэматыку навукова-даследчай работы студэнтаў, арганізоўвала перыядычныя конкурсы на лепшыя работы, выданне навуковых работ студэнтаў, праводзіла навуковыя экспедыцыі. Кафедра гісторыі старажытнага часу арганізавала ў 1949 г. паездку ў Крым, дзе студэнты ўдзельнічалі ў археалагічных раскопках. Моладзь з розных факультэтаў праходзіла вытворчую практыку на Каўказе, у Маскве і Ленінградзе.

Tamashevich
У. А. Тамашэвіч

У хуткім часе колькасць членаў таварыства дасягнула 148 чалавек. У яго склад увайшлі рэктар У. А. Тамашэвіч, прарэктар па навуковай частцы М. Е. Макушок (ён жа быў і старшынёй), дацэнты Ф. М. Нячай, Ф. I. Фёдараў і інш. На кожным факультэце ствараліся аддзяленні СНТ. Да ліпеня 1948 г. быў падрыхтаваны зборнік навуковых студэнцкіх работ. У 1950 г. больш паловы ўсіх студэнтаў БДУ ўдзельнічалі ў навуковых гуртках. Лепшыя даклады рэкамендаваліся на студэнцкія навуковыя канферэнцыі БДУ, якія праводзіліся штогод. У 1950 г. на гарадскі конкурс вылучылі 49 дакладаў, заслуханых на канферэнцыі.

Насычаным было грамадскае і культурнае жыццё БДУ. У маі-чэрвені 1945 г. дэлегацыя БССР удзельнічала ў заснаванні Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. У склад дэлегацыі ўваходзілі вядомы гісторык прафесар У. М. Перцаў і будучы прарэктар БДУ па навуцы (з 1952 г.) Ф. П. Шмыгаў. У 1947 г. пачаў дзейнічаць універсітэцкі клуб выхаднога дня, які наладжваў сустрэчы з беларускімі паэтамі, пісьменнікамі, артыстамі. У красавіку 1947 г. універсітэт наведаў лаўрэат Сталінскай прэміі пісьменнік Максім Танк. Студыя кінахронікі падрыхтавала стужку аб гэтай сустрэчы. У памяці многіх пакаленняў засталіся святочныя першамайскія дэманстрацыі. Важнай падзеяй таго часу стала святкаванне 30-годдзя БДУ ў кастрычніку 1951 г. Такім чынам была адноўлена ініцыятыва У. I. Пічэты святкаваць заснаванне ўніверсітэта не 11 ліпеня, а 30 кастрычніка. Да юбілею ў газеце «За сталінскія кадры» былі надрукаваны цыклы артыкулаў «З гісторыі нашага ўніверсітэта» (кароткі агляд гісторыі БДУ), «Іх выхаваў універсітэт» (кароткія біяграфіі Кандрата Крапівы, Петруся Броўкі, Івана Гутарава, Івана Мележа і інш.). Прайшлі юбілейныя навуковыя чытанні, былі выпушчаны юбілейныя зборнікі «Вучоных запісак» і навуковых работ студэнтаў. Адбыліся конкурсы на лепшы верш, спартыўныя спаборніцтвы, тэатральныя пастаноўкі.

percev
Прафесар БДУ У.М. Перцаў падпісвае Статут ААН

Традыцыйнымі сталі мерапрыемствы, прысвечаныя розным юбілейным датам. У кастрычніку 1952 г. ва ўніверсітэце прайшлі святочныя мерапрыемствы, навуковыя сесіі, якія былі прымеркаваны да 70-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. Вучоныя і студэнты выступілі з дакладамі аб яго творчасці, беларускія пісьменнікі прачыталі свае творы, прысвечаныя юбіляру. У кабінетах беларускай мовы і літаратуры былі арганізаваны выстаўкі, прысвечаныя творчасці паэта, дзе можна было пазнаёміцца з дакументамі і матэрыяламі, звязанымі з жыццём і дзейнасцю народнага песняра.

Цікавым, актыўным і шматгранным было студэнцкае жыццё. Праяўлялася яно ў наладжванні мастацкай самадзейнасці, правядзенні спартыўных мерапрыемстваў. Моладзь шырока абмяркоўвала грамадска-палітычныя падзеі, адкрыта выказваючы свой пункт погляду. Сярод мерапрыемстваў, дзе студэнты знаходзілі адпачынак ад вучобы, была мастацкая самадзейнасць. Тут, безумоўна, склаліся сталыя, сур’ёзныя традыцыі і калектывы: універсітэцкі хор (на рэспубліканскім конкурсе ён заняў першае месца), драматычная група, струнны і духавы аркестр, гурткі (харэаграфічны, мастацкага слова, вакальны). Вялікую прастору для творчых здольнасцей студэнтаў адкрываў універсітэцкі тэатр: хто пісаў вершы, хто маляваў афішы і дэкарацыі, хто граў ці складаў музыку... Да нашых дзён захаваліся афішы і замалёўкі сцэны ўніверсітэцкага тэатра таго часу.

Жыццё не песціла студэнтаў першага пасляваеннага дзесяцігоддзя. Яны зведалі і нястачу, і голад. Аднак на спорт сіл хапала. I гэта былі як футбольныя баталіі каля інтэрната, так і ўдзел у гарадскіх спаборніцтвах. Ва ўніверсітэце дзейнічалі спартыўныя секцыі гімнастыкі, валейбола, плавання і інш. Спартсмены БДУ трымалі першынство па гімнастыцы і плаванні сярод вышэйшых навучальных устаноў краіны.

FaLang translation system by Faboba