РЭДАКЦЫЙНЫ АРТЫКУЛ ГАЗЕТЫ «БЕЛАРУСКІ УНІВЕРСІТЭТ» «ПРЫВІТАННЕ ВАМ, ПАСЛАНЦЫ ГЕРАІЧНАЙ КУБЫ!»
29 лістапада 1961 г.
Далёкая гераічная Куба, зялёны востраў Свабоды ў Карыбскім моры! Мы лавілі весткі аб цяжкай барацьбе народа ў гарах Сьера Маэстра. Да нас даляцелі адгалоскі баёў у заліве Качынас, калі банды наёмных забойцаў узнялі руку на свабоду Кубы. Народ перамог, бо на яго баку праўда і падтрымка ўсіх сумленных людзей.
Куба будуе новае жыццё. А для гэтага ёй патрэбны спецыялісты — інжынеры, механізатары, будаўнікі. Многія з іх вучацца ў нашай краіне.
...Панядзелак, 27 лістапада. Поезд прыбудзе яшчэ праз гадзіну, але перон ужо запоўнілі сотні мінчан. Асабліва многа тут студэнтаў універсітэта. Мы з асаблівым хваляваннем чакаем дарагіх кубінскіх сяброў, бо яны будуць жыць і вучыцца побач з намі.
Імжыць дожджык, і тугі вецер развявае сцягі на франтоне вакзала. Нейкія неперадаваемыя мінуты чакання. I вось з-за павароту паказваецца поезд і, абдаўшы сабраўшыхся клубамі белай пары, спыняецца. 3 вагона выходзяць смуглявыя юнакі. Яны радасна ўсміхаюцца. Студэнты падносяць маладым кубінцам жы вы я кветкі. Чуваць воклічы: «Віва Куба!», апладысменты...
На пероне вакзала адбыўся мітынг, які адкрыў прарэктар БДУ імя У. I. Леніна Аляксандр Якаўлевіч Малышаў.
Усхвалявана прагучала выступленне студэнткі філалагічнага факультэта Лілі Сілкінай.
— Усе нашы студэнты, — сказала яна, — бясконца рады сустракаць сёння вас, пасланцаў далёкай Кубы, на гасцінай беларускай зямлі і працягнуць вам шчырыя сяброўскія рукі. Нашы сэрцы заўсёды адкрыты для дарагіх сяброў!
Ад імя моладзі Мінска маладых пасланцаў гераічнага вострава Свабоды павіншаваў сакратар гаркома камсамола Тадэуш Сенюць.
Горача сустрэлі студэнты выступленне прадстаўніка моладзі Кубы Эстэбо Альфонсо.
Мітынг закончаны. У святле пражэктараў іскрацца ніткі дажджу, але настрой ва ўсіх бадзёры, прыўзняты, святочны. Гучаць словы, якія кожны сёння разумее без перакладчыка:
— Віва Куба!
— Віва Куба лібрэ!
Студэнты БДУ рады прыняць вас у сваю сям’ю, дарагія сябры!
Беларускі універсітэт. 1961. 29 лістап.