ІНФАРМАЦЫЙНЫ ДОПІС ГАЗЕТЫ «БЕЛАРУСКІ УНІВЕРСІТЭТ» «АДЗІНЫ Ў БЕЛАРУСІ»
16 красавіка 1960 г.
У Мінску ёсць некалькі музеяў, якія добра вядомы ўсёй рэспубліцы. Але мала хто з мінчан ведае, што зусім нядаўна ў сталіцы БССР створаны яшчэ адзін музей — гісторыка-археалагічны. Ён размясціўся ў корпусе гуманітарных навук універсітэта.
Пазнаёмімся, хаця б бегла, з некаторымі экспанатамі новага музея.
Першая зала адлюстроўвае гісторыю развіцця чалавечага грамадства, пачынаючы з першых паселішчаў і канчаючы раннім сярэдневякоўем. Зала застаўлена вітрынамі, пад шклом якіх выстаўлены сродкі вытворчасці старажытнага каменнага веку: рубілы, рэшткі матыкі з біўня маманта. Ёсць і розныя часткі шкілета гэтай магутнай жывёлы. Іншыя вітрыны дэманструюць фрагменты гліняных збаноў новага каменнага веку, сродкі працы бронзавай эпохі, ранняга жалезнага веку. Некалькі вітрын расказваюць аб старажытнай Русі, аб старажытных гарадах Мінску і Полацку. Карціны, малюнкі і схемы даюць тлумачэнні аб старажытных стагоддзях. Маецца ў гэтай зале і вітрына «Нумізматыка», дзе сабраны манеты, якія мелі хаджэнне на тэрыторыі Белай Русі.
Другая зала музея знаёміць з культурай, мастацтвам, рэлігіяй старажытнага Кітая, Індыі, Егіпта і многіх іншых краін Азіі і Усходу.
Асаблівае месца ў музеі займаюць творы антычных дзеячаў. Выстаўлены скульптуры відных майстроў V—VI стагоддзяў да н. э.: Леахара, Праксітэля, Скопаса, Лісіпа і інш. Ёсць некалькі скульптур невядомых мастакоў гэтай ж а пары. Багата прадстаўлена бюставая скульптура. Тут і вялікі сляпы Гамер, і выдатны грэчаскі ўрач Гіпакрат, выдатны мысліцель старажытнасці Арыстоцель і многа іншых вядомых дзеячаў антычнага свету...
Гэта, зразумела, павярхоўнае знаёмства з музейным багаццем, сярод якога ёсць нямала унікальных экспанатаў.
— Такі музей збіраліся стварыць яшчэ да вайны, — расказвае Леў Антонавіч М іхайлоўскі, дырэктар музея. — Было сабрана нямала рэчаў. Але тут — вайна. Тое-сёе ўдалося выратаваць, але многае знішчылі фашысты. Самае каштоўнае было вывезена ў Германію. Пасля вайны некаторыя экспанаты ўдалося адшукаць на тэрыторыі Германіі, але вельмі мала.
Леў Антонавіч успамінае, з якім і цяж касцямі збіраліся экспанаты. Многія былі здабыты ў выніку раскопак у Мінску і ў Полацку. Падзяліліся сваімі каштоўнасцямі Эрмітаж і музеі Масквы. Многім дапамагла Акадэмія навук БССР.
— I зараз, як бачыце, ёсць на што паглядзець, — шырока паказвае рукой Леў Антонавіч...
Мэта музея — вучэбная, яго пачалі наведваць розныя экскурсіі: цікавасць людзей да далёкага мінулага чалавецтва вялікая.
Гісторыка-археалагічны музей БДУ створаны намаганнямі работнікаў гістфака — дэкана П. 3. Савачкіна, дацэнтаў Л. С. Абэцэдарскага, Ф. М. Н ячая, Р. А. Нікольскай. Многа і карпатліва папрацавалі над афармленнем музея яго дырэктар Л. А. Міхайлоўскі з лабарантам кафедры гісторыі БССР А. П. Ігнаценкам. Дапамаглі і студэнты. Добрую справу зрабілі гісторыкі, стварыўшы гэты музей!
Беларускі універсітэт . 1960. 16 крас.