АРТЫКУЛ РЭКТАРА БДУ ПРАФЕСАРА К. I. ЛУКАШОВА «35 ГОД БДУ»
30 кастрычніка 1956 г.
35 год прайшло з таго часу, калі быў адкрыты Беларускі дзяржаўны універсітэт. За гэты час калектыў універсітэта з гонарам выканаў ускладзеныя на яго партыяй і народам вялікія задачы па падрыхтоўцы нацыянальных кадраў беларускай інтэлігенцыі, стаў буйным цэнтрам у развіцці навукі і культуры рэспублікі.
Наш універсітэт з’явіўся не толькі першай вышэйшай навучальнай установай рэспублікі, але і паслужыў базай для стварэння раду самастойных вышэйшых навучальных і навукова-даследчых устаноў.
За прайшоўшыя 35 год сваёй дзейнасці універсітэт падрыхтаваў 12 тыс. кваліфікаваных спецыялістаў па розных галінах ведаў, вырасціў значную колькасць навуковых кадраў. Толькі за пасляваенныя гады падрыхтавана 200 кандыдатаў навук, многія дацэнты напісалі і абаранілі доктарскія дысертацыі.
У сучасны момант у БДУ маецца 7 факультэтаў, на якіх навучаецца звыш 3 тыс. студэнтаў на стацыянары і 3 тыс. на завочным факультэце.
Шматлікі калектыў навуковых работнікаў. На 44 кафедрах працуе каля 300 чал., у тым ліку 30 прафесараў, дактароў навук, 82 дацэнты, кандыдаты навук, 67 выкладчыкаў, кандыдатаў навук, і 96 выкладчыкаў і асістэнтаў, якія не маюць вучоных ступеняў.
Навуковым работнікам і студэнтам створаны ўсе ўмовы для плённай працы. На кафедрах універсітэта абсталявана 35 кабінетаў і 44 лабараторыі, якія штогод папаўняюцца новым айчынным абсталяваннем. Для калектыву біёлага-глебавага факультэта арганізавана біялагічная станцыя на воз. Нарач, дзе вучоныя і студэнты вядуць вялікую работу ў галіне іхтыялогіі і арганізацыі рыбнай гаспадаркі БССР. Вучэбная біялагічная і геаграфічная станцыя ў Чырвоным Урочышчы служыць базай навуковай работы калектываў біялагічнага і геаграфічнага факультэтаў. Пры БДУ створаны мінералагічны і заалагічны музеі — адзіныя ў рэспубліцы, у якіх таксама праводзіцца вялікая навуковая і педагагічная работа.
Кіраўніцтва радам кафедраў ажыццяўляюць віднейшыя вучоныя Беларусі: віцэ-прэзідэнты АН БССР прафесары I. С. Лупіновіч, Б. В. Ерафееў, Б. I. Сцяпанаў, А. Н. Сеўчанка. Іх працы па розных галінах навукі вядомы далёка за межамі нашай краіны.
Вучонымі універсітэта праведзены важныя даследаванні прыродных багаццяў, флоры і фауны Беларусі, унесены каштоўны ўклад у вывучэнне гісторыі, этнаграфіі, літаратуры і мовы беларускага народа, вядуцца комплексныя даследаванні ў галіне фізікі паўправаднікоў і дыэлектрыкаў, фотасінтэзу раслін і па іншых важных праблемах прыродазнаўчых і гуманітарных навук.
На розных міжнародных навуковых канферэнцыях і кангрэсах прымаюць удзел вучоныя нашага універсітэта. У Жэневе, Нью-Йорку, Стамбуле, Мексіцы і іншых гарадах і краінах свету яны выступаюць са здабыткамі сваёй працы на карысць любімай Радзімы. 3 кожным днём пашыраецца сувязь з вучонымі розных краін свету.
У вышэйшых навучальных установах і ў школах, у савецкіх і партыйных органах Беларусі — усюды мы сёння можам сустрэць выпускнікоў БДУ. Вядомыя вучоныя і пісьменнікі, педагогі і ўрачы — усе яны ў нядаўнім мінулым вучыліся ва універсітэце. Толькі ў БДУ працуе 60 навуковых работнікаў — выхаванцаў універсітэта.
Сваімі навуковымі здабыткамі калектыў універсітэта шырока вядомы як у рэспубліцы, так і за яе межамі. Многа слаўных старонак упісалі нашы вучоныя за 35-гадовы перыяд у скарбніцу айчыннай навукі.
У апошнія гады значна пашырылася выдавецкая дзейнасць універсітэта. Толькі за 1956 г. будзе выдадзена звыш 300 друк. аркушаў манаграфій, брашур, вучоных запісак і іншай друкаванай прадукцыі.
Выданне работ нашых вучоных будзе з кожным годам пашырацца.
Значных поспехаў калектыў універсітэта дабіўся ў справе сувязі і садружнасці навукі з вытворчасцю. Рад кафедраў паспяхова ажыццяўляе садружнасць з трактарным, аўтамабільным заводамі, радыёзаводам і іншымі прадпрыемствамі рэспублікі.
Асноўныя задачы, якія сёння стаяць перад універсітэцкім калектывам, — далейшае паляпшэнне падрыхтоўкі спецыялістаў з улікам патрэб жыцця. Вучоным у гэтай сувязі неабходна паўсядзённа павышаць якасць лекцый, семінарскіх і лабараторных заняткаў, прывіваць студэнтам навыкі самастойнай працы, бязлітасна зжываючы метады шкалярства, дагматызму ў практыцы выкладання той ці іншай навукі.
Неабходна значна палепшыць навуковую дзейнасць нашых кафедраў, уся работа якіх павінна быць накіравана на вырашэнне актуальных навуковых праблем, маючы вялікае народнагаспадарчае значэнне.
Кіруючыся рашэннямі XX з’езда КПСС, шматлікі калектыў Беларускага дзяржаўнага універсітэта імя У. I. Леніна ў дзень свайго 35-годдзя поўны творчых сіл і прыкладзе ўсе намаганні на выкананне велічных задач, пастаўленых партыяй перад вышэйшай школай.
Рэктар БДУ праф. К. I. Лукашоў
Беларускі універсіт эт . 1956. 30 кастр.