ІНФАРМАЦЫЯ ГАЗЕТЫ «БЕЛАРУСКІ УНІВЕРСІТЭТ» АБ НОВЫМ ПАРАДКУ НАЗНАЧЭННЯ СТЫПЕНДЫЙ СТУДЭНТАМ
1 кастрычніка 1956 г.
З 1 верасня г. г. устаноўлены новы парадак назначэння стыпендый студэнтам ВНУ і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў.
Студэнтам 1-га курса стыпендыі ў першым семестры назначаюцца:
прынятым у ВНУ без прыёмных экзаменаў з ліку закончыўшых сярэднюю школу з залатым або сярэбраным медалём;
прынятым у ВНУ без прыёмных экзаменаў з ліку закончыўшых сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы з выдатнымі адзнакамі, уключаных у 5 % выпуску спецыяльнай навучальнай установы;
прынятым у ВНУ без прыёмных экзаменаў удзельнікам Айчыннай вайны, закончыўшым сярэднюю школу з атэстатам выдатніка (незалежна ад году заканчэння школы);
здаўшым прыёмныя экзамены па ўсіх прадметах з адзнакай «выдатна» і «добра» і ў асобных выпадках атрымаўшым на ўступных экзаменах «здавальняюча».
У наступных семестрах стыпендыі назначаюцца з першага дня таго месяца, які ідзе за экзаменацыйнай сесіяй пры ўмове выканання вучэбнага плана семестра. Адзнакі экзаменацыйнай сесіі павінны быць «выдатна» і «добра», а ў асобных выпадках «здавальняюча».
Адзнакі па факультатыўных дысцыплінах пры назначэнні стыпендый не ўлічваюцца. Адзнакі па вучэбнай ці вытворчай практыцы ўлічваюцца нараўне з адзнакамі па заліках, для якіх устаноўлены дыферэнцыраваныя адзнакі.
Пры прадастаўленні студэнту водпуску стыпендыя за час водпуску не выплачваецца.
Студэнтам, пакінутым на паўторны год навучання па непаспяховасці, стыпендыя не выплачваецца на працягу ўсяго паўторнага года навучання.
Студэнтам, не атрымаўшым стыпендыю, пакінутым на другі год навучання па хваробе, стыпендыя можа быць назначана на паўторным годзе навучання па выніках чарговай экзаменацыйнай сесіі на агульных падставах.
Пры пераводзе са старэйшага на малодшы курс па асабістай просьбе студэнта, стыпендыя не выплачваецца ўвесь навучальны год.
Для назначэння стыпендый ствараюцца камісіі на факультэтах пад старшынствам дэкана або яго намесніка з удзелам грамадскіх арганізацый. Рашэнні стыпендыяльных камісій факультэта аб назначэнні студэнтам стыпендый зацвярджаюцца загадам рэктара.
Стыпендыяльныя камісіі пры разглядзе заяў студэнтаў аб назначэнні ім стыпендыі павінны ўлічваць паспяховасць і матэрыяльнае становішча студэнтаў (наяўнасць членаў сям’і і іх агульны заработак).
Стыпендыі незалежна ад матэрыяльнага становішча пры наяўнасці адзнак не ніжэй «здавальняюча» атрымліваюць:
Героі Савецкага Саюза і Героі Сацыялістычнай Працы;
былыя выхаванцы дзіцячых дамоў і дзіцячых працоўных выхаваўчых калоній і дзеці, якія знаходзяцца на патранаце;
глуханямыя і сляпыя.
Студэнты ВНУ, якія атрымліваюць пенсію з выпадку страты кармільца, з ліку рабочых і служачых назначаюцца на стыпендыю на агульных падставах.
Рэктар БДУ мае права часова знімаць стыпендыі са студэнтаў, якія парушаюць дысцыпліну.
Новы парадак назначэння стыпендый уступае ў сілу з 1 верасня 1956 г. для першых курсаў і з 1 лютага для другіх і старэйшых курсаў.
Беларускі універсітэт . 1956. 1 кастр.