ІНФАРМАЦЫЯ ГАЗЕТЫ «ЗА СТАЛІНСКІЯ КАДРЫ» «НА ЦАЛІННЫЯ ЗЕМЛІ»

2 сакавіка 1954 г.

На гэтым камсамольскім сходзе раўнадушных не было. Доўга не замаўкала бура воплескаў. Сапраўднае шчасце, радасць свяціліся на тварах, радасць і гордасць за свой калектыў, за таварышаў-камсамольцаў, якія з усім запалам юнацкай душы заявілі аб сваім жаданні паехаць туды, куды клічуць Радзіма і Партыя — у раёны цалінных і абложных зямель.

Спачатку іх было пяцёра, пяцёра першых, і студэнты геолага-геаграфічнага факультэта добра ведалі іх усіх. Валю Сінякову ведалі і як кіраўніка навуковай работы студэнтаў на факультэце, і як лепшую баскетбалістку, Нэлу Пяруцкую — як добрага арганізатара, старшыню прафсаюзнага бюро, Маю Ігнатоўскую, Галіну Лепяшынскую, Вольгу Карытка ведалі па іх удзелу ў навуковых гуртках.

Цяпер яны — выпускнікі. I, рыхтуючыся да дзяржаўных экзаменаў, да абароны дыпломных работ, не раз задумваліся дзяўчаты аб сваім далейшым жыццёвым шляху. Многа дарог раскрывала перад імі Радзіма, дзе ж знайсці самае лепшае прымяненне сваім сілам, сваім ведам?

Далёкія краі вабілі дзяўчат-географаў сваёй прыгажосцю і недаследаванасцю, і цяжкасці не страшылі камсамолак, ім хацелася, хай і цяжкай, але цікавай, самастойнай працы, якая была б карысна народу.

У далёкі Хабараўск паслалі Галіна Лепяш ынская і Нэла Пяруцкая пісьмо з просьбай пасадзейнічаць іх накіраванню на работу ў Хабараўскі край.

Заклік роднай Камуністычнай партыі да моладзі ехаць на асваенне цалінных і абложных зямель з ’явіўся для дзяўчат адказам на многія хвалюючыя іх пытанні. Рашэнне было адно, і яно не магло быць іншым — дзяўчаты сталі ў шэрагі новай раці камсамольцаў, якія будуць змяняць твар зямлі.

Заяву аб сваім жаданні ехаць у раёны цалінных і абложных зямель яны перадалі дэкану факультэта Н. Т. Раманоўскаму, і калі дэкан аб’явіў аб рашэнні дзяўчат на камсамольскім сходзе, гром апладысментаў пакрыў яго словы.

Назаўтра пасля схода лік жадаючых ехаць на новыя землі павялічыўся ўдвая. Ён павялічваецца з кожным днём.

За сталінскія кадры. 1954. 2 сак.

FaLang translation system by Faboba