Аднаўленне дзейнасцi ўнiверсiтэта на станцыi Сходня

У чэрвені 1942 г., калі да вызвалення Беларусі было яшчэ вельмі далёка, кіраўніцтва вышэйшага партыйнага органа рэспублікі абмеркавала пытанне аб аднаўленні дзейнасці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў складзе трох факультэтаў – філалагічнага, гістарычнага і геаграфічнага. 4 ліпеня 1942 г. СНК БССР накіраваў ва Усесаюзны камітэт па справах вышэйшай школы пры СНК СССР (УКВШ) дакладную запіску «Аб неабходнасці аднаўлення працы БДУ».

30Але становішча на франтах было вельмі складаным, і канчатковае вырашэнне пытання пра БДУ адклалі, хаця яшчэ 30 мая 1942 г. быў пададзены для абмеркавання спіс выкладчыкаў БДУ, зацверджаны наркомам асветы БССР Е. І. Уралавай. Ён налічваў 35 чалавек. Гэта дактары біялагічных навук Ц. М. Годнеў і Л. А. Зінкевіч, доктар гістарычных навук У. М. Перцаў, кандыдаты гістарычных навук А. П. П’янкоў і Л. М. Шнеерсон, кандыдат філалагічных навук М. А. Жыдовіч, доктар матэматычных навук І. М. Гельфанд, былы рэктар БДУ кандыдат хімічных навук У. С. Бабраўніцкі і інш.

Аднаўленне дзейнасці ўніверсітэта ва ўмовах вайны мела не толькі вялікае навукова-культурнае, але і палітычнае значэнне. Справа ў тым, што ў жніўні 1942 г. у акупіраваным Мінску дзеячы так званай «Беларускай народнай самапомачы» рабілі захады па адкрыцці ўніверсітэта. Было таксама вядома, што акупацыйныя ўлады дазволілі адкрыццё беларускіх школ і гімназій, што ў Мінску дзейнічала створанае ў чэрвені 1942 г. Беларускае навуковае таварыства, прадпрымаліся спробы па адкрыцці ў Магілёве медыцынскага інстытута.

У студзені 1943 г. СНК БССР звярнуўся ў СНК СССР з хадайніцтвам: «Улічваючы вялікую патрэбу ў высокакваліфікаваных спецыялістах для аднаўлення народнай гаспадаркі і культуры БССР, ёсць неабходнасць ужо зараз, у час вайны, аднаўляць Беларускі універсітэт – адзіны ў БССР – і сканцэнтраваць вакол яго хаця б асноўную групу навуковых работнікаў універсітэта і іншых ВНУ Беларусі. Гэта дапаможа захаваць асноўныя кадры і падрыхтаваць новыя, а ў далейшым – лягчэй аднавіць сетку ВНУ БССР і гэтым самым падрыхтаваць глебу для развіцця нацыянальнай культуры і навукі».

У Маскву быў выкліканы П. П. Савіцкі, які працаваў дырэктарам Ніжнетагільскага педагагічнага інстытута (Свярдлоўская вобласць). Да вайны ён узначальваў БДУ і 16 лютага 1943 г. быў адноўлены на пасадзе рэктара.

savicki 
 П. П. Савіцкі

15 мая 1943 г. СНК СССР прыняў пастанову «Аб аднаўленні працы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта». Новым месцам дзейнасці ўніверсітэта была прызначана станцыя Сходня Кастрычніцкай чыгункі, што пад Масквой. Галоўны вучэбны корпус размясціўся ў будынку школы, а прафесарска-выкладчыцкі калектыў і студэнты – у 40 дачных доміках. Частка студэнтаў займалася ў будынку Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта (І курс фізіка-матэматычнага, І і ІІ курсы біялагічнага, IV і V курсы гістарычнага факультэтаў).

Паведамленне аб узнаўленні дзейнасці БДУ, апублікаванае ў «Правде» і «Учительской газете», выклікала шырокі водгук сярод беларускай моладзі на ўсёй неакупіраванай частцы СССР. За кароткі тэрмін было пададзена некалькі соцень заяў з просьбай аднавіць вучобу ў родным універсітэце. Каб паступіць ва ўніверсітэт ці ўзнавіцца ў якасці студэнта, не трэба было здаваць экзаменаў. Дзякуючы агульным намаганням, рэктарат БДУ здолеў аднавіць старэйшыя курсы і нават зрабіць набор на І курс усіх шасці факультэтаў.

Маскоўскі ўніверсітэт разам з іншымі ВНУ сталіцы перадаў БДУ вялікую колькасць вучэбнага і навуковага абсталявання, падручнікаў і дапаможнікаў, 18 тыс. тамоў навуковай літаратуры.

Многія знакамітыя вучоныя МДУ імя М. В. Ламаносава чыталі лекцыі для студэнтаў БДУ і прымалі актыўны ўдзел у вучэбнай і навукова-даследчай рабоце. Зроблена была вялікая праца па ўкамплектаванні ўніверсітэта студэнтамі і выкладчыкамі.

Афіцыйна заняткі ва ўніверсітэце пачаліся 11 кастрычніка 1943 г. На адноўленых шасці факультэтах – філалагічным, гістарычным, біялагічным, геаграфічным, хімічным, фізіка-матэматычным – пачалі вучыцца каля 300 студэнтаў. Паводле даных на 1 снежня 1943 г., у БДУ працавала 90 выкладчыкаў.

zenkevich
Л. А. Зінкевіч

Сярод іх былі вучоныя, якія выкладалі ва ўніверсітэце яшчэ да вайны: акадэмік М. М. Нікольскі, прафесары І. А. Вятохін, М. А. Прыляжаеў, Ц. М. Годнеў, У. І. Пічэта, У. М. Перцаў, Л. А. Зінкевіч, М. Е. Макушок, дацэнты Л. М. Шнеерсон, М. Р. Ларчанка, Л. В. Шашкоў і інш.

Франтавік М. Р. Ларчанка пасля цяжкага ранення ўзначаліў філалагічны факультэт і кафедру беларускай літаратуры, вуснай народнай творчасці. Лекцыі па тэорыі літаратуры і рускай літаратуры чытаў І. В. Гутараў, які бываў наездамі з партызанскага лесу. Пазней ён стаў доктарам філалагічных навук, прафесарам, Заслужаным дзеячам навукі БССР.

І. П. Мележ выкладаў у БДУ ваенную справу. Менавіта на станцыі Сходня, з’яўляючыся выкладчыкам і адначасова студэнтам III курса філалагічнага факультэта, ён пачынаў свой шлях у літаратуру. І. П. Мележ уваходзіў у літаратурны гурток пад кіраўніцтвам дацэнта М. Р. Ларчанкі. Першыя апавяданні даслаў Кузьме Чорнаму, які знаходзіўся на той час у Маскве. Хутка малады літаратар атрымаў адказ: «Пішыце, працуйце над сабой. Я адчуваю ў Вас талент і жадаю вам вялікіх поспехаў».

meleg
І. П. Мележ

Працавалі ў БДУ і маскоўскія вучоныя: прафесары Б. А. Рыбакоў, А. А. Савіч, І. І. Палосін; лекцыі чытала таксама акадэмік Г. М. Панкратава.

Многія студэнты, якія селі за парты, былі франтавікамі, дэмабілізаванымі па раненні. Цяжкасці і асаблівасці ваеннага часу накладвалі свой адбітак і на працэс навучання, і на побыт студэнтаў. Былы студэнт Б. Маскаленка ўспамінаў: «...ніколі не забуду ні першы званок, ні першую лекцыю ў 1943 г. Няхай класныя пакоі магчыма было назваць аўдыторыямі толькі ўмоўна, няхай не хапала абсталявання і ў аўдыторыях не заўсёды было на чым сядзець, але мы атрымалі магчымасць вучыцца! Жылі камунай, і ў сумеснай вучобе і працы загартавалася наша сяброўства...».

У цяжкі ваенны час дзяржава змагла выдзеліць невялікую колькасць грошай на ўзнаўленне ўніверсітэта. Гэтага хапіла толькі на тое, каб стварыць хаця б самыя неабходныя ўмовы для пачатку заняткаў і наладзіць абавязковае трохразовае харчаванне для студэнтаў ва ўніверсітэцкай сталовай. І прафесары, і выкладчыкі, і студэнты выконвалі розныя работы, звязаныя з уладкаваннем жылля, нарыхтоўкай паліва, рамонтам, транспартам, працавалі ў канцылярыях і бібліятэках. Удзень у аўдыторыях ішлі заняткі, увечары яны ператвараліся ў чытальныя залы, а ноччу студэнты тут жа і спалі, бо летнія дачныя домікі не былі прыстасаваныя да зімы.

Па словах студэнткі біяфака В. К. Гаравец, «самая большая аудитория на втором этаже после занятий служила читальным залом, а иногда там ночевали студенты, засидевшиеся поздно за книгой. Помещение школы [где проходили занятия биофака] не отапливалось, было холодно, согревались только в столовой. В разное время года было одноразовое и двухразовое питание; меню в основном состояло из одного блюда и чая... Постоянно хотелось кушать».

uch 43
Студэнты БДУ на станцыі Сходня

І тым не менш нават у цяжкі «сходзенскі» перыяд студэнты БДУ чым маглі дапамагалі фронту. З канца 1943 г. яны актыўна ўдзельнічалі ў зборы грашовых сродкаў на будаўніцтва авіяэскадрыллі «Вызваленая Беларусь», танкавай калоны «За Савецкую Беларусь». Свой уклад у гэту патрыятычную справу ўнесла і студэнтка філфака Вольга Казлова, дачка славутага камандзіра беларускіх партызан Героя Савецкага Саюза В. І. Казлова. У лісце на імя І. В. Сталіна яна пісала: «Воодушевленная успехами Красной Армии на фронтах Отечественной войны и желая быстрейшего разгрома немецких захватчиков, вношу на строительство звена боевых самолетов <...> все свои сбережения – 1000 руб. Этим самым я помогу нашей Красной Армии и славным партизанам, в числе которых находится мой отец, нанести быстрейший и сокрушительный удар». У адказе Вярхоўны Галоўнакамандуючы пісаў: «Благодарю Вас, Ольга Васильевна, за Вашу заботу о воздушных силах Красной Армии».

Да самага канца вайны выкладчыкі і студэнты працягвалі збор падарункаў для савецкіх салдат, якія змагаліся з праціўнікам на фронце, а таксама для партызан Беларусі, якія дзейнічалі ў тыле ворага.

А між тым жыццё ва ўніверсітэце наладжвалася. Аднаўлялася навукова-даследчая дзейнасць. Вучоныя ўніверсітэта распрацоўвалі тэмы, непасрэдна звязаныя з абаронай Радзімы, народнай гаспадаркай і культурай БССР, вялі мэтанакіраваную работу па патрыятычным выхаванні моладзі і працоўных савецкай сталіцы.

25–26 снежня 1943 г. у зале Маскоўскай кансерваторыі адбылося ўрачыстае пасяджэнне Вучонага савета БДУ, прысвечанае 25-годдзю БССР. На ім былі заслуханы навуковыя даклады, у тым ліку: рэктара П. П. Савіцкага «БДУ і яго роля ў падрыхтоўцы нацыянальных кадраў», прафесара М. Е. Макушка «Аб 25-годдзі біялагічнай навукі ў Беларусі», акадэміка Ц. М. Годнева «Поспехі хіміі раслінных пігментаў і пытанні харчавання фронту і тылу», прафесара М. К. Дабрыніна «Сучасная беларуская літаратура і задачы яе вывучэння». З дакладамі таксама выступілі акадэмік У. М. Перцаў і член-карэспандэнт М. Ф. Ярмоленка, прафесары Д. Д. Іваненка, Ц. П. Ломцеў, сакратар ЦК КП(б)Б Ц. С. Гарбуноў.

У студзені 1944 г. прафесарска-выкладчыцкі склад універсітэта налічваў 4 акадэмікi, 18 прафесараў, 24 дацэнты – усяго 65 чалавек.

Усе студэнты і выкладчыкі ўніверсітэта жылі адной надзеяй – на Перамогу, і чым маглі набліжалі яе. А яшчэ яны чакалі таго часу, калі змогуць вярнуцца ў родны Мінск, каб пачаць аднаўляць свой разбураны родны дом.

FaLang translation system by Faboba