З УСПАМIНАЎ ПРАФЕСАРА БДУ ДЗ. С. УМРЭЙКI

<ДЗЯЦIНСТВА, АПАЛЕНАЕ ВАЙНОЙ>

31 сакавiка 2005 г.*

22 чэрвеня 1941 г. Гэты дзень быў па-сапраўднаму летнім: ясным, сонечным, спякотным. На небе ні воблачка, амаль у самым разгары купальны сезон, у тым ліку і на нашай ціхай рачулцы Тур’і, якая пачынала свой шлях у некалькіх кіламет- рах ад старой (да 1939 г.) савецка-польскай мяжы і праз нейкі дзесятак кіламетраў упадала ў Нёман.

Вёска наша называлася Лавы і размяшчалася на мяжы Капыльскага і Уздзенскага раёнаў Мінскай вобласці за 100 км ад Мінска і 30 км ад найбліжэйшай чыгуначнай станцыі Негарэлае. Рачулка падзяляла вёску на дзве часткі: асноўны масіў і так званую Палянку, дзе стаяла толькі каля дзесятка дамоў, з трох бакоў аточаных велічнымі хваёвымі і лістоўнымі дрэвамі. На ўскрайку гэтага лесу і знаходзіўся наш маленькі драўляны дамок з гаспадарчымі пабудовамі, садам, гародам і пасекай. Даглядаў пасеку Аляксандр Мікалаевіч Пыліла, а дапамагала яму жонка, мая бабуля Гануля.

У гэтай ідылічнай абстаноўцы і заспеў мяне першы дзень вайны. Раніца была звычайнай, але з паўдня мы звярнулі ўвагу на частыя палёты самалётаў, прычым у адзін бок з усходу на захад. Назад яны чамусьці не вярталіся, і гэта ўсіх устрывожыла. Радыё ў вёсцы не было, інфармацыя прыходзіла са спазненнем. Толькі ўвечары да нас дайшлі чуткі, што пачалася вайна. На трэці дзень з’явіліся рэальныя прыкметы баявых дзеянняў: праз нашую вёску пацягнуліся чарадой у адступленне байцы Чырвонай Арміі. Следам з’явіліся варожыя самалёты, якія абстрэльвалі іх.

Самалёты ішлі настолькі нізка, што добра былі відаць твары пілотаў у шлемах і акулярах: высунуўшыся з кабіны, яны разглядалі, што робіцца ўнізе. Чырвонаармейцы падалі на зямлю, хаваліся ў жыце, пад дрэвамі, у пабудовах. Страляніны не было, але псіхалагічны эфект быў велізарны. Аднойчы з лесу выскачыла нашая танкетка, але за вёскай у яе скончылася паліва, і яна спынілася. Танкісты выйшлі, паглядзелі, махнулі рукой і пайшлі з іншымі салдатамі. Нам, дзецям, потым было вялікае задавальненне забірацца ў яе і паціху раскручваць.

У той самы дзень з Мінска прыехала мая маці і распавяла, што робіцца ў горадзе. Бацька ў першы дзень пайшоў на фронт, горад гарэў, яна двое сутак на спадарожных машынах дабіралася да вёскі. Мы вырашылі эвакуіравацца на ўсход, але ніякага транспарту не было, перадавыя нямецкія часці знаходзіліся недзе блізка, таму ад гэтай думкі адмовіліся.

Нашы часці адступалі, у лесе ўсё больш заставалася кінутай зброі аж да артылерыйскіх гармат. Пры канцы чэрвеня гэтая плынь стала спыняцца, заставалася чакаць немцаў. Маці ўдалося пехатой схадзіць у Мінск, забраць дакументы, нейкія рэчы і вярнуцца назад. У Мінску яе наведалі бацькавы таварышы па службе. Відавочна, яны пра нешта дамовіліся, бо адзін з іх пазней з’явіўся ў нас дома – гэта Міхаіл Мікалаевіч Ізюмскі, які раней добра ведаў бацьку. Маці аддала госцю бацькава скураное паліто, нешта з рэчаў і пра штосьці дамовілася з ім. Як мне стала потым вядома, у нашым доме была арганізавана адна з явак будучага партызанскага злучэння. Гэты візіт бачыў той-сёй з нашых аднавяскоўцаў, але, на шчасце, за ўсю вайну ў нашай вёсцы не было ніводнага здрадніка.

На пачатку ліпеня праз нашую вёску прайшла першая нямецкая вайсковая часць. Пабачылі мы немцаў, калі іх калона выйшла з лесу. Нам з сябрамі не было куды падацца, таму мы схаваліся за плотам у кустах.

Дзейнасць першага партызанскага атрада (каля 20 чалавек) мы адчулі ўжо ў жніўні 1941-га. Немцам трэба было ўзмацніць мост праз нашую рачулку, і яны кожны дзень на працягу тыдня прыводзілі групу рамонтнікаў з суседняй вёскі. Раніцай яны прыходзілі, увечары сыходзілі. Дарога ішла праз лес, і ў адзін з вечароў мы пачулі частую страляніну за лесам. Выявілася, што партызаны наладзілі засаду і, калі немцы вярталіся дадому, адкрылі па іх агонь: некалькіх чалавек забілі і паранілі, астатнія каля моста больш не паказваліся.

Другое з’яўленне ў нашым доме партызанскага сувязнога адбывалася пры поўным захаванні канспірацыі: мяне адправілі пастаяць «на шухеры», паслухаць, хто пра што гаворыць, ці няма ахвотных папрацаваць на немцаў. Адначасова мне даручалі стварыць групу хлопцаў для збору ў лесе зброі і боепрыпасаў.

Першае баявое хрышчэнне мне давялося атрымаць улетку 1942-га. Пасвячы статак кароў, я павінен быў праверыць стан нашага зброевага склада. Ці выпадкова, ці з нечай падачы ў небе з’явіліся дзве нямецкія «рамы» і пачалі бамбёжку. Скінуўшы бомбы, яны зляцелі, а мяне сур’ёзна кантузіла, засыпала зямлёй. На шчасце, гэта было недалёка ад вёскі. Прыбегла маці, адкапала мяне. Статак кароў, як і склад зброі, засталіся цэлымі.

Найбольш моцнае ўражанне ў мяне захавалася ад падзей канца 1942 г. Напярэдадні 25-й гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі зранку мы пачулі гукі бою, які адбываўся ў Старыцкім лесе. Ён ішоў увесь дзень і сціх толькі пад вечар. На світанку наступнага дня калона партызанаў падышла да нашай вёскі. Змучаныя, стомле- ныя, з вялікай колькасцю параненых, яны зайшлі ў нашую хатку і пападалі хто на ложак, хто на лаўку, а хто і проста на падлогу. Не прамінула і паўгадзіны, як у дом літаральна ўляцеў начальнік, за адно імгненне падняў усіх на ногі і павёў у лес. Выявілася, што гэта быў славуты камандзір партызанскага злучэння, пазней генерал-маёр Піліп Піліпавіч Капуста (тады Фёдар Фёдаравіч Бажэнка). Перадыслакаваўшыся са Старыцкага ў Лаўскі лес, партызаны хутка ўладкаваліся і штодзень (дакладней, штоночы) выязджалі на баявыя заданні. За паўтара месяца ў Лаўскім лесе ўдалося падлекаваць усіх параненых, у чым вялікая заслуга начальніка шпіталя Міхаіла Майсеевіча Герасіменкі (пасля вайны ён доўгі час узначальваў Уздзенскую раённую бальніцу). За гэты час у нашай хатцы прайшло некалькі сустрэч партыйнага, савецкага і ваеннага кіраўніцтва Мінскай вобласці на чале з І. Д. Варвашэнем. Мая роля ў гэтых мерапрыемствах была ў тым, каб, знаходзячыся ў вёсцы, глядзець і слухаць, ці няма якой інфармацыі пра тыя нарады.

Рашэннем Беларускага штаба партызанскага руху ў Маскве і ўказаннем асабіста ягонага начальніка П. З. Калініна нам было загадана эвакуіравацца на адным з авіяцыйных рэйсаў. Аднак пры гэтым перастаў бы існаваць пункт сувязі. Таму па просьбе мясцовых кіраўнікоў мы не скарысталіся гэтай прапановай і да канца вайны выконвалі функцыю сувязных пры атрадзе С. М. Будзённага (камандзір М. М. Ізюмскі, камісар М. Г. Янкоўскі, начальнік штаба В. Г. Забудзька) брыгады імя М. В. Фрунзе № 95.

* Дата апублікавання.

Беларускі універсітэт. 2005. № 7(1915). 31 сак. С. 5.

FaLang translation system by Faboba