З IНТЭРВ'Ю Я. ЯНУШКЕВIЧА З ПРАФЕСАРАМ БДУ С. Х. АЛЕКСАНДРОВIЧАМ

1984 г.

<...> Радзіма мая – Капыль. Сям’я – мясцовыя татары, якія даўно аселі на Беларусі і займаліся пераважна гарбарным рамяством. Бацька быў добра знаёмы з Цішкам Гартным. Сам не раз бачыў аўтара «Сокаў цаліны». Ён улетку прыязджаў наведаць сваю маці. Нашай недалёкай суседкай была сястра Алеся Гурло. Я некалькі разоў сустракаў самаго паэта. У мястэчку жыў селянін Рыгор Чарнушэвіч – колішні супрацоўнік капыльскіх рукапісных часопісаў. Ён цікава расказваў пра сваіх землякоў-літаратараў. З Капыля быў родам даследчык літаратуры Леў Клейнбарт, аўтар кнігі «Маладая Беларусь»; тут нарадзіўся класік яўрэйскай літаратуры Мендэле Мойхер-Сфорым. Мабыць, усё гэта з маленства выхоўвала цікавасць да літаратуры.

Пасля заканчэння сярэдняй школы паступіў у 1939 г. на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта, але ў хуткім часе пайшоў у армію. Спачатку быў танкавы батальён, потым рота сувязі лыжнага батальёна, потым горнастралковы полк у Баку. Там застала Вялікая Айчынная вайна. У жніўні 41-га – марскі дэсант у Пехлеві ў Іране, потым у Крым. І сёння ў памяці цяжкія баі на Керчанскім перашыйку, адступленне ў маі 1942-га. Тады быў паранены, у палявым шпіталі ўзяты ў палон. Далей лагер ваеннапалонных у Крывым Рогу. Дарэчы, пра гэта расказаў у кнізе «Далёкія зарніцы».

Янушкевіч Я. За архіўным парогам: Беларуская літаратура ХІХ– ХХ стст. у святле архіўных пошукаў. Мн., 2002. С. 247–248.

FaLang translation system by Faboba