З УСПАМІНАЎ Д. К. МІЦКЕВІЧА.
<СЛОВА ПРА БРАТА>
1985 г.
Сярэдні мой брат Юрка быў маладзейшы за мяне больш як на два з паловай гады.
Ён быў верным і надзейным таварышам і сярод суседскіх хлопцаў, і ў школе, і сярод студэнтаў універсітэта (ён скончыў геаграфічны факультэт БДУ ў 1940 г.), і пазней, у арміі. Яго ўсе любілі і паважалі.
Пасля сканчэння БДУ ён быў прызваны ў Чырвоную Армію. Службу праходзіў у конным артылерыйскім палку ў невялікім мястэчку Ставіскі (за Ломжай, на Беласточчыне), на самай мяжы з акупіраванай Польшчай. 15 чэрвеня 1941 г. (за тыдзень да пачатку Вялікай Айчыннай вайны) у Мінску пачынаюцца рэспубліканскія спаборніцтвы па стэндавай стральбе. У спаборніцтвах прымала ўдзел сярод іншых і каманда Заходняй асобай ваеннай акругі. У склад гэтай каманды ўваходзіць і яфрэйтар Ю. К. Міцкевіч, які быў выкліканы начальствам з воінскай часці. Тут яго і застала вайна. 22 і 23 чэрвеня вайсковая камендатура, не ведаючы сітуацыі на фронце, патрабуе, каб ён неадкладна вярнуўся ў сваю часць. Але ж гэта немагчыма здзейсніць. Раніцаю 24 чэрвеня 1941 г. ён зноў ідзе ў камендатуру. Мы развіталіся з ім назаўсёды. Нам самім ледзь удалося выбрацца з палаючага горада. Толькі пасля, калі мы былі ў эвакуацыі ў Ташкенце, Юрку ўдалося знайсці адрас бацькі і нашай сям’і. Наладзілася перапіска. 25 чэрвеня Юрка ўбачыў папялішча нашага дома і не знайшоў нас. Адыходзячы на ўсход ад Мінска, ён далучыўся да другой воінскай часці, таксама артылерыйскай. Гэта быў 49-ы корпусны артылерыйскі полк. Гэтая часць прымала ўдзел у вядомай гераічнай і цяжкай абароне Смаленска. Юрка праявіў сябе мужным воінам і добрым таварышам.
Апошні ліст ад яго мы атрымалі 20 верасня 1941 г. Там ён пісаў, што наведаў музей у г. Ярцаве. На ўскраінах Ярцава і стаяў іх артполк. Як вядома, 30 верасня 1941 г. пачалося наступленне фашысцкіх войск на Маскву. Многа нашых дывізій загінула ў гераічнай барацьбе ў акружэнні пад Вязьмай. З таго часу мы не атрымлівалі ніякіх звестак пра Юрку. Пісьмы да яго вярталіся з прыпіскай: адрасат выбыў з часці...*
Усе мы, асабліва мама і бацька, вельмі перажывалі за Юрку. Але гаварыць пра яго гібель не хацелася. Ліпела вельмі слабая надзея, што ён трапіў да партызан. Але пасля Перамогі і гэта надзея цалкам згасла...
Красавік 1945 г. Вызвалены Мінск, наша дарагая, гераічная, шматпакутная сталіца. Памірае ў маскоўскай бальніцы наша маці. На сядзібе, дзе мы асталяваліся пасля вызвалення Мінска, бацька садзіць сімвалічную групу дрэў: бярозу і тры дубы. Бяроза – у гонар маці, дубы – як бы сам Колас, і мы, яго сыны Даніла і Міхась. Пераможна закончылася вайна. Прайшоў яшчэ год. Стала ясна, што наш Юрка ніколі не вернецца да нас. Тады бацька і Міхась пайшлі ў Батанічны сад, прынеслі невялікі дубок, беражліва, любоўна, дбайна пасадзілі яго. Гэта – у памяць Юркі.
Прайшло амаль 40 гадоў з тае пары. Велічна і прыгожа глядзіцца гэты ансамбль дрэў, пасаджаных рукамі Коласа. Гэта адно з самых дарагіх месцаў музейнай Коласавай сядзібы.
* Шматкроп’е аўтара ўспамінаў.
Маладосць. 1985. № 5. С. 150–151.