БДУ у першыя днi вайны
Да вайны ў Беларускім дзяржаўным універсітэце працавалі 6 факультэтаў і 33 кафедры. Педагагічную і навуковую работу вялі 17 прафесараў, 41 дацэнт, 42 старшыя выкладчыкі, 28 выкладчыкаў, 23 асістэнты. З іх 60 чалавек – выпускнікі БДУ. У аспірантуры навучалася 60 чалавек. Колькасць студэнтаў у 1940/41 навучальным годзе – 1337 чалавек, каля 450 з іх добраахвотнікамі пайшлі на фронт.
Універсітэт меў асобны газавы завод, шэраг вытворчых майстэрань пры факультэтах, у складзе ўніверсітэта працавала 45 навуковых лабараторый, усе яны былі абсталяваны каштоўнымі апаратамі і прыборамі айчыннай і замежнай вытворчасці. Дзейнічалі мінералагічны, заалагічны, батанічны і глеба-геалагічны музеі, якія мелі агульнарэспубліканскі статус. БДУ размяшчаўся ў трох новых, узведзеных у 1927 г. будынках, меў чатыры цагляныя і два драўляныя інтэрнаты для студэнтаў на 1400 чалавек і 40-кватэрны дом для прафесараў і выкладчыкаў. У час вайны абсталяванне, рэактывы і каштоўныя экспанаты амаль цалкам былі знішчаны ці вывезены ў Германію.
Праграма ўрачыстага пасяджэння, прысвечанага 20-годдзю БДУ |
У 1941 г. універсітэту спаўнялася 20 гадоў. Каб адзначыць гэтую ўрачыстую падзею, была прызначана дата святкавання – 29 чэрвеня. Разам з перадсвяточнымі прыгатаваннямі ішла падрыхтоўка і да дзяржаўных выпускных экзаменаў, якія павінны былі прайсці 24–28 чэрвеня. 22 чэрвеня 1941 г. мелася быць адкрыццё Камсамольскага возера.
Але ў поўдзень самага доўгага дня года мінчане, у тым ліку студэнты і выкладчыкі БДУ, слухалі ўрадавае паведамленне пра пачатак Вялікай Айчыннай вайны. Нягледзячы на нядзельны дзень, ва універсітэцкім дворыку сабраліся студэнты і выкладчыкі. Было вырашана ўсім неадкладна далучыцца да барацьбы з ворагам па меры сіл і магчымасцей.
23 чэрвеня студэнты-хімікі, нягледзячы ні на што, здалі экзамен па спецкурсу, а выпускнікі ўсё ж не гублялі надзеі 24 чэрвеня атрымаць дыпломы. Аднак 24 чэрвеня ў сувязі з бесперапыннымі бамбардзіроўкамі заняткі ў БДУ часова прыпыніліся, падрыхтоўчыя курсы і завочнае аддзяленне, на якіх навучалася 200 і 500 чалавек адпаведна, былі распушчаны. Праўда, дзяржаўны экзамен паспелі здаць студэнты-юрысты.
Фронт тым часам імкліва набліжаўся да сталіцы. Ужо праз пяць дзён пасля пачатку вайны, 27 чэрвеня, на плошчы Свабоды высадзіўся дэсант – невялікая група нямецкіх салдат-аўтаматчыкаў. З боку вуліцы Старажоўскай па Вілейскай шашы ўваходзілі ў горад механізаваныя часці нямецкіх танкавых груп. Мінск уяўляў сабой вялікі факел: гарэлі вуліцы Леніна, Савецкая, дагаралі дамы на Даўгабродскай. Асноўныя нямецкія часці ўваходзілі ў Мінск 28 чэрвеня каля чатырох гадзін дня. Вораг акупіраваў беларускую сталіцу, і універсітэт спыніў сваю дзейнасць.
Нечаканы характар баявых дзеянняў у першыя дні вайны не дазволіў правесці эвакуацыю ўніверсітэта. Эвакуіравацца паспелі 620 чалавек, у тым ліку і рэктар БДУ П. П. Савіцкі. У горадзе засталося каля 780 выкладчыкаў, супрацоўнікаў і студэнтаў БДУ. Большасць з іх прыняла актыўны ўдзел у падпольным руху.
Аднымі з першых у дзеючую армію ўступілі: будучы рэктар БДУ І. С. Чымбург, загадчык кафедры рускай літаратуры і вучоны сакратар Аддзялення гуманітарных навук АН БССР І. В. Гутараў, загадчык кафедры эканамічнай геаграфіі У. Я. Зудзілін, гісторык І. Ф. Лочмель, біёлаг В. А. Нісневіч, матэматык Н. В. Рыбакоў, філосаф П. В. Саевіч.
І. С. Чымбург |
Некаторыя студэнты гістарычнага і біялагічнага факультэтаў не знаходзіліся ў Мінску, калі пачалася вайна – яны праходзілі практыку. Гісторыкі працавалі на археалагічных раскопках у Крыме, а біёлагі – у Белавежскай пушчы. Не маючы магчымасці вярнуцца дамоў, большасць з іх з’явіліся на прызыўныя пункты па месцы знаходжання і ўступілі ў Чырвоную Армію.
У чэрвені распаўсюджваліся варожыя прапагандысцкія лістоўкі пра тое, што быццам захоплены Смаленск і Масква. Агітацыйныя фашысцкія плакаты сцвярджалі, што вермахт «вызваліў» беларусаў ад «варварства і дзікасці» бальшавікоў, прынёс з сабой культуру і новае свабоднае жыццё, «новы парадак». Аднак у сапраўднасці ўсё было інакш.
У Акадэміі навук, ва ўніверсітэце, ва ўсіх навуковых і культурных установах захопнікі разрабавалі лабараторыі, музеі, знішчылі ці вывезлі абсталяванне. З бібліятэк і архіваў акупанты тысячамі выкідвалі кнігі і дакументы, палілі іх.
У будынках Універсітэцкага гарадка па вуліцы Савецкай размясціліся часці СД, тут жа, у падвалах, стварылі турму, у двары паставілі шыбеніцу.
Не паспеў эвакуіравацца з Мінска найстарэйшы прафесар гістарычнага факультэта БДУ, акадэмік АН БССР, член-карэспандэнт АН СССР М. М. Нікольскі. Газета «Правда» заказала яму артыкул, прысвечаны 20-годдзю БДУ, які трэба было перадаць у рэдакцыю да 12 гадзін. Якраз 22 чэрвеня раніцай М. М. Нікольскі пачаў пісаць. За гэтым заняткам і застала яго вестка пра вайну. М. М. Нікольскі спрабаваў выйсці з горада, эвакуіравацца, але 7 ліпеня вярнуўся ў Мінск. Яго кватэра, на шчасце, не была разбурана. У акупіраваным горадзе вучоны апынуўся ў складанай сітуацыі, галадаў, бо не здолеў уладкавацца на якую-небудзь працу да немцаў, ды і не імкнуўся гэта рабіць. Гісторык працягваў займацца навукай – за два гады напісаў манаграфію «Эцюды па гісторыі фінікійскіх абшчынных і земляробчых культаў», якая была выдадзена ўжо пасля вайны. Партызаны даведаліся пра цяжкае становішча вучонага і 1 жніўня 1943 г. вывелі яго ў размяшчэнне партызанскай брыгады «За Савецкую Беларусь». Нават у такіх складаных умовах вучоны знайшоў магчымасць для працягу навуковай працы.