З АРТЫКУЛА СТУДЭНТКI ФIЛАЛАГIЧНАГА ФАКУЛЬТЭТА БДУ (1943 г.) КАНДЫДАТА ФIЛАЛАГIЧНЫХ НАВУК В. В. КАЗЛОВАЙ

<УНIВЕРСIТЭЦКI ШЛЯХ IВАНА ПАЎЛАВIЧА МЕЛЕЖА>

2002 г.

<...> Мінск сустрэў летняй чэрвеньскай* гарачынёй, а ўспрымалася яна як спякота пажарышчаў ад комінаў і друзу, раскіданага перад вачыма ва ўсе канцы горада. Начальнік эшалона Мележ адрапартаваў дырэктару Савіцкаму і іншым членам камісіі аб «нармальным» прыбыцці універсітэцкай каманды.

Хуценька выгрузіліся і раскінулі сваё селішча побач з вакзалам пад дахам высокага і доўгага драўлянага нямецкага вайсковага склада, паперу з якога мы пазней сталі выкарыстоўваць для сшыткаў пад канспекты. Засяліліся ў барак былой нямецкай чыгуначнай аховы, што быў побач. У нашым двары выклікаў ва ўсіх своеасаблівае пачуццё горычы свежы, абнесены прыгожай агароджай магільны грудок з надпісам на драўляным слупку: палкоўнік У. Л. Каргузалаў (1896.12.07. – 1944) Герой Савецкага Саюза. Пазней мы даведаліся, што пахаваны ў нашым універсітэцкім двары быў ураджэнец Ленінграда, расіянін, высокакваліфікаваны спецыяліст ваенна-інжынерных войскаў. Эпіцэнтрам БДУ стаў ацалелы двухпавярховы цагляны корпус фізмата. У гэтым невялічкім доме, як у казачнай рукавічцы Мышкі-нарушкі, абсталявалі некалькі аўдыторый, сабралі сціплую бібліятэку, якой загад- вала Р. Г. Любіна, клапатлівы спецыяліст сваёй справы, размясцілася адміністрацыя і рэктар, адгарадзілі пакойчык для халастых выкладчыкаў і аспірантаў, утварылі і ўпрыгожылі невялікую актавую залу, дзе ў хуткім часе адбылася абарона I. В. Гутаравым доктарскай дысертацыі – першай філалагічнай пасляваеннай пары.

Днём пад летняй спякотай працавалі на руінах па аднаўленні біялагічнага корпуса. Мележ курыраваў студэнцкія атрады разам з будаўнічай камісіяй. А вечарамі збіраліся на двары ці ў актавай зале і пад музыку віртуоза-акардэаніста, былога лётчыка, студэнта-журналіста Рыгора Булацкага і дэмабілізаванага салдата, студэнта-першакурсніка, майстра ігры на «хворым» ад вайны раялі Мішы Цікоцкага – сына сла- вутага кампазітара Яўгена Цікоцкага, вытанцоўвалі да рання полькі, вальсы, выкручвалі факстроты і танга. Іван Паўлавіч часта назіраў з ла- годнай сяброўскай усмешкай за гэтым студэнцкім мурашнікам. Па ўспамінах былога студэнта, зараз вядомага паэта Міколы Аўрамчыка, былыя студэнты-франтавікі Р. В. Булацкі, Ю. М. Міхневіч, I. Ф. Куд- раўцаў, I. П. Мележ, Г. У. Шыловіч часта збіраліся ў студэнцкім скверыку і абмяркоўвалі свае надзённыя справы, праводзілі прафсаюзныя і партыйныя лятучкі, нібы раілася моладзь мележаўская з вопытам светлай памяці Героя Савецкага Саюза Каргузалава. Тут у Івана Паўлавіча выкрышталізоўваліся творчыя планы па стварэнні рамана «Мінскі напрамак». З гадамі прывакзальны Універсітэцкі гарадок набудзе сімвал пупавіны БДУ, аб чым сведчыць сучаснае яго прызначэнне, замацаванае помнікамі Еўфрасінні Полацкай, Міколы Гусоўскага, Францыска Скарыны, помнікам удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны. З яго і адправіўся ў вялікую гісторыю беларускага народа гадаванец Палесся і БДУ Іван Паўлавіч Мележ.

У 1945-м, у год гістарычнай перамогі савецкага народа над нямецкім фашызмам, Мележ закончыў БДУ і вялікую святочную падзею адзначыў у некалькі этапаў разам з усім калектывам. Ранічкаю згрупаваліся на універсітэцкім дворыку, віншавалі адзін аднаго, без дазволу накідваліся з пацалункамі і на Івана Паўлавіча, затым рушылі людскім рэчышчам да Дома ўрада, дзе адбыўся мітынг. Людзей у вайсковым адзенні падкідвалі на «ўра». Мы аберагалі свайго параненага выкладчыка, а вечарам без аб’явы і закліку згрудзіліся ў студэнцкім інтэрнаце на Нямізе і былі ўсцешаны, што і Мележ завітаў сюды. <...>

Яшчэ падчас вайны ў Маскве на вуліцы Горкага, недалёка ад Беларускага вакзала, у гатэлі «Якар», размясцілася беларуская дыяспара, якая складалася з франтавікоў, партызанаў, тых людзей, якія рознымі шляхамі траплялі ў сталіцу і цягнуліся да беларускіх урадавых структур той пары. Жылі тут і беларускія пісьменнікі. З Кузьмой Чорным першы раз Мележу давялося сустрэцца ў гэтым беларускім «інтэрнаце» нацыянальнай інтэлігенцыі. Па ўспамінах выдатнага беларускага літаратуразнаўцы доктара філалагічных навук Юльяна Сяргеевіча Пшыркова, Мележ усё жыццё лічыў Чорнага сваім настаўнікам, падзяляў, а калі трэба было – і абараняў яго творчую канцэпцыю. <...>

* Безумоўная памылка аўтара артыкула; маецца на ўвазе канец ліпеня – жнівень.

Імёнаў светлае аблічча: Артыкулы, успаміны / Уклад. А. І. Бельскі. Мн., 2002. С. 131–133.

FaLang translation system by Faboba