З АРТЫКУЛА РЭКТАРА БДУ У. I. ПІЧЭТЫ «БЕЛАРУСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ УНІВЕРСІТЭТ НАПЯРЭДАДНІ 10-годдзя КАСТРЫЧНІКАВАЙ РЭВАЛЮЦЫІ»

1927 г.

8. Настаўніцкі персанал і навуковая праца. БДУ з моманту свайго заснавання сустракаў шмат перашкод у справах запрашэння неабходных выкладчыкаў. Справа ў тым, што шмат выдатных выкладчыкаў баяліся пераехаць у Мінск, што БДУ не будзе наогул існаваць. Аднак цэлая група выкладчыкаў усё ж такі пераехала і пачала весці шырокую арганізацыйную, будаўнічую справу. Калі ун-т арганізаваўся, дык запрошаныя навуковыя выкладчыкі, бачачы ўзрост ун-та, знайшлі мажлівым пакінуць старыя пасады і месца свайго жыцельства і пачаць працу ў Мінску. Праўда, невялікая група праф. усё ж такі жыла ў Маскве, займаючы там кафедры, і толькі час ад часу наязджала ў Мінск.

БДУ, жадаючы мець высокакваліфікаваных прафесараў, павінен быў лічыцца з гэтым, нягледзячы на тое, што гэта ўносіла ў працу ун-та перашкоды. Праўленне БДУ імкнулася да таго, каб запрасіць для працы ў БДУ праф.-беларусаў, якія працавалі ў інш. навуч. установах.

Аднак трэба сказаць, што ні адзін з праф.-беларусаў не даў сваёй згоды на працу ў БДУ. Праўленне БДУ імкнулася, каб карыстаць тую навуковую моладзь беларускага паходжання, якая знаходзілася ў Мінску.

Безумоўна, такая палітыка была правідловая, і ў далейшым Праўленне БДУ сачыла за навуковым рухам у Беларусі і запрашала ў якасці выкладчыкаў тыя сілы, якія сябе паказалі як здольныя працаўнікі.

У складзе прафесараў БДУ было 2 групы выкладчыкаў: першая высокакваліфікаваная, якая мела даволі вялікі навуковы педагагічны стаж, і другая, якая толькі пачынала сваю навуковую дзейнасць.

Праўленне ун-та паступіла правільна. Пад уплывам і кіраўніцтвам кваліфік. праф. маладыя сілы далі прастор сваім здольнасцям і на працягу 5 год выраслі ў выдатную навуковую сілу.

Праўленне ун-та падлічыла гэтыя дасягненні і знайшло неабходным прадставіць цэлы шэраг навуковых працаўнікоў на дацэнцкія і прафесарскія пасады. Трэба сказаць, што большая частка гэтых навуковых сіл была беларускага паходжання.

На працягу 6 год склад настаўнікаў БДУ увесь час павялічваўся, у якасці росту ун-та, адчыненнем новых курсаў і новых факультэтаў.

У сучасны момант ун-т поўнасцю забяспечаны выкладчыкамі, але ўсё ж такі трэба адзначыць, што на мед. факультэце асобныя кафедры па змежнай спецыяльнасці аб’яднаны ў адных руках. У далейшым Праўленне БДУ павінна прыняць меры, каб забяспечыць кафедры спецыяльн. выкладчыкамі. Гэта асабліва неабходна ў сучасны момант, калі мед. факультэт перайшоў на сістэму штатаў.

Такім чынам, БДУ з боку складу праф. персаналу стаіць на цвёрдым грунце.

На працягу 6 год склад выкладчыкаў змяніўся да таго, што невялікая група праф. выбыла з ун-та. Выдатны прафесар і буйны вучоны па гісторыі расійскага права Д. М. Мейчык, які толькі атрымаў мажлівасць пачаць сваю навуковую працу ў БДУ, памёр. Таксама памёр і праф. па кафедры арганічнай хіміі А. С. Усаў і М. А. Янчук, праф. на кафедры этнаграфіі.

Дацэнт А. А. Савіч пасля 2-гадовай працы ў БДУ заняў кафедру расійскай гісторыі ва ун-це. Праф. па кафедры зах. еўрапейскай літаратуры А. Н. Еўлахаў перамяніў каф. БДУ на кафедру па тым жа прадмеце ў Азербайджанскім ун-це. Праф. па кафедры неарганічнай хіміі Б. М. Беркенгейм пакінуў ун-т дзякуючы ад’езду ў Маскву. Праф. па кафедры эканамічнай палітыкі В. Кнорын за атрыманнем пасады ў Маскве таксама пакінуў БДУ. Праф. па кафедры старажытнай гісторыі Д. М. Канчалоўскі і праф. па кафедры новай гісторыі В. Н. Дзякаў і Я. М. Саловы, праф. па кафедры тэхнікі, сталі працаваць у Маскве. Праф. па кафедры сусветнай гісторыі С. М. Ляскоўскі атрымаў кафедру ў Самаркандскім пед. ун-це. Пакінулі Мінск праф. М. В. Доўнар-Запольскі, I. Д. Маркін і С. 3. Кацэнбоген.

Таксама пакінулі ун-т цэлы шэраг ардынатараў, асістэнтаў па сканчэнні іх стажу. Такім чынам, толькі невялікая частка працаўнікоў пакінулі БДУ, рэшта засталася ва ун-це і з вялікім поспехам вядзе ў ім працу.

Нягледзячы на тое, што БДУ не меў сталага, поўнага навуковага выкладання, прафесары і выкладчыкі ўвесь час вялі навуковую працу, друкуючы свае працы як у «Працах БДУ», таксама ў розных выданнях як за межамі СССР, так і ў часопісах РСФСР і УССР. Шмат прадстаўнікоў мед. факультэта выдавалі сваю працу ў нямецкіх часопісах, а праф. М. М. Нікольскі надрукаваў вялікую працу аб магічнай літаратуры Дрэўняга Ізраіля.

Навуковая праца шырока разгарнулася ва ун-це, але, на жаль, цэлы шэраг прац яшчэ не надрукаваны за адсутнасцю сродкаў.

Акрамя гэтага, навуковая праца праф. адбівалася ў працы ў Навуковым таварыстве ў БДУ. Прафесары і інш. выкладчыкі прымалі значны ўдзел на пасяджэннях Навуковага тав-ва, як агульных, так і секцыйных. Само Навуковае тав. падзялілася на секцыі: сацыяльна-гістарычную, літаратурна-мовазнаўчую, юрыдычную, прыродазнаўчую, матэматычную, медычную і педагагічную.

Акрамя гэтага, цэлы шэраг праф. прымалі ўдзел у працы Інбелкульта, Наркамюста, Наркамздрава і Наркамасветы.

Праф. БДУ таксама выступалі з навуковымі дакладамі на прадметных камісіях. Пры клініках і навуковых лабараторыях мед. факультэта арганізаваліся навуковыя канферэнцыі, у якіх прымалі ўдзел супрацоўнікі кафедры, альбо лабараторыі, альбо кабінета.

Вельмі часта ўтвараліся аб’яднаныя пасяджэнні агульных і сумежных па спецыяльнасці кафедр. Акрамя гэтага, у прад. камісіях таксама выступалі з навуковымі дакладамі. Усё гэта сведчыла аб шырока разгорнутай працы ў БДУ.

Прафесары і выкладчыкі БДУ прымалі ўдзел у розных канферэнцыях і з’ездах, як на тэрыторыі Беларусі, таксама і на абшарах СССР і за межамі. На працягу 6 год Наркамасветы камандзіраваў цэлы шэраг навуковых працаўнікоў за межы СССР дзеля навуковай працы.

Прага, Нямеччына, Аўстрыя і Францыя былі тымі краінамі, у якія адкамандзіроўваліся навуковыя працаўнікі.

Такія камандзіроўкі, вядома, мелі вялікае значэнне. Так, яны далі магчымасць цэламу шэрагу навуковых працаўнікоў пачаць альбо скончыць сваю працу. БДУ знаходзіўся ў навуковым абмене сваімі выданнямі з навуковымі ўстановамі Польшчы, Латвіі, Эстоніі, Нямеччыны, Чэхаславакіі, Злучаных Штатаў Паўночнай Амерыкі.

Усё гэта сведчыць аб тым, што БДУ вельмі замацаваўся як навуковая ўстанова і гэтым самым БДУ стаў цэнтрам навуковай думкі і асветы на Беларусі.

Праўленне БДУ лічылася з неабходнасцю прыняць цэлы шэраг мерапрыемстваў для падрыхтоўкі новых сіл. Для гэтай мэты ў мінулым годзе было пакінута пры ун-це 20 аспірантаў, якія пад кіраўніцтвам спец. павінны падрыхтавацца да навуковай працы.

Большасць аспірантаў будуць працаваць у Мінску, аднак па асобных кафедрах, якія яшчэ ва ун-це не вельмі добра абсталяваны, аспіранты будуць камандзіраваны ў Маскву альбо ў Ленінград.

Праўленне БДУ упэўнена ў тым, што аспіранты атрымаюць адпаведную падрыхтоўку і будуць здольнымі да таго, каб пачаць сваю навуковую дзейнасць у сценах ун-та на падставе тых навуковых прац, якія імі будуць напісаны і якія гэтым самым будуць сведчыць аб іх навуковай падрыхтоўцы.

Устаў аб навуковых працаўніках прадаставіў ун-ту мажлівасць выдаваць вучоныя ступені. Безумоўна, гэта будзе садзейнічаць яшчэ большаму пашырэнню навуковых прац, акрамя гэтага, працаўнікі БДУ пажадаюць атрымаць вуч. ступень доктара адпаведнай навукі.

Трэба яшчэ адзначыць, што з пачатку заснавання ун-та праф. БДУ прымаюць значны ўдзел у чытанні публічных лекцый, як у Мінску, так і за яго межамі; гэта грамадская дзейнасць значна павялічыла тую вялікую рэпутацыю, якой карыстаецца ун-т.

На 1 кастрычніка 1927 г. па спісах БДУ лічылася: 49 прафесараў, 51 дацэнт, 74 асістэнта, 39 ардынатараў, 8 лектараў моў, 36 выкладчыкаў на раб. факультэце, 36 выкладчыкаў узорных беларускай і яўрэйскай школ. 3 гэтага ліку настаўніцкага персаналу ун-та, за выключэннем рабфака, было 16 % парт., з ліку якіх было 3 праф., 20 дац., 7 асіст. і 6 ардынатараў.

У нац. адносінах: да бел. нац. належыць 34 % настаўніцкага персаналу, з іх 6 праф., 20 дацэнтаў, 28 асістэнтаў, 19 ардынатараў. Гэта павелічэнне даволі вялікае, калі параўнаць яго з данымі 1925/26 г., калі толькі 25 % было беларускага паходжання.

Праўленне БДУ пачынаючы з 1926 г. будавала сваю працу, і ў сучасны момант выйшла 15 выпускаў і друкуюцца новыя.

Гэтыя працы толькі часткова далі мажлівасць праф. БДУ, дацэнтам і інш. навуковаму персаналу надрукаваць сваю працу.

9. Нацыянальная палітыка ва ун-це. БДУ з пачатку свайго існавання імкнуўся да таго, каб арганізаваць выкладанне на мясцовых мовах. 3 другога боку, Праўленне ун-та і Наркамасветы лічылі неабходным арганізаваць выкладанне, каб яно выдавалася на мясцовым матэрыяле, вось чаму на факультэце права і гаспадаркі, а таксама на педагагічным факультэце выкладаецца шмат прадметаў краязнаўчага характару. Надаючы вялікае значэнне краязнаўчаму руху і лічачы, што Беларусь усебакова не вывучана, БДУ арганізаваў экспедыцыю для збору рознага матэрыялу навуковага характару.

Праўленне ун-та арганізавала Краязнаўчае т-ва для вывучэння Тураўскага раёна Мазырскай акругі.

Усе гэтыя экспедыцыі прайшлі з вялікім поспехам, і быў здабыты значны навуковы матэрыял. Акрамя гэтага, праф. і выклад. медычнага факультэта вытвараліся розныя расследаванні медычнага характару. Факультэт вывучаў пашырэнне малярыі, рынаспіромы, базедавай хваробы і інш. хвароб, якія пашыраны на Беларусі. У гэтым руху прымалі ўдзел і студэнты. Акрамя гэтага, для набыцця навуковага матэрыялу былі арганізаваны экспедыцыі на Мурман, Урал, Паўднёвы Каўказ, Крым, Растоў-на-Доне, а таксама экспед. па Беларусі. Навуковы матэрыял быў прадастаўлен у распараджэнне адпаведных кафедр. БДУ з самага пачатку імкнуўся, каб арганізаваць выкладанне на бел. мове. Аднак гэта справа сустракала шмат перашкод з прычыны адсутнасці выкладчыкаў, якія б ведалі бел. мову.

У справах беларусізацыі было шырока пастаўлена выкладанне і вывучэнне студ. бел. мовы. Аднак на працягу 6 год БДУ атрымаў значныя вынікі ў справах беларусізацыі. Больш за ўсё беларусізаваны педфак, на якім у гэтым годзе 65 вуч. гадзін выкладаецца на бел. мове. Акрамя гэтага, 15 % гадзін выклад. на яўрэйскай мове і толькі 20 % на расейскай мове.

На медычным факультэце ўсе практычныя заняткі, выключаючы лекцыі, будуць чытацца на бел. мове, што будзе складаць 50 % вуч. гадзін факультэта. На праўгасе 30 % вуч. гадзін будзе чытацца на бел. мове.

На рабфаку ўсё выкладанне вядзецца на бел. мове. Акрамя гэтага, на рабфаку адчынена яўрэйскае аддзяленне. На польскай мове на педагагічным факультэце таксама чытаецца некалькі курсаў. Нягледзячы на гэтыя значныя дасягненні, Праўленне БДУ будзе і далей весці сваю працу па беларусізацыі, каб у наступныя два гады БДУ быў беларусізаваны поўнасцю. Праўленне БДУ прыступае да выдання навуковых курсаў на беларускай мове. Беларускія падручнікі павінны яшчэ больш замацаваць усю працу універсітэта па беларусізацыі.

У апошнія два гады студэнты універсітэта пры паступленні ва ун-т павінны былі трымаць залікі і па беларускай мове.

10. Студэнцтва БДУ. Прыём студэнтаў у БДУ адбываўся ў канцы жніўня і пачатку верасня кожнага акадэмічнага года. Для гэтай мэты ўтваралася Прыймовая камісія, у склад якой уваходзілі прадстаўнікі Праўлення універсітэта, партыйных і прафесійных арганізацый. Пры Глаўпрафобры ўтваралася цэнтральная камісія, у якую паступалі ўсе апеляцыі. У сучасным годзе была ўтворана Прыймовая камісія пры Праўленні універсітэта, і ўсе апеляцыі паступалі на разгляданне Праўлення. Такая дэцэнтралізацыя, безумоўна, зрабіла тэмп працы Прыймовай камісіі больш хуткім.

Усе студэнты, якія падавалі заявы ва універсітэт, незалежна ад факультэтаў былі павінны трымаць залікі. Трэба сказаць, што прыймовыя залікі паказалі, што з кожным годам падрыхтоўка студэнтаў паляпшаецца. Асабліва ў сучасным годзе, калі большая частка падаўшых заявы паказалі, што яны з’яўляюцца вельмі добра падрыхтаванымі. Такое паляпшэнне падрыхтоўкі тлумачыцца тым, што сістэма народнай асветы на Беларусі ўжо стала цвёрдай і выкладанне ў школах значна палепшылася.

Аспіранты, якія скончылі педтэхнікум, былі залічаны на другі курс педфака з прычыны таго, што першы курс быў агульнага характару; тыя ж асобы, якія скончылі эканамічныя прамысловыя тэхнікумы, а таксама медыцынскі тэхнікум, залічваліся на 1-ы курс без залікаў. Прымаючы пад увагу, што Нар. кам. аховы здароўя трымаў курс на скасаванне фельчарызму, Прыймовая камісія вызначала кожны раз значны працэнт вольных месцаў для школьных фельчараў, якія былі павінны трымаць уступныя залікі па 2-х дысцыплінах: грамадазнаўству і прыродазнаўству.

Першыя гады было шмат жадаючых уступіць ва універсітэт, дзякуючы чаму ў лік студэнтаў было залічана больш, чым гэта патрэбна для Беларусі. Каб мінуць перапаўнення, Глаўпрафобру прыйшлося пры прыёме ва універсітэт карыстацца сталымі лічбамі і значна паменшыць агульны лік студэнтаў на медыцынскі факультэт.

Агульная колькасць студэнтаў з адчыненнем новых курсаў увесь час павялічвалася.

Урад Беларусі, адчыняючы універсітэт, імкнуўся да таго, каб ён стаў месцам, дзе б адтрымалі сваю адукацыю сяляне і рабочыя Беларусі, якія не мелі ніякай мажлівасці вучыцца ў старыя часы. Дзякуючы гэтаму Прыймовая камісія зварачвала сваю ўвагу на сацыяльны склад студэнцтва і ў першую чаргу залічвала тых студэнтаў, якія належалі да працоўных і сялян.

Дзякуючы гэтаму, з кожным годам агульны склад студэнтаў з сацыяльнага боку значна паляпшаўся.

На 1 кастрычніка 1927 г. у БДУ лічылася 2672 студэнты. Лік студэнтаў па факультэтах па сацыяльнаму складу, нацыянальнаму складу, партыйнаму складу можна яскрава прадставіць у табліцы (гл. с. 247).

Матэрыяльнае становішча беларускага студэнцтва было вельмі цяжкае. Беларускі Урад аб гэтым добра ведаў і з першых дзён існавання універсітэта звярнуў на гэта сваю ўвагу і імкнуўся, каб забяспечыць студэнтаў неабходнымі стыпендыямі. Адсутнасць матэрыяльных сродкаў студэнцтва, безумоўна, з’яўлялася перашкодаю для павелічэння паспяховасці студэнтаў. Прымаючы пад увагу патрэбы студэнцтва, Беларускі Урад паступова павялічваў лік стыпендый. У сучасны момант лік стыпендый падняты да 1037 асоб, але гэта вельмі мала ў параўнанні з той патрэбай, якая адчуваецца студэнтамі. Адсутнасць у горадзе памяшканняў таксама з’яўлялася вялікаю перашкодаю ў студэнцкім жыцці. Праўленне ун-та ўжо ў першы год існавання універсітэта прыняло мерапрыемствы да таго, каб забяспечыць студэнцтва, хаця б яго частку, інтэрнатам. Выканаць гэтую мэту было вельмі цяжка за адсутнасцю ў Мінску адпаведных памяшканняў, але ўсё ж такі трэба прызнаць, што ў гэтым напрамку было зроблена вельмі шмат. Усе студэнты рабочага факультэта забяспечаны памяшканнем для інтэрната, а таксама яшчэ маецца інтэрнат для 500 асоб.

Каб утварыць лепшыя ўмовы для жыцця студэнцтва, студэнцкія арганізацыі адчынілі сталовыя для харчавання студэнцтва. У мінулым годзе гэтымі сталовымі загадвала Праўленне ун-та і прыклала ўсе ўсіллі да таго, каб палепшыць харчаванне студэнтаў. Аднак трэба адзначыць, што пры невялікай па размерах колькасці стыпендыі вельмі цяжка здаволіць мінімальныя запатрабаванні ў харчаванні і адзенні. Апрача гэтага, і іншыя культурныя запатрабаванні студэнцтва за адсутнасцю сродкаў не могуць быць здаволены. Праўленне ун-та заўсёды падтрымлівала самую цесную сувязь са студэнцкімі арганізацыямі.

Таксама і прафесары БДУ вялі кантактавую праду са студэнцкімі арганізацыямі. Прадстаўнік Выканбюро з’яўляўся сталым сябрам Праўлення БДУ акрамя спецыяльнага прадстаўніка ад імя студэнцтва. Прафесары і выкладчыкі універсітэта прымалі ўдзел у розных студэнцкіх арганізацыях, сярод якіх Краязнаўчае таварыства займае вельмі важнае месца. Дзякуючы такой палітыцы Праўлення, у працягу 6 год былі ўтвораны нармальныя адносіны да студэнцтва і іх арганізацый, і на гэтым грунце не было ніякіх непаразуменняў. Кожны год, калі адбываліся студэнцкія прафесійныя канферэнцыі, Праўленне ун-та выступала з дакладамі на апошніх і гэтым самым давала мажлівасць прадстаўнікам студэнцтва выказаць свае думкі адносна працы Праўлення і становішча ун-та. Праўленне лічыла правільнай такую палітыку. Дзякуючы гэтаму студэнцкія масы былі ў курсе ўсіх мерапрыемстваў Праўлення, рэалізацыя якіх не выклікала ніякіх перашкод. Аўтарытэтны голас студэнцкіх арганізацый быў зусім дастатковы, каб студэнцкія масы прынялі гэтыя пастановы і ўводзілі іх у жыццё.

У першыя гады існавання універсітэта, калі агульныя ўмовы жыцця універсітэта былі вельмі цяжкія, паспяховасць студэнцтва была не вельмі высокая. Для пераходу з курса на курс прынята сістэма «мінімум», як у іншых універсітэтах, але сістэма, трэба адзначыць, мала садзейнічала паспяховасці студэнтаў. Праўленне універсітэта знаходзіла неабходным падтрымліваць гэтую сістэму «мінімум» з прычыны таго, што універсітэт не меў шмат падручнікаў, не меў добра абсталяваных лабараторый, і, такім чынам, студэнцтва не мела мажлівасці так працаваць, каб можна было прад’яўляць студэнцтву найбольш высокія патрабаванні. Толькі тады, калі палепшылася абсталяванне ун-та, калі з’явілася мажлівасць адчыніць кабінеты і лабараторыі і забяспечыць іх усім неабходным, можна было стаць на шлях павелічэння акадэмічнай паспяховасці, Праўленне ун-та прынцыпова перайшло на шлях «максімуму». Ужо ў першы год яго ўвядзення гэта сістэма «максімум» дала значныя вынікі.

Падлічэнне вынікаў мінулага года паказала вельмі значны крок у паспяховасці студэнцтва. Звыш 40 % студэнтаў кожнага курса здалі «максімум». Безумоўна, гэта паспяховасць залежыць гэтаксама і ад лепшай падрыхтоўкі студэнцтва. Усё гэта сведчыць аб тым, што заняткі ва універсітэце сталі ісці нармальным шляхам і што ў наступныя гады універсітэцкае жыццё стане канчаткова нармальным.

11. Факультэт права і гаспадаркі. 3 пачатку існавання універсітэта быў адчынены факультэт грамадскіх навук, які не адказваў свайму прызначэнню і быў зачынены. Потым быў адчынены факультэт права і гаспадаркі, які стаў працаваць пачынаючы з 1925/26 акад. года ў складзе 2-х аддзяленняў — эканамічнага і прававога. Кіруючым органам факультэта грамадскіх навук, а потым факультэта права і гаспадаркі з’яўляўся дэканат і савет факультэта. У 1921/22 акад. годзе дэканам быў У. М. Ігнатоўскі, намеснікам — С. Я. Вальфсон, сакратаром — А. Н. Вазнясенскі. Калі факультэт грамадскіх навук быў выдзелены ў педагагічны факультэт, дык склад дэканата ў 1922/23 акад. годзе быў наступны: дэкан — праф. С. 3. Кацэнбоген, нам. дэкана — С. Я. Вальфсон, сакратар — А. I. Барычэўскі. Такі склад дэканата заставаўся без усякіх змен, пакуль функцыяніраваў факультэт грамадскіх навук. Акрамя гэтага, у склад дэканата ўваходзіў нар. кам. юстыцыі т. Гетнэр.

3 адчыненнем факультэта права і гаспадаркі дэканам быў прызначаны С. Я. Вальфсон, а сакратаром — студэнт Пракопчык. У чэрвені м-цы 1926 года адбыліся перавыбары дэканата. Дэканам застаўся С. Я. Вальфсон, сакратаром — студэнт Кубан і сябрам дэканата — нар. кам. юстыцыі т. Сэгаль. У кастрычніку 1927 года адбыліся перавыбары, згодна з якімі дэканам быў абраны С. Я. Вальфсон, нам. дэкана — нар. кам. юстыцыі т. Сэгаль і прадстаўніком ад студэнцтва — т. Кубан. Пасяджэнні дэканата адбываліся вельмі рэгулярна, і на іх разглядаліся ўсе бягучыя пытанні. Асаблівую ўвагу звяртаў дэканат на распрацоўку навучальных планаў, на разгляд кандыдатур прафесараў, выкладчыкаў і асістэнтаў, на арганізацыю кабінетаў і лабараторый. Саветы факультэта, а потым аб’яднаныя пасяджэнні прадметных камісій адбываліся ў залежнасці ад розных спраў. Як агульнае правіла, дэканат факультэта знаёміў савет факультэта з агульнай працай на факультэце, з яго бягучымі патрэбамі. Навучальныя планы таксама разглядаліся і зацвярджаліся на такіх агульных сходах.

Прымаючы пад увагу агульную нацыянальную палітыку, дэканат факультэта права і гаспадаркі прымаў адпаведныя мерапрыемствы да таго, каб перавесці цэлы шэраг прадметаў на беларускую мову. У мэтах забеспячэння факультэта права і гаспадаркі навуковымі працаўнікамі ў першы год існавання факультэта права і гаспадаркі дэканат залічыў у якасці аспіранта К. М. Таўсталес па кафедры гісторыі рускага і літоўска-беларускага права, нягледзячы на тое, што яна скончыла юрыдычны факультэт Ленінградскага універсітэта.

Пры распрацоўцы навучальных планаў дэканат выказаўся за 4 гады, пры ўмове, каб усе лекцыі і практычныя заняткі былі скончаны ў працягу 3 1/2 года, а апошнія паўгода былі прысвечаны абароне дыпломнай працы.

Каб больш падрыхтаваць студэнтаў да практычнай працы, навучальныя планы былі так складзены, што ў іх займае важнае месца абавязковая практыка ў адпаведных установах, як судовых, гэтаксама і гаспадарчых. Дэканат факультэта не знайшоў мажлівым падзяліць юрыдычнае аддзяленне на цыклы, але эканамічнае аддзяленне, у мэтах большай спецыялізацыі, было падзелена на цыклы: адміністрацыйна-прамысловы, кааперацыйны і банкава-фінансавы. Такое дзяленне на цыклы, вядома, дасць магчымасць студэнтам больш практычна падрыхтавацца. Пытанне аб метадах выкладання таксама звяртала на сябе ўвагу з боку дэканата. Прызнаючы неабходным замяніць лекцыйны на семінарскі метад выкладання, дэканат фак. права і гаспадаркі перавёў асобныя прадметы на лабараторна-групавы метад, і гэты перавод даў свае вынікі. Што датычыцца да парадку заняткаў, дык, як агульнае правіла, апошнія вяліся раніцай, але ў відзе выключэння заняткі на 3-м курсе адбываліся ўвечары.

Склад выкладчыкаў факультэта грам. навук быў наступны: С. Я. Вальфсон займаў кафедру дыялектычнага матэрыялізму; Грэдынгер М. О. — кафедру грамадзянскага права і грамадз. працэсу; Гурвіч Г. С. — кафедру грамадз. права (пакінуў кафедру ў 1922 г.); Гарбуноў А. В. быў прафесарам адміністрацыйнага права; Дурдзенеўскі У. М. займаў кафедру дзяржаўнага права (пакінуў кафедру з зачыненнем факультэта грамадскіх навук); Дзякаў У. М. займаў кафедру ўсеагульнай гісторыі (пакінуў кафедру ў 1923 г.). Праф. М. В. Доўнар-Запольскі займаў кафедру гісторыі народнай гаспадаркі Расіі на факультэце права і гаспадаркі (пакінуў кафедру за пераводам у Маскву). Жарынаў Д. А. займаў кафедру расійскай гісторыі на факультэце грамадскіх навук; Каплан Г. А. займае кафедру таваразнаўства; Краўчанка Н. Н. займаў кафедру міжнароднага права; Кнорын В. Г. займаў кафедру эканамічнай палітыкі, якую пакінуў за пераездам у Маскву; Кацэнбоген С. 3. займаў кафедру сацыялогіі, якую пакінуў за пераездам у Саратаў; Крыльцоў I. I. — кафедру дзяржаўнага права; Маркаў Г. М. займаў кафедру грамадзянскага права да 1923 г. (быў забіты на маскоўскай дачы бандытамі); Перцаў У. М. займаў кафедру гісторыі народнай гаспадаркі Заходняй Еўропы; Лубны-Герцык Л. I. займаў кафедру статыстыкі (пакінуў універсітэт, дзякуючы зачыненню факультэта грамадскіх навук); Пічэта У. I. — кафедру народнай гаспадаркі Расіі і Беларусі, а таксама гісторыі расійскага і літоўска-беларускага права; Шыраеў В. М. займае кафедру крымінальнага права і крымінальнага працэсу; Чрэдзін Б. В. — кафедру гісторыі інстытутаў прыватнага права; Манаў — кафедру бухгалтэрыі і рахунказнаўства і Парменаў С. — кафедру прыкладной эканомікі. Дацэнтамі на факультэце былі наступныя асобы: Арцымовіч А. М. — па кафедры статыстыкі, Герцык I. Я. — па кафедры палітычнай эканоміі, Гохман С. М. — па кафедры агульнай тэорыі права, Красінскі М. Ф. — па кафедры беларускай мовы, Мейчык Д. М. — па кафедры гісторыі права, Якунін В. В. — па кафедры рахункаводства і бухгалтэрыі, Валадковіч — па той жа кафедры, Герчыкаў I. В. — дацэнт па кафедры гісторыі народнай гаспадаркі Заходняй Еўропы. Асістэнтамі былі: Гаўзэ Ф. I. — па кафедры грамадзянскага права, Гуткоўскі М. Н. — па кафедры агульнай тэорыі права і адміністрацыйнага права, Канаплін Н. А. — па кафедры крымінальнага права да 1926 года, Сідлярэўскі Л. Г. — па кафедры крымінальнага працэсу (пакінуў асістэнтуру з зачыненнем факультэта грамадскіх навук), Папоў С. С. — асістэнт па кафедры грамадзянскага права (пакінуў асістэнтуру з зачыненнем факультэта грамадскіх навук), Рубашова Л. М. — асістэнт па кафедры крымінальнага права.

3 утварэннем факультэта грамадскіх навук былі арганізаваны прадметныя камісіі: эканамічная і прававая. Гэтыя камісіі засталіся і на факультэце права і гаспадаркі. Прадметныя камісіі займалі важнае месца ў жыцці факультэта. Прадметныя камісіі разглядалі і абгаворвалі навучальныя праграмы, прадстаўленыя факультэту; разглядалі навучальныя планы, абгаворвалі кандыдатуры на новыя кафедры, займаліся пытаннямі аб метадах выкладання, абгаворвалі тэмы семінарскіх заняткаў і метады іх вядзення; разглядалі справаздачы выкладчыкаў аб выкладанні дысцыплін і аб вядзенні імі семінарскіх заняткаў, абгаворвалі тэмы для дыпломных прац, а таксама абароны дыпломных прац.

Гэткія ж мэты ставілі сабе камісіі і на факультэце права і гаспадаркі. У склад прадметных камісій уваходзілі ўсе выкладчыкі адпаведных дысцыплін і прадстаўнікі студэнцтва.

3 адчыненнем факультэта грамадскіх навук былі арганізаваны кабінеты права і эканомікі, а потым быў арганізаваны кабінет статыстыкі. 3 адчыненнем факультэта права і гаспадаркі быў адчынены кабінет марксізму і ленінізму, а кабінеты права і эканомікі былі злучаны ў адзін кабінет. Акрамя гэтага, быў адчынены кабінет таваразнаўства і кабінет па вывучэнні злачынства і злачынца. Трэба адзначыць, што ў сучасны момант кабінеты забяспечваюцца ўсім неабходным. Маецца на ўвазе адчыненне кабінета прыкладной эканомікі і рахункаводства.

Факультэт грамадскіх навук даў 2 выпускі студэнтаў. 20 лютага 1925 г. адбыўся першы выпуск. У чэрвені 1926 года адбыўся другі выпуск студэнтаў. Гэтыя першыя эканамісты і юрысты ў сучасны момант працуюць з вялікім поспехам у розных установах.

Студэнты, якія скончылі, атрымалі часовыя пасведчанні, якія яны былі павінны змяніць на дыплом пасля абароны дыпломнай працы.

Як агульнае правіла, кожная дыпломная праца разглядалася двума выкладчыкамі. Водзыў аб дыпломнай працы чытаўся ў прадметнай камісіі, і калі дыпломная праца была прызнана здавальняючай, дык яна дапушчалася да абароны ў публічным пасяджэнні прадметнай камісіі.

Тэмы дыпломных прац былі наступныя: 1) «Сельская гаспадарка і фабрычна-завадская прамысловасць СССР у іх рыначных узаемаадносінах»; 2) «Мэты пакарання»; 3) «Акцыянерныя таварыствы з удзелам дзяржаўнага капіталу»; 4) «Пенітэнцыярныя ўстановы»; 5) «Папраўна-трудавы кодэкс СССР»; 6) «Вучэнне аб альтэрнатыўных абавязках»; 7) «Фактары злачынства, іх віды і ўзаемаадносіны»; 8) «Іскі аб прызнанні і заявы аб устаноўцы фактаў»; 9) «Марксісцкая тэорыя аб імперыялізме»; 10) «Басфора-Дарданэльскае пытанне і яго міжнароднае прававое становішча»; 11) «Сістэма кары, згодна Улажэння 1649 г. і заканадаўства Пётры I»; 12) «Прамысловасць на Беларусі і перспектывы яе развіцця».

12. Педагагічны факультэт. Педагагічны факультэт быў утвораны з двух аддзяленняў факультэта грамадскіх навук. Да гуманітарных аддзяленняў былі прыстасаваны аддзяленні прыродазнаўча-гістарычнае і фізіка-матэматычнае. Планы педагагічнага факультэта разглядаліся некалькі разоў. Адбываліся частыя змены. Да канца 5-га года існавання ун-та педагагічны факультэт атрымаў наступную канструкцыю: 1-ы курс агульны. Дзяленне па спецыяльнасцях пачынаецца з 2-га курса, пры наліччы аддзяленняў: сацыяльна-гістарычнага, якое падзяляецца на 3 секцыі — беларускую, польскую і яўрэйскую, і літаратурна-лінгвістычнага, з такімі ж трыма секцыямі. На аддзяленні фізіка-матэматычным і прыродазнаўчагістарычным таксама былі праведзены прызнакі належнасці студэнтаў да адной з нацыянальных секцый.

Кіруючым органам педфака быў дэканат і савет факультэта. У 1922/23 акад. годзе склад дэканата быў гэтакі: дэкан — праф. У. М. Ігнатоўскі; нам. дэкана — М. М. Нікольскі і сакратар — А. Н. Вазнясенскі; загадчык прыродазнаўчага і фізіка-матэматычнага аддзялення — Я. С. Пятосін. У 1923/24 акад. годзе нар. кам. асветы, праф. У. М. Ігнатоўскі не меў магчымасці прымаць пасаду дэкана. Дэканам быў зацверджаны праф. М. М. Нікольскі, намеснікам дэкана — А. К. Успенскі і сакратаром — А. Н. Вазнясенскі. У 1924/25 акад. годзе дэканат складаўся з дэкана — праф. Нікольскага, нам. дэкана — А. К. Успенскага і сакратара — студэнта Гімельфарба. Акрамя гэтага, яшчэ былі сакратары аддзяленняў А. Н. Вазнясенскі і Н. М. Бліадухо. У чэрвені 1925 года адбыліся перавыбары дэканата. Пасады сакратароў былі знішчаны. Дэканам і загадчыкам засталіся тыя ж асобы, але сакратаром быў абраны студэнт Путнін. У чэрвені 1926 года новыя перавыбары дэканата далі наступныя вынікі: дэканам быў абраны праф. М. Н. Піятуховіч, намеснікам — А. К. Успенскі і сакратаром — студэнт Путнін. Акрамя гэтага, былі ўтвораны загадчыкі аддзяленняў, якія ўваходзілі ў склад дэканата, у тым ліку М. М. Нікольскі — загадчык сацыяльна-гістарычнага аддзялення, I. I. Замоцін — загадчык літаратурна-лінгвістычнага аддзялення, М. Ф. Бліадухо — загадчык прыродазнаўчага аддзялення і М. Б. Вэйнгер — загадчык яўрэйскай секцыі.

Дзякуючы рацыяналізацыі ў арганізацыі дэканата і скарачэнню штатаў дэканата, адбыліся некаторыя змены ў складзе дэканата. У пачатку кастрычніка адбыліся перавыбары дэканата, якія далі наступныя вынікі: дэканам быў абраны М. Н. Піятуховіч, ён жа — загадчык літаратурна-лінгвістычнага аддзялення; намеснікам — А. К. Успенскі, ён жа — загадчык фізіка-матэматычнага аддзялення; П. Я. Панкевіч — загадчык сацыяльна-гістарычнага аддзялення; праф. М. Н. Гайдукоў — загадчык прыродазнаўчагістарычнага аддзялення і М. Б. Вэйнгер — загадчык яўрэйскай секцыі.

Прадметамі пасяджэння дэканата былі: навучальныя планы і метадычныя пытанні, разгледжванне кандыдатур прафесараў, выкладчыкаў і асістэнтаў, арганізацыйныя пытанні, арганізацыйна-тэхнічныя пытанні, узаемаадносіны са студэнцтвам, разгледжванне пратаколаў прадметных камісій, розныя асобныя пытанні і бягучыя справы, вучот студэнцкай працы, пытанне аб беларусізацыі. Савет факультэта, а таксама аб’яднаныя пасяджэнні прадметных камісій разглядалі ўсе тыя пытанні, якія дэканат лічыў неабходным паставіць на абгаварэнне.

Пытанне аб метадах выкладання і беларусізацыі звяртала шмат увагі з боку дэканата педфака. Выкладанне прадметаў па метаду лекцыйнаму і семінарскаму не цалкам здавальняла дэканат. Дэканат лічыў неабходным шырокае прымяненне лабараторна-групавога метаду, які быў уведзены ў 1925/26 акад. годзе. Аднак не ўсе заняткі па лабараторным метадзе далі добрыя вынікі. 3 прычыны гэтага Праўленню ун-та прыйшлося скараціць агульную колькасць прадметаў, якія выкладаліся па лабараторна-групавым метадзе, і пакінуць толькі самыя неабходныя. Адначасна дэканат павялічыў агульную колькасць абавязковых семінарскіх заняткаў. Дэканат педфака звярнуў асаблівую ўвагу на беларусізацыю факультэта. Пачынаючы з 1923/24 года беларусізацыя на педфаку ішла даволі хуткім тэмпам, і ў сучасны момант 65 % усіх гадзін, згодна з навучальным планам, выкладаецца на беларускай мове. У працягу 6 год дэканат кожны год ставіў пытанне аб навучальных планах. Дэканат вёў рашучую барацьбу з шматпрадметнасцю, якая вельмі дрэнна адбівалася на занятках студэнтаў. Канчаткова навучальныя планы былі перагледжаны ў 1926/27 акад. годзе. Шматпрадметнасць была ліквідавана, і студэнты атрымалі больш вольнага часу для сваіх самастойных заняткаў. Заняткі, як агульнае правіла, вяліся раніцаю. Самыя вучэбныя планы так былі складзены, каб элемент краязнаўства і грамадазнаўства займаў першае месца. У працягу 6 год наступныя асобы займалі кафедры на педфаку:

Андрэеў Н. Н. — кафедру фізікі; Бузук П. А. — кафедру агульнага мовазнаўства і гісторыі беларускай мовы; Беркенгейм Н. М. — кафедру неарганічнай, аналітычнай і фізічнай хіміі; Вальфсон С. Я. — кафедру дыялектычнага матэрыялізму; Васілеўскі С. М. — кафедру педалогіі; Гайдукоў Н. М. — кафедру батанікі; Жарынаў Д. А. — кафедру расійскай гісторыі; Доўнар-Запольскі М. В. — кафедру гісторыі Беларусі; Замоцін I. I. — кафедру расійскай літаратуры; Еўлахаў А. М. — кафедру заходнееўрапейскай літаратуры; Іваноўскі В. Н. — кафедру псіхалогіі; Канчалоўскі Д. М. — кафедру старажытнай гісторыі; Ігнатоўскі У. М. — кафедру новай гісторыі Беларусі; Ляскоўскі С. А. — кафедру агульнай гісторыі; Лявонаў В. А. — прафесар па кафедры дзіцячых хвароб, выкладаў курс анатоміі і фізіялогіі чалавека; Міхайлоўскі А. А. — кафедру астраноміі; Нікольскі М. М. — кафедру гісторыі рэлігіі і гісторыі Усходу; Пічэта У. I. — кафедру гісторыі народнай гаспадаркі Беларусі; Перцаў У. М. — кафедру агульнай гісторыі; Прыляжаеў М. А. — кафедру арганічнай хіміі; Розанаў Л. П. — прафесар па кафедры фізіялогіі, выкладаў анатомію і фізіялогію чалавека; Сіроцін В. Е. — кафедру фізікі; Турук Ф. Ф. — кафедру беларускай гісторыі; Салаўёў I. М. — кафедру псіхалогіі; Шчапоццеў А. С. — кафедру параўнальнай анатоміі; Янчук М. А. — кафедру старой беларускай пісьменнасці; Ясінскі А. Н. — кафедру агульнай гісторыі.

Дацэнцкія пасады займалі: Арцымовіч А. М. — па кафедры статыстыкі; Азбукін Н. В. — эканамічная геаграфія; Барычэўскі В. I. — гісторыя расійскай літаратуры; Бліадухо М. Ф. — геалогія і мінералогія, зацверджаны прафесарам; Багдановіч А. В. — беларуская мова; Вазнясенскі А. Н. — гісторыя расійскай літаратуры, зацверджаны прафесарам; Вэйнгер М. Б. — яўрэйская мова; Герцык I. Я. — палітычная эканомія; Гольдберг I. I. — яўрэйская мова; Дыдырка У. К. — вышэйшая матэматыка; Друшчыц В. Д. — беларуская гісторыя, зацверджаны прафесарам; Даўгяла Д. I. — гісторыя Беларусі; Краскоўскі I. I. — беларуская гісторыя; Лёсік Я. Ю. — беларуская мова; Ойслендэр Н. Е. — яўрэйская літаратура; Пятосін Я. С. — вышэйшая матэматыка; Піятуховіч М. Н. — новая беларуская літаратура; Цанкевіч Л. Я. — педагогіка; Раўрэба I. — семіцкая філалогія; Сосіс I. — гісторыя яўрэяў, зацверджаны прафесарам; Сербаў I. А. — этнаграфія; Скандракоў С. В. — сельскагаспадарчая эканоміка (пакінуў факультэт); Савіч А. А. — дацэнт па кафедры расійскай гісторыі; Сыркін М. Г. — гісторыя мастацтва; Сербента В. А. — найнавейшая гісторыя; Фядзюшын А. — заалогія, зацверджаны прафесарам; Шчалаўраў Н. В. — методыка фізікі; Шараў Н. В. — расійская літаратура (пакінуў ун-т); Шчакаціхін Н. Н. — гісторыя мастацтва.

Асістэнцкія пасады займалі наступныя асобы: Аляксандраў Г. О. — методыка грамадазнаўства; Акімава О. Д. — па кафедры батанікі; Беркенгейм Т. I — па кафедры агульнай хіміі; Быхаўскі Б. Э. — па кафедры дыялектычнага матэрыялізму, зацверджаны дацэнтам; Воўк-Левановіч I. С. — па кафедры беларускай мовы, зацверджаны дацэнтам; Вяршук К. В. — па кафедры арганічнай хіміі; Гусева С. А. — па кафедры параўнальнай анатоміі; Грабоўскі П. 3. — па кафедры геалогіі; Грамыка М. А. — па кафедры геалогіі і мінералогіі, зацверджаны дацэнтам; Гайвароўскі А. А. — па кафедры педалогіі; Ярмоленка Н. Ф. — кафедра аналітычнай хіміі; Збіткоўскі Н. А. — кафедра батанікі; Знаменская М. П. — кафедра агульнай хіміі (пакінула ун-т); Віркевіч М. Н. — кафедра статыстыкі (пакінуў ун-т); Круталевіч А. П. — вышэйшая матэматыка, зацверджаны дацэнтам; Ляўковіч В. Л. — кафедра вышэйшай матэматыкі; Лысава М. Д. — кафедра палітычнай эканоміі (пакінула ун-т); Макарэўскі Н. I. — кафедра метэаралогіі; Перабіла В. В. — кафедра педагогікі; Пінкевіч П. О. — кафедра методыкі грамадазнаўства; Поўзік М. М. — кафедра заалогіі (пакінула ун-т); Розенаер-Вальфсон Р. А. — кафедра педалогіі; Рудніцкі I. Л. — кафедра беларускай мовы; Ракаў Я. Г. — кафедра прафруху і прафпрактыкуму; Рывес С. М. — кафедра педагогікі; Сняткоў Е. В. — кафедра фізікі, зацверджаны дацэнтам; Сірочынскі В. Н. — па кафедры методыкі фізікі, зацверджаны дацэнтам; Тэпін В. П. — кафедра методыкі літаратуры; Цір Л. 3. — ас.па кафедры арганічнай хіміі; Сагаловіч Г. — кафедра методыкі матэматыкі; Успенскі А. К. — кафедра фізікі, зацверджаны дацэнтам; Цвяткоў Л. Н. — кафедра параўнальнага мовазнаўства (пакінуў ун-т); Цэтэрман Т. О. — арганічная і аналітычная хімія (пакінула ун-т); Шчапоццеў А. Ф. — кафедра заалогіі (пакінуў ун-т); Шахнін В. А. — кафедра палітычнай эканоміі (пакінуў ун-т); Блох Г. О. — выкладчык ангельскай мовы; Гельтман Я. Г. — выкл. польскай мовы; Буржуа Л. В. — выкл. французскай мовы; Зэмель Г. Э. — выкл. нямецкай мовы; Пэцольд Г. Э. — выкл. нямецкай мовы; Паланоўская К. О. — выкл. французскай мовы; Сэгаль Э. М. — выкл. нямецкай мовы (пакінула ун-т); Сыркіна Л. Я. — выкл. нямецкай мовы.

Прадметныя камісіі на педагагічным факультэце існавалі наступныя:

1) гістарычная,

2) літаратурна-мовазнаўчая,

3) прыродазнаўчая,

4) фізіка-матэматычная,

5) методыка-педагагічная,

6) марксізму і ленінізму,

7) па замежных мовах.

Прадметныя камісіі збіраліся ў працягу кожнага года, у залежнасці ад патрэб, і разглядалі тыя пытанні, якія ставіла бягучае акадэмічнае жыццё.

На педфаку існавалі наступныя навукова-дапаможныя ўстановы:

1) Інстытут арганічнай і тэхнічнай хіміі — дырэктар праф. Прыляжаеў.

2) Інстытут неарганічнай і фізічнай хіміі — Б. М. Беркенгейм.

3) Інстытут батанікі — дырэктар праф. Н. М. Гайдукоў.

4) Інстытут фізікі — дырэктар праф. Е. Е. Сіроцін.

5) Інстытут заалогіі — праф. А. В. Фядзюшын.

6) Інстытут параўнальнай анатоміі і эмбрыялогіі — дырэктар праф. А. С. Шчапоццеў.

7) Інстытут мінералогіі і геалогіі — праф. М. Ф. Бліадухо.

8) Кабінет пры кафедры беларускай гісторыі — праф. В. Д. Друшчыц.

9) Кабінет пры кафедры расійскай гісторыі — заг. праф. Д. А. Жарынаў.

10) Кабінет агульнай гісторыі — заг. праф. У. М. Перцаў.

11) Кабінет беларускай мовы і літаратуры — заг. праф. М. М. Піятуховіч.

12) Кабінет расійскай і заходнееўрапейскай літаратуры, мовы і мастацтва — загадчык праф. А. Н. Вазнясенскі.

13) Кабінет краязнаўства — А. А. Смоліч.

14) Кабінет псіхалогіі і педагогікі — заг. праф. 0. М. Васілеўскі.

15) Кабінет яўрэязнаўства — заг. М. Б. Вэйнгер.

16) Кабінет матэматыкі і фізікі — дац. Я. С. Пятосін.

Рост педагагічнага факультэта, выпускі студэнтаў педфака прымусілі Праўленне універсітэта і дэканат педфака пашырыць агульную дзейнасць педфака. У працягу 5 год педфак быў заняты арганізацыйнай і канструктыўнай працай. Да пачатку пятага года інстытуты і лабараторыі, кабінеты былі пашыраны, і Праўленне універсітэта лічыла неабходным пашырыць дзейнасць педфака за межамі ун-та.

Праўленне і дэканат лічылі неабходным арганізацыю такога роду нарад выкладчыкаў пры педагагічным факультэце, якія далі б мажлівасць абгаварыць цэлы шэраг пытанняў метадычнага характару, азнаёміць з бягучай навуковай, навучальнай і метадычнай літаратурай. Па думцы Праўлення і дэканата, агульнае кіраўніцтва методыка-педагагічнай работай павінна ляжаць на дэканаце педфака. Гэты погляд быў ухвалены Галоўпрафасветы, які даручыў арганізаваць Праўленню цэлы шэраг усебеларускіх канферэнцый пры педагагічным факультэце. У працягу 2 год былі арганізаваны наступныя канферэнцыі: фізіка-матэматычная, прыродазнаўчая, гістарычная, літаратуры і мовы і грамадазнаўства. На канферэнцыях прысутнічалі выкладчыкі адпаведных прадметаў. У часы канферэнцый былі арганізаваны выстаўкі розных метадычных падручнікаў, а таксама навучальных прылад, неабходных для выкладчыка. Гэтыя канферэнцыі мелі вялікі поспех і сведчылі аб тым, што палітыка Праўлення ун-та была вельмі правільная.

Пачынаючы з 1925 года педфак стаў выпускаць скончыўшых студэнтаў, якія былі павінны пачаць сваю працу ў розных школах Беларусі. Кожны выпуск святкаваўся ўрачыстым пасяджэннем, якое было арганізавана Праўленнем ун-та, дэканатам, на якім прысутнічалі прадстаўнікі ўрада, Наркамасветы, прафесійных і партыйных арганізацый. Усяго педфак даў 3 выпускі, і такім чынам, даў беларускім школам цэлы шэраг новых выкладчыкаў, добра падрыхтаваных з боку тэарэтычнага і з боку практычнага.

13. Медыцынскі факультэт. Медыцынскі факультэт быў адчынены ўвосень 1921 года. Вялікі наплыў студэнтаў сведчыў аб тым, што адчыненне медыцынскага факультэта было мэтазгодным. Першы год існавання медыцынскага факультэта быў годам вельмі цяжкім, дзякуючы адсутнасці сродкаў. Голад на Паваложжы ў значнай меры затрымаў прыток сродкаў як з цэнтра, гэтаксама і на месцы, што было павінна мець уплыў на абсталяванне 1-га курса. У канцы першага навучальнага года Праўленне ун-та прыняло пастанову, каб адначасна з 2-м курсам адчыніць 3-і курс і, такім чынам, палажыць пачатак арганізацыйнай працы па абсталяванні клінік. Органы Нар. кам. аховы здароўя і гарздраву пайшлі насустрач думкам Праўлення, і для пачатку былі рамантаваны гарадскія бальніцы. Гэтым самым было пакладзена начала будаўніцтву нашых клінік.

Запрошаныя прафесары: С. М. Мелкіх — па кафедры тэрапіі, М. П. Сакалоўскі — па кафедры хірургіі, з вялікай увагай і напружанасцю прыняліся за працу па арганізацыі клінік. Трэба сказаць, што гэта напружаная праца дала сталыя вынікі. У далейшым з дапамогай устаноў адчыняліся іншыя клінікі, і, такім чынам, былі адчынены наступныя клінікі : скурных хвароб і венералагічная, дзіцячая, нервовая, акушэрска-гінекалагічная, шпітальная тэрапеўтычная, шпітальная хірургічная, псіхіятрычная, факультэцкая тэрапеўтычная і факультэцкая хірургічная. У далейшым Праўленне ун-та знайшло, што назвы «Факультэцкая клініка» і «Шпітальная клініка» з’яўляюцца ўжо адсталымі і замяніла іх назвамі — «1-я і 2-я клініка». Акрамя гэтага, былі адчынены інстытуты: эксперыментальнай гігіены, Пастэраўскі інстытут, які знаходзіцца пад кіраўніцтвам Нар. кам. аховы здароўя, судовай медыцыны, Інстытут паталагічнай анатоміі, Гісталагічны інстытут, Інстытут сацыяльнай гігіены, Інстытут біялагічнай хіміі, фармакалогіі і фармацыі.

Для выкладання прадметаў прыродазнаўчага характару, а таксама і фізікі медыцынскі факультэт карыстаўся навуковымі ўстановамі педфака.

Праўленне ун-та было вельмі захоплена запрашэннем выкладчыкаў на адпаведныя кафедры. Гэта мэта была вельмі цяжкая, асабліва ў першы год існавання ун-та, калі шмат запрошаных выкладчыкаў не рашаліся пераехаць у Мінск на сталае жыццё. Аднак гэтыя перашкоды былі пераможаны. Медыцынскі факультэт стаў мець сталы склад выкладчыкаў, які паступова пашыраўся, у залежнасці ад узросту факультэта.

Органамі кіравання факультэта былі дэканат і савет факультэта.

Спачатку дэканам медфака быў праф. М. Б. Кроль, які ў 1921 г. быў прызначаны прафесарам па кафедры нервовых хвароб. М. Б. Кроль жыў у Маскве, у мэтах падтрымання сталага кантакту з выкладчыкамі Масквы, у мэтах запрашэння апошніх у Мінск, а таксама для закупкі неабходнага абсталявання для медыцынскага факультэта. Сакратаром факультэта быў абраны дацэнт А. В. Фядзюшын. У пачатку 1922 года дэканам быў абраны праф. Б. М. Беркенгейм, а М. Б. Кроль застаўся ў якасці дэкана і жыў у Маскве.

У жніўні 1922 года дэканам быў абраны М. П. Сакалоўскі, а сакратаром А. В. Фядзюшын. Перавыбары дэканата 1923 года далі такі склад апошняга: дэкан — праф. С. М. Мелкіх, сакратар — праф. Л. П. Розанаў, сябра прэзідыума — студэнт С. О. Баркусевіч.

У лістападзе 1924 года адбыліся новыя перавыбары дэканата. Дэканат складаўся: з дэкана — праф. М. Б. Кроля, намесніка — асістэнта В. Л. Маршака і сакратара — студэнта Башкевіча.

На 1925 год дэканам быў абраны праф. М. Кроль, намеснікам дэкана — асістэнт 3. К. Магілеўчык і сакратаром — студэнт Я. Шапіра.

У чэрвені 1926 года адбыліся новыя перавыбары дэканата. Дэканам ф-та быў абраны праф. С. М. Рубашоў, намеснікам — асістэнт клінікі дзіцячых хвароб К. Ф. Параў і сакратаром — студэнт Бандарэнка. Праф. М. Б. Кроль быў абраны загадчыкам навучальнай часткі.

Выбары, якія адбыліся ў кастрычніку 1927 года, далі наступны склад дэканата: у якасці дэкана быў абраны праф. М. Б. Кроль, намесніка і сакратара — старшы асістэнт скурна-венерычнай клінікі д-р Пракапчук і прадстаўніком ад студэнтаў — т. Ахрамовіч.

Работа дэканата факультэта была вельмі цяжкая і адказная. Але трэба сказаць, што дзякуючы энергіі дэканата ўсе гэтыя перашкоды былі пераможаны і медыцынскі факультэт узрос і стаў вышэйшай навучальнай установай, у якой працавалі вельмі кваліфікаваныя працаўнікі.

Дэканат медыцынскага факультэта некалькі разоў разглядаў вучэбныя планы, якія ў працягу 5 год мяняліся ў залежнасці ад новых пунктаў погляду на мэты медыцынскай адукацыі. Дэканаты медфака вельмі ўважліва сачылі за працай у гэтым напрамку, якая адбывалася ў Маскве, на Украіне і за межамі.

Перагляд навучальных планаў, галоўным чынам, датычыўся першых двух курсаў, на якіх быў утвораны некалькі іншы расклад гадзін па тэарэтычных кафедрах. Практычныя заняткі па клінічных дысцыплінах былі павялічаны. Пры кожнай клініцы быў арганізаваны амбулаторны прыём. Урэшце, дэканатам былі прыняты мерапрыемствы, каб студэнты азнаёміліся з асновамі грамадазнаўства, савецкага права, дыялектычнага матэрыялізму, а таксама з беларускай мовай.

Пытанне аб мэтах медыцынскага факультэта таксама было не раз прадметам абгаварэння ў дэканаце. Дэканат лічыў, што мэтаю медыцынскага факультэта з’яўляецца: 1) падрыхтоўка навукова-матэрыялістычна думаючых дактароў, практычных працаўнікоў для абслугоўвання насельніцтва, як у галінах лекавай, гэтаксама і ў санітарна-прафілактычнай; 2) падрыхтоўка навуковых працаўнікоў у галінах медыцыны; 3) навуковая распрацоўка навуковых пытанняў аховы здароўя і 4) даследчая праца ў галінах медыцыны.

У навучальныя праграмы медыцынскага факультэта ўваходзіла: вывучэнне працэсаў, якія адбываліся ў здаровым і хворым арганізме, вывучэнне ўсіх фактараў, якія маюць уплыў на хворасць таго асяродка, які акружае; вывучэнне ўсіх метадаў аховы здароўя і барацьбы са шкодлівымі для арганізма фактарамі і азнаямленне з фактычнымі прыёмамі санітарыі і ўходу за хворымі.

Медыцынскі факультэт, які ставіў сваёю мэтаю непасрэднае абслугоўванне беларускай вёскі, быў павінен устанавіць жывую сувязь як усяго факультэта, так і асобных кафедр з медыцынскімі ўчасткамі.

Пытанне аб метадах выкладання было прадметам сталай увагі з боку дэканата. Дэканат шырока паставіў практычныя заняткі, пры гэтым так, што групы студэнтаў былі невялікія, што давала мажлівасць весці заняткі з вялікім поспехам.

Пытанне аб метадах выкладання таксама абгаворвалася і ў прадметных камісіях.

Першы выпуск студэнтаў паставіў пытанне аб дзяржаўных экзаменах. Дэканат лічыў неабходным першыя дзяржаўныя экзамены правесці па шырокаму плану, з прычыны таго, што першы выпуск студэнтаў працаваў у не зусім добрых абставінах і што ён па сваёй якасці быў вельмі стракатым. У далейшым дзяржаўныя экзамены прынялі некалькі іншы характар, з прычынм таго, што скончыўшымі ун-т з’яўляліся студэнты сталага складу медыцынскага факультэта.

Для студэнтаў былі абавязковымі: паталагічная анатомія, хірургічная і тэрапеўтычная клінікі, з апошніх клінік дзве па выбары, у залежнасці ад навуковых інтарэсаў студэнтаў. Акрамя гэтага, студэнты былі павінны трымаць экзамен па грамадазнаўству і беларусазнаўству.

Савет факультэта і агульныя нарады прадметных камісій збіраліся дэканатам для абгаварэння цэлага шэрагу пытанняў. Нягледзячы на тое, што навуковыя інстытуты медыцынскага факультэта не былі добра абсталяваны, на медыцынскім факультэце вялася вельмі значная навуковая праца. Частка навуковых прац друкавалася ў «Працах БДУ» і ў «Беларускай медыцынскай думцы». Шмат прац было надрукавана ў розных часопісах, як на тэрыторыі іншых рэспублік, гэтаксама і спецыяльных выданнях за межамі, і ўсё ж яшчэ цэлы шэраг прац застаўся ненадрукаваным.

Пры кожнай клініцы, а таксама пры інстытутах адбываліся канферэнцыі, на якіх чыталіся даклады і рэфераты, дэманстраваліся хворыя. Адначасна ўтвараліся агульнагарадскія канферэнцыі па той ці іншай спецыяльнасці. Медыцынскі факультэт прымаў дзейны ўдзел у розных навуковых з’ездах, як саюзнага характару, таксама і рэспубліканскага, у РСФСР і УССР. Цэлы шэраг працаўнікоў атрымаў навуковыя камандзіроўкі, як на абшарах Саюза, таксама і за межы.

Вядомая частка навуковых працаўнікоў, якія атрымалі камандзіроўкі за межы, атрымлівалі дапамогу з боку Праўлення ун-та. Прафесары М. Б. Кроль, Ф. А. Гаўсман, С. Д. Камінскі, Б. Я. Эльберт прымалі ўдзел у цэлым шэрагу адпаведных навуковых з’ездаў у Нямеччыне і Аўстрыі.

Медыцынскі факультэт знаходзіўся ў самай цеснай сувязі з органамі аховы здароўя рэспублікі. Нар. кам. ах. здароўя і акрздраў прадставілі ў распараджэнне медыцынскага факультэта цэлы шэраг сваіх навуковых устаноў. Прафесары ун-та былі сталымі сябрамі медыцынскага савета як дарадчага органа пры Нар. кам. ах. здароўя. Медыцынскі факультэт вытвараў розныя групавыя даследаванні, а таксама разглядаў з боку медыцынскага студэнтаў ун-та. На пасяджэннях Навукова-медыцынскага савета, а таксама прэзідыума ЦП Саюза медсанпрацы дэканы факультэта выступалі з дакладамі, у якіх яны знаёмілі з працай медыцынскага факультэта і з пастаноўкай на ім выкладання.

Прадметныя камісіі, якія мелі вялікае значэнне ў жыцці медыцынскага факультэта, былі наступныя: хірургічная, тэрапеўтычная, анатама-фізіялагічная, біялагічная, прыродазнаўча-навуковая. Акрамя гэтага, на медыцынскім факультэце працавала некалькі студэнцкіх гурткоў: па нармальнай анатоміі, фізіялогіі, два гурткі па тэрапіі, па неўралогіі, педыятрыі і па органах унутранай секрэцыі. На чале кожнага гуртка стаялі студэнты, але прафесары з’яўляліся кіраўнікамі гурткоў. Акрамя гэтага, студэнты медыцынскага факультэта прымалі ўдзел у працы медыцынскай секцыі Краязнаўчага таварыства.

На медыцынскім ф-це ў якасці прафесараў былі наступныя асобы: Бястужаў А. Ф. — кафедра біялагічнай хіміі і фармакалогіі; Бурак С. М. — кафедра клінікі вуха, горла і носа; Выдрын М. Л. — кафедра акушэрства і гінекалогіі; Гаўсман Ф. А. — кафедра тэрапіі; Кроль М. Б. — кафедра нервовых хвароб і фізіятэрапіі; Камінскі С. Д. — кафедра вочных хвароб; Ленц А. К. — кафедра псіхіятрыі; Лябёдкін С. I — кафедра нармальнай анатоміі; Мелкіх С. М. — кафедра тэрапіі; Маўрадзіадзі П. А. — кафедра гісталогіі; Рубашоў С. М. — кафедра хірургіі; Розанаў Л. П. — кафедра фізіялогіі; Мранговіўс В. Ю. — кафедра скурных і венерычных хвароб; Лявонаў В. А. — кафедра дзіцячых хвароб; Сакалоўскі М. П. — кафедра хірургіі; Цітоў I. Т. — кафедра паталагічнай анатоміі і агульнай паталогіі; Эльберт В. Я. — кафедра бактэрыялогіі і мікрабіялогіі; Экземплярскі В. М. — кафедра агульнай гігіены.

У якасці дацэнтаў працавалі: Барсукоў М. I. — каф. сацыяльнай гігіены; Шапіра М. Н. — каф. артапедыі; Маршак Е. I. — кафедра сухот; Корчыц А. В. — каф. аперацыйнай хірургіі.

У якасці асістэнтаў працавалі наступныя асобы: Барскі В. — кафедра мікраолёгіі; Барухін М. Л. — кафедра нармальнай анатоміі; Гольдберг С. I. — агульная гігіена; Глод-Вяшук В. I — паталагічная анатомія; Зубковіч Е. М. — гісталогія; Кугель Р. А. — аналітычная хімія; Лабановіч А. Д. — аналітычная хімія; Магілеўчык 3. К. — агульная гігіена; Шкалаева-Спірыдонава Е. — фізіялогія; Найдус Д. — агульная гігіена; Рахоўскі Я. — мікрабіялогія; Савельзон С. I. — паталагічная анатомія; Смольскі М. Б. — фармакалогія; Станкевіч Е. Г. — нармальная гісталогія; Суцін I. А. — мікрабіялогія; Смулевіч Б. Я. — сацыяльная гігіена; Тарановіч Л. Е. — біялагічная хімія; Таўбкін А. — нармальная анатомія; Шамардзін Н. С. — біялагічная хімія; Чарвякоў В. Ф. — паталагічная анатомія.

У якасці асістэнтаў клінік працавалі наступныя асобы: Багдановіч І.І. — скурна-венерычная клініка; Бонч-Асмалоўская — хірургічная кл.; Гольдблят Г. О. — псіхіятрычная кл.; Гінзбург Р. Е. — тэрапеўтычная кл.; Гурэвіч А. К. — дзіцячых хвароб; Дворжоц М. А. — вочная клініка; Захарава-Сідлярэўская О. К. — тэрапеўтычная кл.; Іргер Ю. М. — хірургічная кл.; Камінская-Паўлава — вочная кл.; Кроль Г. — акушэрска-гінекалагічная; Лапідус Р. I. — хірургічная клініка; Левенберг — нервовая клініка; Ліўшыц С. М. — загадчык рэнтгенаўскага кабінета; Мананзон X. I. — тэрапеўтычная клініка; Маршак Е. Л. — тэрапеўтычная кл.; Мангейм А. — хірургічная; Мірэр В. I. — хірургічная клініка; Паўтаў М. — клін. вуха, горла і носа; Пакроўскі В. А. — акушэрска-гінекалагічная; ...; Рафільзон Р. Р. — акушэрска-гінекалагічная; Разенталь О. К. — скурна-венерычная; ...; Сляпян М. Ф. — нервовая клініка; Саломін — тэрапеўтычная клініка; Трэмповіч П. В. — хірургічная клініка; Фёдарава Е. А. — нервовая клініка; Флекель I. — тэрапеўтычная; Фельдман Б. Р. — клініка вуха, горла і носа; Хазанаў М. — нервовая клініка; Чарышкава Л. — дзіцячая клініка; Шапіра М. — хірургічная клініка.

У якасці ардынатараў працавалі наступныя асобы: Афонскі С. А. — нервовая клініка; Афонскі Н. — вушная клініка; Баліцкая Т. — акушэрска-гінекалагічная; Бабак В. В. — хірургічная; ...; Багарад Ф. А. — нервовая клініка; Белаус Б. С. — вочная клініка; Вебер М. Р. — хірургічная клініка; Воўшына — дзіцячая; Васілеўскі Н. — тэрапеўтычная; Валадковіч Д. — дзіцячая; Дзіхцяр С. Р. — сацыяльнай гігіены; Драгун Б. Е. — хірургічная клініка; Жураўская — хірургічная клініка; Іргер Л. Я. — тэрапеўтычная клініка; ... Камінскі Д. О. — вочная клініка; Клейнер Р. М. — тэрапеўтычная кл.; Калітоўскі Е. Ф. — нервовая кл.; Корзун П. I. — хірургічная; Кацэнбоген Г. 3. — акушэрска-гінекал.; Кутоўскі-Старынскі — тэрапеўтычная клін.; Луцкевіч — тэрапеўт.; Кулеша О. С. — тэрапеўтычн.; Ліпец I. I. — тэрапеўтычная клініка; Лосеў П. А. — вочная; Левін 3. О. — дзіцячая; Мазэль О. I. — тэрапеўтычная клініка; Майзэль С. А. — акушэрская клін.; Майзэль А. I. — скурна-венерычная клін.; Нейфах Я. Я. — тэрапеўтычная клініка; Пратусевіч Б. А. — тэрапеўтычная клін.; Пратусевіч М. А. — акушэрска-гінекал. клін.; Палянскі С. М. — вушная клініка; Сляпян В. В. — вочная клініка; Сарока М. I. — хірургічная клініка; Слуцкая X. М. — псіхіятрычная клініка; Смірноў А. А. — псіхіятрычная клініка; Раскіна Р. I. — псіхіятрычная клініка; Фрыдлянд Е. Л. — дзіцячая клініка; Ургін М. С. — тэрапеўтычная клініка; Худзякова К. П. — акушэрска-гінекалагічная кл.; Цішкін Б. М. — хірургічная клініка; Цыркін С. М. — акушэрская клін.

Склад ардынатараў і асістэнтаў на медфаку мяняўся ў залежнасці ад сканчэння і стажу.

Пры медыцынскім факультэце існавалі навукова-дапаможныя ўстановы, якія былі павінны здавальняць патрэбы факультэта. Да гэтых устаноў адносіліся: Інстытут нармальнай анатоміі — дырэктар С. Лябёдкін, Інстытут паталагічнай анатоміі — дырэктар I. Цітоў, Інстытут фізіялогіі — дырэктар Л. П. Розанаў, Інстытут нармальнай анатоміі — дырэктар П. А. Маўрадзіадзі, Інстытут рэнтгеналогіі — заг. С. М. Ліўшыц, Інстытут біялагічнай хіміі — дырэктар А. П. Бястужаў, Інстытут фармакалогіі — дырэктар А. П. Бястужаў, Інстытут мікрабіялогіі — дырэктар В. Я. Эльберт, Інстытут эксперыментальнай гігіены — дырэктар Б. Я. Эльберт, Інстытут сацыяльнай гігіены, загадчык — Барсукоў, клініка нервовых хвароб — дырэктар М. Б. Кроль, клініка скурна-венерычных хвароб — дырэктар В. Ю. Мранговіўс, клініка акушэрска-гінекалагічная — дырэктар М. Л. Выдрын, 1-я тэрапеўтычная клініка — дырэктар С. М. Мелкіх, 2-я тэрапеўтычная клініка — дырэктар Ф. А. Гаўсман, 1-я хірургічная клініка — дырэктар С. М. Рубашоў, 2-я хірургічная клініка — дырэктар М. П. Сакалоўскі, клініка дзіцячых хвароб — дырэктар В. А. Лявонаў, псіхіятрычная клініка — дырэктар А. К. Ленц, вочная клініка — дырэктар С. Д. Камінскі, клініка хвароб вуха, горла і носа — дырэктар С. М. Бурак.

Усе гэтыя навуковыя ўстановы, нягледзячы на тое, што яны яшчэ не поўнасцю абсталяваны, сведчаць аб росце медыцынскага факультэта.

Медыцынскі факультэт меў ужо 3 выпускі дактароў — першы зборны і два выпускі студэнтаў, якія вучыліся ва універсітэце з 1-га курса. Агульныя водзывы аб іх працы сведчаць аб тым, што яны атрымалі ва ун-це добрую падрыхтоўку.

14. Рабочы факультэт. Рабочы факультэт быў першым факультэтам, які быў адчынены пры універсітэце. Гэта зусім зразумела. Рабочы факультэт быў павінен даць мажлівасць працоўным масам атрымаць сярэднюю адукацыю, каб потым мець мажлівасць працаваць у вышэйшых установах. Рабочы факультэт павінен быў даць ун-ту той самы сацыяльны склад, які з’яўляўся неабходным для універсітэта.

Першыя гады рабочага факультэта былі вельмі цяжкімі, дзякуючы адсутнасці сродкаў, але потым, калі універсітэт стаў мець сталы бюджэт, дык і рабочы факультэт атрымаў значныя сродкі, што дало яму мажлівасць арганізаваць кабінеты і лабараторыі і паставіць выкладанне на адпаведную вышыню.

Спачатку на чале факультэта ў працягу 4 год стаяў В. П. Тэпін, а потым С. 3. Слонім, месца якога ў канцы навучальнага 1926/27 года заняў М. Т. Лойка. Дзякуючы энергіі ўсіх загадчыкаў факультэта, апошні прыняў тую форму, якую ён мае ў сучасны момант, і карыстаецца адпаведнай высокай рэпутацыяй. Дэканат рабфака загадваў усёю працаю на факультэце і ставіў на абгаварэнне ўсе тыя педагагічныя і метадычныя пытанні, якія высоўваліся на першы план акадэмічным жыццём.

Для дэканата рабфака таксама мела вялікае значэнне пытанне аб метадах выкладання. Вельмі ўважлівае вывучэнне гэтага пытання прымусіла дэканат перайсці на лабараторна-групавы метад, што было магчыма дзякуючы добраму абсталяванню кабінетаў і лабараторый.

Трэба сказаць, што гэты метад даў свае значныя вынікі.

Адначасна дэканат рабочага факультэта прымаў меры да пераводу выкладання на беларускую мову. У гэтай галіне зроблена ўсё. Рабочы факультэт працуе на беларускай мове. 3 другога боку, неабходнасць даць працоўным яўрэям мажлівасць вучыцца на яўрэйскай мове прымусіла дэканат адчыніць яўрэйскае аддзяленне.

На рабочым факультэце існуюць лабараторыі: прыродазнаўчая, фізічны кабінет, хімічны кабінет, а таксама і кабінеты па іншых прадметах, дзякуючы якім з’яўлялася мажлівасць шырокай пастаноўкі заняткаў па Дальтон-плану. Акрамя гэтага, на рабфаку вывучалася нямецкая мова і існавалі розныя гурткі: мастацкі, харавы, спартыўны, музычны, літаратурны. Пры рабфаку была і майстэрня, якая абслугоўвала патрэбы факультэта.

Рабфак зрабіў ужо некалькі выпускаў. Частка скончыўшых рабфак была камандзіравана ў індустрыяльныя ВНУ; другая частка паступіла ў ВНУ БССР. У сучасны момант пераглядаюцца планы рабфака з той мэтай, каб рабочы факультэт выключна абслугоўваў патрэбы ВНУ БССР.

У сучасны момант наступныя асобы працуюць у якасці настаўнікаў, лабарантаў рабочага факультэта.

15. Дзяржаўная бібліятэка. 3 заснаваннем універсітэта быў закладзены фундамент бібліятэкі універсітэта, якая адначасна была абвешчана бібліятэкай дзяржаўнай. У працягу 6 год б-ка значна вырасла.

Бібліятэка, як рэспубліканскі кнігазбор, атрымлівае абавязковы экземпляр выданняў РСФСР і УССР. Цэлы шэраг бібліятэк быў куплены б-кай. Б-ка мела мажлівасць уступіць у абмен з рознымі бібліятэчнымі ўстановамі. Для гэтага пры бібліятэцы маецца асобны абменны фонд.

Адпушчаныя сродкі далі мажлівасць добра паставіць выпіску замежных часопісаў па спецыяльнасцях, і з гэтага боку б-ка таксама забяспечана. I выпіска замежнай літаратуры пастаўлена таксама здавальняючым чынам. Магчымасць купляць кнігі з дзяржаўнага фонду ў Ленінградзе значна папоўніла бібліятэку ун-та. Розныя навуковыя ўстановы РСФСР і УССР прыслалі ў б-ку свае выданні. Б-ка ўзрасла і замацавалася. Дзякуючы гэтаму Праўленнем ун-та было пастаўлена пытанне аб выдзяленні б-кі ў самастойную навуковую адзінку. Гэты праект быў спатканы Наркамасветы ўважліва, і бібліятэка, на падставе дэкрэта Савета Народных Камісараў БССР, пачынаючы з 1926/27 навучальнага года стала самастойнай адзінкай, але, згодна са статутам, Дзяржаўнаябібліятэка з’яўляецца адначасна Фундаментальнай бібліятэкай ун-та.

На чале б-кі стаіць старшыня. Пры б-цы існуе савет, у склад якога ўваходзяць прадстаўнікі вышэйшых навучальных устаноў і Н. К. асветы.

Дырэктарам б-кі быў назначаны Я. Б. Сіманоўскі, які ў працягу 5 год з вялікай энергіяй арганізаваў бібліятэку. У сучасны момант у б-цы маецца звыш 3000 тамоў і адчуваецца недахоп у будынку.

Беларускі дзяржаўны універсітэт. 1921— 1927: Да 10-й гадавіны Кастрычнікавай рэвалюцыі. Мінск, 1927. С. 24—45.

FaLang translation system by Faboba