«СТАРОНКА ЎСПАМІНАЎ» ПРАФЕСАРА БДУ М. М. ПІЯТУХОВІЧА
1927 г.
У рэвалюцыйнай навальніцы, пад грукат яшчэ не сціхаўшых гармат грамадзянскай вайны, шэсць год таму назад на Беларусі зацяплілася вогнішча асветы — Беларускі дзяржаўны універсітэт. Выкліканы да жыцця Вялікім Кастрычнікам, БДУ рос і ўзмацняўся па меры таго, як расло і развівалася ў нас рэвалюцыйнае будаўніцтва. Вогнішча паступова пераварочвалася ў шугаючае полымя, якое зараз на далёкую адлегласць адкідае ад сябе яскравыя праменні святла і культуры.
У працэсе чарговай будзённай працы часам не зусім ясна заўважаюцца дасягненні сучаснага. Цагліна за цаглінай кладзецца ў вялікі будынак, але, каб абхапіць увесь рост гэтага будынка ў цэлым, трэба некалькі адысці назад — тады контуры будынка абрысуюцца яскравей і рэльефней.
I вось зараз, у момант вялікага Свята 10-й гадавіны Кастрычніка, адзін за другім успыхваюць у памяці гэтыя вобразы прошлага: як аганькі, адзін за другім успыхваюць у памяці гэтыя вобразы, такія далёкія, адышоўшыя ўжо ў нябыт, і адначасна такія блізкія, родныя, бо ўсё гэта перажыта, усё гэта калісьці хвалявалася само і хвалявала другіх.
Жыва прадстаўляецца знадворная абстаноўка аўдыторый у першыя гады існавання БДУ і паасобкі педагагічнага факультэта, на якім з самага пачатку прыйшлося працаваць пішучаму гэтыя радкі.
Бедна і непрытульна было ў гэтых аўдыторыях. Нізкія лавы, на якіх раней сядзелі вучні падгатоўчага класа, а цяпер з вялікай натугай для сябе ўсаджваліся барадатыя і шаноўныя дзядзькі-студэнты; запэцканыя, даўно не бачыўшыя рамонту сцены, часам слабае святло свечкі замест электрычнасці — у такой жабрацкай абстаноўцы прыходзілася пачынаць працу. Але ў грудзях студэнцтва і прафесуры палыхаў бадзёры юнацкі энтузіязм, верылася, што пачынаецца справа агромністай гістарычнай важнасці, і гэты энтузіязм, гэта магутная вера ў будучыню неяк скрадвалі жабрацтва і непрытульнасць знадворнай абстаноўкі, яна неяк не заўважалася: і ў аўдыторыях, часам халодных, мала пратопленых, было па-свойму цёпла і прытульна, бо ў іх моцна біўся пульс свежай навуковай думкі, у іх раздаваліся бадзёрыя і радасныя галасы працоўнай моладзі, якая Кастрычніцкай рэвалюцыяй непасрэдна ад сахі і варштата прызвана была ў муры вышэйшай навучальнай установы.
Радасць творчасці, творчы ўздым прымушалі мірыцца з рознымі недахопамі, а такіх недахопаў на першых парах было нямала. Не было, напрыклад, у першы год існавання этнолага-лінгвістычнага аддзялення (1921/25 акад. годзе) нават сталага раскладу лекцый: большасць прафесуры станавілі сабой асобы, якія прыязджалі з Масквы, Смаленска; на долю працаўнікоў, стала жыўшых у Мінску, выпадала замяшчаць свабодныя гадзіны, якія ўтвараліся пры адсутнасці каго-небудзь з прыезджых. 3 гэтай прычыны нагрузка мясцовых працаўнікоў была нераўнамерная: бывалі тыдні, калі амаль кожны дзень прыходзілася весці заняткі звыш нормы.
Не было далей навуковага абсталявання кафедр. Памятаецца, як у 1922 г. быў адчынены кабінет беларускай мовы і літаратуры. 3 Дзяржаўнай бібліятэкі былі адабраны непатрэбныя ёй дублетныя экземпляры, якія склалі сабой каля 100 назваў; усе кнігі памясціліся на 2-х невялічкіх паліцах, і гэтыя паліцы прадстаўлялі сабой увесь фонд «кабінета». Не было канца розным вастротам і кпінам скептыкаў: «Вось дык кабінет, адразу можна забраць увесь у партфель», — чуліся часам насмешлівыя галасы розных студэнтаў. Але былі сярод іх і аптымісты, якія лічылі, што і маленькі кніжны фонд прадстаўляў сабой ужо пачатак вялікай справы навуковага абсталявання кафедры. Жыццё паказала, што былі правы аптымісты: зараз кабінэт мае каля 2000 тыс. назваў, ім набыта нават шмат каштоўных выданняў, якія прадстаўляюць зараз бібліяграфічную рэдкасць, асабліва ў галіне мастацкага фальклору.
Рэвалюцыйнае будаўніцтва перамагло скептыкаў і ва ўсіх іншых галінах жыцця.
Памятаецца, асаблівы скептыцызм вымаўлялі некаторыя асобы ў адносінах да выкладання ва універсітэце беларускай мовы. Невялічкай жменьцы беларускіх працаўнікоў (праф. У. М. Ігнатоўскі, дац. Я. Ю. Лёсік і пішучы гэтыя радкі) тут сапраўды прыходзілася быць піянерамі зусім новай справы.
Беларуская мова, мова Францыска Скарыны, Васілія Цяпінскага, дзякуючы палітыцы паланізацыі і русіфікацыі, у працягу 2-х стагоддзяў паступова зніжалася на ступень амаль што выключна народнай сялянскай мовы; яна лічылася «мужыцкай» мовай. I толькі Кастрычнік, прынёсшы беларускаму народу разам з сацыяльным і нацыянальнае вызваленне, шырока расчыніў перад гэтай «мужыцкай» мовай дзверы вышэйшай навучальнай установы. Гаворачы словамі нашага народнага паэта Янкі Купалы, можна сказаць, што сапраўды зараз
Беларусь на куце
У хаце сваёй села —
Чарка мёду ў руцэ,
Пазірае смела.
Але ў першыя гады існавання БДУ моцна яшчэ давала сябе адчуваць улада традыцыі; выкладанне на беларускай мове разглядалася некаторымі асобамі як кур’ёз, імі не мыслілася, як гэта можна вышэйшую навуку ў вышэйшай установе выкладаць на «мужыцкай» мове. У аўдыторыю часта прыходзілі студэнты іншых аддзяленняў і нават іншых факультэтаў толькі дзеля таго, каб паслухаць, як гэта можна выкладаць навуку па-беларуску. Але паступова лёд скептыцызму таяў. Вялікую ролю ў гэтым адыгралі наладжваўшыяся па ініцыятыве рэктара У. I. Пічэты ўрачыстыя пасяджэнні, якія пасвячаліся паасобным беларускім паэтам і пісьменнікам (Янка Купала, Якуб Колас, М. Багдановіч і інш.). На сходах рабіліся даклады аб творчасці пісьменнікаў, звычайна на іх збіралася агромністая маса слухачоў; зала ледзь магла ўзмясціць усіх жадаючых; даклады пра значэнне: яны будзілі цікавасць да беларускасці шырокіх колаў грамадзянства. Тамашы няверныя навочна бачылі, што і ў беларускай мове можна рабіць навуковыя даклады не горш, чым у іншых мовах...
Цяпер скептыцызм пераможаны. На педфаку зараз 60 % працоўных гадзін выкладаецца ў мове беларускай і 15 % — у мове яўрэйскай; гэта яскравы выраз дасягненняў, зробленых педфакам у галіне здаровай нацыянальнай палітыкі, якую праводзіць Савецкая ўлада пад кіраўніцтвам Камуністычнай партыі.
Так ва ўспамінах аб прошласці педфака БДУ цьмяныя вобразы паступова перамяняюцца светлымі, бо ў самым жыцці перамагалі творчыя будаўнічыя сілы.
Вось чаму ўсе працаўнікі БДУ свята 10-й гадавіны Кастрычніка сустракаюць з пачуццём падвойнай радасці: гэта, па-першае, агульная радасць савецкіх грамадзян і, па-другое, гэта радасць члена мясцовага калектыву, які расце і спее пад сонцам Кастрычніка.
Беларускі дзяржаўны універсітэт. 1921— 1927: Да 10-й гадавіны Кастрычнікавай рэвалюцыі. Мінск, 1927. С. 57—59.