Станаўленне (1926–1929 гг.)

Кожны ўніверсітэт адметны сваёй шматбаковай дзейнасцю: ён уплывае на грамадства, дзяржаву, асобу, ажыццяўляючы адукацыйныя і выхаваўчыя функцыі, навуковыя фундаментальныя і прыкладныя даследаванні. Аднак значна больш важна тое, што ўніверсітэт фарміруе высокаінтэлектуальнае асяроддзе і ўвесь час падмацоўвае яго, адпавядаючы назве “alma mater”. У той жа час універсітэт павялічвае ўнутраны патэнцыял за кошт таго, што яго выпускнікі, працуючы ў самых розных галінах (вытворчасць, адукацыя, навука, палітыка, медыцына, прадпрымальніцтва і інш.), сваёй дзейнасцю ўвасабляюць ідэалы і прагматыку ўніверсітэцкага існавання, яго сутнасць.

 scharbakov
  В. К. Шчарбакоў

Пытанні станаўлення БДУ, фарміравання яго вучэбнай і навуковай базы, а тым больш кірункі і вынікі ўплыву на грамадства і дзяржаву — усё гэта патрабуе даследавання. Сярод абагульняючых прац значнае месца магла б заняць «Гісторыя БДУ», якая пад рэдакцыяй У. I. Пічэты павінна была выйсці да 5-й гадавіны ўніверсітэта (1926) — як паведамляла цэнтральная прэса, а таксама да 15-й (1936) — для яе напісання была створана камісія, якую ўзначальваў дэкан гістфака акадэмік В. К. Шчарбакоў. Але гэтыя працы па розных прычынах так і не ўбачылі свет. Іншыя ж выданні (у першую чаргу да юбілейных універсітэцкіх гадавін) зыходзілі, як правіла, з канстатацыі першаснай ролі БДУ ў развіцці адукацыі ў БССР, яго ўплыву на беларускую навуку, уздзеяння на культуру. Па-за межамі засталася велізарная інфармацыя, якая захавалася ў архівах, на старонках часопісаў і газет, шматлікай літаратуры (навуковай, публіцыстычнай, мемуарнай і інш.). Менш за ўсё напісана пра першыя дваццаць год дзейнасці ўніверсітэта, хоць многія артыкулы з году ў год перадаюць пэўны трафарэтны матэрыял пра гэты перыяд у гісторыі БДУ. Стэрэатып быў закладзены з першых ушанаванняў універсітэта. Інфармацыя, адабраная па ідэалагічных меркаваннях, павінна была стварыць у чытачоў ілюзію поўнай гармоніі як ва ўніверсітэце, так і паміж універсітэтам і яго высокімі савецкімі ўладнымі фундатарамі і партыйнымі апекунамі.

Адной з важных крыніц вывучэння гісторыі БДУ з’яўляецца шматлікая і разнастайная, у поўнай меры адпаведная ідэі ўніверсітэта творчая спадчына вучоных. Асобную групу складаюць працы (манаграфіі, артыкулы, выступленні і г. д.), выдадзеныя непасрэдна пры жыцці іх аўтараў. Улічваючы асаблівасці і «спецыфіку» 1920–30-х гг., навуковая, педагагічная і публіцыстычная спадчына выкладчыкаў і вучоных БДУ таго часу набывае асаблівую вартасць. Яна адлюстроўвае не толькі, напрыклад, нюансы творчай лабараторыі таго ці іншага ўніверсітэцкага вучонага, але і дае шмат карыснай інфармацыі аб кірунках, якіх ён прытрымліваўся, аб здольнасці ўспрыняць новую метадалогію (не толькі навуковую, але і палітыка-ідэалагічную), аб аб’ектыўных і суб’ектыўных перашкодах, якія даводзілася пераадольваць, і г. д.

Nikolsky
М. М. Нікольскі

У гэтай сувязі безумоўную цікавасць прадстаўляюць працы ўніверсітэцкіх гісторыкаў, сярод якіх вылучаюцца «бацькі-заснавальнікі» БДУ: У. I. Пічэта, М. В. Доўнар-Запольскі, У. М. Перцаў, М. М. Нікольскі і інш. Іх працы, створаныя і выдадзеныя ў перадваенныя дзесяцігоддзі, вызначаюцца як навуковай глыбінёй і палітычнай завостранасцю, так і асаблівасцямі, звязанымі з прыналежнасцю да часу тых бурлівых падзей станаўлення новай улады, новых грамадскіх і асабістых адносін, якія непасрэдным чынам патрабавалі, а больш дакладна, дыктавалі гісторыкам БДУ адпаведныя падыходы. Таму цяпер ёсць усе падставы разглядаць гэтыя творы не толькі як гістарыяграфічную спадчыну ў шырокім сэнсе, але і як крыніцу вывучэння гісторыі першага савецкага беларускага ўніверсітэта.

Падобныя звесткі можна знайсці ў навуковых творах па філасофіі ці эканамічнай навуцы. Так, цэлы шэраг прац універсітэцкіх выкладчыкаў прысвечаны новай эканамічнай палітыцы. Можна нагадаць прозвішчы эканамістаў, якія чыталі агульныя і спецыяльныя курсы для будучых работнікаў фінансавых, гаспадарчых, адміністрацыйных органаў маладой дзяржавы: I. Я. Герцык, Л. I. Лубны-Герцык, I. В. Герчыкаў, П. Я. Панкевіч, М. Б. Гольман, М. М. Краўчанка, М. А. Канаплін, Е. I. Рыўлін і інш. У сваіх тэарэтычных працах і тых, што былі накіраваны на абгрунтаванне «нэпманаўскіх» крокаў улады, адлюстраваны не толькі пэўны навуковы ўзровень, але і тагачасная атмасфера, фактычны матэрыял. Актуальнасць эканамічных пытанняў міжволі і асэнсавана дыктавала неабходнасць уключэння ў іх распрацоўку і гісторыкаў (У. I. Пічэта, У. М. Перцаў, М. В. Доўнар-Запольскі цяпер усур’ёз успрымаюцца як выдатныя знаўцы эканомікі), і географаў (дастаткова нагадаць прозвішча толькі А. А. Смоліча), і філосафаў (С. Я. Вальфсон і С. 3. Кацэнбоген у сваіх працах шмат увагі надавалі менавіта абгрунтаванню эканамічных асноў грамадства, якое патрэбна было пабудаваць). Універсітэцкі інтэлігент 1920—30-х гг. павінен быў «адгукацца» сваёй працай на ўсе ініцыятывы і рашэнні, якія зыходзілі ад структур улады. Тым больш, што ад належнага ўспрыняцця дырэктыў ці проста асобных заяў кіраўнікоў СССР — БССР, як хутка паказалі падзеі канца 1920— 30-х гг., залежала жыццё вучоных, а не толькі пасада.

Выключную каштоўнасць маюць Працы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (далей — Працы) — своеасаблівы летапіс дзейнасці БДУ ў перадваенны час. Першы нумар убачыў свет 20 красавіка 1922 г. тыражом у 1 тыс. экземпляраў. Ён адлюстраваў агульнае ўспрыняцце заснавальнікамі ўніверсітэта новай справы: каб універсітэт адбыўся і стаў выконваць сваю высакародную місію, патрэбна было адразу надаць яму ўсе галоўныя характарыстыкі.

У тым ліку і перш-наперш — ажыццяўленне навуковых даследаванняў і іх прафесійнае і грамадскае асэнсаванне праз публікацыю вынікаў у адпаведных універсітэцкіх выданнях. Гэта быў арганічны працяг практыкі дзейнасці дарэвалюцыйных імператарскіх універсітэтаў.

Ivanovsky
У. М. Іваноўскі

Першы нумар Прац (як, дарэчы, і наступныя) быў недасканалы па тэхнічным выкананні, але яго змест і структура наследавалі старыя добрыя традыцыі. Побач з акадэмічнымі артыкуламі У. I. Пічэты, М. М. Нікольскага, У. М. Перцава, У. М. Іваноўскага і іншых былі надрукаваны выступленне дэкана медфака М. Б. Кроля на ўрачыстым адкрыцці БДУ на тэму «Мысленне і мова», уступная лекцыя, прачытаная 5 лістапада 1921 г. прафесарам А. М. Вазнясенскім, — «Метад вывучэння літаратуры». Ф. Ф. Турук прадставіў «Университетскую летопись», а шматлікія нататкі без подпісу («Бібліятэка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта», «Публічныя лекцыі для галадаючых», «Смерць праф. М. А. Янчука», «Па-за ўніверсітэтам» і інш.) сваёй інфарматыўнасцю натуральна яго дапаўнялі. Наступныя нумары Прац БДУ змяшчалі матэрыялы падобнага характару — гэта каштоўная крыніца вывучэння гісторыі ўніверсітэта. Трэба адзначыць, што асобныя нумары Прац БДУ праз нейкі час сталі фарміравацца па прынцыпу адлюстравання навуковых дасягненняў у пэўнай галіне.

Так, № 8-10 за 1925 г. у большасці быў складзены з артыкулаў універсітэцкіх медыкаў і таму вельмі падобны да тагачаснага часопіса «Беларуская медычная думка». А вось № 14/15 за 1927 г. амаль цалкам быў аддадзены ўніверсітэцкім гуманітарыям.

Да 1930 г. было надрукавана 25 выпускаў (некаторыя былі здвоеныя). У 1932 г. выйшаў №26. Аднак 30 чэрвеня 1933 г. пастановай рэктарата БДУ было вырашана выдаваць Працы асобнымі зборнікамі па факультэтах. Таму праз нейкі час пабачылі свет «Ученые записки Белорусского государственного университета» ў серыях гістарычнай (1939), фізіка-матэматычнай (1939), філалагічнай (1940). Такі перапынак у выданні друкаванага ўніверсітэцкага слова адлюстроўваў агульны стан БДУ, адносіны да яго кадраў. Універсітэт цяпер успрымаўся (адпаведна і фінансаваўся) уладамі без ранейшага энтузіязму.

Ён па-ранейшаму павінен быў заставацца «кузняй» кадраў, але новыя савецкія кадры «штампаваліся», а не гадаваліся, як раней, ва ўмовах належнай творчай і маральнай атмасферы і матэрыяльнай базы.

Значную цікавасць для даследчыка і чытача ўяўляюць іншыя тагачасныя перыядычныя выданні. Па сутнасці, можна канстатаваць, што амаль любы часопіс, цэнтральная ці нават ведамасная газета ўтрымліваюць звесткі аб дзейнасці і людзях, якія працавалі ў БДУ. Гэты факт пацвярджае выснову аб ролі і значэнні Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў станаўленні беларускага грамадства, яго дзяржаўнасці і культуры на пераломным гістарычным адрэзку часу.

Djakau
А. I. Дзякаў

Напрыклад, часопіс «Белорусская медицинская мысль» (потым — «Беларуская медычная думка») часткова адлюстроўваў дзейнасць медфака, бо ў кожным нумары друкавалі свае артыкулы яго супрацоўнікі і выкладчыкі. А часопіс «Асьвета» (як і выданне «Працаўнік Асьветы», якое было дадаткам да газеты «Савецкая Беларусь») не толькі змяшчаў матэрыялы ўніверсітэцкіх аўтараў, але рэгулярна інфармаваў чытачоў аб падзеях універсітэцкага жыцця. Больш афіцыйны матэрыял друкаваўся на старонках часопісаў «Школа и культура Советской Белоруссии», «Абвеснік Народнага Камісарыята Асьветы БССР», «Вестник Народного Комиссариата Просвещення Советской Социалистической Республики Беларусь» за 1921 г. ці «Бюлетэнь Народнага Камісарыята Асветы БССР» (30-я гг.). Так, у 1934 г. «Бюлетэнь» апублікаваў загад па Наркамасветы БССР за № 737 ад 3 ліпеня «Аб выкананні пастаноў СНК і ЦК КП(б)Б». Гэты дакумент вымушаў БДУ і яго рэктара распрацаваць план выданняў серыі асабістых лекцый прафесараў універсітэта па гісторыі і геаграфіі. У выніку з’явіўся «Зварот Беларускага Дзяржаўнага Універсітэта» да ВНУ БССР за подпісамі рэктара А. I. Дзякава, чатырох прафесараў і пяці студэнтаў аб пачатку Усебеларускага спаборніцтва, а сам універсітэт у гэтай сувязі ўзяў абавязак выпусціць з друку не менш чым тры зборнікі навуковых прац.

smolich
А. А. Смоліч

Часопіс «Советское строительство» (пазней — «Сацыялістычнае будаўніцтва») калі-нікалі змяшчаў матэрыялы пра БДУ, а нумары «Шляху студэнцтва», «Чырвонага Сцяга», зразумела, амаль поўнасцю былі заняты такой інфармацыяй. I гэта не дзіўна, бо «Шлях студэнцтва» з’яўляўся агульнаўніверсітэцкім часопісам, і хоць ён выдаваўся даволі прымітыўным чынам (на шклографе) і абмежаваным тыражом, але карыстаўся вялікім попытам у чытачоў. 3 вясны 1928 г. ён выходзіў у друкарні і значна большым тыражом. Адначасова, пасля выступлення рэктара У. I. Пічэты на сходзе навуковых работнікаў БДУ 13 красавіка 1928 г., была прынята пастанова аб неабходнасці далейшай беларусізацыі гэтага часопіса і выданні Прац БДУ толькі на беларускай мове. Хаця адна з публікацый у «Шляху студэнцтва» перасцерагала, спасылаючыся на вопыт дзейнасці часопіса «Чырвоны Сцяг», які не карыстаецца попытам сярод студэнтаў, бо занадта рана ўспрыняў беларусізацыю. Не заставаўся ўбаку і афіцыйны «Бальшавік Беларусі», хаця ўніверсітэт на яго старонках часцей разглядаўся на прадмет адпаведнасці партыйным устаноўкам. Так, у часопісе была негатыўна адрэцэнзавана кніга А. А. Смоліча «Организация крестьянского хозяйства в районах центральной Белоруссии», а ў хуткім часе адпаведныя органы ўжо «рэцэнзавалі» самога аўтара.

Цікавым з’яўляецца інфармацыйнае напаўненне часопісаў «Наш Край», «Савецкая краіна», «Камуністычнае выхаванне», «Вперед», літаратурных часопісаў «Полымя» і «Маладняк», у якіх побач з літаратурнымі творамі маладых беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, многія з якіх вучыліся ў БДУ, друкаваліся, напрыклад, артыкулы У. М. Ігнатоўскага ці А. А. Смоліча. «Полымя» падрабязна інфармавала свайго чытача аб тым, што ў БДУ прайшоў вечар памяці Максіма Багдановіча, што былі створаны навукова-даследчыя структуры — гурток для студэнтаў факультэта грамадскіх навук і інстытут, які аб’яднаў навуковыя сілы выкладчыкаў. У 1928 г. гэты часопіс у раздзеле «Хроніка беларускай культуры» расказаў аб толькі што завершанай рабоце рэктара БДУ У. I. Пічэты «Гістарыяграфія Мінска і Міншчыны» і амаль адначасова «Маладняк» — аб яго рабоце на тэму «Беларуска-Літоўскае баярства перад шляхецкімі прывілеямі».

Бягучую інфармацыю са шматлікімі фактамі і лічбамі можна знайсці ў нумарах цэнтральных рэспубліканскіх газет «Звязда» («Звезда»), «Савецкая Беларусь» («Рабочий», «Советская Белоруссия»), «Чырвоная Змена» і інш. Матэрыялы пра БДУ, якія змяшчаюцца на іх старонках, дазваляюць літаральна па днях прасачыць развіццё ўніверсітэцкай структуры (факультэтаў, кафедраў, лабараторый, кабінетаў, музеяў і г. д.), даведацца аб найбольш значных навуковых распрацоўках, асабліва аб падзеях «уключэння» БДУ у сацыяльна-палітычнае жыццё рэспублікі. За кожнай універсітэцкай падзеяй сачылі журналісты, каб адразу давесці інфармацыю да шырокіх колаў. I тым самым БДУ уплываў на грамадства, дзяржаўна-партыйныя колы.

Універсітэт дзейнічаў актыўна, наступальна праз развіццё сваіх уласных сродкаў «масавай інфармацыі». Ужо з 1921 г. на факультэтах сталі выходзіць насценныя газеты, колькасць якіх пастаянна ўзрастала: «Промні Кастрычніка», «Кузьня асьветы», «Медфакавец», «Праўгасавец», «Трыбуна», «Быт інтэрната», «За бальшавіцкую гісторыю» і інш. Выдаваліся нумары асобных газет, часопісаў, зборнікаў, альманахаў: «Красный студент», «Голас рабфакаўца», «Беларускі студэнт», «Альманах» і інш. Яны падрыхтавалі глебу да выдання ў 1929 г. шматтыражнай універсітэцкай газеты, назва якой да 1941 г. некалькі разоў змянялася — «Ленінскім шляхам», «За пролетарские кадры», «За ленінскія кадры». Матэрыялы гэтай газеты адлюстроўвалі не толькі гісторыю БДУ, але і ўсёй краіны, бо яны сцвярджалі непарыўнасць сэнсу ўніверсітэцкай дзейнасці з кірункамі грамадска-палітычнага і эканамічнага развіцця БССР.

У першыя гады існавання БДУ быў бедны ва ўсім, акрамя аднаго: якаснаму складу яго прафесарска-выкладчыцкіх кадраў мог пазайздросціць любы дарэвалюцыйны імператарскі ўніверсітэт Расіі. Каля 50 прафесараў розных кірункаў ведаў прыехалі ў Мінск з Расіі, Украіны, Польшчы. Тут трэба аддаць належнае беларускім уладам: яны імкнуліся стварыць для прыезджых навукоўцаў больш-менш прыстойныя ўмовы працы і побыту.

Разам з імі і іх ведамі ва ўніверсітэт і ў Беларусь прыйшло глыбокае разуменне таго, як, у якіх формах павінны развівацца вышэйшая адукацыя і навука. «Старой» універсітэцкую прафесуру 1920-х гг. можна называць толькі з пункту гледжання яе паходжання з дарэвалюцыйнага часу. Але яна і па пражытых гадах (так, рэктару У. I. Пічэту было крыху больш за 40), і па адукаванасці (многія дасягнулі навуковых вяршынь ва ўніверсітэтах Англіі, Францыі, Германіі, Італіі, ЗША) была і маладой, і сучаснай, што, аднак, не перашкаджала трымацца цвёрдых універсітэцкіх прынцыпаў і традыцый.

NO

Удзельнікі першай студэнцкай даследчай
экспедыцыі ў Тураўшчыну разам з праўленнем Навуковага
таварыства БДУ. 1927 г.

Адной з такіх традыцый у 1920-я гг., якую першыя гісторыкі БДУ паспрабавалі перанесці на беларускую глебу, была дзейнасць у сценах універсітэта Таварыства гісторыі і старажытнасцей. Падобнае таварыства існавала ў Расіі з 1804 г. і аб’ядноўвала большасць гісторыкаў і археографаў, праводзіла даследчую і выдавецкую работу, шмат зрабіла для выяўлення, навуковай апрацоўкі і публікацыі пісьмовых крыніц расійскай гісторыі. Гэтую высакародную і адказную місію вырашылі працягнуць гісторыкі БДУ, якія раней з’яўляліся членамі Маскоўскага таварыства гісторыі і старажытнасцей расійскіх.

Ініцыятарам стварэння Таварыства на базе БДУ быў рэктар У. I. Пічэта. Пад яго кіраўніцтвам Праўленне ўніверсітэта распрацавала статут агульнаўніверсітэцкага Навуковага таварыства БДУ (далей — НТ) як «цэнтра, які аб’ядноўвае духоўныя сілы Мінска». Члены Таварыства гісторыі і старажытнасцей увайшлі ў яго склад як прафесійная карпарацыя па вывучэнні беларускай мінуўшчыны. У складзе агульнага НТ акрамя сацыяльна-гістарычнай секцыі, якая аб’ядноўвала гісторыкаў, дзейнічалі таксама літаратурна-мовазнаўчая, юрыдычная, прыродазнаўчая, матэматычная, медыцынская і педагагічная секцыі. Першае праўленне НТ прадстаўлялі У. I. Пічэта, М. М. Нікольскі, М. А. Прыляжаеў, М. О. Грэдзінгер, I. В. Герчыкаў. Пад «эгідай» НТ ажыццяўлялася выданне «Прац БДУ», якія рассылаліся ў буйнейшыя бібліятэкі свету, у тым ліку і ЗША.

gredinger
М. О. Грэдзінгер

Умоў для дзейнасці НТ было няшмат. Напрыклад, спачатку былі выкарыстаны магчымасці (не вельмі вялікія) універсітэцкага кніжнага збору, асабістых прафесарскіх бібліятэк, а таксама вучэбных кабінетаў для правядзення са студэнтамі практычных заняткаў. Была распрацавана нават своеасаблівая інструкцыя, якая вызначала мэту і задачы дзейнасці кабінетаў, сярод якіх важнейшымі былі «навукова-педагагічныя патрэбы». Пэўныя магчымасці ў справе аб’яднання навуковых сіл прадстаўлялі музейныя і архіўныя зборы, якія намаганнямі ўніверсітэцкіх гісторыкаў пакрыху ўзнаўляліся пасля ваенных і рэвалюцыйных страт. Так, М. М. Нікольскі і У. М. Перцаў у 1922 г. займаліся адборам гістарычных рарытэтаў закрытых Віцебскага і Смаленскага аддзяленняў Маскоўскага археалагічнага інстытута для музея і бібліятэкі БДУ. Сваю ролю стаў выконваць адкрыты ў сакавіку 1924 г. Музей гісторыі культуры і рэлігіі пры педфаку, хаця правядзенню археалагічных раскопак сваімі сіламі для папаўнення музейнай калекцыі ўласна беларускімі экспанатамі перашкаджала, як адзначалася, «напружаная работа па арганізацыі ўніверсітэцкага выкладання». Тым не менш на ніве вывучэння беларускай даўніны ва ўніверсітэце была створана такая дзейсная форма арганізацыі сталых і маладых навукоўцаў, як краязнаўчы рух. У снежні 1924 г. першы сход правялі 18 студэнтаў — члены толькі што арганізаванага пры педфаку Краязнаўчага таварыства, хоць яшчэ з 1922 г. абрысы краязнаўчай арганізацыі БДУ праявіліся ў дзейнасці асобных гурткоў — беларускага, фаўністычнага і інш. I толькі ў 1926 г. па ініцыятыве «знізу» (яна зыходзіла ад студэнтаў) было створана агульнаўніверсітэцкае Краязнаўчае таварыства ў складзе пяці секцый. У 1927 г. было абрана праўленне (на чале з рэктарам) і зацверджаны статут гэтага Таварыства. Адной з першых спроб арганізацыі сістэмнай навуковай работы студэнцкай моладзі можна таксама лічыць стварэнне ў 1922 г. Беларускага культурнага і навуковага таварыства.

Не толькі грамадскі, але і афіцыйны характар дзейнасці НТ падкрэслівала хаця б тое, што яго пасяджэнні нярэдка праводзіліся сумесна з Вучоным саветам універсітэта і нават прафсаюзнай арганізацыяй, асабліва калі патрэбна было абмеркаваць некаторыя навукова-асветніцкія пытанні (напрыклад, значэнне творчай спадчыны Г. В. Пляханава). Праўленне Таварыства асаблівую ўвагу звяртала на папулярызацыю не толькі навуковай думкі, але і пытанняў, звязаных з навацыямі ў методыцы выкладання. Так, сумесна з работнікамі адукацыі рэспублікі праводзіліся абмеркаванні «дальтонаўскіх метадаў» у правядзенні заняткаў з вучнямі і студэнтамі. Адкрытай для грамадскасці была праца ўсіх секцый НТ. Прыродазнаўчая секцыя, напрыклад, дзейнічала ў цеснай сувязі з выкладчыкамі і навукоўцамі амаль усіх устаноў Мінска, запрашала на абмеркаванне навуковых пытанняў урачоў гарадскіх клінік і бальніц. Тым больш, што ўніверсітэцкія выкладчыкі і нават студэнты (галоўным чынам медфака) прымалі актыўны ўдзел у дзейнасці Мінскага таварыства ўрачоў, якое існавала ў горадзе яшчэ з канца XIX ст.

Гісторыкі БДУ як члены сацыяльна-гістарычнай секцыі НТ былі праваднікамі ў масы ведаў па ўсеагульнай, расійскай, беларускай гісторыі. Толькі за 1923/24 навучальны год У. I. Пічэта прачытаў па лініі НТ 20 публічных лекцый і дакладаў на самыя разнастайныя тэмы: «Беларуская мова як фактар нацыянальна-культурны», «Становішча Русі і Жмудзі ў складзе ВКЛ», «Да пытання аб шлюбе Сігізмунда-Аўгуста з Барбарай Радзівіл» і інш. Некаторыя вынікі навуковых штудзій прафесары-гісторыкі прадстаўлялі на пасяджэннях прадметнай гістарычнай камісіі (праўда, у асноўным яна павінна была арганізоўваць і рэгуляваць акадэмічную дзейнасць выкладчыкаў і студэнтаў). Напрыклад, у чэрвені 1924 г. гэтая камісія побач з размеркаваннем лекцыйных курсаў на наступны навучальны год, разглядам заяў аб прыёме на працу заслухала і абмеркавала навуковы даклад В. Д. Дружчыца «Становішча Літоўска-Беларускай дзяржавы ў складзе Рэчы Паспалітай». Тут жа было запланавана асобнае навуковае пасяджэнне камісіі спецыяльна для заслухоўвання даклада М. М. Нікольскага «Талмудычная традыцыя аб Іісусе».

Сутнасць і кірункі дзейнасці Навуковага таварыства БДУ былі зафіксаваны ў яго статуце. Задачамі НТ абвяшчалася арганізацыя правядзення доследаў, распрацоўка праблем у розных галінах навукі, папулярызацыя навуковых ведаў, а таксама «доставление всем членам общества способов следить за современным положеннем науки...» і інш.

Здзіўляе ўсебаковасць пытанняў, якія пазначаны ў гэтым статуце, скрупулёзна выпісаныя арганізацыйная структура, правы і абавязкі членаў.

Адчуваецца працяг тых традыцый, якія існавалі ў навуковым асяроддзі дарэвалюцыйнага часу: грунтоўнасць у падыходах, мэтанакіраванасць (не толькі навуковая, але і грамадзянская), публічнасць.

Новы час пашыраў кірункі дзейнасці НТ, напрыклад, яго члены ўключаліся ў рух за навуковую арганізацыю працы (НАП) ці рух рацыяналізатараў, які разгарнуўся ў 1920-я гг. Праўда, бюракратызацыя ў яе савецкім абліччы няўхільна паглынала як гэтыя ініцыятывы «знізу», так і саму дзейнасць НТ. Тым не менш НТ унесла сваю лепту ў станаўленне новых прынцыпаў арганізацыі і ацэнкі працы вучоных.

Яго члены паскорылі распрацоўку адпаведнага дакумента, удзельнічаючы ў складзе асобнай камісіі з прадстаўнікоў некалькіх наркаматаў (1925). Не без кансультацый з універсітэцкімі вучонымі СНК БССР у чэрвені 1927 г. прыняў пастанову, якая дала права ВНУ прысвойваць ступень доктара навук па пэўных навуковых спецыяльнасцях (першым доктарскую дысертацыю ў БДУ абараніў 20 лістапада 1927 г. дацэнт кафедры аператыўнай хірургіі і тапаграфічнай анатоміі медфака Я. В. Корчыц). Для абмеркавання праекта рэарганізацыі народнай адукацыі ў Беларусі рэктар БДУ У. I. Пічэта 1 верасня 1928 г. сабраў агульны сход вучоных універсітэта (дарэчы, у вячэрні час), што можна было б расцэньваць як выключны крок. Але ўжо праз месяц рэктар зноў сабраў вучоных, каб акрэсліць агульны стан універсітэта і, магчыма, супакоіць калектыў, які быў узрушаны нападкамі на БДУ з боку беларускай цэнтральнай прэсы, зразумела, пры падтрымцы ўлад.

НТ у 1920-я гг. дзейнічала побач з разгорнутай працай Інбелкульта, у складзе якога знаходзіліся амаль усе актыўныя члены Таварыства. Грамадскія пачаткі ў арганізацыі і дзейнасці Інбелкульта ўсё больш саступалі месца дзяржаўным, афіцыйным. Асабліва тады, калі ў кастрычніку 1924 г. СНК прыняў рашэнне «ў сувязі з новымі заданнямі» пачаць падрыхтоўку да рэарганізацыі Інбелкульта ў «пастаянную навукова-даследчую ўстанову тыпу Акадэміі навук» для «сістэмнай і планавай адпрацоўкі пытанняў навукі і культуры ў дачыненні да БССР». Вучоныя-прыродазнаўцы, медыкі ў першыя гады дзейнасці БДУ рэалізоўвалі свае творчыя задумы ў рамках не толькі НТ, а перш за ўсё праз універсітэцкія навуковыя інстытуты. «Мода» на адкрыццё падобных устаноў у 1920-я гг. была ўласціва ўсім еўрапейскім універсітэтам. У межах такіх арганізацыйных навуковых суполак меркавалася дасягнуць найбольшага практычнага эфекту, сканцэнтраваць правядзенне даследаванняў, забяспечыць для іх неабходныя ўмовы. Таму пры БДУ ужо ў пачатку 1920-х гг. былі арганізаваны Інстытуты фізікі, сацыяльнай і эксперыментальнай гігіены, судовай медыцыны, нармальнай і паталагічнай анатоміі, Пастэраўскі інстытут і інш. Акрамя таго, дзейнічала шмат асобных навуковых лабараторый (неарганічнай і аналітычнай хіміі, заалагічная, фізічнай і неарганічнай прыроды, анатоміі і фізіялогіі і інш.), абмяркоўвалася пытанне аб стварэнні спецыяльных «навуковых кафедраў».

Універсітэт, нягледзячы на ўзнікненне і дзейнасць іншых навуковых і навучальных устаноў, працягваў нарошчваць свой патэнцыял.

ignatovski
У. М. Ігнатоўскі

Грамадскія формы арганізацыі навукова-даследчай дзейнасці ва ўніверсітэце толькі спрыялі пашырэнню гэтай высакароднай місіі. Тым больш, што яны не маглі быць поўнасцю адасобленымі ад афіцыйных форм. Ад дзяржаўнай падтрымкі навукі залежалі як творчыя, так і побытавыя ўмовы вучоных. Спачатку ва ўніверсітэце не адмаўляліся ад дапамогі з боку замежных дабрачынных арганізацый АРА і «Джойнт»: на грошы апошняй было закуплена абсталяванне для клінік медфака, АРА ж каля года забяспечвала ўніверсітэцкую прафесуру харчовымі пайкамі. Але ўжо ў 1922 г. была створана Беларуская камісія па паляпшэнні побыту вучоных (БелКУБУ), у склад кіраўніцтва якой увайшлі ад БДУ У. I. Пічэта, Б. М. Беркенгейм, У. М. Ігнатоўскі. 3 1928 г. лаяльных да Савецкай улады вучоных стане падтрымліваць новая арганізацыя саюзнага маштабу — «ВАРНИТСО».

Праявай імкнення масцітых універсітэцкіх вучоных да глыбокага і выніковага навуковага пошуку, стварэння ў Беларусі неабходных сучасных арганізацыйных форм яго падтрымкі стала правядзенне канферэнцый. Так, 9 лютага 1926 г. на базе педфака і па ініцыятыве фізікаў і матэматыкаў БДУ пачала сваю работу Першая Усебеларуская фізіка-матэматычная канферэнцыя, на якой 109 вучоных азнаёміліся з «апошнімі дасягненнямі навукі і педагогікі», заслухалі 21 даклад (у тым ліку прафесараў Я. Е. Сіроціна, А. А. Міхайлоўскага, I. С. Пятосіна і інш.). Увосень таго ж года прайшла агульная прыродазнаўчая канферэнцыя, якая доўжылася пяць дзён, і адначасова — Усебеларуская літаратурна-лінгвістычная канферэнцыя з удзелам больш за 100 чалавек, а таксама канферэнцыя па рэформе правапісу.

Як адзначалася, характэрнай рысай развіцця навукі ў БДУ у 1920-я гг. было яе ўключэнне ў агульны еўрапейскі і сусветны кантэкст. Цесная сувязь з замежнымі калегамі падтрымлівалася праз рэгулярныя навуковыя камандзіроўкі прафесараў і выкладчыкаў, добра наладжаны абмен навуковымі выданнямі з універсітэтамі і навуковымі ўстановамі Польшчы, Германіі, Францыі, Чэхаславакіі, Англіі, ЗША і нават Японіі. За мяжой у навуковых часопісах (пра гэта з захапленнем пісала беларуская прэса тых гадоў) штораз друкаваліся артыкулы прафесараў БДУ У. I. Пічэты, С. М. Рубашова, М. Б. Кроля, I. I. Замоціна і многіх іншых, выходзілі асобныя навуковыя манаграфіі. Былі наладжаны творчыя сувязі з Кракаўскай Акадэміяй навук, Таварыствам імя Т. Р. Шаўчэнкі ў Львове, Варшаўскім навуковым таварыствам, Віленскай публічнай бібліятэкай.

fedjushyn
А. У. Фядзюшын

Вучоныя ўніверсітэта былі жаданымі ўдзельнікамі навуковых канферэнцый высокага ўзроўню, якія праводзіліся ў краінах Еўропы: прафесар М. М. Гайдукоў — Сусветнага кангрэса па пытаннях спадчыннасці ў Берліне, прафесар А. У. Фядзюшын — Інтэрнацыянальнага кангрэса заолагаў у Будапешце, прафесар С. М. Рубашоў — кангрэса хірургаў у Парыжы, прафесар С. Д. Камінскі — з’езда медыкаў-акулістаў у Берліне, прафесар М. Б. Кроль — з’езда псіхіятраў у Вене, прафесар У. I. Пічэта — Сусветнага кангрэса гісторыкаў у Осла. Гэты пералік можна працягваць далей. Мы далі звесткі толькі за 1927 г., які стаў як бы першым рубяжом.

Пры ўсім тым замежныя навукоўцы не вельмі актыўна ўдзельнічалі ва ўніверсітэцкіх канферэнцыях і іншых навуковых мерапрыемствах гэтых гадоў. Выключэннем быў прыезд у Мінск восенню 1928 г. прафесара-фізіка Якава Громера, вучня А. Эйнштэйна, аўтара «нашумелай тэорыі адноснасці», як тады пісалі беларускія газеты. Ён родам з Брэста, прыехаў на працу ў БДУ з Берліна, які ўжо быў ахоплены антысемітызмам, і адразу атрымаў кафедру, а ў хуткім часе (у студзені 1929 г.) выступіў з навуковым дакладам на чарговай Усебеларускай фізіка-матэматычнай канферэнцыі. Мабыць, з яго падказкі вучоныя БДУ у 1929 г. тэлеграмай шчыра павіншавалі А. Эйнштэйна з 50-годдзем. А той, у сваю чаргу, адгукнуўся вершаваным адказам сваім беларускім калегам. 3 Аўстрыі на працу ў БДУ прыехаў прафесар матэматыкі Ц. Л. Бурстын, а з Чэхаславакіі пасля доўгіх угавораў — вядомы філолаг М. М. Дурнаво.

Такім чынам, у другой палове 1920-х гг. адбылося станаўленне найважнейшых кірункаў дзейнасці ўніверсітэта. Адным з іх акрэслівалася навуковая дзейнасць, выяўляючы сутнасць падрыхтоўкі спецыялістаў ва ўніверсітэце, калі праз навуковыя самастойныя даследаванні студэнт авалодвае ведамі і выхоўваецца як грамадзянін сваёй краіны.

FaLang translation system by Faboba