З АРТЫКУЛА У. I. ПІЧЭТЫ «САВЕЦКАЯ ЎЛАДА I ПЫТАННЕ АБ АДЧЫНЕННІ УНІВЕРСІТЭТА НА БЕЛАРУСІ»

1928 г.

Яшчэ ў часы нямецкай акупацыі прадстаўнікі савецкай грамадскасці і Савецкая ўлада прымалі паасобныя меры да таго, каб забяспечыць Беларусь вышэйшай вучэбнай установай. Так, Беларускі абласны камітэт пры Усерасійскім Савеце сялянскіх і рабочых дэпутатаў хадайнічаў аб тым, каб эвакуіраваны Нова-Александрыйскі інстытут сельскай гаспадаркі быў пераведзены ў г. Горкі Магілёўскай губерні, дзе, як вядома, была сярэдняя сельскагаспадарчая вучэбная ўстанова. У той жа час Петраградскае аддзяленне Беларускага нацыянальнага камісарыята хадайнічала перад Камісарыятам народнай асветы аб замацаванні за Беларуссю эвакуіраванага Юр’еўскага універсітэта і аб пераводзе яго ў горад Віцебск ці Смаленск як гарады, якія не былі заняты немцамі.

Гэтыя праекты не ажыццявіліся па зусім зразумелых прычынах.

Утвараць вышэйшую вучэбную ўстанову ў той час, калі большая частка Беларусі была занята немцамі, калі прыходзілася напружваць усе сілы для далейшай барацьбы за вызваленне Беларусі, было, зразумела, немагчыма. Вось чаму, у першыя часы пытанне аб універсітэце не ўзнімалася Савецкай уладай як чарговая праблема ўнутранай палітыкі.

Калі ж Беларусь была вызвалена ад нямецкай акупацыі і калі вярнулася на Беларусь Савецкая ўлада, то ў моц абставін пытанне аб універсітэце стала чарговым пытаннем. Савецкі ўрад павінен быў гэта пытанне зрабіць прадметам сваёй асаблівай увагі. Краіне, якая адстала ў культурных і эканамічных адносінах, патрэбны былі культурныя працаўнікі, якія маглі б прыйсці на дапамогу працоўным масам Беларусі. Без пралетарскай інтэлігэнцыі, якая была б аддана Савецкай уладзе, культурнае і эканамічнае адраджэнне Беларусі было немагчыма.

Гэта добра ўсвядоміла Савецкая ўлада, якая лічыла неабходным прыняць адпаведныя меры да адчынення вышэйшай вучэбнай установы ў краі, якая, зразумела, па сваіх задачах і мэце павінна была быць звязана з жыццём і ісці насустрач задавальненню бягучых рэальных запатрабаванняў. Вось чаму будучая вышэйшая ўстанова Беларусі павінна была рэзка адрознівацца ад старых універсітэтаў не толькі па сваёй канструкцыі, але і па складзе студэнтаў. Будучая вышэйшая вучэбная ўстанова павінна была адчыніць свае дзверы для тых працоўных мас, якія ў эпоху царскага рэжыму не маглі паступіць ва універсітэт, бо дарога ў апошні была для іх зачынена.

3 утварэннем Савецкай улады на Беларусі мясцовы Наркамасветы выяўляў энергічную чыннасць у галіне народнай асветы. Фронт асветы лічыўся ударным, і на яго была звернута асаблівая ўвага. Урад Беларусі асігнаваў на народную асвету вельмі значныя сродкі.

Пасля [ліквідацыі] акупацыі немцамі Мінска з Яраслаўля быў вернуты назад педагагічны інстытут. Урад Беларусі рэфармаваў яго ў вышэйшую вучэбную ўстанову, якая адыграла значную ролю ў гісторыі развіцця культуры на Беларусі. Персанал педагагічнага інстытута складаўся з мясцовых педагагічных сіл. Праграмы паасобных аддзяленняў да некаторай ступені былі падобнымі да праграм вышэйшых школ.

Адначасна сярэдняе тэхнічнае вучылішча рэфармуецца ў дзяржаўны палітэхнікум.

Трэба адзначыць, што для развіцця дзяржаўнага палітэхнікума, які пры гэтым быў размеркаваны вельмі шырока, бо сярод факультэтаў яго быў не толькі агранамічны і меліярацыйны, але і факультэт тэхнічна-будаўнічы, не было ніякай глебы. Зразумела, на Беларусі адчувалася патрэба ў агранамічным і меліярацыйным факультэтах, але факультэты тэхнічна-прамысловага характару пры адсутнасці буйной прамысловасці на Беларусі былі, безумоўна, непатрэбнымі.

Абсталяваць палітэхнікум неабходнымі прадметамі пры тагачасных умовах, пры адсутнасці сувязі з замежжам было, безумоўна, немагчыма. Палітэхнікум з моманту свайго адчынення апынуўся без кабінетаў і лабараторый, без якіх, ясна, ніякая падрыхтоўка да практычнай працы не з’яўлялася магчымай. Апрачатаго, дзяржаўны палітэхнікум не меў неабходных навуковых сіл. Праўда, усе каштоўныя з навукова-практычнага боку сілы былі скарыстаны дзяржаўным палітэхнікумам, але гэтага было не даволі для таго, каб адпаведным навуковым спосабам забяспечыць усе кафедры педагагічнымі сіламі.

Усё ж такі і дзяржаўны палітэхнікум адыграў сваю значную ролю. Яго задачы і мэта былі звязаны з рэальным жыццём, а моладзь, пазбаўленая магчымасці паступіць у іншыя вучэбныя вышэйшыя ўстановы, напоўніла яго аўдыторыі і адносілася да свае працы з вялікім энтузіязмам. Апрача таго, палітэхнікум, ідучы насустрач жыццю і адчуваючы біццё пульсу рэвалюцыйнай эпохі, адчыніў дзверы для ўсіх працоўных.

Калі пасля [ліквідацыі] нямецкай акупацыі Наркамасветы БССР прыступіў да арганізацыі сістэмы асветы, то пытанне аб вышэйшай школе ў Беларусі было пастаўлена ў першую чаргу. Наркамасветы БССР не быў у поўнай меры здаволены арганізацыяй, ні дзейнасцю абедзвюх вышэйшых вучэбных устаноў як педагагічным інстытутам, гэтак і дзяржаўным палітэхнікумам. Дзеля гэтага Наркамасветы лічыў неабходным прыступіць да арганізацыі новых вышэйшых вучэбных устаноў — універсітэта, з аднаго боку, і вышэйшай агранамічнай школы, з другога.

Наркамасветы БССР, паставіўшы сабе задачу адкрыць у бліжэйшы час універсітэт, звярнуўся да Наркамасветы РСФСР за дапамогай у справе арганізацыі універсітэта на Беларусі. Наркамасветы РСФСР мог даць дапамогу беларускаму Наркамасветы ў сэнсе запрашэння выкладчыкаў, а таксама ў сэнсе абсталявання універсітэта інвентаром і навуковымі прыладамі.

Для працы па арганізацыі універсітэта Наркамасветы БССР было пастаноўлена арганізаваць асобную нараду групы асоб, на якіх ускласці ўсю падрыхтоўчую працу па арганізацыі універсітэта.

Нарада спынілася на г. Мінску як найболей буйным гандлёвым, эканамічным і культурна-палітычным цэнтры Беларусі. Па месцы свайго знаходжання Мінск меў найболып падыходзячыя ўмовы для адчынення універсітэта.
Нарада лічыла неабходным утварэнне універсітэта ў такім складзе, каб ён, з аднаго боку, ішоў насустрэч бягучым запатрабаванням, развязвання якіх вымагала жыццё, а з другога боку, дапамагаў бы ўздыму і развіццю краіны ў нацыянальна-культурным сэнсе. Нарада думала, што будучы універсітэт, абсталяваны так, як абсталёўваюцца, наогул, вышэйшыя вучэбныя ўстановы, і надзелены здавальняючымі навуковымі сіламі, зможа замяніць і педагагічны інстытут і дзяржаўны тэхнікум.

Прэзідыум ЦВК Саветаў Беларусі, абгаворваючы пытанне аб адчыненні універсітэта на пасяджэнні ад 24 лютага 1919 года, прызнаў адчыненне Дзяржаўнага універсітэта ў Мінску вельмі пажаданым.

Для гэтай мэты з сум Дзяржаўнага казначэйства было асігнавана 1 000 000 руб. на першапачатковыя расходы.

Для развязання пытання, у якой форме і ў чым павінна была выразіцца дапамога Наркамасветы РСФСР, была ўтворана спецыяльная камісія ў Маскве. Камісія, выпрацоўваючы вучэбныя планы, лічылася з асновамі савецкай палітыкі ў пытаннях вышэйшай школы, а таксама з нацыянальна-культурнымі і эканамічнымі асаблівасцямі Беларусі. Маскоўская камісія, арганізаваўшы асобнае журы па замяшчэнні кафедр у Беларускім дзяржаўным універсітэце, намеціла шэраг вучоных, якія згадзіліся працаваць у будучым Беларускім дзяржаўным універсітэце.

Адначасна ішла дзейная праца і ў Мінску. Губернскі аддзел народнай асветы, лічачы неабходным адкрыць агранамічны факультэт ва універсітэце, бо гэтага неадкладна вымагала сельская гаспадарка Беларусі, аддаў для патрэб агранамічнага факультэта значны маёнтак Лошыца ў 6 вярстах ад Мінска.

На жаль, уся гэтая арганізацыйная праца была часова спынена з-за польскай акупацыі летам 1919 года. Акупацыйная ўлада адносілася адмоўна да ідэі універсітэта ў Мінску. Зразумела, што аб гэтым не магло быць і гутаркі. 3 другога боку, прызнанне неабходнасці адчынення ў Мінску універсітэта ўжо так глыбока прайшло ў шырокія грамадскія колы, што групай мясцовых выкладчыкаў і спецыялістаў былі арганізаваны вышэйшыя курсы для студэнтаў-юрыстаў, тэхнікаў, медыкаў і для скончыўшых сярэднюю вучэбную ўстанову, якія з прычыны вайны не маглі папасці ў вышэйшыя вучэбныя ўстановы.

Акупацыйная ўлада была прымушана згадзіцца на адчыненне курсаў, хоць і глядзела на іх з падазронасцю. Зразумела, гэтыя курсы былі сурагатам універсітэта, і, апрача таго, яны ішлі насустрач навукова-вучэбным запатрабаванням буржуазнай моладзі, бо адчыненыя камісіяй курсы для падрыхтоўкі рабочай і сялянскай моладзі, зразумела, былі зачынены.

У часы польскай акупацыі шырока разгарнуў сваю працу Педагагічны інстытут, які меў у сабе значную колькасць сялянскай моладзі.

Апрача таго, у спіску слухачоў Педагагічнага інстытута лічылася нямала вопытных дзеячаў па народнай асвеце як працаўнікоў вясковай школы. 3 вялікімі цяжкасцямі аднавілася педагагічная праца ў інстытуце, бо акупацыйная польская ўлада адносілася да гэтага адмоўна. Навакол інстытута аб’ядналіся беларускія культурныя і рэвалюцыйныя сілы, якія прымалі актыўны ўдзел у партызанскім руху супраць палякаў. У часы польскай акупацыі ўпершыню пачалі чытацца лекцыі ў Педагагічным інстытуце на беларускай мове.

11 ліпеня 1920 года горад Мінск поспехамі і сіламі Чырвонай Арміі быў вызвалены ад акупацыйных войскаў. 3 прыходам у спустошаны і разбураны Мінск Савецкай улады аднавілася дзейнасць Універсітэцкай камісіі.

Перш за ўсё, Мінская камісія імкнулася дабіцца заканадаўчага акта аб адчыненні ў Мінску універсітэта ў складзе факультэтаў філалагічнага, грамадскіх навук, медычнага, прыродазнаўчага і агранамічнага, таму што для гэтага мелася рэальная магчымасць.

Маскоўская камісія дапамогі па арганізацыі універсітэта на працягу жніўня — верасня энергічна працавала па пераглядзе вучэбных планаў і разглядзе кандыдатур на вольныя кафедры. Перамовы з вучонымі спецыялістамі паказалі, што не будзе недахопу кваліфікаваных навуковых сіл і што многія навуковыя працаўнікі згодны прыехаць на Беларусь.

Наркамасветы РСФСР, які ўзяў на сябе кіраўніцтва арганізацыйнай працай па адчыненні ў Мінску універсітэта, думаў, што для найболей паспяховага ажыццяўлення адчынення універсітэта неабходна арганізаваць тройку ўдарнага характару, якой неабходна даць усе правы па арганізацыі універсітэта, з правам запрашаць на нарады тых асоб, якія, па погляду тройкі, з’яўляюцца неабходнымі як кансультанты пры ажыццяўленні ўскладзенай на тройку задачы. Наркамасветы РСФСР у склад тройкі вызначыў 3. Г. Грынберга, У. I. Пічэту і Ф. Ф. Турука.

Наркамасветы БССР згадзіўся на арганізацыю тройкі на правах праўлення, а ў Мінску была арганізавана таксама спярша тройка, а потым пяцёрка, пры ЦВК Саветаў Беларусі, пад старшынствам праф. Смаленскага універсітэта Г. С. Гурвіча. Абедзве калегіі мелі паміж сабой шчыльную сувязь, і праца па арганізацыі універсітэта ішла даволі хутка, не сустракаючы на сваім шляху ніякіх перашкод.

Арганізаваная ў Маскве тройка звярнулася за дапамогай да некаторых маскоўскіх спецыялістаў, каб разгледзець і распрацаваць вучэбныя планы.

Апрача таго, Маскоўская тройка энергічна працавала як па куплі кніг для універсітэцкай бібліятэкі, так і неабходнага навуковага абсталявання для прыродазнаўча-гістарычнага і медычнага факультэтаў.

Мінская пяцёрка была занята на месцах працай гаспадарчага характару і падрыхтоўкай універсітэцкіх будынкаў для пачатку заняткаў з восені 1921 года. Апрача таго, Мінская пяцёрка энергічна працавала па ўтварэнні ў Мінску рабочага факультэта, заняткі на якім павінны былі пачацца ў хуткім часе, а разам з гэтым і самы універсітэт, афіцыйнае адчыненне якога адкладалася на восень, пачаў бы сваю працу.

Камісія прафесараў пад старшынствам У. I. Пічэты распрацоўвала часовыя вучэбныя планы факультэтаў: рабочага, грамадскіх навук, медычнага, сельскагаспадарчага і фізічна-матэматычнага. Распрацоўваючы гэтыя планы, Камісія мела на ўвазе мясцовыя патрэбы і адвяла значнае месца беларусазнаўству і мясцовым культурам.Ударная тройка лічыла неабходным і арганізацыю цыкла пазашкольнага, які павінен быў падрыхтаваць педагогаў і лектараў для пазашкольнай аўдыторыі.

Аўтары вучэбных планаў, жадаючы даць будучым студэнтам, педагогам і грамадскім працаўнікам асновы навуковага светапогляду, аддалі ў праграмах значнае месца як прыродазнаўству, так і філасофскаму матэрыялізму. Зразумела, і ў праграмах прававога, і эканамічнага аддзяленняў было аддадзена значнае месца Беларусі ў гістарычна-юрыдычных і эканамічных адносінах.

Трэба прызнаць цяпер гэтыя планы няўдалымі: яны адзначаліся вялікай шматпрадметнасцю. Апошняя павялічвалася яшчэ больш тым, што прыходзілася ўводзіць новыя прадметы, якія мелі выключна мясцовае, краязнаўчае значэнне. Недахопы гэтага вучэбнага плана выявіліся ў першы год існавання універсітэта. Было зусім ясна, што ён патрабуе перагляду і змены. Складаючы новыя вучэбныя планы, камісія прафесараў аддала значнае месца семінарскім заняткам, лічачы апошнія больш мэтазгоднымі, чым лекцыі.

Распрацоўка вучэбных планаў медычнага факультэта пачалася яшчэ ў кастрычніку 1920 года, калі праф. Мінор падаў дакладную запіску, у якой вызначаў агульныя ўмовы пабудовы медычнага факультэта ў Мінску. Перш за ўсё аўтар лічыў неабходным абсталяваць належным чынам усе лабараторыі універсітэта, бо іначай універсітэт не будзе мець кваліфікаваных выкладчыкаў.

Паездка маскоўскіх прафесараў у Мінск у студзені 1920 года выявіла поўную магчымасць адчынення медычнага факультэта.

Адчыненне медычнага факультэта было дэкларавана на II Усебеларускім з’ездзе Саветаў у снежні 1920 года. Нарэшце, Калегія Навуковага сакратарыята Народнага камісарыята асветы РСФСР ад 18 жніўня 1920 года пастанавіла ўтварыць у Мінску Дзяржаўны універсітэт у складзе факультэтаў: рабочага, прыродазнаўчага, медычнага, агранамічнага і літаратурна-філалагічнага.

Нарэшце, арганізацыйная камісія пры дапамозе А. А. Калантара таксама выпрацавала план сельскагаспадарчага факультэта з аддзяленнямі: агранамічным, лясным і балотна-лугавым. У сваю чаргу, лічылася, што агранамічнае аддзяленне пры далейшай спецыялізацыі ўтворыць цыклы: земляробства, жывёлаводства, рыбаводства, пладаводства, агародніцтва і пчалярства. Апрача таго, намячалася адчыненне навукова-даследчага інстытута.

Арганізацыйная камісія лічыла таксама неабходным адчыненне пры Беларускім дзяржаўным універсітэце навукова-даследчага інстытута беларускай і яўрэйскай культур.

Адначасна з апрацоўкай вучэбных планаў на асноўных факультэтах Маскоўская тройка звярнула ўвагу на распрацоўку вучэбнага плана рабочага факультэта, арганізацыі якога яна надавала вялікае значэнне.

3 пачатку красавіка ўся падрыхтоўчая праца ў Маскве па арганізацыі Беларускага універсітэта ў Мінску была скончана. Арганізацыйная тройка лічыла неабходным азнаёміць са сваёй працай як Беларускі ўрад у асобе старшыні ЦВК і Саўнаркома, а таксама і камісара народнай асветы, так і мясцовую Універсітэцкую камісію.

Красавіцкая паездка ў Мінск мела вялізнае значэнне для далейшай працы па адчыненні на Беларусі універсітэта. Прадстаунік Маскоўскай камісіі Ф. Ф. Турук у прэзідыуме ЦВК Беларусі зрабіў даклад адносна падрыхтоўчай працы па арганізацыі універсітэта, якая пачалася для выканання пастановы II Беларускага з’езда Саветаў.

Прэзідыум ЦВК, заслухаўшы даклад сябра Часовага праўлення Ф. Ф. Турука, зрабіў наступную пастанову: прызнаючы, што адчыненне універсітэта ў гор. Мінску з’яўляецца справай першароднай дзяржаўнай важнасці і ўпарта вымагаецца культурнымі, эканамічнымі і палітычнымі інтарэсамі рабоча-сялянскага насельніцтва Беларусі, ЦВК, для выканання даручэння 3-й сесіі ЦВК Саветаў Беларусі ад 17 красавіка, пастанаўляе:

1. Пацвердзіць раней выдадзенае пастанаўленне аб адчыненні ў гор. Мінску Беларускага дзяржаўнага універсітэта.

2. Адчыніць універсітэт у складзе факультэтаў: рабочага, грамадскіх навук, медычнага, сельскагаспадарчага і фізічна-матэматычнага.

Увага. 3 прычыны цэлага шэрагу спецыфічных асаблівасцей Беларусі, у санітарна-гігіенічных адносінах, а таксама ў сельскагаспадарчых, і ў мэтах падрыхтоўкі мясцовых высокакваліфікаваных лекараў і аграномаў, у якіх адчуваецца востры недахоп, звярнуць асаблівую ўвагу на арганізацыю медычнага і сельскагаспадарчага факультэтаў.

3. Пры Беларускім дзяржаўным універсітэце ўстанавіць навукова-даследчы інстытут беларускай і яўрэйскай культуры.

4. Прызнаць адчыненне універсітэта ў Мінску тэрміновай і ўдарнай задачай і прапанаваць усім наркомам, Сав. нар. гаспадаркі і іншым установам рэспублікі здавальняць вымаганні Універсітэцкай камісіі ў першую чаргу і аказваць Наркамасветы ўсякую дапамогу, неабходную для паспяховага выканання гэтай задачы.

Пастанова прэзідыума ЦВК па сваёй прынцыповасці мела вялікае значэнне і ў далейшым зрабіла ўплыў на паскарэнне ходу работы па адчыненні універсітэта ў Мінску.

Пастанова ЦВК ад 17 красавіка аб адчыненні ў Мінску ў бліжэйшую чаргу агранамічнага факультэта ўзняла пытанне аб узаемаадносінах Беларускага універсітэта і Беларускага палітэхнікума.

Было зусім ясна, што пры існаванні Беларускага дзяржаўнага універсітэта, Беларускі палітэхнікум павінен стаць у тыя ці іншыя адносіны да Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Пры гэтым і сам палітэхнікум, які адчыніўся ў эпоху першых гадоў Савецкай улады і які быў нездавальняюча абсталяваны, адчуваў патрэбу ў рэфармаванні, якое змяніла б Беларускі палітэхнікум у сапраўдную вышэйшую тэхнічную ўстанову.

18 красавіка ў памяшканні Беларускага дзяржаўнага палітэхнікума, педагагічны персанал Політэхнічнага інстытута, разам з сябрам Часовага праўлення Беларускага дзяржаўнага універсітэта абмяркоўвалі пытанне аб узаемаадносінах будучага універсітэта да Беларускага дзяржаўнага палітэхнікума.

Па пытанні аб узаемаадносінах Беларускага універсітэта і Беларускага палітэхнікума была прынята наступная рэзалюцыя:

1. Прымаючы пад увагу, што ў Беларускім дзяржаўным палітэхнікуме, існаванне якога выклікана патрэбамі краю, выкладанне вядзецца па вучэбных планах ВТЦУ, што ў палітэхнікуме налічваецца добра падрыхтаваных студэнтаў звыш 400, што тры факультэты маюць другія курсы і могуць у бліжэйшы час даць спецыялістаў з вышэйшай асветай, што каля палітэхнікума згуртавана каля 40 выкладчыкаў з вышэйшай асветай і з вялікім практычным стажам, прычым некаторыя з іх маюць навуковыя працы, што інстытут у сучасны момант у некаторай частцы абсталяваны вучэбнымі кабінетамі, ачастка іх знаходзіцца ў стадыі арганізацыі — прызнаць вельмі пажаданым захаванне палітэхнікума і далейшае яго развіццё як вышэйшай тэхнічнай установы на Беларусі.

2. Калі па грашовых ці іншых умовах немагчыма існаванне на Беларусі двух вышэйшых вучэбных устаноў: універсітэта і дзяржаўнага палітэхнікума, то Політэхнічны інстытут павінен увайсці ў склад універсітэта на наступных умовах: існуючыя пры інстытуце аддзяленні — культурна-тэхнічнае і лясное — павінны, безумоўна, зліцца з намечаным да адчынення сельскагаспадарчым факультэтам універсітэта, з яго аддзяленнямі, а іншыя чатыры тэхнічныя аддзяленні інстытута, як інжынерна-будаўнічае, электратэхнічнае, механічнае і тэхнічна-хімічнае, павінны ўвайсці ў склад універсітэта як асобны тэхнічны факультэт з яго аддзяленнямі: а) інжынерна-будаўнічым; б) механічна-электрычным; в) тэхнічна-хімічным.

3. Само аб’яднанне інстытута не павінна насіць характар хоць бы і часовага зачынення і спынення аддзяленняў інстытута, а павінна мець характар звычайнага арганічнага развіцця факультэтаў Беларускага дзяржаўнага палітэхнікума ў адпаведных факультэтах Беларускага універсітэта.

Гэтая кампрамісная рэзалюцыя, безумоўна, зусім не развязвала пытання аб адносінах дзяржаўнага універсітэта і палітэхнікума.

Апошні дапускаў магчымасць аб’яднання з універсітэтам, але, у той жа час, жадаў захаваць цалкам усе свае тэхнічныя факультэты, для развіцця якіх на Беларусі не было адпаведнай глебы і сродкаў.

Зусім было ясна, што пры такім шырокім размаху не маглі развівацца ні Беларускі дзяржаўны універсітэт, ні дзяржаўны палітэхнікум.

Тады ж адбылася аб’яднаная нарада прадстаўнікоў Саўнаркома і прэзідыума ЦВК Беларусі, прадстаўнікоў Часовага праўлення Беларускага дзяржаўнага універсітэта і Маскоўскай камісіі, прафесараў, а таксама Мінскай пяцёркі па арганізацыі Беларускага дзяржаўнага універсітэта.

Аб’яднаная нарада пастанавіла: арганізаваць пры Мінскай пяцёрцы спецыяльны канцылярска-тэхнічны орган, падзяліць тэхнічны орган пяцёркі на наступныя секцыі: будаўнічую, гаспадарчую і бібліятэчную; устанавіць шчыльную сувязь паміж Мінскай пяцёркай і Часовым праўленнем.

Аб’яднаная нарада яшчэ раз звярнулася да пытання аб парадку адчынення факультэтаў. Лічылася магчымым распачаць зараз жа адчыненне факультэтаў: рабочага, этнолага-лінгвістычнага аддзялення, факультэта грамадскіх навук з даследчым інстытутам беларускай і яўрэйскай культур, медычнага і прыродазнаўчага, а потым, крыху пазней, з восені гэтага года, — агранамічнага факультэта і іншых аддзяленняў факультэта грамадскіх навук.

Аб неабходным адчыненні вышэйпамянёных факультэтаў і аддзяленняў не магло быць і гутаркі пры адсутнасці выкладчыкаў і адпаведнага абсталявання лабараторый і кабінетаў. Было зусім ясна, што універсітэт не можа быць адчынены раней восені 1921 г. Праўда, Мінская пяцёрка распачала зараз жа працу па арганізацыі рабочага факультэта. Пры поўнай адсутнасці грашовых сродкаў і вучэбнага абсталявання, рабочы факультэт быў адчынены ў чэрвені месяцы, у колькасці 160 слухачоў, з якіх на долю рабочых прыходзілася 69, сялян — 72 і чырвонаармейцаў — 19.

Адчыненне рабочага факультэта з’явілася нібыта сімвалам адчынення універсітэта наогул, але, зразумела, ніякіх правільных заняткаў на рабочым факультэце пры поўнай адсутнасці абсталявання не магло быць. Было зусім ясна, што і рабочы факультэт пачне нармальна функцыянаваць толькі з восені бягучага году, калі універсітэт будзе мець неабходныя прадметы навуковага абсталявання.

Паездка Маскоўскай тройкі, пры ўдзеле сяброў арганізацыйнай камісіі ў Мінску, мела вялікае значэнне для далейшай працы па арганізацыі універсітэта. Фактычна да красавіцкай паездкі яшчэ нічога не было зроблена для прыстасавання будынкаў пад універсітэт. Камісія, азнаёміўшыся з усімі дэталямі неабходнага рамонту, прыйшла да вываду, што яшчэ магчыма адрамантаваць універсітэцкія будынкі да пачатку вучэбнага года, калі праца пачнецца ў свой час і будзе весціся з адпаведным напружаннем. Праўда, праца па прыстасаванні будынкаў для універсітэта пачалася ў канцы красавіка, але цягнулася вельмі марудна з-за адсутнасці матэрыяльных сродкаў. Гэтая маруднасць зусім ясна паказвала на тое, што, калі і ў далейшым праца будзе цягнуцца гэтым тэмпам, то універсітэцкія будынкі не будуць гатовы да прызначанага тэрміну. Наркамасветы БССР асігнаваў некаторую суму на бягучы рамонт, што дазволіла распачаць рамонт фабрыкі «Вікторыя» і прыстасаванне яе пад анатамічны тэатр універсітэта. У траўні месяцы вызначылася, што будынкі б[ылой] Духоўнай семінарыі, у якіх меркавалася размясціць большасць навукова-дапаможных устаноў, не будуць аддадзены універсітэту, бо на іх прэтэндуе вайсковы камісарыят, які думаў адчыніць у Мінску вайсковую школу.

У канцы красавіка ўсе падрыхтоўчыя працы былі фактычна закончаны, існаванне асобных камісій у Мінску і Маскве па арганізацыі універсітэта з’яўлялася немэтазгодным. Наркамасветы БССР лічыў неабходным арганізаваць сталае праўленне, якое ўзяло б на сябе ўсю адказнасць за далейшую арганізацыю універсітэта. Апошняе было сканструявана ў пачатку ліпеня 1921 года і 11 ліпеня 1921 года было зацверджана Наркамасветы БССР у складзе: рэктара У. I. Пічэты, У. М. Ігнатоўскага, Ф. Ф. Турука, М. Я. Фрумкінай і прадстаўніка ад рабочага факультэта. Новае праўленне ўступіла ў выкананне сваіх абавязкаў з наступнага дня і павяло вельмі энергічную працу па арганізацыі універсітэта. Сродкі, якія былі асігнаваны Наркамасветы РСФСР, і дадатковыя сродкі, асігнаваныя Наркамасветы БССР, далі магчымасць распачаць работы будаўнічага характару. Новы склад праўлення асабліва рупіўся закупкай прадметаў, неабходных для навукова-дапаможных устаноў. Зразумела, ніхто не сумняваўся ў тым, што абсталяваць іх адразу поўнасцю немагчыма і што навуковае абсталяванне ў першы год існавання універсітэта будзе вельмі бедным.

Новаму праўленню прыйшлося прыняць меры да запрашэння прафесараў. Праўда, Маскоўская тройка намеціла цэлы шэраг асоб для заняцця тых ці іншых кафедраў. Пры перамовах з асобнымі кандыдатамі вызначылася аднак жа сур’ёзная перашкода. Асобныя выкладчыкі, гледзячы некалькі скептычна на будучае адчыненне універсітэта, давалі сваю згоду на працу ў ім, але адмаўляліся ад пераезду ў Мінск да высвятлення пытання аб сталасці універсітэта ў Мінску. Новаму праўленню прыйшлося лічыцца з гэтым фактам, бо праўленне універсітэта жадала бачыць у складзе сваіх выкладчыкаў пэўна кваліфікаваных вучоных. Праўленне універсітэта не зачыняла вачэй на тое, што сістэматычны прыезд прафесараў утворыць перабоі ў ходзе заняткаў, але другога выйсця для універсітэта не было, бо іначай ён мог застацца без прафесараў і выкладчыкаў...

Советское строительство. 1928. № 6. С. 137—143.

FaLang translation system by Faboba