З ПАВЕДАМЛЕННЯЎ I АРТЫКУЛАЎ ГАЗЕТЫ «НАША НІВА» 1906— 1908 гг.

г. Мінск

3 Беларусі і Літвы
(ад нашых карэспандэнтаў)

У Варшаве ёсць універсітэт, які закрыты ўжо другі год. Студэнты там усе палякі, а прафесары рускія, але не тыя рускія, што дабіваюцца ў Расеі свабоды для свайго народа і якіх шануе ўвесь свет і ўся Польшча хваліць. Не, гэтыя рускія прафесары называюцца «абрусіцелямі». Яны стараюцца перакруціць палякаў на рускіх. Яны не разумеюць, што паляк няхай будзе палякам, рускі найлепш няхай застаецца рускім. Галоўнае, каб адзін народ шанаваў другі і жылі ўсе ў згодзе. Праўдзівыя рускія стыдаюцца гэтакіх абрусіцеляў. Польскія студэнты не хацелі вучыцца ў такім «абрусіцельным» універсітэце. Прафесары засталіся без вучняў, і ездзяць гэтыя прафесары па гарадах, угаворваючы, каб адкрыць абы дзе універсітэт і каб іх узяць зноў за прафесараў. Мінск хоча залажыць універсітэт, Вільня сабе хоча, Смаленск сабе, Саратаў сабе. Па-нашаму, з такімі прафесарамі лепш яго і не адкрываць. Мы стаім за тое, каб устроіць у нас універсітэт у Вільні, галоўным горадзе ўсяго нашага краю, без гэтых варшаўскіх прафесараў.

У Вільні універсітэт даўней быў, але цар Мікалай I закрыў яго ў 1832 годзе.

Няхай у гэтым універсітэце будуць вучыць на ўсіх мовах, якія ў нашым краі ёсць: па-расейску і па-польску, па-беларуску, па-літоўску і жыдоўску, як хто захоча. Тады і навука пойдзе добра і не будзе сваркі і прымусу.

Наша Ніва. 1906. 22 снеж. С. 7.

Месца няма!..

«Без навукі цяжка жьць гэтым трудным векам», — казаў беларускі пясняр.

Толькі ў нас, здаецца, яшчэ цяжэй дайсці той навукі.

Ва ўсёй дзяржаве штогод прыбывае людзей, якія на сабе ўжо пазналі гэтае горкае праўды. Штогод многа маладых людзей, якія скончылі гімназіі ці іншыя падобныя школы, едуць да вялікіх гарадоў вучыцца далей у школах вышэйшых (універсітэтах), а тым часам там ім кажуць, што месца для іх не хапае... Толькі нямногія шчаслівыя трапляюць туды.

Вось і ў гэтым годзе з-паміж тых, што паехалі вучыцца ў Пецярбург, не прынялі ў вышэйшыя школы 12 тысяч 500 маладых людзей...

Тое ж робіцца і ў другіх гарадах: «Месца няма...».

I не дзіва. У Расеі ёсць 9 універсітэтаў на 140 мільёнаў народу, значыць, адзін універсітэт на 15 мільёнаў з паловаю, а ў немцаў — 21 універсітэт на 60 мільёнаў народу, значыць, адзін на 3 мільёны людзей.

Была ў Пецярбургу вольная вышэйшая школа (як бы універсітэт), якую ўстроілі людзі без дапамогі і без апекі казённай. Паўтары тысячы моладзі вучылася тут. Але ж гэту школу ўрад закрыў. А тым часам 8 тысяч студэнтаў з Расеі выязджае вучыцца за мяжою.

Таксама не хапае ў нас месца і ў сярэдніх школах: гімназіях, семінарыях, інстытутах настаўніцкіх. У кожным горадзе дзесяткі і сотні дзяцей па колькі гадоў не могуць трапіць у школы, хоць і добра здаюць экзамены: па рахунку, зробленаму колькі гадоў таму назад, у Расеі адна сярэдняя школа прыходзіцца на 103 тысячы жыхароў. I з ніжэйшымі, народнымі, школамі дрэнна: адна гэтакая школа выпадае на 2637 жыхароў.
3 гэтага выходзіць, што ў Расеі на тысячу людзей у школу ходзіць усяго 32 (у 1900 г.), а тым часам у Амерыцы з кожнай тысячы жыхароў вучыцца ў розных школах 230 чалавек.

Школ у нас мала, дык і настаўнікаў лічаць за непатрэбных: сёлета ў Вільню прыехала 125 народных настаўнікаў, каб паступіць у настаўніцкі інстытут, а з іх прынялі туды ўсяго 28.

Ідуць у нас новыя парадкі, новае жыццё. Народ пачынае сам заведваць сваімі справамі, ды праз выбарных дэпутатаў весці дзяржаўныя справы. Для гэтага патрэбны людзі мудрыя, добра вучоныя, іх у нас нямашака. I праз гэту цямноту народу вельмі цяжка здабыць сабе такія парадкі, якія патрэбны.

Без святла навукі нельга ўстроіць новага жыцця. А ў нас — куды ні ткніся — усюды цямнота непрасветная. Калі ж дачакаемся мы, што і ў нашым бедным цёмным краі навука для ўсіх стане даступнаю?!

Наша Ніва. 1907. 31 жн. С. 2.

Украінская мова ва універсітэтах

На Украіне (або, як кажуць, у Маларосіі) ёсць два універсітэты.Вучацца ў іх найбольш людзі тамтэйшыя — украінцы, але вучаць іх усяго ў расейскай мове, як у іншых месцах. Цяпер украінцы дабіліся таго, што ў гэтых двух універсітэтах завязалі новыя навукі, каб студэнты пазнавалі і свой родны край — Украіну, яго гісторыю, літаратуру (значыць, творы народных песняроў і ўкраінскіх пісьменнікаў).

I аб Украіне вучаць па-ўкраінску — у роднай мове мужыкоў тамтэйшых, якія да апошніх часоў, як і нашы беларусы, уважалі сваю мову за брыдкую, «хамскую », непрыгодную да навукі.

28 верасня ў Харкаве ва універсітэце студэнты першы раз слухалі лекцыю па-ўкраінску. Прафесар Сумцоў даводзіў сабраўшымся на лекцыю, што, каб упарадкаваць жыццё ўкраінскага народа і ўсе справы яго, трэба стаць на моцны грунт; а гэты грунт — родная мова і навука ў роднай мове. Гаварыў і нейкі студэнт: ён заклікаў усіх украінцаў, каб падтрымалі гэтую новую справу: «вялікае слова навукі ў роднай мове», казаў ён, дапаможа «лягчэй ісці па дарозе да ўсталявання такіх парадкаў у жыцці народа, пры якіх не будзе крыўд і ўціску, не будзе слуг і паноў...».

Гледзячы на тое, да чаго дайшлі нашы браты — украінцы, чалавек пачынае верыць, што і нашы беларусы, наша родная мова не згінуць дарма. Праўда, што ў нас школ сваіх няма — толькі цяпер адкрываюць іх памаленьку: дый у нашым няшчасным краі не толькі беларускіх, а і ўсялякіх школ зусім мала; народ цёмны, як тая табака ў табакерцы. Але не мы самі вінаваты ў гэтым: быў даўней і ў Вільні універсітэт, куды ўся Літва і Белая Русь пасылалі сыноў сваіх на навуку, адкуль выходзіла нямала вучоных і слаўных людзей. I гэты універсітэт закрылі... 3 таго часу ўсе нашы тутэйшыя людзі, прагныя да навукі, мусяць ехаць у Расею, а там пазнаваць родную старонку, усе патрэбы і справы яе — вельмі цяжка.

Цяпер можна мець надзею, што з новымі парадкамі пойдзе скрозь і па нашым краі святло навукі, што і наш цёмны беларус прачнецца ад цяжкага сну і пазнае ў сабе чалавека. Можа, тады і мы пачуем «вялікае слова навукі ў роднай мове», і тая навука дапаможа пазбыцца крыўд, уціску, здабыць святлейшае жыццё ўсім тым, хто ў непрасветнай ночы цяжкаю працаю здабывае сабе кавалак хлеба.

Каб жа толькі скарэй насталі тыя новыя парадкі, якіх залішне доўга прыходзіцца чакаць!..

Наша Ніва. 1907. 10(23) лістап. С. 4.

Аб універсітэце ў Вільні

21 красавіка ў Вільні адбыўся сход прадстаўнікоў беларускіх і літоўскіх гарадоў разам з рэдактарамі віленскіх газет і яшчэ другімі людзьмі, каб разабраць справу аб адкрыцці ў нашым краі вышэйшай школы (універсітэта ці якой іншай). Разглядалі такія пытанні: у якім горадзе заводзіць вышэйшую школу — у Вільні, у Мінску ці другім; якая гэта мае быць школа — ці універсітэт, ці для сельскіх гаспадароў, ці палітэхнікум (з якога выходзяць інжынеры).

Справа аб вышэйшай школе для нас, беларусаў, вельмі важная, вось і скажам аб ёй некалькі слоў.

Перш-наперш трэба сказаць, што такую школу найлепей завесці ў Вільні: гэты горад — сэрца ўсяе нашае старонкі; да Вільні недалёка і з Коўна (ехаць на чыгунцы трэба толькі 2 або 3 гадзіны), і з Гродна (3—4 гадзіны), і з Дзвінска (3—4 гадзіны), і з Мінска (5—6 гадзін), трохі далей з Віцебска і Магілёва; Вільня — найболепы з-паміж нашых гарадоў; а яшчэ ляжыць Вільня блізка мяжы Беларусі з Літвой, дык адкрытая тут вышэйшая школа будзе роўна служыць і нам, і літвінам. На гэта згаджаліся ўсе, хто быў на сходзе.

Але важнейшая справа аб тым, ці адкрыць тут універсітэт, ці палітэхнікум. Некаторыя на сходзе даводзілі, быццам палітэхнікум будзе найлепшым для нас. На гэта мы скажам, што 1) у палітэхнікуме менш народу можа вучыцца, бо навука ў ім дорага каштуе, ды і не кожны здатны на інжынера і хоча быць ім; 2) інжынеры ў нашым краі не вельмі патрэбны, бо фабрык і заводаў тут мала, а тыя з тутэйшых людзей, што вучыліся на інжынераў у іншых гарадах, усё роўна не застаюцца ў краі сваім, а едуць кудысь у Расею ці Польшчу шукаць сабе месцаў. Мы думаем, што для Беларусі і Літвы патрэбны не так інжынеры, як проста людзі з навукаю — дактары, адвакаты (юрысты), настаўнікі і розныя вучоныя. Наш край цёмны, і няма каму рупіцца аб асвеце народа. Дактароў не хапае — часта за некалькі міль трэба ехаць, каб дастаць доктара. А яшчэ як праз гадоў колькі настане ў нас самаўпраўленне, завядзецца земства, новыя суды, вось тады будзе вялікая патрэба ў вучоных, культурных людзях, на месцы суддзяў, у земства, ды такіх людзей, што знаюць добра наш край, жыццё і патрэбы народа. Вось чаму жадаем мы найхутчэй універсітэта, які будзе тут, на месцы, а не дзесьці далёка ад краю.

Універсітэт нам патрэбен і на тое, каб людзі ў ім працавалі над пазнаннем роднага краю, каб дазналіся, чаго яму не хапае, якія яго патрэбы, як іх задаволіць, як падняць жыццё краю. У тутэйшым універсітэце можна будзе працаваць і над моваю тых нацый, што ў нас жывуць, пазнаць добра іх жыццё, іх парадкі ды самы край.

Штогод грамады маладых людзей заканчваюць у нашых гарадах гімназіі, рэальныя вучылішчы і іншыя сярэднія школы. У апошнім годзе — 907 чал. Калі б гэтакая грамада людзей засталася ў Вільні, а не ехала куды-небудзь далёка, то і ім было б танней вучыцца, і для горада, і края карысць: грошы, што яны пражываюць цяпер у чужыне, засталіся б тут, і была б карысць для ўзрастання багацця краю.

Нядаўна дазволілі прымаць ва універсітэты вучняў праваслаўных семінарый. Цяпер у Думу падалі праект закона, каб прымалі ўсіх, што скончылі настаўніцкія інстытуты. Як ведама, вучацца там найболыш сыны народа нашага — мужыцкія дзеці. Вось, калі Дума дапусціць іх у вышэйшыя школы, то ім куды лягчэй будзе вучыцца ў сваім Віленскім універсітэце, чым ехаць у Пецярбург, Маскву, Варшаву і г. д. А з-паміж нашых вясковых беларусаў нямала дабіваюцца вышэйшае навукі, але цяпер яна ім зусім недаступная.

Кажуць, што пры універсітэце трэба завесці аддзел сельскай гаспадаркі. Яно, пэўне, добра было б, але ж ці той аддзел будзе, ці не, універсітэт нам, канешне, патрэбен, і ўсе мы павінны памагчы, чым можна, каб яго адкрыць.

Наша Ніва. 1908. 25 крас. С. 4.

Аб Віленскім універсітэце

У камісіі, якая абдумвае, які універсітэт (школу для самых вышэйшых навук) трэба адкрыць у Вільні, рэдактар «Нашае Нівы» прачытаў аб тым, што пры гэтай будучай вышэйшай школе трэба адкрыць аддзяленне, дзе будуць вучыць навукі аб розных мовах і таксама гісторыю — гісторыка-філалагічны факультэт. Гэты факультэт патрэбен Беларусі дзеля таго, што 1) Гісторыя і мовы беларусаў і літвінаў мала яшчэ знаны. Гісторыя нашага краю мала апрацавана вучонымі, напрыклад старасвецкія вякі літоўска-польскія зусім яшчэ не вытлумачаны ясна. Дык, значыць, вучоным будзе шмат працы, пакуль яны добра пазнаюць народную мову, штуку (мастацтва), музыку. 2) Беларускія мова і песні, як кажа П. Бяссонаў, самыя старасвецкія і прадвечныя, яны даўнейшыя за велікарускія, украінскія і палудзенных славян (балгар, сербаў, чэхаў...). Беларуская мова мае найбольш такіх старых слоў той агульнаславянскай мовы, якая некалі была адной самай для ўсіх славянаў; значыць беларуская мова ёсць найболыш чыстая славянская мова (гл.: Карскі «Белоруссы»)...

Наша Ніва. 1908. 6(19) чэрв. С. 5.


Са справаздачы рады Усеславянскага з’езда
прагрэсіўных студэнтаў у Празе

Яшчэ гаварыў беларус Каляда: ён горка жаліўся на незвычайны ўціск беларусаў. Ад гэтага ўціску панаванне цямноты ў Беларусі мацней, як на Украіне: у некаторых беларускіх паветах на 100 чал. прыходзіцца 4 пісьменныя. Беларусам не толькі забараняюць вучыцца ў роднай мове, але нават і студэнтам не даюць пазнаваць тую мову ва універсітэтах. Універсітэта ў Вільні даўно дабіваюцца беларусы і літвіны, але яго дагэтуль няма.

Пасля гэтай мовы з’езд пастанавіў:
...4) каб у Вільні адкрылі беларуска-літоўскі універсітэт, 5) а пакуль гэта будзе, каб завялі ў іншых універсітэтах расейскіх кафедры (навуку) гісторыі і этнаграфіі беларускай, бо патрэбны настаўнікі гэтых навук...

Наша Ніва. 1908. 4(17) ліп. С. 5.

Колькі слоў аб славянскім народзе чэхах

...Як добра стаіць у чэхаў навука, відаць з таго, што ў іх ёсць два свае універсітэты, дзве вышэйшыя школы сельскай гаспадаркі, некалькі акадэмій; сярэдніх сельскагаспадарчых школ пяць, ніжэйшых — 11, гарадскіх вучылішчаў — 378. А ў нас на ўвесь край з 12 мільёнамі народу няма ніводнага універсітэта, ні адной вышэйшай школы; гарадскіх вучылішчаў і тых набярэцца ўсяго з дваццаць! Каб жа нам зраўняцца з чэхамі, трэба бы ў Беларусі і Літве адкрыць чатыры універсітэты, не тое, што адзін...

Падарожны

Наша Ніва. 1908. 4(17) ліп. С. 6.

З Беларусі і Літвы (ад нашых карэспандэнтаў)

10 лістапада будзе ўжо два гады жыцця «Нашае Нівы». 3 гэтай прычыны студэнты-беларусы Юр’еўскага універсітэта прыслалі ў рэдакцыю вось такі ліст:

Поўнаю жменяю ў нашым народзе
сейце зярняты праўды, любві і свабоды!

Мы, студэнты Юр’еўскага універсітэта, сыны беларускага народа, шлём сваё гарачае прывітанне ўсім працаўнікам «Нашае Нівы» з сардэчным жаданнем, каб былі ў Вас сілы працаваць так сама далей на праўдзівую карысць нашаму беларусу-мужыку. Два гады Вы ўжо адпрацавалі, і карысці зроблена многа. Другім вокам глядзіць наш народ на ўсё; стаў ён мацнейшы навукаю, ведае, як можна дайсці да праўды.

Няхай будуць у Вас сілы дачакаць да таго часу, каб не было крыўды ў нас, каб наш беларускі народ не гнуўся болын ад няпраўды, а быў моцны і дужы тым, што дае і дасць сапраўдная навучальніца праўдзе «Наша Ніва».

Юр’еў, Ліфляндская губ.

1908 года 30 кастрычніка.

Студэнты Юр’еўскага універсітэта: Хвёдар Імшэннік, Базыль Друшчыц, Мікалай Балабушэвіч, Мікалай Прытульчык, Аляксей Дружылоўскі, Сцяпан Пімянкевіч, Міхалка Афонскі, Аляксей Пухнарэвіч.

Наша Ніва. 1908. 7(20) лістап. С. 10.

3 Пецярбурга рэдакцыя атрымала вось гэтакі лісток:

Мы, студэнты-беларусы Пецярбургскага універсітэта і прыхільнікі адраджэння Беларусі, горача вітаем рэдакцыю «Нашай Нівы» за яе працу, каб абудзіць нацыянальны дух у беларусаў, і пасылаем ёй свае шчырыя жаданні. Смелай рукой кідайце ў народ зярняты праўды і вольных думак! Уважаючы, што сваёй «простай» мужыцкай мовай «Наша Ніва» можа найлягчэй шырыць святло навукі ў беларускіх вёсках, мы ўсімі сіламі падтрымаем Вашу работу.

Падпісаны: Міхалка Навіцкі, Е. Жуковіч, Міх. Стральчэня, Сяргей Стральчэня, Аляксандра Цвікевіч, Мікалай Абухоўскі, Сяргей Дубінскі, Язэп Дубінскі, Кастусь Цекалоўскі, Апанас Цімінскі, У. Вішнеўскі, Віктар Купрыяновіч, Мікалай Раманскі, Сяргей Раманскі, Е. Хлябцэвіч, У. Матушэўскі, У. Чалоўскі, Д. Галаўня.

Наша Ніва. 1908. 4(17) снеж. С. 5.

FaLang translation system by Faboba