З АРТЫКУЛА РЭКТАРА БДУ У. I. ПІЧЭТЫ «БЕЛАРУСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ УНІВЕРСІТЭТ НАПЯРЭДАДНІ 10-годдзя КАСТРЫЧНІКАВАЙ РЭВАЛЮЦЫІ» 1927 г.
1927 г.
Гісторыя універсітэта
Першая вышэйшая школа на Беларусі была заснавана ў XVI стагодздзі, калі распараджэннем Стэфана Баторыя была адчынена Віленская езуіцкая акадэмія, якая па сваёй арганізацыі ставіла мэтай падрыхтоўку прафесыйных дзеячоў на рэлігійным грунце. Гэта канфесіянальная школа была ў той час і школай шляхецкай па свайму сацыяльнаму складу. У апошнія гады існавання Рэчы Паспалітай Віленская езуіцкая акадэмія была зачынена і рэфармавана ў Галоўную школу. Рэфарматары вышэйшай школы мелі на ўвазе арганізацыю такой вышэйшай школы, якая б болей адпавядала тагачаснаму жыццю і тым поглядам, якія ў той час з’яўляліся пануючымі.
Нягледзячы на рэформу, Галоўная вышэйшая школа заставалася каталіцкай і шляхецкай. Галоўная вышэйшая школа ўказам 17 чэрвеня 1803 г. была рэфармавана ў Віленскі універсітэт у складзе факультэтаў: медыцынскага, фізіка-матэматычнага, навук маральных і палітычных, славеснага і вольных мастацтваў.
Віленскі універсітэт, у арганізацыі якога прымаў дзейны ўдзел кн. Адам Чартарыйскі, стаў цэнтрам польскай культуры і асветы. Будаўнікі Віленскага універсітэта запрасілі для выкладання найболыш выдатныя сілы таго часу. Дзякуючы таму, што найбольш адукаваным класам з’яўлялася духавенства, вельмі значная частка кафедр была занята прадстаўнікамі духавенства, якія былі захоплены клерыкальнымі тэндэнцыямі. I ў сацыяльных адносінах Віленскі універсітэт заставаўся універсітэтам шляхецкім. Нельга адмаўляць таго, што Віленскі універсітэт, нягледзячы на свае польскія тэндэнцыі, часткова звяртаў увагу на літоўска-беларускую культуру ў яе мінулым. Дзеячы Віленскага універсітэта паклалі пачатак навуковай распрацоўцы гістарычных, гісторыка-юрыдычных праблем, якія былі звязаны з мінулай культурай Беларускай краіны. Праўда, гэтыя праблемы разглядаліся скрозь прызму паланафільскага настрою і светапогляду, але ўсё ж такі распрацоўка цэлага шэрагу проблем мае сваё навуковае значэнне і ў сучасны момант.
Паўстанне 1830 г. было крытычным момантам у гісторыі Віленскага універсітэта, студэнты якога былі прыхільнікамі рэвалюцыйных ідэй і настрояў. Мікалай I, маючы на ўвазе правядзенне русіфікатарскай палітыкі, пачаў апошнюю з зачынення Віленскага універсітэта, лічачы, што да таго моманту, пакуль існуе навуковы цэнтр, як Віленскі універсітэт, барацьба з польскім уплывам на тэрыторыі Літвы і Беларусі будзе вельмі цяжкай. 3 прычыны гэтага ўрадавым указам ад 1 мая 1832 г. Віленскі ун[іверсітэ]т быў зачынены. 3 гэтага моманту Беларусь засталася без вышэйшай навучальнай установы.
Урад Мікалая I падымаў пытанне аб арганізацыі вышэйшай навучальнай установы ў іншым месцы на абшарах Беларусі, але з гэтых прапаноў нічога не выйшла. I ў далейшыя часы падымалася пытанне аб арганізацыі вышэйшай школы на Беларусі. Падымаліся розныя гутаркі, хадайнічалі перад урадам прадстаўнікі гарадскіх дум і земстваў, але з гэтых хадайніцтваў нічога не выйшла. Царскі ўрад баяўся даць на Беларусі вышэйшую школу з тым, каб яна не стала цэнтрам апазіцыйнага, нацыянальна-культурнага і палітычнага руху.
Беларускі дзяржаўны універсітэт. 1921 — 1927: Да 10-й гадавіны Кастрычнікавай рэвалюцыі. Мінск, 1927. С. 5 —45.