Пралог (1919–1920 гг.)

Беларуская дзяржаўнасць прайшла доўгі шлях станаўлення. У канцы ХIХ ст. на хвалі мадэрнісцкіх плыняў значна актывізаваўся беларускі нацыянальны рух. У 10-ыя гады ХХ ст., у рамках рэвалюцыйных падзей захісталіся асновы Расійскай імперыі. Гэта прывяло да стварэння Беларускай рэспублікі ў складзе СССР. У наступстве праз 70 гадоў пасля распаду СССР была сфармаваная суверэнная беларуская дзяржава.

У складзе СССР наша рэспубліка змагла развіваць і замацоўваць беларускую ментальнасць на нашай зямлі: мову, культуру, адукацыю, навуку. На чале таго руху стаялі прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі: навукоўцы, пісьменнікі, грамадскія дзеячы, якія разумелі неабходнасць захавання беларускай гісторыі і культуры.

У пачатку 20-стагоддзя пры фарміраванні беларускай дзяржавы адным з першых пытанняў паўстала пытанне стварэння уласнай навукі, адукацыі і беларускага ўніверсітэта, як цэнтра фарміравання беларускай інтэлектуальнай эліты.

Дзяржава не можа існаваць без ведання ўласнай гісторыі, без сваёй культуры, мовы, адукацыі, навукі. Наша зямля мае глыбокія традыцыі ў сферы адукацыі і культуры. Тут тварылі Еўфрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Францыск Скарына, Сымон Будны, Васіль Цяпінскі і многія іншыя асветнікі еўрапейскага ўзроўню. Многія ўраджэнцы нашых зямель сталі вядомыя ва ўсім свеце.

На працягу гісторыі беларускіх зямель станаўленне беларускай дзяржавы ішло разам з рэалізацыяй ідэі стварэння беларускага ўніверсітэта.

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт пачаў адлік сваёй дзейнасці з 30 кастрычніка 1921 г. Гэта стала знамянальнай падзеяй у гісторыі беларускага народа. У культуру, ва ўсе галіны грамадскага жыцця, у палітычнае асяроддзе сталі прыходзіць новыя людзі, пазначаныя адметнай рысай выхаванцаў універсітэта.

Гісторыя ўніверсітэцкай адукацыі пачынаецца з глыбінь Сярэднявечча. Універсітэт як своеасаблівая карпарацыя інтэлектуалаў быў сцверджаны часам пашыраных дзелавых і культурных кантактаў, узросшай каштоўнасцю вынікаў разумовай дзейнасці. Характэрна, што з развіццём еўрапейскага грамадства ўніверсітэт станавіўся сапраўдным індыкатарам цывілізаванасці, адлюстроўваў узровень сучасных патрабаванняў, набыў магчымасць пракладваць шляхі ў будучыню.

Амаль два стагоддзі на абшарах Расійскай імперыі марудна, але няўхільна ўсталёўвалася сістэма вышэйшай школы. І Беларусь пасля ўключэння яе ў склад імперыі аказалася ў сферы дзеяння гэтай сістэмы.

Але ні ў XIX ст., ні ў пачатку XX ст. так і не быў створаны ўніверсітэт, вакол якога натуральна магла б скласціся ўніверсітэцкая прастора з усімі яе адукацыйнымі, культурнымі, гуманістычнымі характарыстыкамі. Існаванне новай саслоўнай групоўкі на тэрыторыях, і без таго неспакойных, магло прывесці да непрадказальных вынікаў.

Універсітэцкія карпарацыі Вільні і Варшавы таму былі доказам.

I не дзіўна, што знакаміты амаль на ўсю Еўропу Віленскі ўніверсітэт ужо ў 1832 г. быў закрыты ва ўмовах падаўлення паўстання. Такая ж доля спасцігла і Варшаўскі ўніверсітэт, да якога імкнулася моладзь з Беларусі (пазней указам Аляксандра II ад 8 чэрвеня 1869 г. ён быў узноўлены, але набыў статус «імператарскага», а значыць, знаходзіўся пад асаблівым кантролем улады).

Пасля закрыцця Віленскага універсітэта ў 1832 г. беларускія губерні аказаліся пазбаўленыя ўласнай установы вышэйшай адукацыі. Тым не менш, у XIX — пачатку XX ст. беларускія землі вылучаліся сваёй «унікальнасцю» сярод іншых рэгіёнаў імперыі і мясцовыя ўлады ўвесь час хадайнічалі перад Санкт-Пецярбургам аб адкрыцці ўніверсітэта. Імперскія ўлады ў выніку неабходнасці мадэрнізацыі прыгоннай вёскі пайшлі насустрач беларусам: было вырашана надаць Горы-Горацкай земляробчай школе (пачала працу ў 1840 г.) статус інстытута з правамі ўніверсітэта. Згодна са статутам інстытута, зацверджанага расійскім імператарам Мікалаем I 30 чэрвеня 1848 г., асноўнай мэтай новай навучальнай установы з'яўлялася падрыхтоўка высокакваліфікаваных аграномаў. У выніку рэвалюцыйных настрояў і паўстанняў у 1863 годзе гэта навучальная ўстанова спыніла сваю працу ў Беларусі і была пераведзена ў Санкт-Пецярбург.

Неаднаразовыя спробы папрасіць ці нават патрабаваць ад уладаў даць дазвол на яго арганізацыю апынуліся беспаспяховымі. Аднак працэс фарміравання беларускай нацыі пастаянна ставіў на парадак дня пытанне стварэння свайго — беларускага ўніверсітэта.

У палітыцы царскага ўрада ў сферы адукацыі на беларускіх землях можна вылучыць у гэты перыяд два асноўных напрамкі.

Па-першае, гэта стварэнне настаўніцкіх інстытутаў, якія не з'яўляліся вышэйшымі навучальнымі ўстановамі, але давалі магчымасць уладам часткова кампенсаваць недахоп настаўнікаў у дзяржаўных і прыватных навучальных установах пачатковага ўзроўню. У 1873 і 1875 гг. у Вільні былі ўтвораны габрэйскі і хрысціянскі настаўніцкія інстытуты. На тэрыторыі ж сучаснай Беларусі аналагічныя ўстановы з'явіліся толькі напярэдадні Першай сусветнай вайны — у Віцебску (1910), Магілёве (1913) і Мінску (1914).

Тэрмін навучання ў настаўніцкіх інстытутах складаў тры гады. Утрымліваліся яны за кошт дзяржавы і грамадскіх сродкаў (земстваў і гарадскіх дум). Вучні павінны былі асвоіць шэраг агульнаадукацыйных прадметаў з праграмы старэйшых класаў гімназіі (напрыклад, закон Божы, рускую, царкоўнаславянскую, французскую і нямецкую мовы, матэматыку, гісторыю, геаграфію і інш.), а таксама спасцігнуць агульную педагогіку, псіхалогію, методыку выкладання і інш.

Па-другое, гэта адкрыццё 9 лістапада 1911 г. у Віцебску аддзялення Маскоўскага археалагічнага інстытута (такія аддзяленні ўжо працавалі ў Смаленску і Калузе). Да вучобы прыступілі 90 юнакоў (у 1918 г. колькасць студэнтаў узрасла да 428). Першапачаткова ў віцебскім аддзяленні было два факультэты - археалагічны і археаграфічны. У 1917 г. адкрыўся факультэт гісторыі мастацтваў. На аддзяленне прымаліся асобы з гімназічнай і нават універсітэцкай адукацыяй, але дыпломы (вучоны-архівіст, вучоны-археолаг, вучоны-мастацтвазнаўца) дадатковых правоў не надавалі. Выхаванцы інстытута ўладкоўваліся на працу ў беларускія архівы, музеі і бібліятэкі, спрабавалі разгарнуць краязнаўчую дзейнасць, праводзіць археалагічныя і этнаграфічныя экспедыцыі.

Рашэнне царскага ўрада дазваляла спадзявацца, што і іншыя вышэйшыя навучальныя ўстановы імперыі з цягам часу адкрыюць у «Паўночна-Заходнім краі» свае аддзялення, а затым і ўніверсітэт. Аднак гэтыя чаканні перакрэсліла Першая сусветная вайна.

Dovnar zapolski 
 М. В. Доўнар-Запольскі

Жыццё настойліва патрабавала адукаваных людзей, спецыялістаў новага ўзроўню ведаў, новай ментальнасці. Таму ў канцы XIX ст. улады вымушаны былі ўсё часцей звяртацца да пытанняў асветы, навукі, абмяркоўваць планы стварэння новых навучальных устаноў, у тым ліку і ўніверсітэтаў. Да гэтага ўрад падштурхоўвалі звароты губернскіх і гарадскіх супольніцтваў. Пад уплывам настрояў 60-х гг. XIX ст., калі слабелі путы прыгонніцтва, віцебскае дваранства ўзняло пытанне аб неабходнасці адкрыцця ўніверсітэта ў беларускіх губернях. Але нават зварот да цара з боку міністра асветы застаўся без увагі. I ў пачатку XX ст. станоўча вырашыць набалелае пытанне не ўдалося, хоць мясцовыя ўлады рашуча запэўнівалі, што ўніверсітэт стане «прочным оплотом русского начала против иноплеменного влияния». Аднак царскія ўлады не адважыліся пайсці на адкрыццё ўніверсітэта ў Паўночна-Заходнім краі, бо гэта магло выклікаць павышаную грамадскую актыўнасць, новую хвалю нацыянальна-палітычнай барацьбы. Менавіта да такой высновы прыйшла ў 1906— 1907 гг. спецыяльная камісія Міністэрства асветы. Спробы з боку мясцовага кіраўніцтва Смаленска, Мінска, Віцебска пераканаць у адваротным, у тым, што ўніверсітэт стане «могучим рассадннком русской культуры на Белоруссию...», ізноў былі адвергнуты.

I толькі рэвалюцыйныя падзеі 1917 г. яшчэ раз узнялі важнае пытанне, хоць Часовы ўрад А. Керанскага змог толькі закрануць яго. Новы імпульс ідэі заснавання беларускага ўніверсітэта быў нададзены на Усебеларускім з’ездзе ў канцы 1917 г. Над універсітэцкім праектам сталі працаваць вядомыя вучоныя-гуманітарыі, што атрымалі адукацыю і сфарміраваліся як навукоўцы ў Маскве і Пецярбургу. Галоўная роля належала гісторыку М. В. Доўнар-Запольскаму і філолагу і этнографу Я. Ф. Карскаму. Вядома, што Яўхім Фёдаравіч пад час свайго выступлення на Усебеларускім з’ездзе акцэнтаваў увагу прадстаўнікоў розных колаў беларускага грамадства, узрушаных рэвалюцыйнымі падзеямі, на неабходнасць хуткага стварэння свайго нацыянальнага ўніверсітэта. Яго праект статута Беларускага ўніверсітэта быў надрукаваны ў газеце «Вольная Беларусь». Аднак ва ўмовах, калі Беларусь была акупіравана кайзераўскай Германіяй, разлікі на рэалізацыю ўніверсітэцкіх планаў сталі эфемернымі. Не мог быць рэалізаваны і план балышавікоў аб замацаванні ў 1918 г. за Беларуссю эвакуіраванага Юр’еўскага ўніверсітэта і пераводзе яго ў адзін з не занятых немцамі гарадоў — Віцебск ці Смаленск. Намаганнямі Беларускага нацыянальнага камісарыята ў Маскве быў створаны Беларускі народны ўніверсітэт, які толькі ўмоўна можна было назваць класічным універсітэтам.

Тым не менш першапачатковая падрыхтоўчая работа, якая была праведзена ініцыятарамі стварэння ўніверсітэта, не магла застацца без плёну. Нельга было пакідаць без увагі імкненне народаў былой Расійскай імперыі да рэалізацыі сваіх нацыянальных задач. Гэтаму ў поўнай меры адпавядала дзейнасць універсітэтаў з іх асаблівай адукацыйнай і агульнакультурнай прасторай, з іх велізарнымі магчымасцямі ўздзеяння літаральна на ўсе сферы сацыяльнага жыцця, палітыку і светапогляд.

dekret 

Дэкрэт аб адкрыцці БДУ.
25 лютага 1919 г.

Адной з першых урадавых пастаноў Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь стаў дэкрэт ад 25 лютага 1919 г., якім Цэнтральны Выканаўчы Камітэт новай беларускай дзяржаўнасці намеціў канкрэтныя меры па стварэнні ў Мінску ўніверсітэта. Былі выдзелены грошы (1 млн руб.) і сфарміравана спецыяльная камісія пры Губернскім камісарыяце народнай асветы пад кіраўніцтвам Я. Ф. Карскага (у яе склад увайшлі А. Р. Чарвякоў, У. М. Іваноўскі, С. Д. Камінскі, М. Я. Фрумкіна і інш.). Літаральна за два месяцы камісія арганізавала падрыхтоўчыя курсы для тых, хто жадае паступіць ва ўніверсітэт. Поруч з іншымі выкладчыкамі, заняткі вёў і Я. Ф. Карскі.

Справу стварэння Беларускага ўніверсітэта з-за абставін хутчэй за ўсё палітычнага характару цэнтральныя органы ўлады палічылі за лепшае трымаць пад непасрэдным кантролем. Пры Народным камісарыяце асветы РСФСР была ўтворана яшчэ і Маскоўская камісія.

Адна з галоўных задач патрабавала станоўчага вырашэння: знайсці ў разбураным рэвалюцыйнымі падзеямі, а потым кайзераўскай і польскай акупацыяй Мінску болыш-менш прыдатныя будынкі і памяшканні. Іх трэба было таксама прыстасаваць да ўніверсітэцкіх патрэб. 3 пункту гледжання юрыдычных акалічнасцей перашкод для Савецкай улады не было — усе яе дзеянні абгрунтоўваліся задачамі будаўніцтва новага грамадства і выхавання людзей новага гарту. Таму патрэбныя будынкі проста перадаваліся ўніверсітэту.

M komissia
Члены Маскоўскай камісіі садзейнічання стварэнню БДУ.
1920 г.

Так, ужо 10 сакавіка 1919 г. на пасяджэнні Мінскай камісіі па арганізацыі БДУ было вырашана перадаць універсітэту будынак былога камерцыйнага вучылішча, у якім размяшчаліся ваенныя курсы Заходняй дывізіі. У хуткім часе пад універсітэт адвялі памяшканне былой мужчынскай гімназіі на рагу вуліц Губернатарскай і Падгорнай, будынкі духоўнай семінарыі на Аляксандраўскай вуліцы, былога жаночага духоўнага вучылішча на рагу вуліц Шырокай і Міхайлаўскай, былога ваеннага шпіталя, губернскай земскай бальніцы, рэальнага вучылішча Хайкіна, гімназіі Фальковіча і інш.

Але толькі ў 1921 г. спецыяльнай пастановай прэзідыума ЦВК Беларусі (ад 18 красавіка) быў афіцыйна зацверджаны спіс будынкаў, якія пераходзілі ў карыстанне БДУ. Адзначым, што адначасова ўніверсітэт атрымаў у сваё распараджэнне землі, якія прылягалі да гэтых будынкаў, інвентар і г. д. Усе арганізацыі, якія да гэтага часу там размяшчаліся, павінны былі да 1 ліпеня з’ехаць і перадаць універсітэту свае плошчы. Акрамя раней пералічаных будынкаў у спісе былі памяшканні фабрыкі «Вікторыя», яўрэйскай бальніцы, Рускага сходу, гаспадарка «Лошыца» з фальваркамі «Зацішша», «Дуброва», «Прылукі», лясная дача Ваньковіча.

Асобнае месца ў спісе займаюць будынкі гімназіі Фальковіча і вучылішча Хайкіна. Менавіта тут размясцілася першае Праўленне (рэктарат) БДУ, тут пачаліся першыя лекцыі, адчыніліся дзверы ўніверсітэцкай бібліятэкі.

falkovich
 «Дом № 1» — былая гімназія Фальковіча

У гісторыю ўніверсітэта будынак былой гімназіі Фальковіча ўвайшоў як «Першы дом БДУ», ці «Дом № 1 БДУ », бо ў ім працаваў рэктар, дзейнічалі бібліятэка і канцылярыя, праводзіліся заняткі на рабочым факультэце. Гэты будынак стаяў на перакрыжаванні вуліц Магазіннай і Кашарнай яшчэ з 1863 г.: яго пабудаваў для сваёй сям’і купец Сакер. 3 1922 г. Магазінная вуліца (і гэта знамянальна) атрымала назву Універсітэцкай, бо на ёй стаялі галоўныя будынкі БДУ: «Дом № 1» — былая гімназія Фальковіча, «Дом № 2» — былая фабрыка «Вікторыя», «Дом № 3» — былое вучылішча Хайкіна.

Будынак рэальнага вучылішча, які да рэвалюцыі належаў (які само прыватнае вучылішча) Э. М. Хайкіну, адметны тым, што ў яго аўдыторыях пачаліся заняткі: якраз тут 31 кастрычніка 1921 г. прафесар-гісторык Дз. П. Канчалоўскі прачытаў першую лекцыю студэнтам факультэта грамадскіх навук пра культуру Міжземнамор’я ў эпоху панавання Рыма. Гэты будынак стаў месцам, дзе нарадзіўся ўніверсітэт.

Абедзве камісіі (Мінская і Маскоўская) на працягу вясны1919 г. распрацоўвалі вучэбныя планы, падбіралі навукова-педагагічныя кадры, абмяркоўвалі структуру будучага ўніверсітэта. Без сумесных, актыўных і настойлівых дзеянняў вырашыць мноства вялікіх і малых пытанняў было немагчыма. Таму члены камісіі, а гэта былі вядомыя навукоўцы, педагогі, адразу адхілілі палітычныя матывы, і праца разгарнулася ў канструктыўным, творчым кірунку. Аднак акупацыя Беларусі польскімі войскамі летам 1919 г. перарвала гэтую дзейнасць. Фармальна камісіі працягвалі існаваць, але рэальных дзеянняў у абставінах вайны і агульнай няўпэўненасці, развалу, галечы яны не маглі ажыццяўляць. Маскоўская камісія ўрэшце распалася. Мінская ж, якая апынулася на акупіраванай палякамі тэрыторыі, захавалася. Яе члены нават зрабілі спробу адкрыць у Мінску Вышэйшыя курсы ўніверсітэцкага тыпу.

Аднак з-за адсутнасці сродкаў і навукова-педагагічных кадраў гэтая задума не была рэалізавана. Летам 1920 г., пасля вызвалення Мінска, камісія зноў ініцыіравала ўзнаўленне работы па адкрыцці ўніверсітэта.

Між тым рэальныя магчымасці стварэння ўніверсітэта знаходзіліся ў Маскве. Зноў было зроблена запытанне і атрыманы дазвол на працяг падрыхтоўчых мерапрыемстваў. Характэрна, што пад час камандзіроўкі ў жніўні 1920 г. у Маскву дэлегацыя Мінскай універсітэцкай камісіі (Я. Ф. Карскі і інш.), якая працягвала сваю дзейнасць пры Мінскім аддзеле народнай асветы, прасіла не столькі фінансава-матэрыяльнай дапамогі, колькі «декретирования открытия» БДУ. На гэту просьбу загадчык Аддзела вышэйшых школ РСФСР В. Т. Тэр-Аганесаў даў такі адказ: «Вопрос о декрете, ввиду объявления независимости Белоруссии и сохранения фактической связи ее с Россией, может быть решен...». А намеснік наркама асветы М. М. Пакроўскі дадаў, што Масква згодна з ідэяй адкрыцця ўніверсітэта ў Мінску, але павінны быць прадэманстраваны магчымасці «мясцовых сіл». Беларуская дэлегацыя задаволеная вярнулася ў Мінск. Яна змагла высветліць «юридическое положенне вопроса о декретировании открытия университета в Минске». Наркамасветы Расіі прыняў рашэнне аб узнаўленні дзейнасці Маскоўскай камісіі па стварэнні БДУ.

picheta
У. I. Пічэта

На пасяджэнні Навуковага сакратарыята Наркамасветы 18 жніўня 1920 г. быў зацверджаны яе першапачатковы склад, а таксама было вырашана надаць права кааптацыі ў сувязі з неабходнасцю. У камісію ўвайшлі У. I. Пічэта, Ф. Ф. Турук, Я. Ф. Карскі, В. Т. Тэр-Аганесаў, Л. С. Мінор, Я. Ф. Шымановіч.

Пад час некалькіх наступных «маскоўскіх камандзіровак» члены Мінскай камісіі абмеркавалі шэраг практычных пытанняў па арганізацыі ўніверсітэта. Адным з найбольш важных сумесных рашэнняў было прыняцце пастановы ад 7 сакавіка 1921 г. аб Часовым праўленні БДУ, правы якога надаваліся Маскоўскай камісіі. Часовае праўленне БДУ пачало дзейнічаць у Маскве 16 сакавіка 1921 г. з удзелам Уладзіміра Іванавіча Пічэты, Фёдара Фёдаравіча Турука і Захара Рыгоравіча Грынберга.

У студзені 1921 г. у Мінску адбыўся губернскі з’езд работнікаў асветы і сацыялістычнай культуры, на якім прысутнічалі дэлегаты ад усіх паветаў Беларусі. З’езд звярнуўся ў Наркамасветы рэспублікі з прапановай лічыць галоўнай задачай бягучага моманту «стварэнне Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта...», які адкрые доступ да ведаў «усялякаму пісьменнаму рабочаму і селяніну Беларусі».

ЦВК ССРБ прыняў пастанову аб адкрыцці ў Мінску ўніверсітэта ў складзе пяці факультэтаў (медыцынскага, грамадскіх навук, сельскагаспадарчага, фізіка-матэматычнага і рабочага). На гэтым пасяджэнні прысутнічалі члены Мінскай камісіі па арганізацыі БДУ, Часовага праўлення БДУ і асобнай камісіі ў складзе найбольш аўтарытэтных прафесараў. Улічваючы агульны нізкі адукацыйны ўзровень тых, хто мог прэтэндаваць на паступленне ў першы ўніверсітэт, была звернута асаблівая ўвага на неабходнасць хутчэйшага стварэння так званага рабочага факультэта, на якім можна было б падрыхтаваць рабоча-сялянскую моладзь да вучобы па ўніверсітэцкіх спецыяльнасцях. Такім чынам, БДУ адразу браў на сябе абавязак не толькі адукацыйнага і навуковага, але і высокага сацыяльна-культурнага кірунку. Аб важнасці гэтай місіі гаворыць той факт, што ў спецыяльную камісію па стварэнні рабфака ўвайшлі прадстаўнікі цэнтральных органаў партыі і ўрада (В. Г. Кнорын, Я. П. Каранеўскі і інш.).

krol
М. Б. Кроль

Рэальная дапамога была атрымана ад тагачасных расійскіх вучоных з сусветным імем — К. А. Ціміразева, Дз. М. Пранішнікава, А. Ф. Фартунатава і інш. У канцы 1920 г. 12 вучоных з Масквы прыехалі ў Мінск, каб на месцы завяршыць падрыхтоўчыя работы і забяспечыць адкрыццё ўніверсітэта вясной 1921 г. У складзе гэтай групы былі прафесары: гісторык У. I. Пічэта, хімік Б. М. Беркенгейм, заолаг М. М. Кулагін, этнограф М. А. Янчук, медыкі Л. С. Мінор, М. Б. Кроль. Мінск уразіў іх сваім спусташэннем, бо, як потым адзначыў дэкан медфака БДУ М. Б. Кроль, гэта была «многапацярпеўшая пагранічная паласа, якая служыла арэнай непасрэдных ваенных дзеянняў».

Для аператыўнага прыняцця рашэнняў па арганізацыйных пытаннях Камісарыят асветы дзейнічаў праз спецыяльна створаныя «чрезвычайные ударные тройки», а потым «пятерки», якія сваім напорам дапаўнялі работу ініцыятыўных груп прафесараў. У такой звязцы паўнамоцных савецкіх чыноўнікаў і элітарнай, высокаадукаванай інтэлігенцыі «старога» гарту лягчэй было пераадольваць шматлікія бар’еры эканамічнага, нацыянальнага, псіхалагічнага, культурнага характару. Найбольш канкрэтнай стала падрыхтоўка да адкрыцця ўніверсітэта пасля зацвярджэння яго Часовага праўлення.

Шэраг чыста арганізацыйных праблем вясной 1921 г. спалучаўся з задачай асэнсавання ідэі ўніверсітэта ўвогуле: разгарнуліся дыскусіі наконт таго, якое месца павінны заняць савецкія ўніверсітэты ў сістэме вышэйшай адукацыі. Было меркаванне, што ў іх складзе неабходна мець факультэты толькі прыкладнога характару (медыцынскі, агранамічны і г. д.), тым часам усё, што звязана з дзейнасцю школы, універсітэт зможа забяспечыць праз агульны педагагічны факультэт.

Урэшце было вырашана з-за недахопу сродкаў і абмежаваных агульных магчымасцей адкрыць універсітэт у складзе медыцынскага, грамадскіх навук і рабочага факультэтаў.

Рэальнасць падрыхтоўчых дзеянняў праявілася толькі пасля спецыяльнай пастановы 3-й сесіі ЦВК ССРБ ад 17 красавіка 1921 г., у якой на дзяржаўным узроўні была зафіксавана неабходнасць адкрыцця ўніверсітэта ў Мінску. Пры ЦВК была створана Універсітэцкая камісія, якая разам з Часовым праўленнем БДУ занялася канкрэтызацыяй усіх папярэдніх напрацовак і іх рэалізацыяй у самой дзейнасці ўніверсітэта. Калегія Наркамасветы Беларусі 8 ліпеня назначыла кіраўніцтва БДУ — Праўленне, якое ўзначаліў рэктар, выдатны гісторык Уладзімір Іванавіч Пічэта. Аўтарытэт У. I. Пічэты як вучонага і арганізатара быў бясспрэчны. Разам з ім у складзе Праўлення павялі справу ўніверсітэцкай адукацыі і навукі У. М. Ігнатоўскі, Ф. Ф. Турук, М. Я. Фрумкіна. Цікава, што сярод гэтых паважаных і высокаадукаваных людзей быў і студэнт — прадстаўнік рабочага факультэта Гіндзін.

berk
Б. М. Беркенгейм

Першыя факультэты ўзначалілі вядомыя на той час вучоныя. Гэтыя назначэнні былі прэрагатывай Праўлення БДУ. Так, першым дэканам медфака рашэннем Праўлення ад 31 кастрычніка 1921 г. быў зацверджаны прафесар Б. М. Беркенгейм. Аднак ён фактычна не прыступіў да выканання сваіх абавязкаў, і часова факультэтам кіраваў біёлаг А. У. Фядзюшын, якога ў хуткім часе змяніў прафесар медыцыны М. Б. Кроль. 3 ліпеня 1922 г. кароткі час дэканам медфака быў вядомы ў Расіі вучоны С. П. Сакалоўскі, які адначасова ўзначаліў кафедру агульнай хірургічнай паталогіі.

Першым дэканам факультэта грамадскіх навук (ФГН) стаў наркам асветы ССРБ гісторык У. М. Ігнатоўскі (яго намеснікам быў малады беларускі філосаф С. Я. Вальфсон). У. М. Ігнатоўскі ў канцы жніўня 1922 г. быў прызначаны кіраваць новым факультэтам — педагагічным (яго намеснікі — гісторык М. М. Нікольскі і матэматык I. С. Пятосін), рашэнне аб адкрыцці якога было прынята Праўленнем БДУ 26 мая 1922 г. ФГН узначаліў С. 3. Кацэнбоген — прафесар сацыялогіі. Рабочы факультэт быў давераны мовазнаўцу В. П. Цёпіну.

bilet
Уваходны білет на ўрачыстае пасяджэнне,
прысвечанае адкрыццю БДУ

Урачыстае адкрыццё БДУ прайшло 11 ліпеня ў будынку клуба імя Карла Маркса (Мінскі гарадскі тэатр). На гэтым пасяджэнні і прафесары, і савецкія, і партыйныя лідэры шмат гаварылі аб неабходнасці хутчэйшага адкрыцця БДУ, але не аб рэальнай дзейнасці ўніверсітэта. Тым больш, што адначасова трэба было засведчыць гадавіну з дня вызвалення Мінска ад польскай акупацыі. Гэтая палітызаваная акцыя толькі падвяла рысу пад цяжкімі папярэднімі падрыхтоўчымі работамі па стварэнні БДУ. А яны былі ў асноўным выкананы: ужо існавалі вучэбныя планы ФГН і медфака, набываліся кнігі для бібліятэкі, інтэнсіўна вяліся перагаворы з магчымымі кандыдатамі на пасады прафесараў і выкладчыкаў, рамантаваліся атрыманыя для патрэб БДУ будынкі, ішлі з 17 чэрвеня заняткі са 160 рабфакаўцамі.

Рашэнне аб вызначэнні 30 кастрычніка 1921 г. як даты адкрыцця ўніверсітэта было прынята на пасяджэнні савета факультэта грамадскіх навук 16 кастрычніка. Тады ж зацвердзілі першыя вучэбныя планы двух аддзяленняў гэтага факультэта (грамадска-эканамічнага і этнолага-лінгвістычнага), вырашылі пытанне аб памерах акладаў выкладчыкаў, намецілі да адкрыцця 9 вучэбных кабінетаў. Але толькі 29 кастрычніка была завершана падрыхтоўка раскладу заняткаў і вызначана дата першай лекцыі: 31 кастрычніка, панядзелак, 13.30, актавая зала былога вучылішча Хайкіна.

Так званы Акт адкрыцця Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта адбыўся апоўдні 30 кастрычніка 1921 г. (у той жа актавай зале) з удзелам прафесараў, выкладчыкаў і студэнтаў, а таксама партыйна-дзяржаўнага кіраўніцтва. 3 дакладамі выступілі рэктар У. I. Пічэта, прафесары I. М. Салаўёў (тэма «Школа і задачы навуковай педагогікі») і М. Б. Кроль (тэма «Мысленне і мова»).

У віры гэтых надзённых праблем вызначаўся і сэнс будучай дзейнасці Беларускага ўніверсітэта. Нацыянальная самабытнасць беларусаў, іх гісторыя, культура, дзяржаўнасць як першапрычыны заснавання ўніверсітэцкай адукацыі на беларускай зямлі прадвызначылі кірункі дзейнасці ўніверсітэта.

FaLang translation system by Faboba