Ананий Иванович Дьяков

1 октября 1896 г. — 29 октября 1937 г.

Ректор с 02 марта 1934 г. по сентябрь 1935 г.

Ананій Іванавіч Дзякаў нарадзіўся 1 кастрычніка 1896 г. у вёсцы Багданаўка Хіславіцкай воласці Мсціслаўскага павета Магілёўскай губерні (зараз Хіславіцкі раён Смаленскай вобласці Расійскай Федэрацыі). Юнак скончыў валасную школу, працаваў разам з бацькамі на зямлі. Верагодна, паступіў вучыцца ў Мсціслаўскае павятовае вучылішча. Але ў 1915 г. лёс яго мяняецца. Ананій Дзякаў ідзе ў імператарскую армію. За мужнасць у баях на Заходнім фронце ён хутка становіцца прапаршчыкам, а потым афіцэрам, аднак 1917 г. пазбавіў яго ад службы ў царскім войску. Ананій Дзякаў едзе на радзіму, але там не затрымліваецца. Ён становіцца на бок савецкай улады. Як адукаваны чалавек у 1918—1919 гг. узначальвае Вяземскі зямельны аддзел. У 1918 г. прымаецца ў рады Камуністычнай партыі. У 1919—1923 гг. Ананій Дзякаў быў мабілізаваны ў РСЧА, дзе камандаваў ротай. Ці прымаў ён удзел у баях, а калі так, то дзе — пакуль нам невядома. Можна аднак адзначыць, што чалавек не знік, не згубіўся, а быў заўважаны новай уладай.

У 1923 г. А. I. Дзякаў працуе намеснікам старшыні павятовага выканкама ў г. Мсціслаўлі.

У 1924 г. Ананія Іванавіча прызначаюць намеснікам старшыні Магілёўскага акруговага выканкама. Працуючы ў якасці намесніка, а пасля і на пасадзе старшыні губвыканкама, А. I. Дзякаў вялікую ўвагу надаваў сельскай гаспадарцы і народнай адукацыі. Пад яго кіраўніцтвам на Магілёўшчыне праходзіла землеўпарадкаванне — так званая «хутарызацыя», ініцыятарам якой быў аднагодак А. I. Дзякава наркамзем БССР 3. Ф. Прышчэпаў. У выніку гэтай рэформы адбылося «асярэднечанне» беларускай вёскі. Большасць з іх на Магілёўшчыне была «хутарызавана». А. I. Дзякаў таксама з’яўляўся старшынёй нацыянальнай камісіі ў Магілёве, якая займалася пытаннямі беларусізацыі акругі.

У Магілёве А. I. Дзякаў працаваў да 1 ліпеня 1928 г. Затым быў накіраваны на вучобу ў Прамысловую акадэмію ў Маскву, аднак вучыцца там не давялося. У верасні 1928 г. А. I. Дзякаў быў накіраваны на работу ў Віцебск у якасці намесніка старшыні акрвыканкама. Там працягваў тую ж дзейнасць, што і раней у Магілёве. Хутка ён стаў старшынёй акрвыканкама.

У ліпені 1930 г. пераехаў у Маскву і паступіў на вучобу ў Інстытут чырвонай прафесуры савецкага будаўніцтва і права. Там вучыўся да лютага 1934 г., а пасля вярнуўся ў Мінск.

У канцы лютага 1934 г. Ананій Іванавіч прыняў справы ад выконваючага абавязкі рэктара БДУ В. К. Рамановіча. 2 сакавіка ўзяўся за выкананне новых абавязкаў. 1 сакавіка дадаткова ўзначаліў агульнаўніверсітэцкую кафедру грамадскіх навук.

А. I. Дзякаў працаваў напружана. Акрамя асноўнай работы — рэктара БДУ, ён узначальваў кафедру ленінізму, кіраваў семінарам прапагандыстаў, з’яўляўся членам парткама, членам камісіі па рэдагаванні класікаў марксізму.

У верасні 1935 г. А. I. Дзякава выклікалі ў СНК, дзе аб’явілі, што ён накіроўваецца на працу ў апарат ЦК КП(б)Б у якасці загадчыка аддзела культуры і асветніцкай работы.

Знаходзячыся на пасадзе загадчыка аддзела ЦК КП(б)Б, А. I. Дзякаў не парываў сувязі з БДУ. Ён па-ранейшаму заставаўся загадчыкам кафедры ленінізму. Па яго прапанове да 15-гадовага юбілею ўніверсітэта было вырашана выпусціць кнігу «Гісторыя БДУ». Для збору матэрыялу і падрыхтоўкі кнігі ствараецца камісія на чале з дэканам гістфака В. К. Шчарбаковым.

17 красавіка 1936 г. пастановай Прэзідыума ЦВК БССР А. I. Дзякаў быў прызначаны наркомам асветы Беларусі. Цікава, што на наступны дзень пастановай Прэзідыума ЦВК быў створаны ўрадавы камітэт пад старшынствам А. I. Дзякава па святкаванні 15-годдзя ўтварэння БДУ.

На сваёй апошняй пасадзе А. I. Дзякаў працаваў крыху больш года. Першачарговая ўвага была скіравана на стан сельскіх школ, якія знаходзіліся ў вельмі непрыстасаваных будынках НКА вынес рашэнне аб пачатку будаўніцтва ў Беларусі мураваных вясковых школ. Аднак гэтая справа ішла марудна, не хапала будаўнічых матэрыялаў. Па-ранейшаму Ананій Іванавіч клапаціўся пра захаванне беларушчыны ў адукацыі. У школах выкладанне рускай мовы пачыналася з 3-га класа і заканчвалася ў 8-м. Праграмы па беларускай літаратуры і мове ўключалі творчасць пісьменнікаў В. Дуніна-Марцынкевіча, Ф. Багушэвіча, М. Багдановіча, 3. Жылуновіча і іншых. Пасля вывучэнне ў школах гэтых «контрреволюционных, националистических и буржуазных писателей» будзе прад’яўлена А. I. Дзякаву як доказ яго злачынства.

За час сваёй працы на розных пасадах А. I. Дзякаў імкнуўся займацца і навуковай працай. Нам вядомы пакуль што 5 артыкулаў А. I. Дзякава ў газетах і артыкул «3 гісторыі выбараў у Саветы (1905—1917)», надрукаваных у часопісе «Бальшавік Беларусі» ў № 23-24 за 1934 г. Пры арышце А. I. Дзякава падчас вобыску забраны работы перакладаў кніг К. Маркса «Класавая барацьба ва Францыі» і «Капітал» (I том), шэсць пачкаў з матэрыяламі розных пісьмовых работ. Таксама з асабістай бібліятэкі А. I. Дзякава адабралі 130 розных кніг. Усё гэта пасля было знішчана.

А. I. Дзякава арыштавалі 11 мая 1937 г. як аднаго з «кіраўнікоў» прыдуманай супрацоўнікамі НКУС БССР «нацыянал-фашысцкай арганізацыі». Дапытваў Ананія Іванавіча малодшы лейтэнант дзяржбяспекі Э. В. Быхоўскі. Як пасля напіша гэты «следчы», ён прымяняў да арыштаваных метады фізічнага ўздзеяння: «бил их руками, садил на стул, затем вынимал стул и они падали на пол; ложил их на пол, сгибал вдвое и ставил сверху стул, садился на него я сидел до тех пор, пока эти лица не начинали давать показания». Таму на першых жа допытах А. I. Дзякаў прызнаўся, што з 1925 г. з’яўляецца ўдзельнікам антысавецкай беларускай нацыяналістычнай арганізацыі. На ўсіх сваіх пасадах, дзе б ні працаваў, праводзіў шкодніцкую работу — шляхам «хутарызацыі» ўмацоўваў «кулакоў», укараняў беларускі буржуазны нацыяналізм у культуры, зрываў планы па нарыхтоўцы зерня, уводзіў паўсюдна «сваіх» людзей і г. д. Аднак гэтага следству было недастаткова. НКУС БССР раскручваў справу «Аб’яднанага антысавецкага падполля», і неабходны былі паказанні на кіраўнікоў — М. М. Галадзеда, А. Р. Чарвякова, М. Ф. Гікалу і іншых. I такія паказанні з’явіліся. На допытах А. I. Дзякаў «прызнаўся», што праводзіў контррэвалюцыйны сабатаж па ўказаннях М. Галадзеда, што той кіраваў усімі контррэвалюцыйнымі арганізацыямі ў Беларусі, паведаміў аб сяброўстве М. М. Галадзеда і I. П. Убарэвіча і г. д. Аднак гэтыя «паказанні» ўжо не былі патрэбны. 21 чэрвеня 1937 г. падчас допыту М. М. Галадзед скончыў жыццё самагубствам, выкінуўшыся з акна пятага паверха будынка НКУС БССР.

27 кастрычніка 1937 г. наркомам унутраных спраў Берманам было зацверджана заключэнне па справе А. I. Дзякава, які быў «выкрыты» як адзін з галоўных удзельнікаў і кіраўнікоў «аб’яднанай антысавецкай тэрарыстычна-шпіёнска-дыверсійнай арганізацыі, што ставіла мэтай звяржэнне савецкай улады, рэстаўрацыю капіталізму і ўсталяванне ваенна-фашысцкай дыктатуры ў Беларусі пад пратэктаратам Польшчы», маўляў, што А. I. Дзякаў ствараў контррэвалюцыйныя ячэйкі, праводзіў шкодніцтва ў сістэме народнай адукацыі і г. д.

28 кастрычніка 1937 г. на закрытым судовым пасяджэнні выязной сесіі ВК ВС СССР А. I. Дзякаў быў прысуджаны да вышэйшай меры пакарання. Пасяджэнне «суда» ішло 15 хвілін... 29 кастрычніка 1937 г. А. I. Дзякаў быў расстраляны. Разам з ім у гэты дзень забіты былы рэктар БДУ Я. П. Каранеўскі, выконваючы абавязкі рэктара А. С. Кучынскі, загадчык сакратарыята СНК Я. М. Спектар, загадчык аддзела школ Н. Л. Арабей, сакратар ЦВК М. А. Ляўкоў і многія іншыя.

Жонка А. I. Дзякава Марыя Іванаўна і сыны Віктар і Уладзімір былі таксама асуджаны. Пасля Марыі Іванаўне ўжо ў Карагандзе паведамілі, што яе муж памёр 23 лістапада 1939 г.

У 1956 г. справа А. I. Дзякава была перагледжана. Дадатковае расследаванне выявіла, што Ананій Іванавіч быў асуджаны на падставе ілжывых абвінавачванняў. Пастановай Ваеннай Калегіі Вярхоўнага Суда Саюза ССР ад 2 красавіка 1957 г. прыгавор ад 28.10.1937 г. па справе Дзякава Ананія Іванавіча адменены, а справа спынена за адсутнасцю складу злачынства.

По материалам: Яноўскі, А.А. Гісторыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў біяграфіях яго рэктараў / А.А. Яноўскі, А.Г. Зельскі - Мн.: БДУ, 2001. - 320 с.