Язеп Петрович Кореневский

12 января 1888 г. (31 декабря 1887 г.) — 29 октября 1937 г.

Ректор с 11 октября 1929 г. по 28 июля 1931 г.

Нарадзіўся Язэп Каранеўскі ў мястэчку Заслаўе Мінскага павета 31 снежня 1887 г. (12 студзеня 1888 г.). Бацькі, як і большасць жыхароў мястэчка, займаліся сельскай гаспадаркай. У 1909 г. Язэп скончыў настаўніцкую семінарыю ў Маладзечне. Некаторы час настаўнічаў, а потым паступіў у Віленскі настаўніцкі інстытут, які скончыў у 1914 г. Уладкаваўся працаваць выкладчыкам ў Мінскі настаўніцкі інстытут, які ў хуткім часе быў эвакуіраваны ў Яраслаўль.

У маі 1918 г. Я. П. Каранеўскі прыбыў у Мінск, дзе вёў перамовы з Радай і Народным сакратарыятам БНР аб вяртанні інстытута. У выніку ўжо ў верасні настаўніцкі інстытут вярнуўся ў Мінск.

У хуткім часе Язэп Каранеўскі становіцца намеснікам маршалка педагагічнай Рады Мінскага беларускага педагагічнага інстытута. Гэты інстытут заклаў падмурак для арганізацыі пачатковай і сярэдняй школьнай адукацыі, настаўніцкіх курсаў, распачаў працу па выданні школьных падручнікаў на беларускай мове.

У 1919—1920 гг. Язэп Пятровіч працаваў школьным інспектарам і выкладчыкам геаграфіі Мінскай беларускай гімназіі. Ужо ў верасні 1920 г. яго, як актыўнага камуніста, прызначылі намеснікам наркома асветы ССРБ.

Наркамат у той час узначальваў А. Р. Чарвякоў, але хутка ён стаў старшынёй ЦВК і СНК ССРБ. Абавязкі наркома асветы былі ўскладзены на У. М. Ігнатоўскага. Але яго ў гэты час на Беларусі не было. Уся праца па стварэнні наркамата легла на плечы яго намеснікаў Я. Каранеўскага і М. Фрумкінай. У адпаведнасці са сваім становішчам намесніка наркома Я. П. Каранеўскі ўвайшоў у склад універсітэцкай камісіі пры НКА, якая аднавіла падрыхтоўку да адкрыцця ўніверсітэта ў Мінску. У камісію, акрамя прадстаўнікоў НКА, увайшлі члены Мінскай і Маскоўскай камісій садзейнічання стварэнню ўніверсітэта.

У гэты час канчаткова сфарміраваліся палітычныя і нацыянальныя погляды Я. П. Каранеўскага. У пачатку 1921 г. 32 камуністы, у тым ліку і Я. Каранеўскі, звярнуліся з заяваю ў ЦБ КП(б)Б. «Заява 32-х» патрабавала ад ЦБ КП(б)Б перавесці школы, прэсу на беларускую мову, стварыць пры ЦБ КП(б)Б беларускую секцыю для правядзення неабходных мерапрыемстваў па беларусізацыі.

Тады ж, па даручэнні А. Р. Чарвякова, Я. Каранеўскі распрацоўвае праект пастановы для сесіі ЦВК ССРБ, які быў прыняты сесіяй у выглядзе звароту да ўсіх беларускіх работнікаў культуры, якія знаходзіліся ў Расіі і на Украіне, каб яны вярталіся працаваць у Беларусь. Па рашэнні ЦВК пры наркамаце асветы быў створаны спецыяльны грашовы фонд аказання дапамогі тым, хто вяртаецца ў Беларусь. Па даручэнні У. М. Ігнатоўскага Я. Каранеўскі складаў спісы жадаючых прыехаць у Беларусь, вёў з імі перапіску.

Я. П. Каранеўскі ўзначаліў у наркамаце асветы Галоўнае ўпраўленне сацыяльнага выхавання і працягваў працаваць да 1925 г. Калі быў членам калегіі наркамата, ён адначасова з’яўляўся загадчыкам Белпедтэхнікума.

У гэты час пад кіраўніцтвам У. М. Ігнатоўскага была распачата рэарганізацыя Інбелкульта. Разам з Я. Лёсікам, С. Вальфсонам, М. Грамыкам, У. Пічэтам, У. Дружчыцам 16 студзеня 1925 г. Я. Каранеўскі быў зацверджаны правадзейным членам Інбелкульта. Акрамя гэтага, ён быў абраны ў прэзідыум як намеснік У. Ігнатоўскага — старшыні Інбелкульта. У гэтым годзе жыццёвы шлях Я. П. Каранеўскага зноў сышоўся з Беларускім дзяржаўным універсітэтам. 26 жніўня 1925 г. СНК Беларусі прыняў пастанову аб адкрыцці ў БДУ факультэта права і гаспадаркі. Наркамат асветы прызначыў Я. Каранеўскага старшынёй камісіі па прыёме студэнтаў на новаствораны факультэт.

У 1927 г. Я. П. Каранеўскага прызначаюць прарэктарам Камуністычнага ўніверсітэта імя У. I. Леніна ў Мінску. У кастрьгчніку 1928 г., у сувязі з прызначэннем намесніка рэктара БДУ С. 3. Слоніма першым намеснікам наркома асветы, Я. П. Каранеўскі быў уведзены ў склад праўлення БДУ ў якасці намесніка рэктара.

Па абавязках прарэктара Я. П. Каранеўскі займаўся пытаннямі студэнцкага жыцця, уладкаваннем выпускнікоў БДУ на працу.

У кастрычніку 1929 г. ад абавязкаў рэктара БДУ быў вызвалены У. I. Пічэта, 11 кастрычніка абноўленае праўленне абрала рэктарам БДУ Язэпа Пятровіча Каранеўскага. Выбар выкладчыкаў і студэнтаў 15 кастрычніка зацвердзіў Наркамат асветы БССР. Гэта былі апошнія выбары рэктара ўніверсітэта. Камуністычная партыя ўзмацніла кантроль за навучальнымі ўстановамі.

Перад новым рэктарам паўсталі шматлікія задачы, якія неабходна было хутка вырашаць. Універсітэцкі гарадок будаваўся маруднымі тэмпамі, нягледзячы на шматлікія суботнікі з удзелам студэнтаў. Вучэбных памяшканняў не хапала. Але горш за ўсё было становішча з пражываннем студэнтаў і выкладчыкаў. 3-за адсутнасці месцаў у інтэрнатах студэнты вымушаны былі начаваць у скверах і на вакзале. Я. П. Каранеўскі звярнуўся ў ЦК КП (б)Б з просьбай аб выдзяленні сродкаў на будаўніцтва студэнцкага інтэрната. Язэп Пятровіч здолеў дамагчыся павелічэння стыпендыяльнага бюджэту ўніверсітэта.

Новы 1931 г. пачаўся з цяжкасцей. 4 лютага стала вядома, што пасля допытаў у АДПУ застрэліўся старэйшы сябра і паплечнік Каранеўскага, прэзідэнт БелАН Усевалад Ігнатоўскі. Як на гэта рэагаваў Язэп Пятровіч, невядома. Але грозныя хмары ўжо збіраліся і над ім. 21 лютага 1931 г. ЦКК УВКП(б) запатрабавала ад ЦКК КП(б)Б матэрыялы аб У. М. Ігнатоўскім. У дакладной запісцы ЦК і асабіста Л. Кагановічу побач з прозвішчамі А. Крыніцкага, А. Чарвякова, I. Адамовіча, 3. Жылуновіча, А. Бурбіса, Б. Стасевіча стаяла прозвішча Я. Каранеўскага.

У гэты час БДУ рыхтаваўся ўрачыста адзначыць дзесяцігоддзе з дня адкрыцця. Да свята, якое ўрачыста было адзначана 11 ліпеня, праўленне БДУ атрымала шмат віншаванняў.

Рэктар Я. Каранеўскі быў узнагароджаны толькі Ганаровай граматай СНК БССР, і ўжо 28 ліпеня загадам наркома асветы быў вызвалены ад пасады.

Заставацца на Беларусі было небяспечна, і Я. П. Каранеўскі пераязджае ў Маскву, дзе ён атрымаў пасаду намесніка дырэктара па вучэбнай часці Інстытута чырвонай прафесуры сусветнай гаспадаркі і сусветнай палітыкі. На гэтай пасадзе ён працаваў да 15 ліпеня 1937 г., калі быў арыштаваны. Справу Я. П. Каранеўскага як «актыўнага ўдзельніка кантррэвалюцыйнай арганізацыі» запатрабаваў НКУС БССР. Язэпа Пятровіча этапіравалі з Масквы ў Мінск.

У справе Я. П. Каранеўскага фігуруе толькі адзін пратакол допыту ў верасні 1937 г.

На судовым пасяджэнні выязной сесіі ВК ВС СССР 28 кастрычніка 1937 г. Язэп Пятровіч Каранеўскі быў прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Суд доўжыўся 15 хвілін... Язэп Пятровіч Каранеўскі быў расстраляны на другі дзень пасля вынясення прыгавору — 29 кастрычніка.

У 1956 г. па хадайніцтве П. Г. Каранеўскай, жонкі Я. П. Каранеўскага, якая нічога не ведала пра лёс мужа амаль 20 год і сама з трохгадовым сынам Юрыем адбыла пяцігадовую ссылку, пракуратура Саюза ССР перагледзела справу.

У 1957 г. Ваенная калегія Вярхоўнага Суда Саюза ССР па заключэнні Галоўнага ваеннага пракурора прызнала, што Язэп Пятровіч Каранеўскі быў арыштаваны і асуджаны неабгрунтавана, і прысуд у адносінах да яго адмяніла з-за адсутнасці складу злачынства.

По материалам: Яноўскі, А.А. Гісторыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў біяграфіях яго рэктараў / А.А. Яноўскі, А.Г. Зельскі - Мн.: БДУ, 2001. - 320 с.