Уладзімір Іванавіч Пічэта (9 (21) кастрычніка 1878 — 23 чэрвеня 1947)

Владимир Иванович Пичета

9 (21) октября 1878 г. — 23 июня 1947 г.

Ректор с 08 июля 1921 г. по октябрь 1929 г.

Імя першага рэктара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта вядома многім. Але і сёння, мы, беларусы, не вельмі ўсведамляем тую ролю, якую адыграў у развіцці адукацыі і навукі на Беларусі гэты ўсебакова таленавіты чалавек. Ён не толькі літаральна з пялёнак выпеставаў БДУ, але і зрабіў яго ўніверсітэтам класічнага ўзору, дзе і навучальны працэс, і навукова-даследчая работа, і кадравы склад, і матэрыяльна-тэхнічная база, і, галоўнае, дух імкнення да ведаў, усеагульная зацікаўленасць у сваёй (ці то выкладчыцкай ці то студэнцкай працы) адпавядалі самым высокім тагачасным стандартам. Ён звяртаў вялікую ўвагу на папулярызацыю ведаў пра Беларусь, яе гісторыю, культуру, мову і інш. Вельмі тонка ў гэтай сувязі выказаўся калега і сучаснік Уладзіміра Іванавіча прафесар-гісторык М. М. Нікольскі, які параўнаў свайго рэктара з долакопам-гісторыкам жыцця, які выяўляе не толькі мінулае, але і на падставе яго вызначае будучыню грамадства. Таму зварот У. I. Пічэты да беларускай гісторыі — гэта крок да падрыхтоўкі новага жыцця ў будучым.

Такі падыход да беларускага мінулага быў для У. I. Пічэты не нейкай кан’юнктурай, шляхам да выжывання падчас рэвалюцыйнага трусу. Наадварот, гэтая пазіцыя вучонага ў тагачасным беларускім грамадстве, а тым больш — кіраўніцтве, не ўспрымалася. I патрэбна было літаральна змагацца за яе, пераадольваць і аб’ектыўныя, і суб’ектыўныя перашкоды. Але гэта была навукова абгрунтаваная пазіцыя. Яна ўсведамлялася гісторыкам не толькі з пункту гледжання законаў развіцця чалавечых этнасаў, супольнасцей, краін, але і, пэўна, на падставе яго палітычнай інтуіцыі, разумення перспектыў развіцця народаў разбуранай рэвалюцыяй імперскай Расіі. Цікава, што ўжо падчас вядзення знакамітых рыжскіх перамоў, на якіх У. I. Пічэта прысутнічаў у якасці эксперта, ён, як адзначалася на святкаванні яго 25-гадовага юбілею навуковай дзейнасці, «бараніў беларускае культурнае існаванне».

I на працягу ўсяго часу работы ў БДУ У. I. Пічэта па кавалачках збіраў у адзінае цэлае ўсё мнагацвецце беларускай гістарычнай спадчыны, групіраваў вакол сябе маладых даследчыкаў, нацэльваў менавіта на распрацоўку беларускай тэматыкі і іх, і даследчыкаў сталых, імянітых.

Гэта той чалавек, да дзейнасці якога мы будзем звяртацца заўсёды, каб вызначыць ці ўдакладніць нашы навуковыя і дыдактычныя планы, каб асэнсаваць узровень нашай грамадскай сталасці, каб яшчэ раз ушанаваць БДУ — аlma mater тысяч і тысяч беларускіх педагогаў, вучоных, інжынераў, грамадскіх дзеячаў і іншых высокаадукаваных беларускіх спецыялістаў.

Уладзімір Іванавіч Пічэта ўвайшоў у нашу гісторыю як даследчык-універсал, які дасягнуў значных навуковых вяршынь у розных накірунках гістарычнай навукі. Ён быў дасканалым знаўцам гістарычных крыніц рознага паходжання. I самае выдатнае тое, што менавіта ён адным з першых узяўся за распрацоўку крыніц па беларускай гісторыі. Можна сказаць, што У. I. Пічэта ўпершыню паставіў беларускую гісторыю на моцны даследчыцкі фундамент, бо пісаў яе не толькі адным з першых, а і на падставе грунтоўна вывучаных першакрыніц. Знамянальна, што амаль з 500 работ гісторыка каля 150 напісаны якраз па беларускай тэматыцы. 3 іх дзесьці больш за 10 дакладна прысвечаны пытанням беларускага крыніцазнаўства і архіўнай справы.

Здзіўляе дыяпазон інтарэсаў Уладзіміра Іванавіча, як, дарэчы, і яго энергія, працаздольнасць як навукоўца. Ён не толькі будаваў з нуля першы беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, не толькі знаходзіў час для актыўнай грамадскай працы, для пераадольвання шматлікіх бюракратычных бар’ераў, але і пастаянна набіраў усё новы і новы ўзровень даследчыцкай сталасці, пісаў і друкаваў прынцыповыя для беларускай гістарычнай навукі манаграфіі і артыкулы.

Здзіўляе і той рабочы рытм, які задаваў сам сабе ўніверсітэцкі рэктар. Руціна адміністрацыйных спраў, здаецца, не толькі не перашкаджала, а наадварот, садзейнічала. Не можа не вызваць павагі той факт, што ён, знакаміты прафесар, рэктар, асабіста рыхтаваў аўдыторыі да правядзення першых заняткаў у БДУ — цягаў лавы і сталы, навешваў аб’явы, прадстаўляў студэнцкай аўдыторыі запрошаных ім з розных расійскіх і ўкраінскіх ВНУ пакуль яшчэ невядомых выкладчыкаў. Так, напрыклад, прайшла і першая лекцыя па гісторыі, якую прачытаў Дз. П. Канчалоўскі 31 кастрычніка 1921 г. студэнтам факультэта грамадскіх навук. Гэты дзень стаў днём распачынання рэальнай дзейнасці Белдзяржуніверсітэта.

Уладзімір Іванавіч як вучоны па прызванню і менталітэту ні на адзін дзень не перарываў сваю навуковую творчасць. Кожны год падчас яго працы ў БДУ ён друкаваў па 12—25 кніг, брашур, артыкулаў, дакладаў. I ўсе яны неслі пячатку высокага прафесіяналізму, грунтоўных ведаў, адказнасці. Нават калі прыходзілася займацца зусім нязвыклымі пытаннямі (напрыклад, адстойваць, як патрабаваў той час, перад шырокай аўдыторыяй грамадскасці высновы марксісцкай ідэалогіі), гісторык заўсёды знаходзіў такія даследчыцкія праблемы, якія дазвалялі выйсці на ўзровень навуковых асэнсаванняў і абагульненняў.

Мы сёння далёка не асэнсавалі ролю, якую адыграў Уладзімір Іванавіч у справе станаўлення, калі абагульніць, важнейшых накірункаў беларускай культуры. Раз-пораз выходзілі ў свет і не вельмі вялікія артыкулы, у якіх у тым ці іншым аспекце разглядаліся жыццёвыя і творчыя прыступкі, па якіх узыходзіў у сваёй дзейнасці гэты чалавек. Тым не менш гэта вельмі малая даніна, якую беларускія, тым больш універсітэцкія, гісторыкі прынеслі на алтар ушанавання памяці гэтага неардынарнага вучонага і арганізатара навукі і адукацыі.

Зразумела, творчая спадчына У. I. Пічэты велізарная. Не меней цікавай з’яўляецца яго біяграфія ўвогуле — біяграфія чалавека і даследчыка, які сфарміраваўся ў дарэвалюцыйны час, быў адным з самых актыўных аўтараў вядомага выдання «Три века», дзе змясціў фундаментальныя артыкулы па расійскай гісторыі XVI—XIX ст. і які амаль у той жа час (1911), «належачы да разраду левай прафесуры», як ён пісаў потым у аўтабіяграфіі, змог у знак пратэсту пакінуць сваю дзейнасць у якасці прыват-дацэнта Маскоўскага універсітэта. У МДУ ён вернецца толькі пасля рэвалюцыі, вернецца, каб у хуткім часе дзейсна ўключыцца ў справу арганізацыі універсітэта на Беларусі.

Будзе карысным прывесці дакументальна-аўтабіяграфічны пералік асноўных жыццёвых этапаў У. I. Пічэты. Гэтыя зжаўцелыя старонкі знаходзяцца ў невялічкай асабістай справе рэктара, якую захоўвае Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь.

Curriculum vitae

Пичета Владимир Иванович, профессор на кафедре истории народного хозяйства Белоруссии и истории белорусского права. Родился в 1879 году в Полтаве. Окончил в 1898 году Полтавскую гимназию. Окончил историко-филологический факультет Московского университета в 1901 году с дипломом 1-й степени. С 1901 года по май 1902 года преподавал в средних учебных заведениях Москвы. С мая 1903 года по сентябрь 1904 года — в учительской семинарии местечка Корыстошева Киевской губернии. С сентября 1903 года по сентябрь 1905 года — в Екатеринославе: в Коммерческом училище, Женской гимназии М. Н. Гиблен и в Мужской классической гимназии. С 1905 года по 1922 год преподавал в следующих средних учебных заведениях: Александровское Коммерческое училище, в Торговой школе биржевого общества, в Практической академии коммерческих наук, в женской учительской семинарии, в Екатерининском институте. Последний оставил в виде протеста с целой группой преподавателей. Преподавал в школе 2-й ступени, преобразованной из классической гимназии, учрежденной М. Н. Хвостовой. С 1905 года состоял преподавателем на Высших женских курсах и с 1908 года — на Высших женских курсах, учрежденных В. Полторацкой.

В 1910 году сдал магистерский экзамен, прочел две пробные лекции и был утвержден приват-доцентом Московского университета. В феврале 1911 года оставил университет в виде протеста против политики Кассо, вместе с группой других профессоров и преподавателей. В 1917 году стал преподавать в Московском университете. После слияния Высших женских курсов с университетом был профессором Московского университета. 18 февраля 1918 года защитил диссертацию на степень магистра русской истории. 19 марта 1918 года защитил диссертацию на степень доктора русской истории. В 1919 году был профессором Тамбовского и Смоленского университетов. В 1921 году был назначен ректором и профессором русской истории Белорусского государственного университета и стал сверхштатным профессором Московского университета. В 1923 году был назначен действительным членом Исторического исследовательского института при Московском университете. С 1918 года по 1922 год состоял на службе в Центроархиве, сначала в качестве инспектора, потом — главного инспектора и заведующего научно-теоретическим отделом. В 1920 году принимал участие в Рижской конференции по заключению мира с поляками на правах эксперта.

В течение 1922 — 24 годов состоял экспертом при российско-украинской смешанной Комиссии по реализации Рижского мирного договора. Кроме того, в течение 1905— 1917 годов читал лекции на учительских курсах в Симферополе, в Итлуге, в Москве, в Брянске, а также читал публичные лекции в народных университетах Москвы, Самары, Воронежа. Кроме того, состоял преподавателем в 1912 году на Пречистенских курсах для рабочих, откуда был удален директором народных училищ Московской губернии. В 1921 году возобновил свою лекторскую деятельность на курсах и преподавал до 1923 года. С 1921 по 1925 год состоял членом ЦИК Белоруссии и выбирался ежегодно в число членов Съезда Советов Белоруссии. С 1922 года состоял членом Минского Городского Совета.

Преподавательская деятельность выразилась в чтении лекции: по истории народного хозяйства России, по истории народного хозяйства Белоруссии и по истории русского и белорусского права, а также в ведении семинаров по тем же дисциплинам. Научная деятельность выразилась в публикации научных работ:

1. Литва и Белоруссия – 38 работ;
2. Украина – 12 работ;
3. История южного славянства — 6 работ;
4. Общие работы по русской истории – 15 работ;
5. Смутное время – 4 работы;
6. Московское государство – 17 работ;
7. XVIII век – 25 работ;
8. Архивоведение — 5 работ;
10. Педагогика— 3 работы;
11. Литература — 1 работа.

Несумненныя прафесійныя якасці Уладзіміра Іванавіча дазволілі яму заняць не толькі пасаду прафесара кафедры рускай гісторыі, але і ўзначаліць увесь Беларускі ўніверсітэт, паставіць на практычную аснову пытанне аб глыбокім вывучэнні і выкладанні беларускай гісторыі. У гэтай сувязі цікава зазначыць, што ён да 1922 г. заставаўся і ў штаце Цэнтрархіва ў якасці галоўнага інспектара і потым загадчыка навукова-тэарэтычнага аддзела. Таму, мабыць, яму было зручна павярнуць вывучэнне беларускай гісторыі на рэйкі ўсебаковых крыніц, зрабіць гэтую гісторыю навукова выверанай. Таму і навуковыя інтарэсы самога Пічэты надзвычай шырокія. Яны датычыліся гісторыі Расіі, Беларусі, Украіны (Пічэта пісаўся ўкраінцам, хаця ў адным з сваіх запісаў адзначыў, што з’яўляецца герцагавінцам па сваім бацьку). Ён актыўна распрацоўваў праблемы гісторыі паўднёвага і заходняга славянства, архіўнай справы, педагогікі. Натуральна, што «беларускі перыяд» у жыцці вучонага найшоў водгук у далейшай яго дзейнасці. Яго распрацоўкі і асмысленне шляхоў развіцця ўніверсітэцкай гістарычнай адукацыі дазволілі Уладзіміру Іванавічу ў 1939 г. стварыць у МДУ першую ў СССР кафедру гісторыі паўднёвых і заходніх славян, чытаць маскоўскім студэнтам спецкурсы па беларускай гісторыі.

Знамянальна, што першай яго працай па гісторыі Беларусі быў артыкул у зборніку, прысвечанаму В. В. Ключэўскаму (1909), «Литовско-польские унии и отношение к ним литовско-русской шляхты». Гэтая праца стала першай прыступкай да яго доктарскай дысертацыі «Аграрная реформа Сигизмунда-Августа в Литовско-Русском государстве», абароненай у Маскоўскім універсітэце ў 1918 г. I зусім натуральна, стаўшы рэктарам БДУ, Уладзімір Іванавіч перайшоў ад расійскай праблематыкі да гісторыі народнай гаспадаркі Беларусі, да гісторыі беларускага права, да цэльнага ўсебаковага вывучэння беларускай гісторыі. 44 гады працягваўся творчы шлях вучонага і амаль чвэрць усіх навуковых прац была выканана ім падчас 9-гадовай працы ў БДУ. Гэтым самым беларускі перыяд дзейнасці Пічэты можна лічыць найбольш эфектыўным. I гэты творчы ўздым, мабыць, можна растлумачыць неабсяжнымі даследчыцкімі магчымасцямі, якія прадставіла беларуская гісторыя, яе нераспрацаванасць. Велізарныя пласты нікім не даследаваных крыніц вабілі яго, яго калег, вучняў, тым больш, што яны, гэтыя крыніцы, дазвалялі прасачыць гістарычны шлях своеасаблівага этнасу, цікавай дзяржаўнасці, якая стагоддзі знаходзілася на перакрыжаванні дзвюх цывілізацый — еўрапейскай і азіяцкай, была арэнай барацьбы як месцячковага кшталту, так і геапалітычных інтарэсаў.

Пэўна, такое ўспрыняцце гістарычных перспектыў новай беларускай дзяржаўнасці, як і перспектыў навуковага вывучэння яе гістарычнага мінулага, рухала вучонага ў яго даследчыцкім пошуку. Ім рухала неабходнасць выхавання беларускай інтэлігенцыі дзеля вырашэння гэтых і шматлікіх іншых задач станаўлення і развіцця новай Беларусі. Гэтым літаральна жыў у 1918—1929 гг. У. I. Пічэта, спачатку актыўна ўдзельнічаючы ў рабоце камісіі па стварэнні БДУ, а потым і стаўшы яго рэктарам. Такая ўпэўненасць дазволіла яму ў першы паслярэвалюцыйны час, час усеагульнага разбурэння і жаху ў радах старой інтэлігенцыі, даволі хутка набраць штат выдатных вучоных для вядзення вучэбнага і навуковага працэсу ў БДУ. 

Можна канстатаваць, што У. I. Пічэта ні на дзень не быў адарваны ад універсітэцкіх спраў з часу лютаўскай 1919 г. пастановы ЦВКСС РБ аб распачынанні падрыхтоўкі да адкрыцця БДУ ці да чорнага дня 13 верасня 1930 г., калі ён быў арыштаваны.

Але спачатку было станаўленне БДУ, цяжкія, але радасныя гады развіцця.

У лютым 1919 г. Наркамат асветы на пасяджэнні ў Мінску прыняў рашэнне аб стварэнні спецыяльнай камісіі па арганізацыі Беларускага ўніверсітэта, і ўся падрыхтоўчая работа стала праводзіцца членамі гэтай, мінскай, камісіі. Потым, з красавіка 1919 г., калі была створана яшчэ і маскоўская камісія, арганізацыйныя дзеянні пайшлі шпарчэй. Але ударнага кіраўнічага ядра не было, хоць абедзве камісіі вылучылі з сваіх радоў нейкае яго падабенства — так званыя «тройкі» і нават «пяцёркі».

Толькі ў пачатку 1921 г. мінская і маскоўская камісіі па арганізацыі БДУ прыйшлі да высновы аб неабходнасці канцэнтрацыі паўнамоцтваў у руках невялікай колькасці найбольш энергічных і «прабіўных» сваіх членаў. Дзейнасць так званых «троек» не магла задаволіць, бо іх прадстаўнікі не мелі неабходных юрыдычных правоў. Таму на пасяджэннях калегіі Наркамасветы РСФСР, якія рэгулярна сталі праходзіць з лютага 1921 г. у Маскве менавіта з мэтай абмеркавання пытанняў стварэння ўніверсітэта на Беларусі, і было вырашана пераўтварыць маскоўскую «тройку» ў часовае праўленне будучага БДУ. Рашэнне ад 7 сакавіка было падмацавана згодай Глаўпрафасветы РСФСР.

Такім чынам, першае ўніверсітэцкае кіраўніцтва натуральна «вырасла» са складу падрыхтоўчых камісій. Ужо 16 сакавіка 1921 г. часовае праўленне БДУ ў складзе Уладзіміра Іванавіча Пічэты, Фёдара Фёдаравіча Турука і Захара Рыгоравіча Грынберга распачало сваю дзейнасць, знаходзячыся ў Маскве. Асабліва дзейснай аказалася роля апошняга — 3. Р. Грынберг ведаў фінансамі Наркамасветы РСФСР.

Першае ж не часовае, а «сапраўднае» паўнамоцнае праўленне БДУ было зацверджана пастановай калегіі Наркамасветы ССРБ 8 ліпеня 1921 г. у складзе У. I. Пічэты (рэктар), У. М. Ігнатоўскага, Ф. Ф. Турука, М. Я. Фрумкінай. У жніўні гэтая ж калегія ўвяла ў склад універсітэцкага кіраўніцтва студэнтаў — Гіндзіна і яго намесніка (!) — Аблярэўскага.

Уладзімір Іванавіч быў актыўным папулярызатарам беларускай гісторыі, чым займаўся амаль усюды: ці то на пасяджэннях дзяржаўных органаў, ці то праз публічныя лекцыі, ці то падчас сваіх шматлікіх замежных камандзіровак (у Германію, Польшчу, Чэхію, Літву, Нарвегію і інш.).

Свой прафесіяналізм ён адточваў на рэгулярных пасяджэннях Мінскага «Общества истории и древностей», на якіх уздымаліся самыя актуальныя праблемы навукі і адукацыі. Менавіта Уладзімір Іванавіч задаў высокі ўзровень гэтым навуковым дыспутам, прачытаўшы на першым пасяджэнні (30 снежня 1920 г.) даклад на тэму: «Основные моменты в истории Белорусской историографии». Вядома, што ўжо потым, у маскоўскі перыяд свайго жыцця, У. I. Пічэта рэгулярна праводзіў навуковыя дыспуты са сваімі маладымі калегамі, вучнямі. Гэта былі т. зв. «пічэтнікі». Але традыцыя такіх навуковых спаборніцтваў паміж прафесіяналамі сваёй справы былі закладзены ўжо падчас пасяджэнняў таварыства ва ўтульных пакоях «Дома № 1 БДУ» на вул. Чырвонаармейскай. Тут у кастрычніку 1922 г. прагучала думка У. I. Пічэты аб тым, што беларускія гісторыкі павінны накіраваць свае намаганні на «создание истории белорусского народа, отказавшись от взглядов на историю Белоруссии как на часть истории Москвы, Польши или Литвы». Ён заўсёды настойліва адстойваў неабходнасць прымянення дакладнай гістарычнай тэрміналогіі, бо выдатна разумеў неразрыўную сувязь паміж моўнай формай і гістарычным (а, мо, і палітычна завостраным) зместам. Таму не дзіўна, што вучоны падкрэслена настойліва ўжываў такія фармулёўкі, як «беларуска-літоўская дзяржава», «беларускі народ». Вялікае значэнне ён надаваў і выкладанню на беларускай мове, якой сам хутка авалодаў і паўсюдна карыстаўся. Ён вітаў першы даклад на беларускай мове, прачытаны Шлюбскім у сакавіку 1923 г. на 24-м пасяджэнні таварыства, як прыклад таго, што ў гэтай сувязі толькі пашыраюцца межы навуковых даследаванняў.

Уладзімір Іванавіч у прамым сэнсе пашыраў межы беларускай навукі, бо крок за крокам далучаў яе да еўрапейскіх здабыткаў. Яго навуковыя камандзіроўкі гэтага часу — прыклад высакароднага служэння беларускай навуцы, адукацыі. Вось толькі кароткі пералік найбольш прадуктыўных камандзіровак універсітэцкага рэктара:

— у 1923 г. наведаў Германію і Літву;
— у кастрычніку 1925 г. па запрашэнні польскіх вучоных У. I. Пічэта ўдзельнічаў у Нацыянальным кангрэсе гісторыкаў у Познані;
— у 1925 г. У. I. Пічэта наведаў Харкаў, тагачасную сталіцу УССР, каб прасіць Наркамасветы УССР вярнуць Шчорсаўскую бібліятэку і архіў графа Храбтовіча з Кіева ў Мінск;
— у 1925 г. і ў восень 1927 г. У. I. Пічэта выступаў у Чэхіі з лекцыямі па гісторыі Беларусі;
— летам 1928 г. У. I. Пічэта ўдзельнічаў у Берлінскім тыдні гісторыкаў, дзе выступіў з дакладам «Аграрная рэформа ў другой пал. XVI і пач. XVII ст. ва ўсходніх валасцях Літвы», азнаёміўся з працай імперскага архіва ў Берліне, дакументальнымі фондамі Берлінскага універсітэта;
— 24 жніўня 1928 г. У. I. Пічэта ў час праезду праз Прагу быў прыняты міністрам замежных спраў Чэхаславакіі Э. Бенешам і дамовіўся аб удзеле беларускіх вучоных у Міжнародным з’ездзе славістаў;
— жнівень 1928 г. — У. I. Пічэта бярэ ўдзел у VI Міжнародным кангрэсе гісторыкаў у Осла.

Гэта была цяжкая, але высакародная справа, бо мала хто за мяжой успрымаў не толькі беларускую савецкую дзяржаўнасць, але і ўвогуле існаванне беларускага этнасу. У адной з праваздач аб камандзіроўцы ў Чэхію Пічэта падкрэсліў, што «в Западной Европе фактически кто много не знает о Белоруссии. Во французском славянском журнале печатаются статьи, в которых белорусская проблема рассматривается с польской точки зрения... ».

У гэтай сувязі будзе цікавым распавядаць больш падрабязна толькі аб адной са шматлікіх паездак Пічэты за мяжу.

Так, у 1927 г. У. I. Пічэта з дазволу народнага камісарыята асветы БССР знаходзіўся амаль два месяцы ў камандзіроўцы ў Польшчы, Германіі і Чэхаславакіі. У асноўным ён працаваў ў Празе, бо Варшава і Берлін аказаліся не зусім ветлівымі да вучонага з Мінска. Так здарылася, што ў Варшаве У. I. Пічэта быў прыняты савецкім паслом у Польшчы Войкавым, з якім ён меў доўгую гутарку. Але праз некалькі дзён, 7 чэрвеня, пасол быў забіты. Уладзімір Іванавіч быў вымушаны «вследствие данных… инструкций», нават праігнараваць з’езд славянскіх гісторыкаў у Польшчы, на які ён быў запрошаны. Паездка ж у Берлін, мабыць, як і ў 1923 г., была не вельмі плённай. Як адзначаў вучоны, знаёмства з літаратурай па славяназнаўству з мэтай распрацоўкі новых лекцыйных курсаў была абмежавана тым, што германскія бібліятэкі былі на той час «оторваны от европейских культурных центров». Таму У. I. Пічэта засяродзіўся на працы ў Пражскім славянскім інстытуце, праўда, вельмі ўважліва адносячыся да сваіх навуковых кантактаў з гісторыкамі, якія пражывалі ў Чэхаславакіі. Ён, як адчуваецца з яго справаздачы аб камандзіроўцы, прадстаўленай народнаму камісару па замежных справах, не без жалю канстатуе, што прыйшлося наўмысна пазбегнуць сустрэч з тымі, хто не ўспрымаў савецкую ўладу, хоць і карыстаўся «большим авторитетом науки» (такія як Лаппо, Францоў і інш.). У архівах Прагі і Браціславы гісторык выявіў вялізны матэрыял па пытанні беларуска-чэшскіх гандлёвых сувязей у XVI ст. Ён азнаёміўся з вучэбнай і навуковай дзейнасцю Пражскага універсітэта, зрабіў даклады ў чэшскім гістарычным таварыстве, дамовіўся пра кнігаабмен з Чэшскай Акадэміяй навук. Асабліва важным вынікам сваёй камандзіроўкі У. I. Пічэта лічыў даклад, які ён прачытаў перад членамі студэнцкага Беларускага таварыства ў Празе, многія з якіх былі «не советской ориентации».

Гісторык са сваёй паездкі вынес і тое, што як мага хутчэй трэба засесці за напісанне кнігі па гісторыі і культуры Беларусі з перакладам на еўрапейскія мовы. Будучы апантаным навукоўцам, У. I. Пічэта тут жа паставіў перад сабою і другую вельмі складаную задачу — напісаць для беларускіх студэнтаў работу па гісторыі Чэхіі (дакладна, па аграрнай рэформе), бо БДУ, дзякуючы свайму рэктару-славісту, распачаў грунтоўнае вывучэнне гісторыі заходніх і паўднёвых славян.

Жыццё непрадказальна. Адным з першых, хто адчуў на сабе «новыя падыходы ў кадравым пытанні», на жаль, стаў рэктар Беларускага ўніверсітэта. Самастойнасць яго думак, прынцыповасць і даказальнасць меркаванняў, упартая праца на ніве менавіта беларускага адраджэння не засталіся па-за ўвагай партыйных улад. Змаглі пакінуць Беларусь Ясінскі, Доўнар-Запольскі, іншыя. Рэктар жа трымаўся да канца. Яго аўтарытэт быў настолькі вялікі, што толькі праз хітрую камбінацыю вядомыя органы змаглі «прыхапіць» вучонага і далучыць яго справу да агульнай расправы над вялікай групай савецкай навуковай інтэлігенцыі «по делу академика С. Платонова».

Далейшы лёс Уладзіміра Іванавіча ўжо ня быў звязаны з Беларуссю. Ён спазнаў знявагу і подых смерці ў засценках АДПУ, знясільваючую працу ў якасці тэхніка-нарміроўшчыка падчас ссылкі ў Вятку. Нейкім цудоўным неспадзяваным чынам фартуна вярнула яго ў Маскву, дзе былы беларускі рэктар змог працягнуць навуковую і педагагічную дзейнасць, стаў акадэмікам, найвядомым савецкім гісторыкам-славістам.

Памёр Уладзімір Іванавіч у чэрвені 1947 г. і быў пахаваны на Новадзявочых могілках у Маскве.

По материалам: Яноўскі, А.А. Гісторыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў біяграфіях яго рэктараў / А.А. Яноўскі, А.Г. Зельскі - Мн.: БДУ, 2001. - 320 с.