Леонид Иванович Киселевский

12 апреля 1927 г. — 8 октября 1991 г.

Ректор с 28 января 1983 г. по 16 февраля 1990 г.

Нарадзіўся Леанід Іванавіч Кісялеўскі 12 красавіка 1927 г. у Мінску ў сям’і рабочых. Бацька працаваў на шкляным заводзе «Пралетарый» майстрам, маці там жа — сартавальніцай. Разам з Леанідам у сям’і гадаваўся старэйшы брат Анатоль. 3 1930 па 1934 г. сям’я Кісялеўскіх жыла ў пасёлку Ялізава Асіповіцкага раёна, дзе бацькі працавалі на шклозаводзе «Кастрычнік». У 1934 г. сям’я пераехала ў пасёлак Ноўка пад Віцебскам, куды бацька быў прызначаны дырэктарам шклопрадпрыемства. Тут Леанід пайшоў вучыцца ў школу. У 1937 г. яго бацька быў арыштаваны органамі НКУС. Згодна з афіцыйнай даведкай, ён памёр 4 студзеня 1945 г. У 1956 г. быў рэабілітаваны пасмяротна.

У 1940 г. сям’я перабралася ў Мінск. Маці зноў пачала працаваць на шклозаводзе, а яе сыны вучыліся ў школе. Леанід паспеў скончыць 7 класаў, калі пачалася вайна. Эвакуіравацца сям’я Кісялеўскіх не паспела. Жылі ў Мінску, а калі стала цяжка матэрыяльна, перабраліся ў 1942 г. да сваякоў маці ў вёску Петкавічы Дзяржынскага раёна. У 1943 г. брат Анатоль пайшоў у партызанскі атрад. У 1944 г., пасля вызвалення Беларусі, брат быў мабілізаваны ў Чырвоную Армію, а Леанід Кісялеўскі з маці вярнуліся ў Мінск. Маці стала працаваць на малочным заводзе, а Леанід пачаў свой працоўны шлях электраманцёрам на Мінскім вагонарамонтным заводзе. У верасні 1945 г. ён паступіў на першы курс механічнага аддзялення Мінскага палітэхнікума, адначасова вучыўся ў вячэрняй школе рабочай моладзі № 1. У 1947 г., атрымаўшы атэстат сталасці, Леанід Кісялеўскі, доўга не вагаючыся, падаў дакументы на паступленне на фізіка-матэматычны факультэт БДУ.

Пасля заканчэння ўніверсітэта ў 1952 г. Л. Кісялеўскі заняўся педагагічнай дзейнасцю — ён тры гады выкладаў фізіку ў Мінскай сярэдняй школе па падрыхтоўцы старшынь калгасаў. Потым, у кастрычніку 1955 г., паступіў у аспірантуру пры Мінскім педагагічным інстытуце і ўзяўся за дысертацыю. Пасля заканчэння аспірантуры ў 1958 г. Л. I. Кісялеўскі працаваў старшым выкладчыкам Мінскага педінстытута, а са снежня 1959 г. перайшоў працаваць у Інстытут фізікі АН БССР. Дысертацыю ён абараніў у кастрычніку 1960 г. Яе тэма была спачатку на стыку фізікі і педагогікі, але педагогіка хутка адышла ў бок. Першым афіцыйным апанентам на абароне дысертацыі Л. I. Кісялеўскага, выкананай на тэму «Даследаванне ролі палярнасці пры ўзбуджэнні спектраў дугавым разрадам», быў акадэмік А. Н. Сеўчанка, які падкрэсліў «бясспрэчную каштоўнасць багатага эксперыментальнага матэрыялу, атрыманага аўтарам, і выяўленую ім эрудыцыю пры яго аналізе...». Акрамя таго, адзначалася, што эксперыментальныя і тэарэтычныя даследаванні Л. I. Кісялеўскага знайшлі практычнае скарыстанне ў заводскіх лабараторыях, «на Мінскім падшыпнікавым заводзе ўкаранёна распрацаваная Л. I. Кісялеўскім методыка вызначэння высокіх канцэнтрацый цынку ў латунях».

Пасля абароны дысертацыі з 1961 па 1968 г. Л. I. Кісялеўскі працаваў старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута фізікі АН БССР. Вось як ён распавядаў пра той час: «Пачынаў я з фізікі плазмы, а ў той час, канец 50 — пачатак 60-х гг., калі актыўнае развіццё атрымала касмічная тэхніка, гэтыя праблемы набылі важнае практычнае значэнне.

У маі 1968 г., пасля стажыроўкі ў Вялікабрытаніі па стыпендыі ЮНЭСКА, Л. I. Кісялеўскі ўзначаліў лабараторыю спектраскапіі нізкатэмпературнай плазмы, а ў лютым 1970 г. быў прызначаны намеснікам дырэктара Інстытута фізікі АН БССР па навуковай рабоце.

У сакавіку 1970 г., пасля паспяховай абароны дысертацыі, яму было прысвоена вучонае званне доктара фізіка-матэматычных навук. У 1972 г. Л. I. Кісялеўскі быў абраны членам-карэспандэнтам АН БССР. У Акадэміі навук цалкам раскрыліся здольнасці Л. I. Кісялеўскага як таленавітага фізіка і буйнога арганізатара навукі.

Найболыш прыкметнай рысай стылю навуковай працы Л. I. Кісялеўскага было арганічнае спалучэнне фундаментальных даследаванняў з вырашэннем актуальных прамысловых і гаспадарчых праблем. Пад яго кіраўніцтвам была распрацавана плазменная прылада для атрымання ахоўнага слоя на паверхні будаўнічых матэрыялаў. Была распрацавана адпаведная тэхналогія і ўпершыню ў СССР створана доследная прамысловая лінія плазменнай апрацоўкі цэглы. Былі распрацаваны і ўжыты на МАЗе спосабы плазменнага ўмацавання дэталяў аўтамабіля, якія зазнавалі хуткі знос. Работы па дыстанцыйнай спектраметрыі з’явіліся навуковым грунтам для распрацоўкі эфектыўных метадаў кантролю за станам пасеваў і выяўлення захворванняў сельскагаспадарчых раслін на ранняй стадыі развіцця. За свае працы ў вобласці фізікі Л. I. Кісялеўскі ў 1974 г. быў ганараваны Дзяржаўнай прэміяй БССР.

Працуючы намеснікам дырэктара Інстытута фізікі па навуковай рабоце, Л. I. Кісялеўскі шмат увагі надаваў удасканальванню тэматыкі навуковых даследаванняў, развіццю эксперыментальнай базы, укараненню навуковых вынікаў у практыку. За навуковай і арганізацыйнай працай Л. I. Кісялеўскі ніколі не забываўся пра неабходнасць падрыхтоўкі новых кадраў — у тыя гады ён чытаў лекцыі па агульным і спецыяльным курсах фізікі ў Мінскім педінстытуце і Беларускім дзяржаўным універсітэце.

20 кастрычніка 1977 г. на V з’ездзе навукова-тэхнічных таварыстваў БССР Л. I. Кісялеўскі быў абраны старшынёй і членам Прэзідыума Беларускага рэспубліканскага савета навукова-тэхнічных таварыстваў. Адначасова ён узначальваў навуковую Раду АН БССР па фізіцы і тэхніцы плазмы. У снежні 1978 г. агульным сходам АН БССР Л. I. Кісялеўскі быў абраны галоўным вучоным сакратаром Прэзідыума АН БССР, а ў сакавіку 1979 г. пастановай бюро ЦК КПБ зацверджаны на гэтай пасадзе. За той час, як вынікае з характарыстыкі, пададзенай ў ЦК КПБ, Леанід Іванавіч «зарэкамендаваў сябе як буйны вучоны, здольны арганізатар, які ўмела накіроўваў намаганні навуковых калектываў на паспяховае вырашэнне стаячых перад імі задач». 14 кастрычніка ён быў абраны акадэмікам Акадэміі навук БССР. За дасягнутыя поспехі ў выкананні задач X пяцігодкі па развіцці навукі і тэхнікі Л. I. Кісялеўскі быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Здавалася, і надалей Леанід Іванавіч будзе працаваць у абранай ім сферы навукі.

7 студзеня 1983 г. Л. I. Кісялеўскі быў зацверджаны рэктарам БДУ. Пасля адпаведных загадаў Міністэрства вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі БССР і па БДУ ад 26 і 27 студзеня 1983 г. Л. I. Кісялеўскі прыняў абавязкі кіраўніка ўніверсітэта.

Рэктар Леанід Іванавіч Кісялеўскі нёс на сабе вялікі цяжар праблем сваёй шматграннай дзейнасці. Ён кіраваў на працягу гадоў на грамадскіх пачатках кафедрай атамнай фізікі, комплекснай праграмай «Плазма-2», падрыхтоўкай спецыялістаў па спецыялізацыі «Фізіка плазмы», з'яўляўся членам Прэзідыума АН, узначальваў Савет рэктараў ВНУ г. Мінска, Навуковы Савет АН БССР па праблеме «Фізіка і тэхніка плазмы» і інш. У канцы 1989 г. у інтэрв’ю газеце «Беларускі ўніверсітэт» ён распавёў пра планы на 1990 г. і перамены, якія чакаюць універсітэт. Рэктар марыў пра больш поўную духоўную і творчую насычанасць вучэбнага працэсу ва ўніверсітэце.

Перамены пачаліся амаль з самага пачатку 1990 г., калі рашэннем Вучонага савета БДУ ад 20 студзеня былі перайменаваны кафедры грамадскіх навук: кафедра гісторыі КПСС — у кафедру палітычнай гісторыі, кафедра марксісцка-ленінскай філасофіі гуманітарных факультэтаў — у кафедру філасофіі, марксісцка-ленінскай філасофіі прыродазнаўчых факультэтаў — у кафедру філасофіі і методыкі навукі, марксісцка-ленінскай этыкі, эстэтыкі і навуковага атэізму — у кафедру этыкі і эстэтыкі, навуковага камунізму — у кафедру сацыяльна-палітычных тэорый і паліталогіі. Аднак браць удзел у далейшых зменах універсітэцкага жыцця і дзейнасці Леаніду Іванавічу не давялося. 16 лютага 1990 г. загадам міністра народнай адукацыі ён быў вызвалены ад абавязкаў рэктара БДУ «ў сувязі з пераводам на работу ў АН БССР на пасаду члена Прэзідыума» згодна з пададзенай 13 лютага заявай, перадаўшы 20 лютага 1990 г. справы пераемніку, першаму прарэктару БДУ Ф. М. Капуцкаму.

У апошнія гады свайго жыцця Л. I. Кісялеўскі працаваў на пасадзе акадэміка-сакратара Аддзялення фізікі і матэматыкі, інфарматыкі АН БССР. Адначасова ён з’яўляўся прафесарам кафедры атамнай фізікі і фізічнай інфарматыкі БДУ на ўмовах штатнага сумяшчальніцтва, кіраваў кафедрай на грамадскіх пачатках, займаўся навуковай і педагагічнай работай. Пад яго кіраўніцтвам былі створаны спектральныя прыборы для вывучэння працэсаў уваходжання касмічных апаратаў у шчыльныя слаі атмасферы і даследавання прыроднага покрыва Зямлі з борта арбітальных станцый «Салют» і «Мір». У 1990 г. Л. I. Кісялеўскі быў ганараваны Дзяржаўнай прэміяй СССР. Усяго за гады навуковай дзейнасці Леанідам Іванавічам было апублікавана больш за 200 навуковых работ, у тым ліку адна манаграфія. Ён з’яўляецца аўтарам 15 аўтарскіх пасведчанняў. Ім было падрыхтавана 25 кандыдатаў навук.

Сучаснікі казалі пра Леаніда Іванавіча як пра чалавека высокай культуры і рэдкіх душэўных якасцяў, надзеленага талентам добразычлівых адносін з людзьмі.

Заўчасная смерць Леаніда Іванавіча Кісялеўскага 8 кастрычніка 1991 г. не дала яму магчымасці ажыццявіць свае прагрэсіўныя думкі ў навукова-выхаваўчым працэсе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

По материалам: Яноўскі, А.А. Гісторыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў біяграфіях яго рэктараў / А.А. Яноўскі, А.Г. Зельскі - Мн.: БДУ, 2001. - 320 с.