Всеволод Михайлович Сикорский

10 октября 1923 г. — 22 декабря 1981 г.

Ректор с 09 октября 1972 г. по 14 июня 1978 г.

Усевалад Міхайлавіч Сікорскі нарадзіўся 10 кастрычніка 1923 г. у вёсцы Хутар Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці ў сям’і служачага. Бацька Міхаіл Сікорскі, удзельнік грамадзянскай вайны, працаваў старшынёй Чэрвеньскага райфінаддзела да 1934 г., а пасля — настаўнікам. Маці выкладала ў школе. У 1937 г. бацька Усевалада быў арыштаваны і асуджаны да высылкі ў Карэла-Фінскую ССР. У 1936 г. юнак скончыў Хутарскую няпоўную сярэднюю школу. Пасля разам з маці ён пераехаў у мястэчка Бярэзіна Мінскай вобласці. Там працягваў вучыцца ў сярэдняй школе. У ліпені 1939 г. у сувязі з пераводам маці на працу ў мястэчка Пагост Бярэзінскага раёна Усевалад скончыў дзясяты клас мясцовай школы. У 1940 г. Усевалад Сікорскі адразу паступіў у Маскоўскі дзяржаўны паліграфічны інстытут на рэдактарскі факультэт.

Летам 1941 г. ён прыехаў на канікулы ў мястэчка Пагост, дзе яго заспела вайна.

3-за цяжкасцей у матэрыяльным становішчы ў студзені 1942 г. сям’я Сікорскіх пераехала на радзіму ў вёску Хутар. У гэты час, каб проста неяк пражыць, Усевалад займаўся сельскай гаспадаркай. Неўзабаве пасля пераезду, у сакавіку 1942 г., ён усталёўвае сувязь з партызанскай групай «таварыша Кускова», а ў красавіку — з падпольнай арганізацыяй А. А. Букалава, якая дзейнічала ў Чэрвені і Чэрвеньскім раёне. Спачатку Усевалад Сікорскі збіраў для атрадаў зброю, боепрыпасы, быў сувязным, але паколькі ён валодаў нямецкай мовай, то па заданні падпольшчыкаў уладкаваўся ў пашпартны аддзел Хутарскай воласці. У жніўні 1942 г. падпольная група была разгромлена і большасць яе ўдзельнікаў арыштавана. Усевалад Сікорскі разам з некалькімі таварышамі пайшоў у лес і ўзяў чынны ўдзел у стварэнні партызанскай групы імя Молатава, якая паступова вырасла ў атрад «Баявы», дзе ён быў палітруком і ўпаўнаважаным асобага аддзела атрада з лістапада 1942 па красавік 1943 г.

3 мая 1943 г. У. М. Сікорскі знаходзіўся ў партызанскім атрадзе імя Варашылава брыгады «Чырвоны сцяг» Пухавіцкага злучэння. Спачатку працаваў у агентурнай разведцы, дзе паказаў сябе мужным, настойлівым і кемлівым байцом. 3 жніўня 1943 па ліпень 1944 г.

Усевалад Сікорскі займаў пасаду намесніка камісара па камсамолу таго ж атрада. Пад кіраўніцтвам У. М. Сікорскага камсамольцы правялі шэраг засад, баявых аперацый па падрыву эшалонаў, аўтамашын і інш. Як намеснік камісара Усевалад Сікорскі праводзіў палітыка-тлумачальную работу. Партызаны брыгады «Чырвоны сцяг» у верасні 1943 і маі 1944 г. з баямі выходзілі з акружэння. Разграмілі варожыя гарнізоны ў вёсках Якшыцы, Чырвоны Вугал, Хутар Бярэзінскага раёна. У час наступлення Чырвонай Арміі 23—30 чэрвеня 1944 г. заблакіравалі шашу Магілёў—Мінск, падбілі 20 варожых аўтамашын. Удзельнічалі ў вызваленні г. Чэрвень, вёсак Карпілаўка, Хутар, Стары Пруд Чэрвеньскага раёна. 30 чэрвеня 1944 г. партызаны злучыліся з Чырвонай Арміяй. За ўдзел у баях У. М. Сікорскі быў тройчы прадстаўлены да ўзнагароджання: ордэнамі Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны I ступені і медалём «За адвагу».

У ліпені 1944 г. пасля расфарміравання партызанскай брыгады У. М. Сікорскі па рашэнні адмысловай камісіі ЦК КПБ быў накіраваны на работу ў Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, які тады толькі ствараўся. Там ён быў супрацоўнікам партызанскага аддзела да сакавіка 1945 г. З красавіка па ліпень 1945 г. ён знаходзіўся ў замежнай камандзіроўцы ў Польшчы і Германіі (у Берліне) па спецыяльным заданні ўрада Беларусі. За ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне У. М. Сікорскі быў узнагароджаны медалямі «За доблестный труд в Великой Отечественной войне» і «За победу над Германией в Великой Отечественной войне», а ў 1949 г. — ордэнам «Айчыннай вайны» I ступені.

У сакавіку 1946 г. У. М. Сікорскі быў адкамандзіраваны на вучобу ў Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КПБ. Па жнівень 1948 г. ён займаўся на прапагандысцкім факультэце. Адначасова працягваў завочную вучобу ў Маскоўскім паліграфічным інстытуце, а з 1947 г. — на аддзяленні журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ, які скончыў у 1949 г. Далей працаваў па спецыяльнасці: спачатку карэспандэнтам па Беларусі газеты «Правда», а пасля супрацоўнікам аддзела прапаганды рэдакцыі газеты «Звязда» (да ліпеня 1950 г.). Гэтую пасаду У. М. Сікорскі пакінуў у сувязі з пачаткам вучобы ў аспірантуры БДУ на кафедры гісторыі філасофіі. На трэцім годзе вучобы, у перыяд работы над дысертацыяй, ён цяжка захварэў. Таму аспіранцкі тэрмін быў працягнуты на 1,5 гады.

У выніку цяжкай хваробы сэрца ён стаў інвалідам 2-й групы.

Тым не менш У. М. Сікорскі працуе ва ўніверсітэце рэдактарам газеты «За сталінскія кадры» і асістэнтам кафедры гісторыі КПСС. У чэрвені 1954 г. ён абараняе кандыдацкую дысертацыю на тэму: «Змест паняцця і сутнасці вызначэння ў логіцы». Увесь далейшы лёс Усевалада Міхайлавіча звязаны з універсітэтам, з кафедрай гісторыі КПСС. У 1954—1961 гг. ён працуе старшым выкладчыкам, дацэнтам і намеснікам загадчыка кафедры. За гэты час У. М. Сікорскі апублікаваў манаграфію «Социалистическое государство и современный ревизионизм», 5 брашур, 10 артыкулаў у часопісах і звыш 30 — у рэспубліканскіх газетах. Выступаў з дакладамі на навуковых сесіях, што праводзіліся ва ўніверсітэце, паспяхова кіраваў аспірантамі — падрыхтаваў трох кандыдатаў навук.

У маі 1962 г. ЦК КПБ зацвердзіў У. М. Сікорскага на пасадзе загадчыка кафедры гісторыі КПСС. На гэтай пасадзе У. М. Сікорскі «паказаў сябе добрым арганізатарам калектыву, правёў вялікую работу па павышэнню ідэйна-тэарэтычнага і метадычнага ўзроўню курса гісторыі КПСС, клапаціўся аб навуковым росце і павышэнні педагагічнага майстэрства супрацоўнікаў кафедры».

Увесь талент У. М. Сікорскага як даследчыка, вучонага быў скіраваны на аналіз з’яў грамадскага жыцця з пункту гледжання марксісцка-ленінскай метадалогіі, на прапаганду марксісцка-ленінскай навукі, крытыку рэвізіянізму, сацыял-рэфармізму, ідэалогіі і палітыкі сацыял-дэмакратыі, распрацоўку гісторыі бальшавіцкай партыі. Гэтай тэматыцы былі прысвечаны яго асноўныя працы: «Мировой революционный процесс и современный социал-реформизм», «Ленинизм — научная основа политики КПСС», «Образование и укрепление СССР — торжество ленинской национальной политики», «Курс лекций по истории КПСС» у дзвюх частках і шмат іншых кніг, брашур, артыкулаў.

У сваіх працах У. М. Сікорскі паўстае яскравым палемістам, які вельмі эмацыянальна, востра выкрываў «варожую інтарэсам рабочага класа дзейнасць прыслугачоў імперыялістычнай буржуазіі». Працы беларускага навукоўцы былі вядомы не толькі ў СССР, але і за яго межамі. Для чытання лекцый У. М. Сікорскі выязджаў у Балгарыю, Чэхаславакію, Германскую Дэмакратычную Рэспубліку, Італію.

Вынікам руплівай працы стала доктарская дысертацыя «Сусветны рэвалюцыйны працэс і сучасны сацыял-рэфармізм», абароненая ў чэрвені 1966 г. Вучоная ступень доктара філасофскіх навук, званне прафесара яму былі прысуджаны ў 1967 г. У студзені 1967 г. за развіццё вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, падрыхтоўку спецыялістаў для народнай гаспадаркі У. М. Сікорскі быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. У 1969 г. у сувязі з падзелам кафедры гісторыі КПСС на дзве асобныя Усевалад Міхайлавіч узначаліў кафедру гісторыі КПСС гуманітарных факультэтаў. Плённая навуковая дзейнасць прафесара Сікорскага як вучонага і арганізатара навукі, выкладчыка і грамадскага дзеяча была адзначана ў 1971 г. прысваеннем яму ганаровага звання «Заслужаны дзеяч навукі БССР», а ў 1972 г. ён быў абраны членам-карэспандэнтам АН БССР.

Цалкам верагодна, што ўсе гэтыя дасягненні і якасці паўплывалі на вырашэнне пытання, якое паўстала ў 1972 г., — аб прызначэнні новага рэктара БДУ. Усевалад Міхайлавіч Сікорскі быў зацверджаны рэктарам БДУ.

Прызначэнне У. М. Сікорскага рэктарам для многіх было нечаканасцю. Таму шмат хто выказваў здзіўленне, гучалі скептычныя галасы: «Усевалад Міхайлавіч — вучоны, тэарэтык па складзе свайго розуму, ды і характар...». Апошняе выказванне мела на ўвазе залішнюю мяккасць, якая не зусім дастасуецца да дзейнасці кіраўніка. Аднак новы рэктар хутка авалодаў сітуацыяй. Пасля вяртання з Усесаюзнай нарады работнікаў вышэйшай школы, што праходзіла ў Маскве, на чарговым пасяджэнні Вучонага савета ў студзені 1973 г. ён адзначыў найбольш важныя праблемы: узмацніць намаганні да больш цеснай інтэграцыі навукі і адукацыі, ператварыць універсітэт у сапраўдны навукова-метадычны цэнтр, узмацніць матэматычную падрыхтоўку, павысіць ролю грамадскіх навук ва ўсім комплексе палітыка-выхаваўчай работы. Неўзабаве высветлілася, што, нягледзячы на мяккасць і дабрыню, Усевалад Міхайлавіч не паблажлівы, але прынцыповы і патрабавальны чалавек. На агульнаўніверсітэцкім сходзе ў красавіку 1973 г. абмяркоўваўся стан ідэйна-выхаваўчай работы, рэктар рэзка, не хаваючыся за словы «асобныя», «некаторыя», крытыкаваў выкладчыкаў, якія ўласнымі ўчынкамі, паводзінамі падавалі далёка не лепшы прыклад моладзі. На сходзе адзначалася, што «сапраўднымі педагогамі могуць быць толькі тыя, хто ўзброены марксісцка-ленінскай тэорыяй і метадалогіяй, глыбока разумее і праводзіць у жыццё палітыку партыі...». Разам з тым У. М. Сікорскі падкрэсліваў, што «нельга мірыцца з недастойнымі паводзінамі студэнтаў. У бягучым годзе за п’янства, дэбашырства з універсітэта адлічана 13 студэнтаў, 30 выселены з інтэрната, на многіх накладзены адміністрацыйныя спагнанні. Таму неабходна зрабіць усё для таго, каб выхоўваць маральна ўстойлівых, палітычна адукаваных будаўнікоў камунізму».

Поспехі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта неаднаразова адзначаліся ўзнагародамі. У снежні 1972 г. за поспехі, дасягнутыя ў сацыялістычным спаборніцтве ў гонар 50-годдзя СССР, універсітэт быў узнагароджаны юбілейнай Ганаровай граматай ЦК КПБ, Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, Савета Міністраў БССР, Белсаўпрофа. 26 снежня 1975 г. за шматгадовую і плённую работу па камуністычным выхаванні моладзі, уцягненні яе ў актыўную працоўную дзейнасць у студэнцкіх будаўнічых атрадах, высокія паказчыкі ў навучальнай, вытворчай і грамадска-палітычнай дзейнасці БДУ быў узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.

Поспехі ўніверсітэта былі і поспехамі яго рэктара. У тыя гады Усевалад Міхайлавіч не толькі кіраваў універсітэтам, ён вёў вялікую грамадскую работу — абіраўся ў 1976 г. членам ЦК КПБ, дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР 9-га склікання (1975—1980), членам Мінскага гаркама КПБ. Ён быў членам Прэзідыума і Пленума ВАК пры Савеце Міністраў СССР, членам Праўлення таварыства «Веды» БССР, членам Беларускага рэспубліканскага Савета па навуковай распрацоўцы гісторыі КПСС і КПБ пры Інстытуце гісторыі партыі пры ЦК КПБ, старшынёй спецыялізаванага Савета па абароне доктарскіх дысертацый, галоўным рэдактарам міжведамасных зборнікаў па гісторыі КПСС.

Заслугі У. М. Сікорскага былі адзначаны кіраўніцтвам Беларускай ССР: 9 кастрычніка 1973 г. ён быў узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. 15 сакавіка 1976 г. за дасягнутыя поспехі ў выкананні заданняў IX пяцігодкі па падрыхтоўцы спецыялістаў для народнай гаспадаркі група супрацоўнікаў БДУ атрымала ордэны і медалі. Сярод іх Усевалад Міхайлавіч, які быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. У. М. Сікорскі быў ці не першым рэктарам, які атрымаў замежную ўзнагароду: медаль — вышэйшую ўзнагароду Іенскага ўніверсітэта за плённы ўклад у развіццё дружбы і супрацоўніцтва ўніверсітэтаў-партнёраў (5 кастрычніка 1974 г.).

Аднак далёка не ўсё было бясхмарным у жыцці і дзейнасці рэктара. Кожны яго крок кантраляваўся. А тут у ЦК КПБ паступіла запіска Камітэта партыйнага кантролю пры ЦК КПСС «Аб фактах парушэння партыйных прынцыпаў работы з кадрамі і няправільнага рэагавання на крытыку ў Беларускім дзяржаўным універсітэце імя У. I. Леніна». У спалучэнні з сур’ёзным пагаршэннем здароўя яна прымусіла Усевалада Міхайлавіча пакінуць пасаду рэктара БДУ. 2 чэрвеня 1978 г. на імя Першага сакратара ЦК КПБ П. М. Машэрава паступіла заява ад У. М. Сікорскага, у якой той прасіў вызваліць яго ад абавязкаў рэктара ўніверсітэта. У. М. Сікорскі падкрэсліваў: «...неабходнасць працяглага перыяду лячэння, асабліва ў апошні час, не дазваляе мне ў поўнай меры ўнікаць ва ўсе пытанні жыцця вялікай ВНУ, у выніку чаго былі дапушчаны недахопы ў рабоце». У. М. Сікорскі дзякаваў таксама П. М. Машэраву за вялікую дапамогу і падтрымку ў перыяд працы на пасадзе рэктара.

Апошняй значнай падзеяй, у якой узяў удзел Усевалад Міхайлавіч як рэктар БДУ, стала ўзнагароджанне ўніверсітэта Указам Прэзідэнта Сацыялістычнай Рэспублікі В’етнам ордэнам Дружбы за дапамогу ў падрыхтоўцы для В’етнама навуковых і тэхнічных кадраў. Напачатку чэрвеня на ўрачыстым мітынгу ордэн Дружбы быў прымацаваны да сцяга БДУ. Рэктар У. М. Сікорскі выказаў вялікую падзяку ад усяго калектыву за высокую адзнаку працы і запэўніў, што БДУ будзе і надалей імкнуцца ствараць найлепшыя умовы для паспяховай вучобы студэнтаў з брацкіх краін.

Праз некалькі дзён пасля гэтага 14 чэрвеня 1978 г. Пастановай Бюро ЦК У. М. Сікорскі быў вызвалены ад абавязкаў рэктара БДУ.

Пасля Усевалад Міхайлавіч працягваў працаваць загадчыкам кафедры гісторыі КПСС гуманітарных факультэтаў БДУ, якую ён узначальваў 20 год, надаючы шмат увагі арганізацыі вучэбнай, метадычнай работы, падрыхтоўцы навуковых кадраў. Ён падрыхтаваў 30 кандыдатаў навук, пяцёра яго вучняў абаранілі доктарскія дысертацыі. Аднак здароўе былога рэктара ўсё больш пагаршалася і 22 снежня 1981 г. пасля цяжкай хваробы Усевалад Міхайлавіч Сікорскі памёр ва ўзросце 58 гадоў.

У апошні год жыцця Усевалад Міхайлавіч вёў вялікую навуковую працу па гісторыі партызанскага руху ў Беларусі, быў намеснікам галоўнага рэдактара трохтомнага выдання «Усенародная барацьба на Беларусі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны». Навуковая спадчына У. М. Сікорскага склала больш за 200 друкаваных прац, у тым ліку 20 манаграфій, кніг, брашур. Але многія творчыя планы, на жаль, так і засталіся не рэалізаванымі....

По материалам: Яноўскі, А.А. Гісторыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў біяграфіях яго рэктараў / А.А. Яноўскі, А.Г. Зельскі - Мн.: БДУ, 2001. - 320 с.