Константин Игнатьевич Лукашев

7 января 1907 г. — 23 мая 1987 г.

Ректор с 14 августа 1952 г. по апрель 1957 г.

Нарадзіўся Канстанцін Ігнатавіч Лукашоў 7 студзеня 1907 г. (25 снежня 1906 г. па старым стылі) у вёсцы Гарадзец — цэнтры воласці Быхаўскага павета Магілёўскай губерні (сучасны Быхаўскі раён Магілёўскай вобласці) у заможнай сялянскай сям’і. Пачатковую адукацыю Кастусь атрымаў у народным вучылішчы, якое было адкрыта ў вёсцы ў 1866 г. Працягнуў вучобу ў Быхаўскай працоўнай сямігадовай школе, якую скончыў у 1922 г. і стаў працаваць у гаспадарцы бацькі. У 1923 г. ён стаў камсамольцам і, напэўна, добра зарэкамендаваў сябе, бо ў 1925 г. у так званы першы ленінскі прыём у партыю ўступіў у кандыдаты ВКП(б) у сваёй сельскай ячэйцы. Гэтая падзея змяніла яго лёс.

У тым жа годзе па рашэнні райкамаў партыі і камсамола К. Лукашова вылучылі на кіруючую работу ў Быхаве ў якасці адказнага сакратара раённага камітэта сялянскіх таварыстваў узаемадапамогі. Адначасова К. Лукашоў з’яўляўся сакратаром вытворчай камсамольскай ячэйкі.

У 1926 г. па пастанове райкамаў ВКП(б) і ВЛКСМ К. Лукашова пераводзяць на шклозавод «Ильич» Быхаўскага раёна ў якасці загадчыка клубам і сакратара мясцовай камсамольскай ячэйкі. Са студзеня 1927 г. ён ужо член ВКП(б). У жніўні 1927 г. К. Лукашоў быў накіраваны на вучобу ў Ленінградскі дзяржаўны ўніверсітэт.

Па сканчэнні універсітэта ў 1931 г. ён вучыцца ў аспірантуры і абараняе (у 1934 г.) кандыдацкую дысертацыю па тэме «Грунтазнаўства». Адначасова ён працуе на кафедры грунтазнаўства па механіцы грунтоў, арганізуе спецыяльны курс грунтазнаўства. Паступова імя маладога вучонага набывае вядомасць. Яшчэ ў 1928 г. на з’ездзе глебазнаўцаў К. Лукашоў быў абраны ў склад арганізацыйнага камітэта і яго прэзідыума па скліканні Міжнароднага кангрэса глебазнаўцаў, які адбыўся ў 1930 г. у Маскве. Пачынаючы з 1931 г. К. I. Лукашоў вядзе навуковыя даследаванні па фізіцы і механіцы грунту, мерзлатазнаўстве. У 1933—1934 гг. ён бярэ ўдзел у мерзлата-геалагічных пошуках на Байкала-Амурскай магістралі. За зробленую работу К. I. Лукашоў быў узнагароджаны граматай Прэзідыума АН СССР, граматай Географа-эканамічнага даследчага інстытута пры ЛДУ.

Вынікам даследавання вучоным генетычных і геахімічных тыпаў грунтоў СССР сталі напісаныя ім працы «Грунтазнаўства» (1938), «Элементы генетычнага грунтазнаўства» (1938), «Вобласць вечнай мерзлаты як асаблівая фізіка-геаграфічная і будаўнічая вобласць» (1938), «Грунты СССР» (1939). На аснове гэтых прац быў створаны генетычны накірунак у грунтазнаўстве. Даследаванні К. I. Лукашова мелі дзяржаўнае значэнне, бо яны закладалі аснову будаўніцтва ў Сібіры і на Далёкім Усходзе чыгунак і шасейных дарог, якія будавалі ў 1930—1950 гг. вязні ГУЛАГа.

У 1937 г. ён абараніў доктарскую дысертацыю. У тым жа годзе ўзначальвае кафедру грунтазнаўства, адначасова з’яўляецца дэканам геолага-глебавага факультэта ЛДУ. У гэты час супрацоўнікі геолага-глебавага факультэта зрабілі шэраг паспяховых экспедыцый на Каўказ, у Якуцію, Карэлію, Заходнюю Сібір і іншыя раёны СССР, атрымаўшы каштоўны матэрыял, апрацоўка якога прывяла да сур’ёзных тэарэтычных абагульненняў, што мелі важнае гаспадарчае і абароннае значэнне. У 1938 г. ВАК СССР зацвердзіў яго ў званні прафесара і вучонай ступені доктара геолага-мінералагічных навук. У 1938 г. на Усесаюзным конкурсе маладых вучоных, праведзеным АН СССР і ЦК ВЛКСМ, праца К. I. Лукашова «Фізіка-геаграфічныя ўмовы выветрывання ў паўночнай і сярэдняй частцы Амурскага басейна» атрымала другую прэмію. У маі 1938 г. К. I. Лукашоў быў прызначаны рэктарам Ленінградскага ўніверсітэта.

Люты 1939 г. зноў рэзка змяніў лёс К. I. Лукашова. Пастановай урада СССР ён быў накіраваны ў ЗША ў якасці старшыні «АМТОРГА», савецкай гандлёвай арганізацыі ў Нью-Йорку. Асабліва ўзрасло значэнне «АМТОРГА» пасля пачатку Вялікай Айчыннай вайны і з пачаткам паставак у СССР ваеннай тэхнікі і матэрыялаў (з лістапада 1941 г.). Пагадненне аб пастаўках па ленд-лізу СССР і ЗША падпісалі 11 чэрвеня 1942 г. У сувязі з гэтым была створана Урадавая закупачная камісія і, згодна з пастановай, К. I. Лукашоў быў прызначаны намеснікам старшыні гэтай камісіі. Падчас працы на гэтай пасадзе ён неаднойчы сустракаўся з паслом СССР у Вашынгтоне М. М. Літвінавым, саветнікам паўпрэдства, а затым паслом А. А. Грамыкам, намеснікам старшыні СНК СССР, наркомам знешняга гандлю СССР А. I. Мікаянам. За працу у час вайны К. I. Лукашоў быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга і медалём «За доблестный труд в Великой Отечественной войне». У верасні 1944 г. яго прызначаюць экспертам пры наркаме (пасля міністрам) знешняга гандлю. Працаваў на гэтай пасадзе да кастрычніка 1949 г. Адначасова ён узначальвае метадычную камісію Міністэрства знешняга гандлю па разгляду і зацвярджэнні праграм па эканамічных і знешнегандлёвых дысцыплінах Акадэміі і Інстытута знешняга гандлю, з’яўляецца старшынёй Дзяржкамісіі па выпуску слухачоў Акадэміі знешняга гандлю, членам знешнегандлёвай арбітражнай камісіі пры Усесаюзнай гандлёвай палаце.

Не пакінуў Канстанцін Ігнатавіч выкладчыцкай і навуковай дзейнасці. У Маскоўскім інстытуце знешняга гандлю ён з’яўляецца загадчыкам кафедры міжнароднага гандлю, а з верасня 1949 па 1953 г. — загадчыкам кафедры эканамічнай геаграфіі. У гэты час у сваёй навуковай працы К. I. Лукашоў распрацоўваў пытанні па знешнегандлёвай палітыцы СССР і ЗША, мінеральным і іншым рэсурсам, міжнародным транспартным шляхам і г. д. Па гэтых пытаннях ім былі напісаны кнігі «Империалистическая борьба за источники сырья» (1946), «Основные вопросы военной и послевоенной внешнеторговой политики США» (1947), «Буржуазная лжегеография на службе поджигателей войны» (1952), «Минеральные ресурсы капиталистических стран и борьба за них» (1953) і інш.

У гэты час аўтарытэт Лукашова-вучонага ўзрос яшчэ больш. Яго неаднаразова запрашаюць на выкладчыцкую работу ў Маскоўскі ўніверсітэт. Згода была дасягнута ў 1949/50 г., калі К. I. Лукашоў узначаліў (па сумяшчальніцтве) кафедру фізічнай геаграфіі замежных краін МДУ. Вучоны піша шэраг прац па геаграфіі замежных краін, распрацоўвае праграму курса фізічнай геаграфіі мацерыкоў і акіянаў.

Відавочна, што вялікі аўтарытэт К. I. Лукашова як навукоўца і адміністрацыйнага работніка дайшоў да прызначэння яго на пасаду рэктара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Так, у 1952 г. зноў кардынальна мяняецца лёс Канстанціна Ігнатавіча. Ён пераязджае на Беларусь, каб застацца тут назаўсёды.

У 1952—1953 гг. адбывалася рэарганізацыя кіраўніцтва ўніверсітэта. Было створана два малых Вучоных савета — гуманітарных і прыродазнаўчых навук, дзейнічаў па-ранейшаму агульны Вучоны савет. Быў створаны пастаянна дзейнічаючы орган — рэктарат, які складаўся з рэктара, прарэктараў, дэканаў, прадстаўнікоў партарганізацыі і мясцкама, і які збіраўся штомесяц дзеля абмеркавання пытанняў навуковай і вучэбнай работы.

3 1955 г. пачаўся новы этап у развіцці міжнародных сувязей БДУ. На працягу доўгага часу, пачынаючы з канца 20 — пач. 30-х гадоў, універсітэт не меў зносін з замежжам, калі не лічыць удзел М. Перцава і П. Шмыгава ў Міжнароднай канферэнцыі па прыняцці Статута ААН у 1945 г. I вось пасля доўгага перапынку навукоўцы БДУ пачалі наладжваць сувязі і кантакты. У жніўні 1955 г. прафесары, акадэмікі А. Н. Сеўчанка, Ц. М. Годнеў, Б. I. Сцяпанаў выязджалі на Міжнародную канферэнцыю па мірным выкарыстанні ядзернай энергіі ў Жэневе, а ў 1956—1957 гг. А. Н. Сеўчанка і Ф. I. Фёдараў бралі ўдзел у распрацоўцы Статута і праграм дзейнасці Міжнароднага агенцтва па мірным выкарыстанні атамнай энергіі пры ААН. Восенню 1956 г. рэктар БДУ акадэмік К. I. Лукашоў у якасці дэлегата ад АН БССР удзельнічаў у рабоце XX Міжнароднага геалагічнага кангрэса ў Мексіцы, а акадэмік I. С. Лупіновіч выступіў з дакладам на VI Усясветным кангрэсе глебазнаўцаў у Парыжы.

Асаблівыя змены ў грамадскім жыцці БДУ прынёс 1956 г., калі ў лютым адбыўся XX з’езд КПСС, і выйшла чэрвеньская пастанова ЦК КПСС «Аб пераадоленні культу асобы і яго вынікаў». Змены ў настроях выяўляліся па-рознаму і раней — у абвяржэнні артыкула «Советской Белоруссии», які ўтрымліваў зблытаныя факты, у змене назвы ўніверсітэцкай газеты «За сталінскія кадры» на «Беларускі ўніверсітэт».

Падыходзіла да завяршэння кіраванне універсітэтам Канстанцінам Ігнатавічам. У красавіку 1957 г. адбылося пасяджэнне Вучонага савета БДУ, прысвечанае прызначэнню рэктарам універсітэта прафесара А. Н. Сеўчанкі і пераходам К. I. Лукашова на працу ў АН БССР. На ім Канстанцін Ігнатавіч сціпла адзначыў, што калектыў БДУ «дабіўся некаторых поспехаў у падрыхтоўцы спецыялістаў для народнай гаспадаркі, падрыхтаваўшы за апошнія 4 гады 2690 спецыялістаў, якія працуюць на прадпрыемствах, у школах, навучальных установах». Былы ўжо рэктар падкрэсліў, што «не вырашана праблема выкарыстання выпускнікоў на прадпрыемствах, і бліжэйшай задачай з’яўляецца наладжванне цеснай сувязі... з прамысловасцю і сельскай гаспадаркай». У заключэнне К. I. Лукашоў пажадаў, каб БДУ стаў вядучым у краіне, а таксама поспехаў навукоўцам універсітэта і новаму рэктару.

А жыццёвы шлях вёў К. I. Лукашова далей. 3 1957 па 1969 г. на пасадзе віцэ-прэзідэнта АН БССР ён праводзіць вялікую працу па стварэнні і развіцці на Беларусі новых навуковых накірункаў, пашырэнні і вывучэнні, асваенні прыродных багаццяў Беларусі. У 1964 г. ён узначальвае лабараторыю геахімічных праблем, дзе вывучаліся геахімічныя аспекты фарміравання лёсавых, ледавіковых, балотных і іншых адкладаў антрапагенавага перыяду, геахімічныя працэсы ў покрыўных адкладах і ландшафтах Беларускага Палесся і г. д. У лютым 1971 г. лабараторыя была пераўтворана ў Інстытут геахіміі і геафізікі, а К. I. Лукашоў быў прызначаны яго дырэктарам. У Інстытуце распрацоўваліся актуальныя праблемы геалогіі і геахіміі зямной кары Беларусі, асадкавай абалонкі і ландшафтнай сферы, якія мелі важнае тэарэтычнае і прыкладное значэнне. За адкрыццё і разведку буйных нафтавых радовішчаў Прыпяцкай нафтагазаноснай вобласці Беларусі тром супрацоўнікам Інстытута, у тым ліку і К. I. Лукашову, у 1972 г. была прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР.

За гэтыя гады навуковая дзейнасць К. I. Лукашова ажыццяўлялася па двух галоўных накірунках: распрацоўка пытанняў геалогіі і палеаграфіі чацвярцічнага перыяду і зямной кары; літалогіі і геахіміі зоны гіпергенезу і біясферы.

Канстанцін Ігнатавіч прымаў актыўны ўдзел у тагачасным грамадска-палітычным жыцці Беларусі. Ён неаднаразова (з 1952 па 1960 г.) абіраўся членам ЦК КПБ, членам рэвізійнай камісіі, дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР пятага, шостага і сёмага скліканняў (з 1959 па 1971 г.). Быў старшынёй планава-бюджэтнай камісіі і членам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР. 3 1957 па 1972г. быў старшынёй Рэспубліканскага таварыства «Веды», а з 1965 па 1972 г. — старшынёй Рэспубліканскай рады Народных універсітэтаў. За актыўную працу па распаўсюджванні палітычных і навуковых ведаў ён быў занесены ў Ганаровую кнігу Усесаюзнага таварыства «Веды», узнагароджаны медалём акадэміка Вавілава, занесены ва Усесаюзную кнігу Народных універсітэтаў.

К. I. Лукашоў прымаў самы актыўны ўдзел у рабоце навуковых саветаў і рэдакцыйных калегій — Беларускай савецкай энцыклапедыі, шматтомнага выдання «Савецкі Саюз», «Дакладаў АН БССР», «Весцей АН БССР».

1 красавіка 1977 г. Канстанцін Ігнатавіч выйшаў на пенсію. Але як член Камітэта савецкіх геолагаў, член савецкай секцыі Міжнароднай асацыяцыі па вывучэнні чацвярцічнага перыяду ён працягваў працаваць.

Памёр акадэмік, заслужаны дзеяч навукі Беларусі Канстанцін Ігнатавіч Лукашоў 23 мая 1987 г. Незадоўга да смерці ў свой васьмідзясяты дзень нараджэння ён атрымаў апошнюю ўзнагароду — Ганаровую грамату. Яна дадалася да двух ордэнаў Працоўнага Чырвонага Сцяга, Ордэна Дружбы народаў, чатырох медалёў, трох Ганаровых грамат Вярхоўнага Савета БССР і іншых грамат і дыпломаў, якія атрымліваў за поспехі ў развіцці геалагічнай навукі, падрыхтоўцы навуковых кадраў (15 кандыдатаў навук, а 5 яго вучняў сталі дактарамі навук), дасягненні на розных пасадах. Аўтар больш 350 навуковых прац, у тым ліку 25 манаграфій па грунтазнаўстве, мінералогіі і геахіміі, ён аддаў усяго сябе навуцы.

По материалам: Яноўскі, А.А. Гісторыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў біяграфіях яго рэктараў / А.А. Яноўскі, А.Г. Зельскі - Мн.: БДУ, 2001. - 320 с.