Владимир Антонович Томашевич

22 февраля 1899 г. — 8 октября 1983 г.

Ректор с 13 декабря 1946 г. по февраль 1949 г.

Нарадзіўся Уладзімір Антонавіч 22 лютага 1899 г. у Мінску. У бацькоў было шасцёра дзяцей. Уладзімір Тамашэвіч, правучыўшыся 6 год, скончыў у 1913 г. гарадское вучылішча. Пасля заканчэння вучылішча Уладзімір Тамашэвіч уладкаваўся на працу наборшчыкам друкарні газеты «Копейка» Упраўлення Лібава-Роменскай чыгункі ў Мінску. Атрыманая адукацыя, а таксама штодзённае знаёмства з газетнымі навінамі аказалі пэўны ўплыў на фарміраванне юнака. У сакавіку 1918 г. ён уступіў урады РКП(б), і быў прызваны ў Чырвоную Армію. Камуністаў у Чырвонай Арміі ў той час было няшмат, а адукаваных людзей і зусім небагата. Таму У. А. Тамашэвіч быў накіраваны на ваенна-палявыя курсы ў Смаленску.

На вайне Уладзімір Тамашэвіч атрымаў раненне і працягваць вайсковую службу больш не мог. Апошняй яго пасадай у войску была праца інструктарам палітупраўлення штаба Заходняга фронту. За свае заслугі ён быў узнагароджаны, як было прынята ў той час, імянной зброяй — «маўзерам».

У 1921 г. па рашэнні ЦК ВКП(б) У. А. Тамашэвіч быў накіраваны на вучобу ў Камуністычны ўніверсітэт імя Я. М. Свярдлова ў Маскву, які рыхтаваў кадры савецкіх і партыйных работнікаў. Вучыўся У. А. Тамашэвіч на аддзяленні адміністрацыйнага права секцыі юстыцыі. Сярод тых, хто выступаў перад навучэнцамі ўніверсітэта, былі і I. В. Сталін, і Л. Д. Троцкі. Наведваў універсітэт і У. I. Ленін.

Атрымаўшы вышэйшую палітычную адукацыю, У. А. Тамашэвіч у 1924 г. быў накіраваны на працу ў г. Арцёмаўск (Украіна) загадчыкам аддзела агітацыі і прапаганды гаркама КП(б)У. У 1926 г. У. А. Тамашэвіч працуе ўжо ў Адэсе ў акруговым камітэце КП(б)У намеснікам загадчыка агітпропа. Толькі ў 1929 г. ён вярнуўся ў Мінск.

У родным горадзе У. А. Тамашэвіч заняў пасаду намесніка рэктара па вучэбнай частцы Камуністычнага ўніверсітэта Беларусі імя У. I. Леніна і адначасова ўзначаліў у ім кафедру савецкай эканомікі. У 1932 г. універсітэт быў рэарганізаваны ў Вышэйшую камуністычную сельскагаспадарчую школу Беларусі і Камуністычны інстытут журналістыкі. У. А. Тамашэвіч вярнуўся да ранейшай партыйнай работы і да 1934 г. загадваў аддзелам прапаганды і агітацыі ў Гомелі.

Неабходнасць павышаць свой адукацыйны ўзровень прадыктавала працяг вучобы — тэндэнцыя, увогуле характэрная для тых часоў. Па рашэнні ЦК КП(б)Б У. А. Тамашэвіч быў накіраваны на вучобу ў Эканамічны інстытут чырвонай прафесуры ў Маскву, дзе займаўся да 1937 г. 1 лютага ён пакінуў Інстытут у сувязі з прызначэннем яго рашэннем ЦК ВКП(б) на партыйную работу. Новым месцам працы стаў Калінінскі абкам ВКП(б), дзе У. А. Тамашэвіч узначаліў аддзел прапаганды і агітацыі.

У 1938 г. У. А. Тамашэвіч пакінуў партыйную работу і быў накіраваны працаваць ва Усесаюзны фінансава-эканамічны завочны інстытут у Маскве, дзе ўзначаліў кафедру палітэканоміі. У верасні 1939 г. яму прысвоілі званне дацэнта гэтай кафедры. У даваенны час ім былі напісаны першыя працы — «Метадычныя ўказанні і матэрыялы па курсу палітэканоміі» і «Метадычныя ўказанні па гісторыі палітэканоміі», якія ўбачылі свет у Маскве і Мінску ў 1941 г.

Напярэдадні вайны сям’я У. А. Тамашэвіча ад’ехала ў Мінск. Жонка хацела наведаць бацькоў і ўзяла з сабою сына. I для Уладзіміра Антонавіча сям’я фактычна згубілася, бо ён не ведаў, што жонка і сын паспелі пакінуць палаючы Мінск, дайсці пешшу да г. Горкі (Магілёўскай вобл.), з цяжкасцямі і пад бамбёжкай эвакуіравацца ў Варонеж, пасля — у Саратаў, а адтуль — у Омскую вобласць.

А самога Уладзіміра Антонавіча як палітработніка запасу паклікалі ў строй. Старшы інструктар палітаддзела штаба 4-й стралковай Маскоўскай дывізіі У. А. Тамашэвіч прыняў першы свой бой пад Смаленскам. Пасля былі баі, адступленне да Валакаламска. У 1942 г. ён быў цяжка паранены і кантужаны. Доўгі час ляжаў у шпіталі. Пасля выпіскі ён у армію ўжо не пайшоў — яго камісавалі. За ўдзел у баях пад Масквой быў узнагароджаны медалём «За оборону Москвы», а праз некалькі год — медалямі «За доблестный труд в Великой Отечественной войне» і «За победу над Германией в Великой Отечественной войне».

У 1943 г. У. А. Тамашэвіч стаў працаваць дацэнтам кафедры палітэканоміі ў Маскоўскім інстытуце інжынераў чыгуначнага транспарту. У гэты ж час праз Беларускі штаб партызанскага руху ён адшукаў сваю сям’ю, якая пераехала ў Маскву.

У 1944 г. У. А. Тамашэвіч быў сакратаром Мінскага абкама КП(б)Б. У гэты час ён пазнаёміўся і пасябраваў з В. I. Казловым, які тады быў першым сакратаром Мінскага абкама і гаркама КП(б)Б. Цесныя стасункі працягваліся ў іх і пасля.

У 1946 г. У. А. Тамашэвіча выклікаў В. I. Казлоў і заявіў, што неабходна ўмацаваць адукацыйны фронт, а для гэтага сакратар абкама па ідэалогіі накіроўваецца на пасаду рэктара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

1 снежня 1946 г. У. А. Тамашэвіч быў прызначаны, а 12 снежня зацверджаны рэктарам БДУ.

У студзені 1948 г. У. А. Тамашэвіч быў абраны дэпутатам у Мінскі абласны савет дэпутатаў працоўных. Да таго ж Уладзімір Антонавіч валодаў рэдкім стылем стварэння літаратурна і палітычна вытрыманых пісьмовых дакладаў, дакладных і службовых запісак і г. д. Таму яму часта з ЦК КП(б)Б даручалі гэта рабіць, што, натуральна, адцягвала ўвагу ад асноўнай працы.

У лютым 1949 г. на Мінскай абласной партыйнай канферэнцыі Уладзімір Антонавіч быў абраны дэлегатам XIX з’езда КП(б)Б, а неўзабаве яго перавялі на работу ў ЦК КП(б)Б на пасаду сакратара ЦК па ідэалогіі і прапагандзе.

У ліпені 1950 г. адбыўся пленум ЦК КП(б)Б, які вызваліў М. I. Гусарава ад абавязкаў першага сакратара і члена бюро ЦК КП(б)Б за недахопы ў кіраўніцтве сельскай гаспадаркай. Разам з ім былі вызвалены ад пасадаў і іншыя сакратары ЦК, у тым ліку У. А. Тамашэвіч.

Працу ў ЦК Уладзімір Антонавіч сумяшчаў з пасадай загадчыка кафедры палітэканоміі БДУ. 3 1950 г. гэта было месцам яго сталай працы. У 1953 г. У. А. Тамашэвіч абараніў дысертацыю, атрымаўшы навуковую ступень кандыдата эканамічных навук. Пятнаццаць год ён узначальваў кафедру. Пад яго кіраўніцтвам кафедра з некалькіх чалавек вырасла ў добразгуртаваны, працаздольны калектыў, які паспяхова спраўляўся з вучэбнай, метадычнай і навуковай работай. На гэты час прыпадае яго асноўная навуковая дзейнасць. У. А. Тамашэвіч прымаў актыўны ўдзел у развіцці навуковых даследаванняў і вучэбна-выхаваўчай работы. Ім было надрукавана каля 30 навуковых і навукова-метадычных работ. Сабраўшы і прааналізаваўшы вялікую колькасць статыстычнага, архіўнага матэрыялу, У. А. Тамашэвіч стварыў некалькі фундаментальных даследаванняў па эканамічнай гісторыі Беларусі: «О некоторых вопросах экономики Белоруссии в дореволюционный период», «Народное хозяйство Белорусской ССР (1920— 1927)», «Социалистическая индустриализация БССР в период первой пятилетки» і інш.

3 1954 па 1956 г. Уладзімір Антонавіч Тамашэвіч знаходзіўся ў дактарантуры пры Інстытуце эканомікі АН СССР. У 1962 г. яму было прысвоена вучонае званне прафесара па кафедры палітэканоміі без абароны дысертацыі.

Добры лектар, выдатны педагог і спецыяліст, які свабодна валодаў матэрыялам, Уладзімір Антонавіч да кожнай лекцыі рыхтаваўся рупліва і не мог дазволіць сабе прыйсці непадрыхтаваным. Кіраваў ён і падрыхтоўкай аспірантаў, шмат хто з якіх пасля сталі загадчыкамі кафедраў палітэканоміі ВНУ Беларусі. На працягу шэрага гадоў ён узначальваў гарадскі семінар эканамістаў у Мінску, дзе выступаў з дакладамі як для спецыялістаў, так і для шырокіх слаёў насельніцтва.

Па сваіх поглядах Уладзімір Антонавіч заўсёды быў перакананым цвёрдым камуністам. Нават незадоўга да смерці ён клапаціўся пра тое, каб былі ў час заплачаны членскія ўзносы. Праўда, паступовыя змены ў краіне адбіваліся і на ім. Нездарма аднойчы ў размове са сваім пляменнікам-вайскоўцам ён зазначыў, што палітэканомія — гэта як бягучыя каардынаты ў артылерыі: снарад ляціць кожны раз у новую кропку. Так і тут — як прайшла якая-небудзь нарада ў ЦК, значыць пункт гледжання на эканоміку пасоўваецца, а калі з’езд, то гэта лічы ўсё спачатку трэба пачынаць. Ніколі, аднак, ён не адыходзіў ад сваіх перакананняў, любіў зразумеласць ва ўсім, не цярпеў недагаворанасці і нікому не зайздросціў.

Уладзімір Антонавіч Тамашэвіч раптоўна памёр 6 кастрычніка 1983 года. Некралог падпісалі другі сакратар ЦК КПБ Г. Г. Барташэвіч, старшыня Мінгарвыканкама Г. С. Таразевіч, рэктар БДУ Л. I. Кісялеўскі і іншыя.

Сваю жыццёвую пазіцыю Уладзімір Антонавіч тлумачыў прыблізна так: «Мяне накіравалі на гэтую пасаду, і я павінен тут працаваць з поўнай аддачай, зрабіць усё так, як належыць».

По материалам: Яноўскі, А.А. Гісторыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў біяграфіях яго рэктараў / А.А. Яноўскі, А.Г. Зельскі - Мн.: БДУ, 2001. - 320 с.