ЛІСТ А. АЛЕКСАНДРОВІЧА, А. ДУДАРА I М. ЗАРЭЦКАГА Ў ГАЗЕТУ «САВЕЦКАЯ БЕЛАРУСЬ» АБ АДНОСІНАХ У БЕЛДЗЯРЖУНІВЕРСІТЭЦЕ ДА БЕЛАРУСКІХ ПІСЬМЕННІКАЎ, БЕЛАРУСІЗАЦЫІ I АБ ВЫХАДЗЕ УНІВЕРСІТЭТА

1 снежня 1928 г.

Паважаны рэдактар!

Дазвольце праз Вашу газету давесці да ведама савецкай грамадскасці наступнае:

3 нейкага часу ў сценах Беларускага дзяржаўнага універсітэта пачалося ўпартае цкаванне беларускіх пісьменнікаў-студэнтаў. Найбольш яскрава гэта кампанія выявілася ў заметцы, змешчанай у № 1 насценгазеты педфака «Кузня асветы» пад назвай «Фрагменты из жизни 2-го курса литературного отделения». У гэтай заметцы, прасякнутай тупым мяшчанска-зайздрослівым асцервяненнем, відаць выразны намер скампраметаваць беларускага пісьменніка, узвёўшы на яго самыя бязглуздыя, самыя дзікія абвінавачванні.

Беларускіх пісьменнікаў абвінавачваюць у групавой «замкнутости», быццам не разумеючы таго, што з першых дзён паступлення ва універсітэт ніводзін студэнт не можа быць аднакава дружным як з тымі, з якімі ён некалькі год працаваў, так і з тымі, якіх ён першы раз бачыць у вочы.

Беларускіх пісьменнікаў абвінавачваюць у «белорусском шовинизме», не маючы на гэта абсалютна ніякіх падстаў, калі не лічыць таго, што гэтыя пісьменнікі, не ў прыклад іншым, усюды і заўсёды гавораць па-беларуску.

Беларускіх пісьменнікаў абвінавачваюць у тым, што яны чыста апранаюцца, носяць гальштукі, каўнерыкі, капелюшы, акуляры (злачынны «шык»!), маюць на галаве валасы і ў кішэні насавыя хусцінкі.

Беларускіх пісьменнікаў абліваюць памыямі самай бруднай хуліганскай лаянкі, абзываюць «животными», раўняючы з «собаками» і ўжываючы іншыя непрыстойныя ў сценах універсітэта прыёмы.

Гэты шалёны паход раз’юшанай дробнабуржуазнай стыхіі не сустрэў аніякага адпору з боку студэнцкіх грамадскіх арганізацый, а рэдакцыя газеты ў сваёй прыпісцы нават салідарызавалася з гэтай пісулькай і працягнула «кампанію» ў чарговым нумары газеты. Дзякуючы гэтаму, шкодныя мяшчанскія настроі распаўсюдзіліся як па універсітэту, так і за яго сценамі, зрабіўшы імёны беларускіх пісьменнікаў прадметам зласцівых насмешак і плётак.

Усё гэта зрабіла немагчымым для беларускага пісьменніка аставацца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце і прымусіла нас з болем у сэрцы пакінуць яго і шукаць магчымасці пашырэння сваёй асветы ў іншых навучальных установах Савецкага Саюза.

Андрэй Александровіч
Алесь Дудар
Міхась Зарэцкі

Савецкая Беларусь. 1928. 4 снеж.