ХАДАЙНІЦТВА ПРАЎЛЕННЯ БДУ АБ ПРАДАСТАЎЛЕННІ ЗАМЕЖНЫХ КАМАНДЗІРОВАК ПРАФЕСАРАМ I ВЫКЛАДЧЫКАМ

22 лютага 1927 г.

Праўленне Беларускага дзяржаўнага універсітэта, хадайнічаючы перад Галоўнай управай прафесійна-тэхнічнай асветы Беларусі аб прадастаўленні замежных камандзіровак шэрагу прафесараў і выкладчыкаў, матывавала гэта наступным:

Медыцынскі факультэт

Праф. Лябёдкін лічыць неабходным замежную камандзіроўку ў Нямеччыну і ў Галандыю. Праф. Лябёдкін мяркуе пабыць у Берліне 1/2 месяца, каб азнаёміцца з Анатамічным інстытутам у Берліне, а таксама Мюнхене і іншых універсітэцкіх гарадах. Акрамя гэтага, праф. Лябёдкін жадае наведацца ў Утрэхтскі універсітэт у Галандыі, у якім знаходзіцца вельмі вядомы Анатамічны інстытут д-ра Бурле, а таксама Інстытут Магнуса. Справа ў тым, што вышэйпамянёныя вучоныя і праф. Лябёдкін працуюць над аднолькавымі пытаннямі, але вынікі вучоных расходзяцца: неабходна асабістая сустрэча для разгляду навуковага пытання. Акрамя гэтага, праф. Лябёдкін лічыць неабходным азнаёміцца з цэлым шэрагам новай літаратуры, якой у сучасны момант няма ў Менску, Ленінградзе і Маскве.

Праф. Розанаў лічыць неабходным пабываць у Нямеччыне, у Фізіялагічным інстытуце, ува Універсітэце Галле, каб азнаёміцца з працамі гэтага інстытута па тых пытаннях, якія былі падняты праф. Розанавым і якія надрукаваны ім у «Архиве биологической науки» ў 1923 г. «Труды Всероссийского съезда физиологов» — у 1926 г. Акрамя гэтага, ні ў Маскве, ні ў Менску няма вельмі важнага часопіса* за 9 год, якога ў Менску і ў Маскве няма. Праф. Розанаў працуе па дражджах. 3 гэтай мэтай ён жадае абгледзець Інстытут праф. Нэйберга, які таксама працуе па дражджах. Акрамя гэтага, для праф. Розанава неабходна азнаёміцца з часопісам Віокетізске 2еіізскгі{1**, які ў Менску маецца толькі за 1923 год. Выпіска гэтага часопіса за ўсе гады каштуе 1500 руб. Урэшце, праф. Розанаў жадае пабыць у Фізіялагічным інстытуце праф. Эбера, каб пазнаёміцца з тэхнікай фізіка-хімічных і іншых доследаў адносна эмульсійнай тэорыі ўзбуджэння.

Там жа ў праф. Шадэ праф. Розанаў думае працаваць на доследах вадароднага паказацеля ў тканках жывых людзей.

Праф. Рубашоў жадае азнаёміцца ў клініках Берлінскага ун-та з новымі метадамі клінічнага выкладання, якія практыкуюцца ўва ўсіх трох берлінскіх хірургічных клініках, а таксама азнаёміцца з найноўшымі вынікамі нямецкай хірургіі.

Акрамя гэтага, праф. Рубашоў, працуючы два гады па пытаннях хірургіі і нервовай сістэмы, мае на ўвазе вывучыць цэлы шэраг пытанняў па хірургіі галаўнога мозга ў праф. Фэрстэра ў Брэслаўлі. Урэшце, праф. Рубашоў будзе працаваць у Берліне, у Інстытуце праф. Блюменталя па злаякасных вопухах. Гэта камандзіроўка дасць праф. Рубашову магчымасць скончыць дзве вялікія манаграфіі, што не з’яўляецца магчымым без працы ў медыцынскіх бібліятэках Берліна.

Асістэнт па кат. вочных хвароб Паўлава-Камінская жадае азнаёміцца ў Нямеччыне з пастаноўкай вочных клінік, а таксама і з метадамі лячэння вочных хвароб, асабіста па хірургіі вока. Акрамя гэтага, Паўлава-Камінская жадае азнаёміцца з літаратурай агульнага і часопіснага характару, якой у Мінску і ў Маскве няма за апошнія гады і без чаго яе манаграфія не можа быць напісана.

Д-р Сітэрман, асістэнт 1-й тэрапеўтычнай клінікі, мяркуе паехаць у Вену для палепшання сваёй кваліфікацыі да праф. Вэнкібаха, для вывучэння найноўшых метадаў дыягностыкі і тэрапіі хвароб сэрца.

Потым ас. Сітэрман жадае азнаёміцца ў праф. Спінгера з хваробамі селязёнкі і печані, а таксама ў Дзюсельдорфе ў праф. Гохмана — з функцыянальнай дыягностыкай і тэрапіяй хвароб сардэчна-сасуднай сістэмы.

Усім гэтым асобам Праўленне ун-та лічыць неабходным аказаць невялікую матэрыяльную дапамогу. Праўленне універсітэта лічыць, што гэтыя выкладчыкі пасля замежных камандзіровак, якія дадуць магчымасць пашырыць іх веды, з’явяцца вельмі кваліфікаванымі, дзякуючы чаму, безумоўна, палепшыцца і пастаноўка працы на медыцынскім факультэце. Акрамя гэтага, Праўленне ун-та прынцыпова згадзілася, каб прадаставіць дарэмныя камандзіроўкі наступным асобам:

Праф. Кроль лічыць неабходным пабываць у Брэслаўлі, у праф. Фэрстэра для вывучэння найноўшых лабараторных метадаў па даследаванні эпілепсіі. Праграмай будучага ўвосень міжсаюзнага з’езда неўрапатолагаў і псіхіятраў з’яўляецца эпілепсія. Таксама праф. Кроль у ліку дакладчыкаў выступіць на Усебеларускім з’ездзе ўрачоў, які адбудзецца ўвосень г. г. На гэтым з’ездзе таксама стаіць гэтая тэма і дакладчыкам прызначаны праф. Кроль. Акрамя гэтага, у Вене ўлетку адбудзецца з’езд нямецкага Таварыства неўрапатолагаў, сапраўдным сябрам якога ён састаіць і на якім ім будзе прачытаны даклад. Таксама праф. Кроль жадае быць на з’ездзе Таварыства нямецкіх псіхіятраў, сапраўдным сябрам якога ён састаіць. Акрамя гэтага, праф. Кроль па даручэнні аднаго нямецкага выдавецтва друкуе кнігу па неўрапаталогіі, а таксама з ім вядуцца пісьмовыя перамовы аб яго ўдзеле ў некалькіх нямецкіх падручніках па неў[ра]паталогіі. Асабістае прысутнічанне яго неабходна.

Праф. Сакалоўскі хадайнічаў аб камандзіроўцы ўва Францыю і Нямеччыну для азнаямлення з працай нямецкіх і французскіх клінік, з сучаснымі метадамі хірургіі, з новым інструментарыем, з новай літаратурай. Французскай літаратуры ў Менску, Маскве і Ленінградзе няма, а таксама скончыць тыя манаграфіі, якія ім падрыхтоўваюцца да друку.

Праф. Камінскі ўзбуджае хадайніцтва аб камандзіроўцы ў Нямеччыну для наведвання вочных клінік у Берліне і Фрайбургу і для ўдзелу на Усенямецкім з’ездзе акулістаў у Гайдэльбергу.

Праф. Эльберт жадае азнаёміцца з працамі Пастэраўскага [інстытута] у Берліне, у Дамштаце, Капенгагене і Варшаве з той мэтай, што ў Беларускім Пастэраўскім інстытуце ў сучасны момант адбываецца вытворчасць цэлага шэрагу прэпаратаў супраць дыфтэрыту, тыфусу, воспы, шаленства. Акрамя гэтага, праф. Эльберт жадае прыняць удзел на з’ездзе бактэрыёлагаў у Нямеччыне па барацьбе з шаленствам, дзе ён лічыць неабходным выступіць з дакладам, і на восеньскім з’ездзе ў Нямеччыне. Нар. кам. аховы здароўя падтрымлівае хадайніцтва праф. Эльберта і жадае аказаць яму матэрыяльную дапамогу.

Асістэнт Мангейм лічыць неабходным пабываць у Парыжы, каб азнаёміцца з пастаноўкай хірургічнай справы ў Парыжскім ун-це.

Мангейм скончыў медыцынскі факультэт у Парыжы і быў ардынатарам адной з парыжскіх клінік.

Д-р Гольдблят, асістэнт псіхіятрычнай клінікі, мяркуе з навучальнай мэтай наведацца ў Швецыю і азнаёміцца з яе псіхіятрычнымі ўстановамі, бо ні ў якой краіне так не пастаўлена псіхіятрычная справа, як у Швецыі. Акрамя гэтага, ён лічыць неабходным азнаёміцца з тымі школамі і курсамі, якія падрыхтоўваюць медыцынскі персанал для нагляду за душэўнахворымі. Д-р Гольдблят мае ў Стакгольме радню, якая дае яму памяшканне і таксама дасць яму матэрыяльныя сродкі.

Асістэнт Гінзбург лічыць неабходным направіцца ў Нямеччыну для працы ў тамашніх лабараторыях і клініках.

Праф. Бурак мэты сваёй замежнай паездкі тлумачыць неабходнасцю азнаёміцца з найноўшымі метадамі лячэння хвароб, з новымі хірургічнымі дасягненнямі, з прымяненнем рэнтгенатэрапіі для злаякасных вопухаў, а таксама вырабіць новыя інструменты, якія ім зроблены, і купіць навуковыя падручнікі для патрэб выкладання і клінік, а таксама прадэманстраваць у Парыжы некаторыя свае аперацыі ў клініцы праф. Лемаітаса.

Праф. Гаўсман хадайнічае аб камандзіроўцы за мяжу, у Нямеччыну, для навуковай мэты, каб азнаёміцца з найноўшымі клінічнымі метадамі дыягностыкі і тэрапіі, а таксама і з арганізацыяй клінік.

Адначасна праф. Гаўсман жадае закупіць неабходнае для клінікі навуковае абсталяванне.

Факультэт права і гаспадаркі

Праф. Вальфсон хадайнічае аб камандзіроўцы ў Нямеччыну для азнаямлення з пастаноўкай юрыдычных і эканамічных інстытутаў і ўстаноў, а таксама для азнаямлення з тымі ўстановамі навучальнага характару, якія знаходзяцца пры універсітэтах і інстытутах. Акрамя гэтага, праф. Вальфсон заканчвае манаграфію па сваёй спецыяльнасці, для якой трэба працаваць у бібліятэках Нямеччыны з прычыны таго, што ў Менску, а таксама ў Маскве няма цэлага шэрагу падручнікаў.

Праф. Пічэта ўзбуджае хадайніцтва для камандзіроўкі ў Польшчу для працы ў Галоўным архіве, для сваёй працы на тэму «Гаспадарчая дзейнасць каралевы Боны», з прычыны таго, што ўва архіве маецца адна кніга дакументаў, якой няма ў архівах Масквы. Акрамя таго, праф. Пічэта запрошаны на з’езд агульнаславянскіх гісторыкаў па вывучэнні славянства Усходняй Еўропы. Праф. Пічэта лічыць неабходным пабываць у Чэха-Славакіі, каб азнаёміцца з працамі Інстытута славяназнаўства, а таксама з новай чэшска-балгарска-сербскай літаратурай, якой няма ні ў Маскве, ні ў Беларусі, а таксама вывучыць эканамічныя і культурныя адносіны ў XV —XVI ст. Беларусі і Чэхіі, якія яму неабходны для яго працы па гісторыі народнай гаспадаркі Беларусі.

Праф. Перцаў узбуджае хадайніцтва аб камандзіраванні ў Нямеччыну для азнаямлення з нямецкай літаратурай і працы ўва архівах, без якой яго манаграфія не можа быць напісана.

Педагагічны факультэт

Праф. Прыляжаеў заставіў у Польшчы свае розныя калекцыі, якія ён лічыць неабходным узяць і перадаць Беларускаму універсітэту. Акрамя гэтага, праф. Прыляжаеў жадае працаваць у лабараторыях Берліна і Лейпцыга, каб скончыць тыя працы даследчага характару, якія ім былі намечаны.

Дацэнт Вэйнгер хадайнічае аб камандзіроўцы ў Нямеччыну для азнаямлення з нямецкай і яўрэйскай філалогіяй.

Дацэнт Дыдырка сканчвае вялікую працу па вышэйшай геаметрыі і жадае азнаёміцца з спецыялістамі ў гэтай галіне, папрацаваць пад іх кіраўніцтвам, а таксама наведацца на семінарскія заняткі універсітэта ў Нямеччыне.

Урэшце, дацэнт Друшчыц, таксама запрошаны на з’езд у Польшчу, жадае яшчэ працаваць ува архівах, каб сабраць поўнасцю матэрыял, які мае адносіны да тэмы яго дысертацыі «Беларускія гарады».

Акрамя гэтага, дацэнт Друшчыц лічыць неабходным пабываць у Чэхіі, каб азнаёміцца з чэшскай літаратурай і крыніцамі па гісторыі чэшска-беларускіх культурных адносін.

НАРБ. Ф. 205. Воп. 1. Спр. 216. Л. 33—366. Машынапіс. коп.

* Неразборлівая назва часопіса на нямецкай мове ўпісана ад рукі чарнілам.
** Упісана ад рукі чарнілам.