БДУ ў вызваленым Мiнску (1944–1945 гг.)

Вестка аб вызваленні сталіцы Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў хутка абляцела студэнтаў БДУ. 3 ліпеня 1944 г. у самым вялікім пакоі «сходзенскага ўніверсітэта» адбыўся мітынг. На ім выступалі прафесар М. Е. Макушок, І. П. Мележ, М. П. Арцюшкевіч і інш. Увечары студэнты і выкладчыкі ўніверсітэта выправіліся ў Маскву, каб паглядзець салют у гонар вызваліцеляў Мінска.

З вызваленнем Мінска заканчваўся «сходзенскі» перыяд у дзейнасці ўніверсітэта. Трэба было вяртацца дадому. Ужо ў канцы ліпеня 1944 г. у Мінск выехала група студэнтаў і выкладчыкаў колькасцю 75 чалавек для аднаўлення і падрыхтоўкі будынкаў да заняткаў. Саўнарком Беларусі прызначыў для ўніверсітэта шэраг будынкаў па вуліцах Віцебскай, Энгельса, Савецкай, Клары Цэткін, Нямізе і інш.

minsk11 жніўня 1944 г. другая група студэнтаў з 26 чалавек пад кіраўніцтвам прарэктара па гаспадарчай частцы В. В. Зубца (ён жа адначасова быў і студэнтам гістфака) адбыла ў Мінск. Трэба было падрыхтаваць базу для пераезду астатніх выкладчыкаў і студэнтаў. Групу размясцілі ў фізіка-матэматычным корпусе, дзе цяпер знаходзіцца рэктарат універсітэта, а ў час вайны там была тэлефонная станцыя. «В то время, – успамінае студэнтка біяфака В. К. Гаравец, – он был единственным сохранившимся из корпусов. Биологический и химический корпус были сожжены, в них во время войны находился немецкий госпиталь».

Перад вачамі студэнтаў і выкладчыкаў, якія вярнуліся ў Мінск, паўстала жудасная карціна разбурэння... Фашысты аднесліся да ўсяго, што знаходзілася ва ўніверсітэце, па-варварску. Частку апаратаў і прыбораў яны зламалі, частку адправілі ў Германію. Лабараторыі, музеі і кабінеты, абсталяванне і літаратура – усё было разрабавана, вучэбныя карпусы і інтэрнаты ўніверсітэта спалены.

Варты жалю быў выгляд Універсітэцкага гарадка, калі ён прыняў першыя групы студэнтаў і выкладчыкаў, якія вярнуліся са Сходні. У справаздачы аб дзейнасці ўніверсітэта за 1944/45 навучальны год адзначаецца, што ён быў самым цяжкім у гісторыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Не хапала памяшканняў для заняткаў, лабараторый, абсталявання, мэблі. Давялося ўсё пачынаць спачатку.

На працягу двух месяцаў студэнты і выкладчыкі самааддана працавалі, расчышчалі тэрыторыю Універсітэцкага гарадка ад завалаў, прыводзілі ў парадак будынак фізмата і дом па Віцебскай, 9 для вучэбных заняткаў, адрамантавалі інтэрнат на Нямізе для студэнтаў – інвалідаў вайны і былых партызан. Былі зроблены лаўкі для аўдыторый і стэлажы для бібліятэкі.

22 кастрычніка 1944 г. са Сходні прыбыў эшалон з выкладчыкамі, студэнтамі. У ім знаходзілася таксама вучэбнае і навуковае абсталяванне. У пачатку лістапада ўзнавіліся заняткі на ўсіх шасці факультэтах.

2 лістапада 1944 г. адбылася партыйная нарада з павесткай дня: 1) «Аб задачах партарганізацыі БДУ ў сувязі з аднаўленнем працы ўніверсітэта ў г. Мінску» (дакладчык – рэктар П. П. Савіцкі); 2) «Аб удзеле ўніверсітэта ў аднаўленні Мінска» (дакладчык – сакратар партбюро І. П. Мележ).

1944Да вучэбнай і навуковай працы ў БДУ далучыліся каля 20 прафесараў і 40 дацэнтаў і кандыдатаў навук.

Умовы 1944/45, апошняга навучальнага года ваеннага часу, былі надзвычай складанымі. Не хапала вучэбных памяшканняў. Заняткі на філфаку і гістфаку вячэрняй парой праходзілі ў школе № 2. Хімікі і біёлагі займаліся ў будынку тэхнікума па вуліцы Віцебскай, 9. Горш за ўсё было зімой – у халодных памяшканнях чарніла нават замярзала, а студэнты часам былі вымушаны цішком ламаць сталы, каб здабыць хоць крыху паліва для ацяплення.

Нягледзячы на цяжкасці, універсітэт усё-такі працаваў. У верасні 1944 г. замест Камуністычнага інстытута журналістыкі, які існаваў раней, быў створаны факультэт журналістыкі. Усяго, паводле даных на 23 лістапада 1944 г., на сямі факультэтах займалася больш за 700 студэнтаў.

Студэнты працавалі не толькі над адраджэннем універсітэта – яны дапамагалі аднаўляць і сталіцу Беларусі. Калі ў 1944 г. сесія Мінгарсавета прыняла рашэнне, каб кожны студэнт штомесяц па 15 гадзін абавязкова працаваў на аднаўленні горада, то студэнты ў адказ узялі абавязак адпрацаваць па 20 гадзін у месяц. «Мы адродзім цябе, наш родны Мінск!» – пад такім дэвізам студэнцкая моладзь і выкладчыкі ўніверсітэта працавалі разам з усімі жыхарамі беларускай сталіцы.

19–23 мая 1945 г. адбылася навуковая сесія БДУ, прысвечаная пачатку працы ўніверсітэта ў Мінску і ўдзелу яго супрацоўнікаў і студэнтаў у аднаўленні народнай гаспадаркі БССР.

geo 1945 
 Студэнты-выпускнікі. 1945 г.

Па сутнасці, дзякуючы энтузіязму студэнтаў і выкладчыкаў былі ўзняты з руін два вучэбныя будынкі, некаторыя аўдыторыі і лабараторыі, а таксама інтэрнаты. Прыкладам для ўсіх студэнтаў як у працы, так і ў вучобе з’яўляліся франтавікі і партызаны. У гімнасцёрках, але без пагонаў, яны выдзяляліся сярод студэнтаў не толькі больш сталым узростам, але перш за ўсё адносінамі да справы.

24 ліпеня 1945 г. была апублікавана Пастанова СНК БССР аб устанаўленні стыпендый імя Янкі Купалы для студэнтаў – выдатнікаў філалагічнага факультэта БДУ і Мінскага педагагічнага інстытута. У жніўні адбыўся першы пасляваенны набор студэнтаў колькасцю 420 чалавек. У снежні таго ж года пачаўся першы пасляваенны год працы ў аспірантуры БДУ.

Універсітэт залечваў раны, якія былі нанесены вайной. Але яшчэ доўга будуць балець яны ў былых франтавікоў, партызан і падпольшчыкаў.